Пакіньце мяне ў панцыры

№ 41 (1167) 11.10.2014 - 17.10.2014 г

Віртуальныя гульні з папугаем і нажом
Малая прастора колішняй камернай сцэны (а зараз тэатральнага фае) Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа падалася рэжысёру-пастаноўшчыку спектакля “Гэта ўсё яна” Аляксандру Марчанку занадта вялікай, таму ён яшчэ больш яе звузіў. Некалькі радоў глядацкіх крэслаў, размешчаных вакол імправізаванай пляцоўкі, быццам наўмысна сціскаюць яе. Тут распавядае сваю гісторыю нябачнаму суразмоўцу галоўная гераіня спектакля (заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Ліхачова). Гэта гісторыя пра тое, як паміж ёй, маці, і сынам-падлеткам (артыст Раман Салаўёў) вырасла сцяна непаразумення, адчужанасці, нянавісці. Адзін з найбольш яскравых эпізодаў гэтай “халоднай вайны” — “клетка з папугаем”, з якога, зрэшты, і пачынаецца спектакль. Гэткі прэзент быў набыты матуляй для няўдзячнага нашчадка, які яго проста праігнараваў, чым выклікаў такую хвалю абурэння, што ў выніку пацярпела бязвіннае стварэнне: птушку проста вышпурнулі з кватэры на пагібель…

Пэўна ж, гэтыя парасткі азлобленасці, нейкай варожай зацятасці не маглі ўзрасці проста так, без дай прычыны. Раней, відаць, маці не надта непакоіў лад жыцця Косціка, ягоныя звычкі, унутраны свет. А трывожныя сімптомы ўзніклі даўно, яшчэ пры жыцці яго бацькі. Але той мог жартам звесці на нішто канфлікт, непаразуменне з сынам, маўляў, не трэба хвалявацца: цяжкі ўзрост. Неспадзяваная смерць таты яшчэ больш паўплывала на і без таго халодныя адносіны падлетка з матуляй. Прычым непрыязнасць да яе нейкім чынам спалучылася з ягонай азлобленасцю на іншых, па сутнасці — на ўвесь свет.

Вось тут узнікае другі сюжэтны пласт. Гэта віртуальная прастора. Тая самая, дзе пастаянна завісае Косцік, тая самая, што ўяўляецца нам часцяком больш сапраўднай рэальнасцю, чым рэчаіснасць, тая самая, куды заўсёды можна збегчы ад смутку і адзіноты, — адным словам ілюзія, якая дазваляе чалавеку трываць неўладкаванасць асабістага жыцця, неразуменне ды адчужанасць блізкіх і сваякоў.

Не знайшоўшы іншага шляху, як зразумець і наблізіць да сябе падлетка, а можа, уратаваць яго ад небяспекі, маці спрабуе ўвайсці ў ягоную віртуальную прастору пад прыдуманым імем у якасці "фрэнда". Такім чынам, у спектаклі пачынаюць суіснаваць два сюжэтныя і прасторавыя пласты — рэальны і віртуальны. Цікава, што ў віртуальным свеце ролю сына выконвае другі артыст (Арцём Герак). Фактычна, тут узнікае іншы вобраз — больш мяккі, чалавечны, другое “я” персанажа. Такім чынам, маці становіцца дзяўчынай-нефармалкай Тофі, а сын Косцік — Таўэрскім Крумкачом.

Спектаклем “Гэта ўсё яна” тэатр быццам працягвае шэраг пастановак у рэчышчы дакументальнага тэатра (“Ліфт” Юліі Чарняўскай, “Пахавайце мяне за плінтусам” паводле Паўла Санаева). На ўзроўні акцёрскага існавання гэта адмаўленне ігры ў поўным сэнсе слова, адсутнасць нават маленькага фальшу (дасведчаны артыст тут мусіць вызваліцца ад набіўшых аскому прыёмаў ды штампаў, малады — навучыцца непадробнаму, падрабязнаму пражыванню), на ўзроўні тэксту — ужыванне слэнгавай, гутарковай лексікі. Сцэнічны твор — нібы аскепак рэальнасці, якой бы змрочнай, непрыемнай і нават агіднай яна ні здавалася гледачу. Найперш тут даследуецца сямейная праблематыка, складаныя адносіны паміж роднымі ды блізкімі людзьмі, розная мова пакаленняў, асаблівасці паводзін моладзі і падлеткаў.

Таццяна Ліхачова ў ролі маці дакладна і ашчадна размяркоўвае сябе. Напружаную стрыманасць яе гераіні на пачатку спектакля змяняе эмацыйная выбуховасць у далейшых сутычках з сынам, лёгкасць і рамантычная ўзнёсласць у віртуальных сцэнах з іх ператварэннямі і трагічная ўзрушанасць, адчай бязвыходнасці ў фінале, дзе сын — на мяжы самагубства. Яе малады партнёр Раман Салаўёў змог яскрава раскрыць праз маналогі-споведзі сутнасць свайго цынічнага, жорсткага, але і непазбыўна самотнага, унутрана безабароннага героя з ледзь прыхаванай тугой па блізкай, роднаснай душы. Ён умее маўчаць пад час актыўных дзеянняў сваіх партнёраў па сцэне. Яго маўчанне надзвычай выразнае і змястоўнае. Такім чынам лінія персанажа нідзе не рвецца, яе цэласнасць захоўваецца. Цікава, што Маці і ейнага віртуальнага двайніка іграе адна актрыса (у драме гэта дзве дзеючыя асобы), сына ж — два выканаўцы. Чаму так? Мяркую, рэжысёр не збіраўся выставіць героя гэткім поўным мярзотнікам, цынікам, жадаў адцяніць у ім, нягледзячы на жорсткі панцыр, чалавечую сутнасць. Магчыма і тое, што дадзены вобраз яго проста больш зацікавіў.

Пэўная дакументальнасць твора зусім не выключае ўмоўную метафарычнасць як галоўную адметнасць сцэнічнага афармлення спектакля. Мастак Андрэй Жыгур, адзначаны крытыкай за ранейшую работу — “Пахавайце мяне за плінтусам”, — прапанаваў у якасці інтэр’ера раменную сетку-панцыр, якая можа атаясамлівацца і з клеткай (узгадаем першы эпізод ды фінал, дзе сын параўноўвае сябе з папугайчыкам), і з кратамі, і са шматкамі адзення (адразу прыгадваецца эпізод, у якім сын паласуе нажом бацькаў пінжак) — шматкамі разбуранага свету і жыцця. У віртуальных сцэнах гэтая сетка закрывае людзей ад рэальнага свету, рэальных адносін, ад саміх жа сябе. Удала знойдзены матэрыял пашырае мастацкі аб’ём спектакля, нясе сур’ёзную ідэйную, сэнсавую нагрузку, гэта вобраз-сімвал, вобраз-знак.

Рэжысёр Аляксандр Марчанка, які ўжо запомніўся па сваёй рабоце ў коласаўцаў, што мела гучны рэзананс, у фінале гэтага спектакля не ставіць кропку. Глядач так і не даведаецца, ці скончыць Косцік жыццё самагубствам. Віртуальныя размовы на новым вітку перапыняе танклявы дзіцячы галасок, які быццам пра штосьці нагадвае, быццам папярэджвае…

У заключэнне хачу дадаць, што п’еса “Гэта ўсё яна” — першая работа беларускага аўтара Андрэя Іванова, створаная у 2012 годзе пад час Выязной лабараторыі Цэнтра беларускай драматургіі.

Аўтар: Юрый ІВАНОЎСКІ
тэатразнаўца, тэатральны крытык, літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа