Змаганне за аўтэнтыку

№ 41 (1167) 11.10.2014 - 17.10.2014 г

Алег ХМЯЛЬКОЎ, дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы
На наступным тыдні мы будзем святкаваць юбілей — 75-годдзе з дня ўтварэння нашага Цэнтра. На маю думку, гэтая імпрэза — выдатная нагода пагутарыць са спецыялістамі ў галіне народнай творчасці пра тыя праблемы, пытанні і тэндэнцыі, якія сёння існуюць у нашай сферы, а таксама абазначыць шляхі на перспектыву.

А пагаварыць аб усім гэтым у нас сапраўды будзе з кім: мы запрасілі да сябе на свята спецыялістаў па вывучэнні фальклору і традыцыйнай культуры, а таксама кіраўнікоў рэгіянальных цэнтраў народнай творчасці не толькі з Магілёўшчыны ды з іншых рэгіёнаў Беларусі, але і з Расіі, Францыі, Балгарыі, Румыніі… Усе яны прымуць актыўны ўдзел у ІІІ Міжнародным форуме “Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства” ды ў Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Фальклор і абрадавыя традыцыі як аўтэнтычная праява багаццяў лакальных культур”.

Кажучы сцісла, наш форум, — які ўжо, дарэчы, стаў традыцыйным, — ладзіцца, каб аб’яднаць сілы тэарэтыкаў і практыкаў з розных краін у напрамку вырашэння праблем захавання традыцыйнай культуры. Пад час маштабнага мерапрыемства мы будзем дэманстраваць эфектыўныя спосабы вядзення міжкультурнага дыялога, узаемаўзбагачацца досведам працы ў справе захавання традыцыйных культурных каштоўнасцей ды вырашаць розныя надзённыя пытанні.

Адна з тых праблем, якую, на маю думку, мы павінны абмеркаваць у першую чаргу, — гэта пытанне захавання аўтэнтыкі (аўтэнтычных абрадаў, танцаў, спеваў і г.д.) ва ўмовах сучаснага высокатэхналагічнага ды інфармацыйнага грамадства. Бо, на жаль, сёння тыя ж народныя абрады, танцы, спевы стараюцца ператварыць у нешта мадэрновае, асучасніць іх, зрабіць больш лёгкімі да ўспрымання, не зважаючы на прысутны ў іх сімвалізм, шматзначнасць, пэўную, не заўсёды чытаемую сучаснікамі, вобразнасць… Падобны “мадэрн”, як мне падаецца, сёння выглядае сапраўднай пагрозай існаванню аўтэнтыкі, традыцыйнасці, прычым не толькі на Беларусі, але і ў іншых краінах свету. І зрабіць усё дзеля захавання аўтэнтыкі — гэта, на мой погляд, першасная наша задача.

Абмяркоўваць ды вырашаць дадзеныя пытанні — менавіта з прыцэлам на міжнародную супольнасць! — мы і плануем на форуме ў Магілёве. І гэта не проста гучныя словы. Выхад на такі, на першы погляд недасяжны ды высокі, міжнародны ўзровень сёння цалкам магчымы. У першую чаргу дзякуючы таму, што сёлета, на ўрачыстай цырымоніі ў Вільнюсе, Беларусь была прынята ў Міжнародную асацыяцыю фальклору (IGF), што, безумоўна, значна павысіла наш статус сярод тых краін, дзе займаюцца праблемамі вывучэння, адраджэння і захавання народных аўтэнтычных традыцый.

Дарэчы, прэзідэнт названай арганізацыі Дорэл Косма (Румынія) таксама мае прысутнічаць на нашай прадстаўнічай акцыі ў Магілёве. Так што звярнуцца да яго па каментарый, атрымаць адказы на свае пытанні будзе мець магчымасць літаральна кожны. І гэта той досвед, які можа стаць папраўдзе неацэнным для спецыялістаў з айчынных цэнтраў народнай культуры ўсіх абласцей краіны… Да таго ж, не варта забываць, што Беларусь валодае ўнікальнай і багатай культурнай спадчынай, а ў нашай дзяржаве надаюць вялікую ўвагу пытанням адраджэння і захавання традыцый, фальклору, развіццю ды папулярызацыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Так што, думаю, не памылюся, калі скажу, што многім краінам ёсць чаму ў нас павучыцца. А беларусам, натуральна, будзе вельмі цікавы сусветны досвед і супрацоўніцтва са сваімі калегамі з розных дзяржаў свету ў плане захавання культурнай спадчыны.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"