Пляцоўка для сваіх

№ 36 (1162) 06.09.2014 - 12.11.2014 г

Кінафестываль “Лістапад” абвясціў Нацыянальны конкурс...
Поўнаметражныя і кароткаметражныя, дакументальныя, ігравыя і анімацыйныя фільмы, створаныя беларускімі аўтарамі ў краіне і за яе межамі, прымаюцца да ўдзелу ў вядомым форуме. Сабраць работы суайчыннікаў незалежна ад месца пражывання і падтрымаць адораных творцаў — такую задачу паставіла сабе дырэкцыя Мінскага міжнароднага кінафестывалю, які пройдзе ў дваццаць першы раз з 7 па 14 лістапада.

Па словах дырэктара праграм неігравога кіно “Лістапада”, дырэктара студыі “Летапіс” Ірыны Дзям’янавай, гэты крок — аб’яўленне конкурсу — быў справакаваны актыўнасцю маладых кінематаграфістаў, якія апошнім часам здымаюць фільмы і, галоўнае, хочуць, каб іх убачылі як мага больш гледачоў.

І, сапраўды, тут можна ўзгадаць адносна нядаўнія работы энтузіястаў-рэжысёраў, пра якія пісала "К", што, нягледзячы на абмежаваныя бюджэты, здолелі выйсці на вялікую аўдыторыю ды знайсці свайго гледача. Стужкі таго ж Андрэя Мычко — “Неба паўсюль аднолькавае”, “Адалень-трава”, Кірыла Нонга — “Здымаць на паражэнне”, Сяргея Савянкова і Паўла Касцевіча — “Салетра № 7”, Дзмітрыя Дзядка “Адзінота”, Любові Журомскай — “Машы, Сашы”… Падобныя цікавыя аўтарскія пошукі назіраюцца і з боку рэжысёраў-дакументалістаў.

— Ужо ў мінулым годзе мы заўважылі гэтую актыўнасць, — кажа кіназнаўца. — Карціны здымаюцца, прычым не толькі на Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, а і на прыватных кінастудыях, асобнымі энтузіястамі. І цалкам натуральна ў нашай каманды выспела думка зірнуць на гэты працэс больш уважліва, прапанаваўшы айчынным кінарэжысёрам кампетэнтную ацэнку з боку прафесіяналаў. Што за адметнасці мае новы кінематограф? Якія здольнасці і недахопы ён дэманструе? Мяркую, пачуць экспертнае меркаванне аўтарам стужак будзе карысна…

Для ацэнкі твораў суайчыннікаў плануецца стварэнне асобнай каманды міжнароднага журы. Эксперты Нацыянальнага конкурсу будуць “вяршыць суд” у трох намінацыях: ігравое кіно, дакументальнае і анімацыя. Аўтары лепшых работ будуць адзначаны прызамі. Грашовая ўзнагарода, тым не менш, пакуль, на жаль, не прадугледжваецца.

— Але гэтае пытанне наконт фінансавага заахвочвання актуальнае, — пагаджаецца Ірына Дзям’янава, — Натуральна, што падобная ўзнагарода — істотны уклад у, магчыма, наступную работу кінарэжысёра…

Кіно, якое мае шанцы трапіць у конкурсную праграму, мусіць быць прафесійным. “Лістапад” — гэта міжнародны кінафестываль, на якім дэманструюцца карціны высокай мастацкай якасці, — падкрэслівае праграмны дырэктар. — Таму работы нізкага ўзроўню не могуць быць уключаны ў конкурс кінафоруму”.

Ды ўсё ж спадарыня Ірына ўдакладняе, што конкурсная кінастужка можа быць створана не абавязкова чалавекам з рэжысёрскім дыпломам.

— Кінематограф — прафесія складаная, — кажа кіназнаўца. — І працаваць у ёй, не маючы спецыяльнай адукацыі, вельмі няпроста. Але, да прыкладу, ніхто не замінае перадаць сваё светаадчуванне праз медыум кіно дыпламаванаму мастаку. Магчыма, яго выказванне будзе цікавейшае за работы тых жа выпускнікоў спецыялізаваных факультэтаў…

Стужкі беларускіх аўтараў прымаюцца на Нацыянальны конкурс да 22 верасня. Больш падрабязныя ўмовы ўдзелу і форма заяўкі — на сайце кінафестывалю www.listapad.com.

 

/i/content/pi/cult/502/10880/2-1.jpgСарваць “сем пячатак”?

Абвяшчэнне Нацыянальнага конкурсу кінафестывалем “Лістапад” “К” папрасіла пракаментаваць кінарэжысёра, прадзюсара тэлеканала "Беларусь 3", выкладчыка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, лаўрэата і пераможцу шматлікіх кінафорумаў Сяргея
КАЦЬЕРА.

— Практыка нацыянальных конкурсаў, фестываляў беларускіх стужак, варта адзначыць, існавала ў нас і раней. Яшчэ пры Савецкім Саюзе ладзіўся конкурс пры кінастудыі “Беларусьфільм”, пры Саюзе кінематаграфістаў БССР, калі работы студыі ігравога кіно, студыі “Летапіс”, анімацыйных фільмаў ацэньваліся спецыялістамі. Запрашаліся кінематаграфісты з іншых рэспублік, якія выказвалі свае меркаванні, ацэнкі, і тое было значным ды вельмі карысным досведам.

Потым узгадваюцца часы “перабудовы”, калі айчынны кінематограф значна саступіў пазіцыі замежнаму кіно, стаўшы, лічы, нікому не патрэбным. І тут ролю своеасаблівага “выратавальнага круга” сыграў Брэсцкі кінафестываль беларускага кіно, які збіраў творы нашых кінематаграфістаў, паказваў іх, стымулюючы аўтараў да дыялога і роздуму. Мяркую, што тут мы ўсе цудоўна разумеем, наколькі важная для мастака ацэнка публікі ды калег. Кінафестываль у Брэсце гэтую бездань паміж гледачом ды аўтарамі неяк пераадольваў, злучаючы іх на пэўны час. А потым творы айчынных кінарэжысёраў ізноў сыходзілі ў цень, бо пракат беларускіх стужак наладажаны не быў.

Што адбываецца сёння? У апошнія два гады, як вядома, Брэсцкі кінафестываль не праводзіўся: няма фінансавай падтрымкі, моцнага, апантанага арганізатара, які здолеў бы запусціць форум на адпаведным узроўні. Выйшла з фестывальнага руху Валянціна Сцяпанава, новыя энтузіясты сутыкаюцца з чарговымі выклікамі... Пакуль зрухаў няма. І ў дадзеным кантэксце аб’яўленне кінафестывалем “Лістапад” Нацыянальнага конкурсу выглядае ўчынкам своечасовым ды запатрабаваным.

Такая думка, бачна, лунала ў паветры даўно, ды, прызнацца, ваш пакорны служка агучваў гэтую прапанову і арганізатарам фестывалю, і Міністэрству культуры краіны. І сапраўды: навошта падзяляць гэтыя дзве пазіцыі — міжнародны форум і нацыянальны? Абмяркоўвалася, што нацыянальны агляд можа ладзіцца на тыдзень раней за буйны кінафэст, каб падзеі плаўна перацякалі адна ў адну. Зараз ён трапляе ў рамкі кінафоруму, што таксама няблага. Атрымліваецца, айчынныя кінарэжысёры здолеюць ацаніць свае недапрацоўкі ў міжнародным кантэксце.

Добра, што да ўдзелу ў Нацыянальным конкурсе запрашаюцца і незалежныя кінастудыі, тэлевізійныя кампаніі… “Лістапад” мае права выбіраць свой фармат прэзентацыі беларускага кіно, і я з вялікай цікавасцю ды энтузіязмам чакаю вынікаў адбору. Так, абавязкова буду хадзіць на паказы. Давайце прызнаемся: часам сваё кіно мы ведаем куды менш, чым замежных трыумфатараў міжнародных кінафорумаў. Нацыянальны прадукт у нас — па-ранейшаму “за сямю пячаткамі”, тое ж студэнцкае кіно, якое паказваецца вельмі рэдка. Відавочна, існуе дэфіцыт падобнай інфармацыі…

Таму Нацыянальны конкурс у рамках “Лістапада” вітаю шчыра! І спадзяюся, што ён будзе прадугледжваць і фінансавыя ўзнагароды для нашых кінарэжысёраў. У рэшце рэшт, калі форум у Брэсце не ладзіцца, гэтыя сродкі маглі б быць скіраваны на новы конкурс...

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"