Мерапрыемства праводзілася для папулярызацыі, вывучэння, захавання народнага танца і было прысвечана 95-годдзю з дня нараджэння заслужанага дзеяча Беларусі, балетмайстра, стваральніка і колішняга мастацкага кіраўніка Віцебскага народнага ансамбля песні і танца “Маладосць”, народнага фальклорнага ансамбля “Вытокі” Івана Серыкава.
Конкурс прайшоў па некалькіх намінацыях: “Лепшае выкананне аўтарскіх танцаў І.А. Серыкава” (званне “лаўрэат І ступені” атрымалі творчая група Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў і ўзорны харэаграфічны калектыў “Крынічка” з г. п. Руба); “Лепшая новая балетмайстарская пастаноўка беларускай накіраванасці” (І месца падзялілі ўзорны харэаграфічны калектыў “Лялькі” з Верхнядзвінска і народны ансамбль танца “На ростанях” з каледжа культуры і мастацтваў); “Лепшы эстрадны танец з адлюстраваннем нацыянальнай тэматыкі, нацыянальных беларускіх матываў” (І месца — у народнай студыі сучаснага танца з Віцебскага каледжа культуры і мастацтваў).
Гран-пры атрымаў народны ансамбль песні і танца “Яблынька” з Гарадка. І нездарма, бо менавіта Гарадоччына стала творчай радзімай Івана Серыкава, дзе пад яго кіраўніцтвам і быў створаны гэты калектыў.
Андрэй СТРУНЧАНКА, вядучы метадыст Віцебскага АМЦНТ