Сенсацыя замка Кміты

№ 36 (1162) 06.09.2014 - 12.11.2014 г

Гарадзішча XVI — XVII стст. пад назвай “Замак Кміты”, якое змяшчаецца ля вёскі Беразавец Карэліцкага раёна, прыцягнула ўвагу спецыялістаў толькі ў ліпені 2013-га. Дагэтуль на загадкавым помніку не засяроджвалі пільнай увагі ні гісторыкі, ні археолагі. Сёння знаходку можна смела назваць сенсацыяй. Археалагічныя раскопкі па вывучэнні гарадзішча каля вёскі Беразавец прадоўжыліся ў ліпені бягучага года і здзівілі цікавымі матэрыяламі.

/i/content/pi/cult/502/10878/14-2.jpg

Наталля Пачобут і Леанід Калядзінскі. / Фота Антаніны ХАТЭНКА

Помнік гэты знаходзіцца за дзесяць кіламетраў на поўдзень ад Карэлічаў і ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Пляцоўка гарадзішча размешчана ў рэчышчы ракі Сэрвач і мае форму прамавугольніка з закругленымі вугламі, памеры якога — прыблізна 95х45 м. Культурны пласт на тэрыторыі гарадзішча — звыш 2,5 метра! Дадзены факт пацвярджае актыўнасць жыцця ў гэтым месцы і магчымасць адвядзення замку важнай ролі ў рэгіёне. Раскопкі выявілі сляды трох пажараў, пасля якіх ён адбудоўваўся. Месцамі захаваліся абарончыя збудаванні — вал і роў.

Чым прывабіла мясціна дапытлівых археолагаў? Адразу прыцягнула ўвагу наступная рэч: гарадзішча высілася на дзясятак метраў над балоцістым поплавам ракі Сэрвач. Да таго ж, на гэтым месцы ніколі не праводзіліся археалагічныя раскопкі. Таксама дапамагла мясцовая жыхарка Марыя Сянюта: ад яе археолагі пачулі паданне, згодна з якім на гарадзішчы некалькі стагоддзяў таму размяшчаўся замак князя Кміты.

Летась раскопкі праводзіліся на самім гарадзішчы. Знойдзены матэрыялы XVI ст.: цікавыя фрагменты аконнага шкла рамбічнай і дыскападобнай формы, пячная кафля, прылады працы, пяць сярэбраных манет, рэчы хатняга побыту (нажы, цвікі, ключ). Даследчыкі выявілі ўзбраенне, у прыватнасці, рушніцу (агняпальную зброю), наканечнік стралы. Былі знойдзены ўпрыгожанні: фурнітура на рэмень, фрагменты бронзавых пярсцёнкаў ды бронзавыя накладкі. Цікавасць уяўляе касцяны выраб, упрыгожаны цыркульным арнаментам: яго можна аднесці да прылады, звязанай з такой гульнёй, як шашкі.

А ўжо сёлета даследаванні былі праведзены на селішчы, якое ахоплівае гарадзішча з поўдня. Пад час раскопак ускрылі рэшткі жытла XV ст. Знойдзены развал печы-каменкі, пры расчыстцы якой адшукалі пячную міскападобную кафлю XV ст. Самая ж каштоўная знаходка гэтага сезона — сярэбраная манета. Датуецца яна першай паловай XV стагоддзя, а гэта значыць, што і выяўленыя побач з ёй знаходкі можна аднесці да гэтага часу. Сустрэты таксама фрагменты нажэй, цвікі, ключы, скрыжаванне мяча і замок круглай формы шведскага тыпу, які адносіцца да XVI ст.

Знойдзеныя матэрыялы паступяць у Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей і Карэліцкі краязнаўчы музей.

“Археолагі прадоўжаць даследаванні ў наступным годзе, — адзначыў старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАНБ Леанід Калядзінскі, удзельнік экспедыцыі. — Акрамя раскопачных работ, варта правесці геамагнітную і электрамагнітную разведку пляцоўкі гарадзішча і селішча. Таксама патрэбны архіўныя пошукі звестак пра фальварак, замак ды яго ўладальнікаў. Добра было б стварыць комплексную экспедыцыю з прыцягненнем спецыялістаў з археалагічных цэнтраў Літвы і Польшчы”.

Вераніка УЛАСЕВІЧ, студэнтка II курса Інстытута журналістыкі БДУ