Роспіс “у добрыя рукі”

№ 41 (1167) 11.10.2014 - 17.10.2014 г

Вынік прамежкавы, але станоўчы: “Балада пра Бацькаўшчыну” — працяг, відаць, будзе
Нядаўна ў жыцці мастака Віктара Хацкевіча адбыліся дзве прыемныя падзеі. Першая: ягоная манументальна-дэкаратыўная кампазіцыя “Балада пра Бацькаўшчыну”, якая аздабляла інтэр’ер сталічнага аўтавакзала “Маскоўскі” і магла знікнуць разам з вакзалам, максімальна ашчадна (наколькі дазваляла кваліфікацыя выканаўцаў ды экстрэмальныя ўмовы) была знята са сцен рабочымі гаспадарчай службы “Мінсктрансу” і зараз знаходзіцца на часовым захаванні ў адміністрацыйным будынку новага тралейбуснага дэпо па вуліцы Гінтаўта. “Мінсктранс” выконваў указанне Мінгарвыканкама. Праз пэўны час твор мусяць перавезці з тралейбуснага дэпо ў Мінскі мастацкі камбінат, і там ён мае чакаць вяртання на публіку.

 

Сам мастак і ратаваў

Згадаю, што аб захаванні роспісу, які належыць да мастацкіх адметнасцей Мінска, парупілася і “К”. Чытачы памятаюць серыю публікацый, у якіх асвятлялася няпростая для названага твора мастацтва сітуацыя, што склалася ў сувязі з дэмантажом будынка аўтавакзала, і абмяркоўваліся варыянты выратавання “Балады пра Бацькаўшчыну”. Аднак галоўным чынам роспіс не страчаны (хоць лёс яго і застаецца няпэўным) таму, што за ягонае захаванне актыўна змагаўся сам Віктар Хацкевіч. Ён выйшаў на кантакт з журналістамі, сустракаўся з адказнымі асобамі, здольнымі паўплываць на сітуацыю, пісаў лісты да раённых і гарадскіх улад, у іншыя інстанцыі. Былі моманты, калі ўсе ягоныя намаганні падаваліся марнымі, і мастак, паводле яго слоў, ужо быў псіхалагічна гатовы да таго, што роспіс, да якога ён мае асаблівы сантымент і якім асабліва ганарыцца, знікне — застанецца толькі на фотаздымках. Ды, як бачым, вынік, хай і прамежкавы, у рэшце рэшт маем станоўчы. Зараз аўтар роспісу дбае пра тое, каб “Балада пра Бацькаўшчыну” атрымала годную “прапіску”, стаўшы аздобай аднаго з грамадскіх будынкаў нашай сталіцы.

Трэба сказаць, што гэты твор зыходна — шматпакутны. “Біяграфія” ягоная ад пачатку не ладзілася, не складвалася станоўча. Аўтар маляваў “Баладу…" для аздобы інтэр’ера аднаго з санаторыяў Беларусі, і манументальны твор тэхналагічна рабіўся як станковы. Роспіс уяўляе з сябе некалькі сегментаў 2х3 метры, якія павінны былі быць зманціраваны на сцяне. Але здарылася так, што работа не трапіла ў інтэр’ер, для якога стваралася, і дзесяць гадоў, цалкам завершаная, прастаяла ў майстэрні мастака. Увесь гэты час Віктар Хацкевіч шукаў магчымасці размясціць яе на нейкім аб’екце. Калі распачалося будаўніцтва аўтавакзала “Маскоўскі”, ён паказаў “Баладу…” архітэктару праекта, і таго роспіс зацікавіў. Мастак атрымаў згоду на тое, каб ягоны твор упрыгожыў аўтавакзал, але пры ўмове, што ён не будзе прэтэндаваць на ганарар, — інакш кажучы, калі проста падорыць работу. Хацкевіч згадзіўся. Цяпер — тая ж сітуацыя: аўтар ізноў гатовы аддаць сваю работу задарма — абы, як пішуць у газетных абвестках пра кацянят, “у добрыя рукі”.

А цяпер куды?

Мастак ужо гаварыў пра свой твор з кіраўніцтвам Мастацкага камбіната. Не дзіва, што дырэкцыя творча-вытворчай установы не ў захапленні ад дадатковага клопату. Мастаку паведамілі, што, сапраўды, існуе загад кіраўніцтва Саюза мастакоў, якому падпарадкоўваецца камбінат, каб парупіцца пра захаванне згаданага роспісу, і ён, зразумела, будзе выконвацца. Але праблема ў тым, што на камбінаце няма лішняй плошчы, дзе можна было б гарызантальна складзіраваць сегменты роспісу. Іх давядзецца ставіць вертыкальна, а гэта непажадана, бо можа разбурыцца крохкая аснова (гіпсакардон), на якую наклеена палатно, а потым — абсыпацца жывапісны слой, але выбіраць у дадзеным выпадку не даводзіцца. Дый тэмпературны рэжым у вытворчых памяшканнках Мастацкага камбіната зусім не той, што ў сховах, скажам, Нацыянальнага мастацкага музея.

Мастаку параілі не надта спадзявацца на тое, што ў сталіцы ён знойдзе сцены, каб размясціць свой твор, бо ў бліжэйшы час у Мінску не плануецца будаўніцтва буйных грамадскіх аб’ектаў, дзе “Балада…” магла б стаць дарэчнай. Ад сябе ж дадам, што калі такі аб’ект і з’явіцца, дык за ягоную аздобу сярод мастакоў будзе вялікае спаборніцтва. І, зыходзячы з пэўнага досведу, цалкам верагодна, што перавагу ў тэндары атрымае абсалютна новая распрацоўка, а не твор “з біяграфіяй”. Вядома, што ў некаторых установах можна было захаваць габелены Аляксандра Кішчанкі, але тады вучні мэтра, якія сёння самі маюць паважны статус, не зарабілі б грошай…

Такім чынам, хоць на дадзены момант “Баладу пра Бацькаўшчыну” можна лічыць выратаванай, лёс роспісу застаецца няпэўным.

І альбом засведчыў...

Другая значная для Віктара Хацкевіча падзея — выхад у свет манаграфіі, прысвечанай ягонай творчасці. Гэты альбом можна назваць падарункам мастака самому сабе ў сваё 70-годдзе. Справа ў тым, што Хацкевіч — і аўтар-укладальнік, і менеджар выдавецкага праекта, бо сам адшукаў грошы на яго рэалізацыю. Сёння гэта даволі распаўсюджаная з’ява, калі творца не чакае, што нехта зверне на яго ўвагу ды зоймецца ягонай раскруткай, а сам дбае і пра сваю рэкламу, і пра тое, каб тым або іншым чынам застацца ў гісторыі культуры. У альбоме — работы з 1982 года па сённяшні дзень. Для аматараў мастацтва кніга, на маю думку, можа быць цікавай найперш тым, што яна рэпрэзентуе культурны пласт, пра які ў нас пачынаюць забываць, — гэта адметнае сваім стылем ды зместам манументальнае мастацтва часоў апошняга дзесяцігоддзя Савецкай Беларусі. Зрэшты, і ў першыя гады Незалежнасці ў мастацтве яшчэ панавалі глыбока ўкаранёныя ў грамадскую свядомасць пафаснасць і метафарычнасць стылю, што вядзе радавод ад канонаў сацыялістычнага рэалізму. У кантэксце свайго часу манументальна-дэкаратыўныя роспісы Віктара Хацкевіча — з’ява цалкам натуральная. Сёння ж яны ўспрымаюцца як напамін пра вялікую эпоху, сумленнае асэнсаванне якой яшчэ наперадзе.

Шкада, што ў альбоме няма эскізаў роспісаў інтэр’ера Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Віктар Хацкевіч лічыўся (дарэчы, пасля таго, як “Балада пра Бацькаўшчыну” ўпрыгожыла аўтавакзал) адным з найбольш верагодных выканаўцаў гэтага прэстыжнага заказу. Ён прапаноўваў канцэпцыю, адрозную ад наяўнай: Хацкевіч хацеў прадставіць Слова як з’яву касмічнага маштабу. Фактычна ён хацеў адлюстраваць тэзу “Напачатку было Слова” — на пачатку Светабудовы. Але, як кажуць, не склалася…

Сёння Віктар Хацкевіч жыве паміж Беларуссю і Германіяй. Таму і альбом выдадзены на дзвюх мовах. Мастак кажа, што непасрэднае знаёмства з культурай Захаду прымусіла яго скарэктаваць свае эстэтычныя ўяўленні, але не прынцыпы. Яно і па работах відаць. Станковы жывапіс, зроблены ў Германіі, — гэта фактычна эскізы манументальных роспісаў, якія яму не давялося здзейсніць у Беларусі. Водгулле брутальнай эстэтыкі “суровага стылю” і абвостранай пачуццёвасці 1980-х, калі мастакі з пэўным здзіўленнем разгледзелі сярод сацыяльнай масы звычайных людзей. Гэтым вонкава парадаксальным, але цалкам натуральным у кантэксце біяграфіі творцы спалучэннем мастак, бадай, і цікавы немцам.

Пагартаўшы той альбом, я зразумеў, чаму Віктар Хацкевіч так змагаецца за сваю “Баладу…”, бо ўся яго творчасць — балада пра Бацькаўшчыну. А Бацькаўшчына ягоная наўпрост мяжуе з Космасам…

Аздобе аўтавакзала “Маскоўскі” ў альбоме прысвечаны адзін з раздзелаў. Гэта ўжо гісторыя.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"