Юрыст, які любіць жарты

№ 8 (826) 23.02.2008 - 29.02.2008 г

Сёння ў рубрыцы “З пошты “Куфра...” прапануем пазнаёміцца з нашым аўтарам Уладам Скамарохам. Сапраўднае імя — Ермаковіч Уладзімір Дзмітрыевіч. Нарадзіўся ён ў 1960 годзе ў вёсцы Скамарошкі на Стаўбцоўшчыне. Атрымаў вышэйшую юрыдычную адукацыю, скончыў аспірантуру БДУ. Працаваў у сістэме МУС, затым — на рабочых і кіруючых пасадах у АПК, машынабудаванні, энергетыцы, у дзяржаўных і камерцыйных структурах. Цяпер займаецца літаратурнай дзейнасцю і хатняй гаспадаркай. Піша з 2002 года. У 2004-ым выдаў свой першы паэтычны зборнік “Памяць”, прысвечаны 60-годдзю вызвалення Беларусі. Друкуецца на беларускай і рускай мовах. Піша вершы, п’есы, сцэнарыі, казкі, апавяданні, найбольш — гумарыстычна-сатырычныя творы. Адзін з іх прапанаваў “Куфру...”

Казёл-”нарколаг”
(Старая байка на новы лад) 


І

Дзесьці ў вёсцы, з самых ціхіх,

Зранку быў перапалох:

Знік казёл у Цімашыхі,

Знік з хвастом і парай рог.

Участковы быў пануры:

“Не было таго ражна!

Мо даўно казёл без шкуры,

Толькі поліўка адна...”

Але ж трэба, як вучылі,

Справу зладзіць-разабраць.

Так, з павагаю сачылі,

Як пайшоў дазнанне браць.

“Дзе што бачыў? Альбо чуў што

Пра прапаўшага казла?” —

Ды дарэмна, ды без сэнсу,

Згуба часу тут была.

Але бабу абнадзеіў —

Тая ў краму — за вінцом...

Не, не быў ён ліхадзеем —

Вузел развязаць з казлом.

Ад малога да вяліка —

Кожны ў курсе быў жыхар.

І ад шэпту ды ад крыку —

У паветры кіпень-вар.

ІІ

Жыў у вёсцы Ваня Сівы,

Ён на ферме працаваў.

Меў жа нос, як тую сліву,

Бо ён шклянкі не мінаў.

Кожны вечар быў “пад мухай”,

Ранкам — крышачку “касіў”,

Але скотнік быў ён “з рухам” —

Працаваць хапала сіл.

Жонцы беднай аж агоркла

Гыркаць, лаяць, ушчуваць...

І таму яна замоўкла —

Што настрой сабе псаваць?

Добра ведалі вяскоўцы,

Як пакутаваў Іван.

Калі трэба “сенца”, “дроўцы”,

Ваню згодзяць за стакан.

ІІІ

У суседняй вёсцы — танцы:

Моладзь грамадой туды.

Танчаць там, бы афрыканцы,

Ім няма другой бяды.

А пасля ўжо — развітанкі,

Плыннасць провадаў дамоў,

Каб маглі яшчэ каханкі

Абмяняцца парай слоў.

Вось — адзін з хлапцоў удалых.

Назавём яго Сымон.

Быў дзяцюк даволі сталы,

І не лез ён на ражон.

Так, ён жыў далекавата —

Ў вёсцы, дзе казёл прапаў,

Дык з каханай каля хаты

Доўга бавіць час не стаў.

Ды і зранку заўтра праца —

Трэба, як хутчэй, дамоў...

Як бліжэй, на тую трасцу,

Праз пагост Сымон пайшоў.

Раптам, проста пад нагамі,

Правалілася зямля...

Момант! Хлопец на дне ямы, —

Ды абжытая яна?!

Нечакана там сустрэўся

Са свавольнікам-казлом,

Нават крышку абагрэўся

Недухмяным тым цяплом.

IV

Так сядзелі да світання,

Мерзлі ў яме для хаўтур,

Покуль п’яны скотнік Ваня

Песню не завёў, як тур.

Хлопец-хват пазнаў умомант

Забулдыгу-пастуха,

Крыкнуў гучна, на ўвесь голас:

“Кінь у яму мне кнута!”.

Ваня крышку разгубіўся,

Але просьбу ўсё ж прыняў:

Кінуў хлопцу кнутавішча

Ды цягнуць ўгару пачаў.

V

А Сымон жа без гумору

Ні хвіліначкі не жыў.

Вось і “адмачыў умору”:

“Сябра” першага абвіў.

Цягне Ваня, цяжка крэхча...

Што за ліха ды бяда?!

Голас быццам чалавечы —

Ды хвост, рогі, барада?!

Борздка кінуў кнутавішча,

Ды дадому лататы!

Там пад коўдру, бы ў нарышча!

І адтуль — больш нікуды...

Кажа жонцы: “Чорта бачыў!

Ледзь мяне ён не схапіў!

Гэта, мабыць, ужо “з гакам”

Я гарэлачкі папіў”.

VI

Зух малы — сынок Івана —

Справу хутка зразумеў.

Участковаму ад рання

Далажыў ён, як умеў.

Хуткай дзеяй — вызваленне

І Сымона, і казла.

Было шчырае здзіўленне,

Нават спрэчка там была...

VII

Ну, а Ваня з таго часу —

Ані кроплі не бярэ.

Піць не можа нават квасу —

Быццам чорт нутро дзярэ.

Як сустрэне дзе Сымона —

Жартам грозіць кулаком,

І часцей п’е чай з лімонам,

Альбо каву з малаком.