Вышыванка цаной у мільён?.. Хто танней?

№ 47 (1173) 22.11.2014 - 26.11.2014 г

Онлайн-канферэнцыя: з нагоды адной моды…/ Падстава для аддачы РДР: паміж дорага і якасна
У Мінску (дый, напэўна, у іншых нашых буйных гарадах) — чарговы fashion-бум: гэтым разам на беларускі арнамент. Не толькі ў вышыванцы, але і ў дэкоры афармлення аўтамабіляў, збудаванняў, посуду і г. д. Карацей, тое, чаго “К” так даўно чакала і пра што мроіла ў сваіх шматлікіх публікацыях, здзейснілася! Некалькі месяцаў таму нейкія маладзёны-крэатыўшчыкі з маркетынгавым талентам падкінулі ў Інтэрнэт “арнаментавую” бомбу, яркія аскепкі якой накрылі дзясяткі тысяч патэнцыяльных спажыўцоў хаця б той жа вышыванкі. Не, арнамент на мужчынскіх ды жаночых сарочках яшчэ не стаў звыклым чыннікам нашых гардэробаў. Але ажыятаж вакол гэтага не сціхае. На попыт пачалі ўзнікаць і прапановы. Услед за пэўнымі прыватнымі фірмамі за справу ўзялося Навукова-вытворчае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства беларускіх народных рамёстваў “Скарбніца”. Мяркуючы па інтэрнэт-звестках, вышыванка ад гэтага пашанотнага вытворцы каштуе… мільён рублёў. Не кожны дазволіць сабе такую пакупку. Дык хто ж саб’е цану?

/i/content/pi/cult/505/10894/11-1.jpg

Па адказ і да варожкі не варта кідацца: безумоўна, раённыя дамы рамёстваў. Такая замова ад спажыўца дазволіць названым установам і з пазабюджэтным планам справіцца, і з поспехам захаваць рэнамэ не толькі адраджэнцаў нашай традыцыйнай культуры, але і практычных яе папулярызатараў. Больш выніковай ідэалагічнай працы, скіраванай на рост патрыятызму, і не згадаць, напэўна… Аднак, як паказвае практыка, далёка не ў кожным раённым салоне моднік ці модніца (мясцовыя або заезджыя) могуць набыць адзенне, упрыгожанае нацыянальнай вышыўкай. Што замінае? Працаёмкасць працэсу, маркетынгавая неразваротлівасць, адчуванне прафанацыі навуковай дзейнасці? Для таго, каб разабрацца ва ўсіх гэтых пытаннях, мы запрасілі да ўдзелу ў нашай онлайн-канферэнцыі старшыню Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўгена
САХУТУ, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маларыцкага райвыканкама Андрэя ГАРБАЦЭВІЧА, дырэктара Ельскага раённага цэнтра рамёстваў Вольгу ЗДОР, загадчыка метадычнага аддзела Тамару
ПАДЫМАКА і майстра-вышывальшчыка Свяцілавіцкага дома рамёстваў Ірыну ЦІТАЎЦОВУ (абедзве — з Бялыніцкага раёна), а таксама кіраўніка гуртка па ткацтве Гарадоцкага РДР Марыну ГУШЧА.

Яўген Рагін:

— Яўген Міхайлавіч, хацелася б найперш высветліць ваша стаўленне да ўзнятай праблемы і акрэсліць пэўныя моманты.

Яўген Сахута:

— А стаўленне самае станоўчае! Вышыванка ж — любому да твару! Думаецца, без пэўных тэхналагічных адаптацый тут цяпер не абысціся, але неабходна захаваць галоўнае: сімволіку колеру (белы — чысціня, чырвоны — жыццё) і характар ромба-геаметрычнай арнаментыкі. Балазе яны на Беларусі захаваліся да апошняга часу. Нагадаю, што матывы сонца ўвасабляе менавіта ромб з адросткамі, ромб, перакрэслены крыжыкам з кропачкамі, — знак засеянага поля, нівы. Васьміканцовая разетка, скажам, — сімвал чалавека. Арнаментаў — сотні. Варта паглядзець на дэкор традыцыйных ручнікоў, каб пераканацца, што ён утрымлівае самую розную інфармацыю ў самых розных арнаментавых варыяцыях…

Яўген Рагін:

— Чуў днямі ад мінскіх маладзёнаў: яна хоча сарочку з жаноцкімі сімваламі, а ён — з мужчынскімі. Маюць яны рацыю?

Яўген Сахута:

— Арнаментыка — універсальная. Але з дапамогай спецыяліста і пры наяўнасці фантазіі можна на сваім адзенні адлюстраваць любы арнаментальны код. Толькі варта не забыцца, што вышыўка на сарочцы размяшчаецца на прарэхах, праз якія да чалавечага цела можа датыкнуцца нячыстая сіла. Так што арнаментыка павінна быць на каўнерыку, манішцы, манжэтах, падоле.

Яўген Рагін:

— Цяпер пра цану. Чаму вышыванкі ад “Скарбніцы” такія дарагія?

Яўген Сахута:

— Бо там — толькі ручная праца, а такая вышыўка — вельмі дарагое задавальненне…

Яўген Рагін:

— Калі вы казалі пра магчымыя адаптацыі, дык мелі на ўвазе нейкія эканом-варыянты?

Яўген Сахута:

— Так. Да прыкладу, звычайную белую сарочку можна аздобіць нашыўной тасёмкай, што прадаецца ў крамах. Але трэба пазбягаць жычак з уключэннем зялёнага колеру, які традыцыйным вышыванкам абсалютна не ўласцівы. Чарговы танны варыянт — друк ці нават штампоўка (так званыя вышымайкі). Галоўнае, паўтаруся, захаваць колеравую і арнаментальную сімволіку… Так што арнамент вышыванкі можа мець не толькі мільённы, але і капеечны кошт.

Яўген Рагін:

— А эклектыка да месца? Скажам, вышыванка плюс джынсы?

Яўген Сахута:

— Лічу, што гэта цалкам прымальны варыянт. Нават сарочка можа быць з кароткім рукавом, што калісьці ўвогуле не дапускалася. Але час жа ідзе. Абы нацыянальны характар захоўваўся.

Яўген Рагін:

— Пасля гэтай тэарэтычна-пазнаваўчай часткі пяройдзем да галоўнага. Хто павінен скласці канкурэнцыю “Скарбніцы”?

Яўген Сахута:

— Неаспрэчна — нашы дамы рамёстваў. Гэта ж павінна дапамагчы ім выканаць заданне па нарошчванні пазабюджэтнай дзейнасці. Нос па ветры тут мусяць трымаць тыя ўстановы, якія здавён займаюцца адраджэннем народных строяў, ручнікоў: РДР Лепельшчыны, Маларытчыны, Гарадоччыны, Браслаўшчыны… Прынамсі, свае самадзейныя калектывы яны традыцыйнымі касцюмамі забяспечылі. Ды толькі вось ці здолелі сарыентавацца і на шараговага спажыўца вышыванак?

Яўген Рагін:

— Вось мы зараз і паспрабуем гэта высветліць.

Марына Гушча:

— Чула пра ажыятаж з вышыванкамі. Думала пра гэты кірунак дзейнасці. Справа ў тым, што са снежня ўзначалю наш РДР, таму ягоныя перспектывы развіцця для мяне — справа ці не першасная. Адназначна, такую калекцыю для продажу будзем ствараць. Традыцыю "ад А да Я” тут захаваць, сапраўды, цяжка, — адступленні будуць. Але рабіць збіраемся ўсё ж не бутафорыю (маю на ўвазе тасёмкі ды штампоўку), а якасны тавар па прынцыпе: лепш менш ды лепш. Вышывальшчыц у нас — шмат. Трэба будзе — яшчэ знойдзем. Арнамент захаваем традыцыйны — гарадоцкі.

Вольга Здор:

— А ў нас ужо ёсць некалькі замоў на вышыванкі. Словам, попыт — існуе.

Яўген Рагін:

— А як справы з прапановай?

Вольга Здор:

— Аздабляем нашым мясцовым арнаментам пакуль што толькі сурвэткі. За ручнікі і вышыванкі яшчэ не браліся. Ручная вышыўка сапраўды вельмі дарагая. Але штампоўка і крамныя жычкі, якія прапаноўвае выкарыстаць Яўген Міхайлавіч, — не выйсце з сітуацыі, бо, па маім цвёрдым перакананні, эканоміць на нацыянальным нельга. У штаце Цэнтра — толькі тры супрацоўнікі, але ёсць школа майстроў, дзе амаль усе валодаюць вышыўкай. Вось іх і падключым да справы, калі колькасць замоў на вышыванкі раптам павысіцца. За такія грошы кожная з майстрых пагодзіцца папрацаваць у хатніх умовах…

Яўген Рагін:

— Маркетынгавы пралік камерцыйных захадаў — пакуль не надта ўласцівы нашым дамам рамёстваў. Як будзеце выходзіць з сітуацыі?

Вольга Здор:

— Падаецца, што найбольш аптымальны падыход да вырабу элітарных, так бы мовіць, вышыванак — праца па замове.

Тамара Падымака:

— Нам бялыніцкі арнамент давялося аднаўляць з нуля. Шукалі яго элементы на андарках, ручніках… У нас толькі два майстры, якія займаюцца вышыўкай: адзін працуе ў ДШМ вёскі Вішова, другі — у Свяцілавіцкім доме рамёстваў (у райцэнтры такой установы няма). Ці возьмуцца яны рабіць вышыванкі пад замову? Працаваць жа давядзецца ўвечары, пасля асноўнай працы…

Ірына Цітаўцова:

— Чаму не вазьмуся? Вазьмуся! Працаёмкі працэс, але ж вышыўка бывае рознай: крыжам, наборам, проста ўпрыгожваючымі швамі. Няхай пакупнік сам выбірае кошт сваёй будучай сарочкі.

Яўген Рагін:

— Назавіце прыблізны максімальны і мінімальны кошт такога вырабу.

Ірына Цітаўцова:

— Ад пяцісот тысяч рублёў да паўтара мільёна. Саму сарочку сшыць нескладана. Крой — звычайны, хоць у народных традыцыях, хоць у сучасных. А вось вышыўка… “Скарбніца”, відаць, крыжыкам вышывае. Вельмі часта замоўшчыкі жадаюць мець на сарочцы абярэгавыя вышыўкі. Тут ужо ўпрыгожваючымі швамі нічога не зробіш…

Тамара Падымака:

— Ну, калі майстрыха згодная, ды яшчэ і практычны досвед у гэтым кірунку мае, значыць, і справа з вырабам вышыванак — цалкам рэальная.

Андрэй Гарбацэвіч:

— Мы таксама не робім стаўку на эканом-варыянтах уласнай прадукцыі. Штампоўка арнаменту прыдатная хіба што для сцэнічных строяў, элементы якіх гледачы на адлегласці не заўважаць. Але для рэчаў на продаж такія тэхналогіі не падыходзяць. Людзі не будуць браць кіч. Калі гаворка — пра вышыванку, дык яе, на мой погляд, варта рабіць дасканала, каб уладальніку было чым ганарыцца…

Марына Гушча:

— Для любога рамесніка зразумела: важкі грашовы даход ён атрымае толькі ва ўмовах паточнай вытворчасці. Але правільна і тое, што мы павінны выконваць план па аказанні платных паслуг. Вось для гэтага і мяркуем ствараць камерцыйную калекцыю вышыванак. Але кожны наш майстар пасля выканання сваіх педагагічна-выхаваўчых абавязкаў у гуртках РДР можа працаваць на сябе ў хатніх умовах. Не скажу, што сёння вышыванкі, далёка не танныя (ёсць сарочкі коштам і паўтара мільёна рублёў), адрываюць з рукамі, але пэўны попыт ёсць.

Андрэй Гарбацэвіч:

— Тут, напэўна, не даходы варта ставіць на першае месца, а — пачуццё гонару за сваё, традыцыйнае, мясцовае, беларускае.

Яўген Рагін:

— Мо не варта чакаць, калі сталічная мода дабярэцца да раёнаў? Мо трэба працаваць на тое, каб і ў вялікіх гарадах вашы землякі ведалі, што, скажам, у Гарадку можна набыць сарочку не з усярэдненым, а менавіта з мясцовым арнаментам? Якія рэкламныя захады тут мяркуюцца? Ці ёсць ужо задумкі цікавых прэзентацыйных праектаў?

Марына Гушча:

— У кожнага з нашых майстроў ёсць уласнаручна зробленыя і стылізаваныя для сённяшняга ўжытку нацыянальныя строі. У такім абліччы мы гатовы да любой рэкламнай акцыі. І з гэтай нагоды даўно марым пра сайт нашага РДР. Ён патрэбен як паветра. Вельмі шкада, але мара пакуль так і застаецца марай…

Андрэй Гарбацэвіч:

— У нас крыху іншы падыход да раскруткі маларыцкага арнаменту. Мы яго прапагандуем на нейкіх, больш танных у параўнанні з вышыванкай, сувенірных рэчах: гальштуках, паясках для джынсаў, сумачках-торбачках… Усё каштуе адносна танна.

Яўген Рагін:

— Лепельскі, гарадоцкі, маларыцкі арнаменты… Калі браць агульнарэспубліканскі маштаб, дык гаворка неўзабаве можа пайсці нават пра пэўную канкурэнцыю сярод дамоў рамёстваў: хто лепш сваю арнаментыку падасць.

Андрэй Гарбацэвіч:

— Тут у дадатак іншая праблема паўстае. Насельніцтва Беларусі яшчэ кепска разумее, чым традыцыйны арнамент, да прыкладу, Віцебшчыны адрозніваецца ад арнаменту Брэстчыны. У гэтым абазнаны пакуль толькі спецыялісты. Натуральна, пры рэалізацыі тавару нашы майстры на кірмашах і выстаўках тлумачаць пакупнікам, што да чаго. Надзвычай эфектыўны маркетынгавы ход: людзі вельмі цікавяцца — з’яўляецца стымул для набыцця рэчы…

Вольга Здор:

— Адметнасць традыцыйнага арнаменту Ельшчыны ў тым, што ён утрымлівае геаметрычныя формы, малюнак — чырвона-чорны на белым фоне. Раён наш, як вядома, мяжуе з Украінай, таму сям-там наш арнамент займеў адпаведны ўплыў, што таксама робіць яго ўнікальным ды прывабным не толькі для беларусаў.

Яўген Рагін:

— Наш арнамент — яшчэ і абярэг. За кошт яго не толькі раён піярыцца, але і ўсе ўмовы ствараюцца для самаідэнтыфікацыі: купляем і носім сваё — не ўсярэдненае беларускае, а самабытнае мясцовае. Аберагаем традыцыі — аберагаем сябе. Колькі раёнаў — столькі і арнаментаў на вышыванцы ці гальштуку. Што трэба зрабіць, каб “арнаментная” акцыя набыла ўсенародны характар? Які канкрэтны творчы праект з гэтай нагоды вы прапанавалі б?

Андрэй Гарбацэвіч:

— Моду варта пакрысе пашыраць у самых розных сферах нашай жыццядзейнасці. Беларускі арнамент з’явіўся на спартыўнай форме. Што ж замінае, каб ён стаў радаваць вока ў чыгуначным вагоне ці ў салоне авіялайнера? Згадайма Чэмпіянат свету па хакеі ў Мінску. Нашы майстры казалі, што кірмаш традыцыйных рамёстваў правялі не каля лядовых палацаў, дзе пакупнікамі сувеніраў сталі б дзясяткі тысяч замежных турыстаў, а ў парку, дзе апрача мам з каляскамі амаль нікога і не было… Так што ніводзін замежнік не патрымаў у руках рэчы з маларыцкай арнаментыкай… Інакш кажучы, у гэтым кірунку трэба працаваць вельмі мэтанакіравана і не толькі работнікам культуры. Працаваць на выстаўках, кірмашах, пад час выязных канцэртаў ды іншых буйных мерапрыемстваў. І не толькі прадаваць, але і тлумачыць, што пакупнік набывае не проста сарочку, а сімвал беларускасці ды павагі да таго куточка Бацькаўшчыны, дзе ты нарадзіўся і вырас…

Ад рэдакцыі

На эканом-варыянт не пагадзіліся...

Гаворка атрымалася вельмі цікавай. І калі мода на вышыванку ператварылася ў бум, ёсць усе падставы меркаваць, што кожны попыт атрымае сваю прапанову. Галоўным падалося вось што. Ніводзін з работнікаў культуры, што прымаў удзел у онлайн-канферэнцыі, не пагадзіўся на эканом-варыянт нацыянальнай сарочкі. Дзесьці паміж радкоў, на палях, упарта гучала: калі рабіць нацыянальны сімвал, дык толькі годны ды якасны. Пагаджаемся: ведай нашых! І кошт тут — як дадатковы доказ павагі да свайго. Амерыканскія джынсы каштавалі за савецкім часам некалькі месячных зарплат. Тым не менш, насіў іх кожны другі. А тут не амерыканскае, а спаконвечна сваё, што аберагае, вылучае з натоўпу, вучыць ганарыцца Радзімай. Каб і не было моды на нашу вышыванку, трэба было б яе стварыць…

Не выключаем, што папулярнасць набудуць і штампоўкі з нашыўнымі жычкамі. Хаця б па той прычыне, што хтосьці з маладзёнаў-дызайнераў-прыватнікаў пачне эксперыментаваць над формай ды матэрыялам. Памятаеце пра магчымыя адаптацыі, пра якія казаў Яўген Сахута? Прынамсі, тасёмка з нашым арнаментам вельмі фірмова выглядае на джынсавых спадніцах ды куртках, а без штампаванага арнаменту не абысціся для аздобы футболак…

А мы пакуль прыглядаемся, у якім жа РДР замовіць вышыванкі для кожнага з “культура”ўцаў?

Фотафакт

Па версіі Снуп Дога

/i/content/pi/cult/505/10894/11-2.jpg

Вядомы амерыканскі рэп-музыкант і прадзюсар Снуп Дог пару тыдняў таму выклаў у Сеціва выявы мадэлей са сваёй новай калекцыі адзення, што атрымала назву "Снуп любіць Беларусь". Фішка — у выкарыстанні беларускіх арнаментаў. Акрамя саколак, у лінейцы прадстаўлены тэматычнага стылю заплечнікі, сумкі для ноўтбука і чахлы для смартфонаў. Цікава, што дызайн выканалі мастакі стрыт-арта з віцебскай групы "Худграф", якая стала вядомай праз свае вялікія "палотны" ў гарадской прасторы.

Пры падрыхтоўцы інфаграфікі выкарыстаны матэрыялы брэндаў "Honar", "Symbal", "Скарбніца", архівы газеты.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"