“Сем” і “Sense of Place”: супаставіць нашы кантэксты

№ 41 (1167) 11.10.2014 - 17.10.2014 г

Вольга ШПАРАГА, філосаф
Пачала глядзець выстаўкі Месяца фатаграфіі ў Мінску. Вельмі ўдалым мне падаецца тое, што можна параўноўваць розныя праекты. Напрыклад, “Сем” беларускіх фатографаў у галерэі Акадэміі мастацтваў і “Sense of Place” латвійскіх фотамайстроў у Галерэі сучаснага мастацтва “Ў”.

Адразу кідаюцца ў вочы дзве рэчы: адрозненне ў назве і ў экспанаванні. Латвійская назва — праблемная: сэнс месца — важная рэч, таму што месцы маюць патрэбу ў надзяленні іх сэнсамі, чаму можа дапамагаць, спрыяць фотаздымак. Беларуская ж — абстрактная і, як затым высвятляецца, з канцэпцыяй выстаўкі звязана выключна фармальна (усе фатографы далі па сем здымкаў...).

Экспанаванне ў Галерэі “Ў” — бездакорнае. Рэспект! Вялікі фармат работ зрабіў залу больш прасторнай, а творцы, хоць і напаўняюць галерэю візуальным холадам, дазваляюць насыціць лёгкія паветрам — такое вось адчуванне. У галерэі ж “Акадэмія” большасць работ проста немагчыма глядзець, таму што яны блікуюць, а цэнтральнае месца ў прасторы занялі вялікія вокны, і зусім не фота. Нарэшце, дэкаратыўныя калоны, подыум, расстаўленыя крэслы наводзяць на думку, што здымкі трапілі сюды выпадкова.

Зараз жа крыху пра сэнсы.

Работы беларускіх мастакоў — цікавыя. Аднак, як я ўжо адзначыла, у выстаўцы не бачу канцэпцыі. Прытым што як мінімум тры серыі звязаныя — Андрэя Шчукіна, Марыны Бацюковай і Сяргея Ждановіча: візуальныя эксперыменты ў іх паказваюць на парадоксы бачання, накладанне часоў ды прастор, якія могуць быць уводзінамі да тэмы складанага (парадаксальнага?) суіснавання вельмі розных сацыяльных, культурных ды іншых сэнсаў у Беларусі. Калі гэта, вядома, кантэкстуалізаваць, чаго на выстаўцы, на жаль, не адбываецца. Астатнія серыі тут — кожная пра штосьці сваё. Ігар Саўчанка ставіць пытанне аб надзяленні серыйнага — мікрараёны, жылыя пабудовы, чыгуначныя пуці — унікальнасцю, паколькі ўяўляе іх у фотатэхніцы ўніката. Гэта вельмі важная тэма для нас, і зноў жа — спалучанасць з “сэнсам месца” або задачай (магчымасцю) здабыцця месцам новага сэнсу. Яшчэ тры серыі, у прынцыпе, таксама магчыма кантэкстуалізаваць: цудоўныя работы гэта дазваляюць, але, як я напісала вышэй, у кожнай будзе свая гісторыя, не звязаная з астатнімі.

Што ж у выніку? Абедзве выстаўкі — вельмі сугучныя, што дазваляе супастаўляць нашы жыццёвыя кантэксты, аднак беларуская фатаграфія, як, на жаль, практычна заўсёды, застаецца рэччу ў сабе, бо не прадстаўлена як цэласнае экспазіцыйнае выказванне са зразумелай канцэпцыяй. А без такога выказвання наша фота застаецца яшчэ і абстрактным: візуальнымі пошукамі ў нейкай беспаветранай ды нежывой прасторы і такім жа часе. Дык як мы ў іх жывём?.. Не бачна таго пры такой падачы.

Ну а пакуль — ідзём далей па выстаўках Месяца фатаграфіі ў Мінску…