Гнуткі падыход да салістаў і хітоў

№ 47 (1173) 22.11.2014 - 26.11.2014 г

У Жодзіне ў 13-ы раз прайшоў Рэспубліканскі конкурс эстрадных выканаўцаў “Белазаўскі акорд”. Што ж прынесла яму “ракавая" лічба?

/i/content/pi/cult/505/10875/8-1.jpg

Сапраўды, менавіта лічбы (праўда, крыху іншыя: уласна фінансавыя) паўплывалі на тое, што сёлета канкурсанты выступалі без суправаджэння Прэзідэнцкага аркестра, як гэта было ў апошнія два гады. Але ўдзел у журы мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора гэтага калектыву Віктара Бабарыкіна даў спевакам шанц на далейшае супрацоўніцтва з гэтым аркестрам. Такі курс на прадстаўніцтва ў журы практыкаў, якія могуць надалей паспрыяць творчаму станаўленню моладзі, апраўданы і адпавядае перспектыўным сусветным тэндэнцыям.

Між тым, дзеля ўдзелу аркестра конкурс змяніў звыклы час правядзення: з ранняй восені (раней ён прымяркоўваўся да Дня машынабудаўнікоў) перасунуўся на познюю. Няўжо дарма? Але ў гэтай змене даты ўзнік і свой плюс — сведчанне самадастатковасці дадзенага мерапрыемства. Конкурс перастаў быць “дадаткам” да прафесійнага свята працаўнікоў найбуйнейшага прадпрыемства, ператварыўшыся ў... яшчэ адно свята — запальванне зорак, тым самым сімвалізуючы непарыўную повязь эканомікі і культуры, іх, калі хочаце, узаемадапамогу. Тое, што ў не самай лепшай эканамічнай сітуацыі “БелАЗ” усё ж не адмовіўся ад конкурсу, сведчыць пра многае. Найперш пра тое, што кіраўніцтва завода вельмі цэніць такія запатрабаваныя, але рэдкія сёння якасці, як стабільнасць, надзейнасць, вернасць дадзеным абяцанням.

Не падвяла і публіка, хаця арганізатары (упершыню за ўсе конкурсы!) адмовіліся ад запрашальнікаў: білеты паступілі ў продаж і былі раскуплены. Найперш — на абодва конкурсныя туры, а не, як здараецца звычайна, на гала-канцэрт. Гэтаму садзейнічала разумная цэнавая палітыка: гала-канцэрт — 50 тыс. руб., сусветны хіт — 30, беларуская песня — 20. Чым не прыклад удалага грашовага “рэгулявання” патрыятызму?..

Што ж да мастацкага ўзроўню, дык сёлетні “Белазаўскі акорд”, калі ўлічваць падрыхтоўку яго ўдзельнікаў, пераўзыходзіў не толькі ранейшыя такія конкурсы, але і шматлікія іншыя, уключаючы і тэлепраекты, і адборы на міжнародныя спаборніцтвы. Таму не дзіва, што сярод пераможцаў не аказалася некаторых даволі вядомых у рэспубліцы выканаўцаў. Дарэчы, само іх жаданне ўдзельнічаць — сведчанне прэстыжнасці гэтага конкурсу, нягледзячы на тое, што ён і дагэтуль абдзелены ўвагай тэлебачання.

Апошняя акалічнасць тым больш прыкрая, што сёлета не спрацавалі б адгаворкі: маўляў, дрэнная карцінка атрымаецца, бо не тое святло, няма сцэнічных спецэфектаў і г.д. У Палацы культуры БелАЗа, дзе традыцыйна праходзяць і конкурсныя туры, і гала-канцэрт, яшчэ два гады таму з’явілася новае абсталяванне. Сёлета, нарэшце, было прадэманстравана і ўменне паўнавартасна карыстацца яго магчымасцямі — ды не адно дзеля паказу апошніх, а для дасягнення, падкрэслю, мастацкіх вынікаў. Замест простага “падсвечвання” выступленняў струмені святла і лазер сталі аднымі з важных сродкаў сцэнаграфічнай выразнасці і нават ператвараліся ў “прадметы” сцэнічнага інтэр’ера (мастак па святле — Алена Штурма).

Надзвычай цікавым быў сёлета і рэпертуар удзельнікаў, у тым ліку беларускі, які часцей за ўсё становіцца “слабым месцам” канкурсантаў. Дарэчы, у разнастайнасці рэпертуару ёсць і заслуга арганізатараў. Выбіраючы фіналістаў (сёлета іх было 15 з 45-ці заявак), яны штогод імкнуцца аддаваць перавагу не толькі добрым галасам, але і новаму высокамастацкаму рэпертуару. А для арыентацыі змяшчаюць на сайце інфармацыю пра ранейшыя праграмы ўдзельнікаў, тым самым стымулюючы пошук новых твораў. Традыцыйна існаваў і прыз за лепшую новую песню (сёлета ад яго, на жаль, давялося адмовіцца — па грашовых прычынах).

Увогуле, прыгатаваных БелАЗам прызоў аказалася менш, чым вартых узнагароджання кандыдатаў. Але нават у гэтым, здавалася б, мінусе — сведчанне прэстыжу конкурсу, яго прафесійнай арыентаванасці (прывяду як прыклад многія акадэмічныя конкурсы, дзе сярод дзясяткаў і нават сотняў удзельнікаў прысуджаюцца толькі тры прэміі і столькі ж дыпломаў). Скіраванасць арганізатараў на далейшую прафесійную кар’еру цяперашніх канкурсантаў бачыцца і ў тым, з якім трывалым пастаянствам яны сочаць за іх далейшым лёсам. І — запрашаюць пераможцаў на наступныя конкурсы, у гасцявую праграму. А сёлета — яшчэ і ў журы, сярод членаў якога апынулася ўладальніца Гран-пры 2005 года Інга Кісялёва. Хтосьці, здараецца, не апраўдвае спадзяванняў, прызджаючы з тым жа самым конкурсным рэпертуарам, толькі ў горшым выкананні, але з большымі амбіцыямі ды самалюбаваннем. А хтосьці — расцэньвае сваё лаўрэацтва як пункт адліку для далейшых творчых заваёў, як тая ж украінка Юлія Сідарук, выступленні якой і перад конкурсам, і ў гала-канцэрце сталіся зорнымі.

А хто ж перамог сёлета? Гран-пры атрымала навучэнка Мінскага каледжа мастацтваў Аліна Молаш з Івацэвічаў — тая самая, якая ўлетку заняла найвышэйшую конкурсную прыступку Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, а на “Белазаўскім акордзе” спаборнічала і сольна, і ў складзе “Allegri-квартэта”. Магчыма, той, хто прывучаны да эстраднай кідкасці, бліскучай мішуры, не змог бы напоўніцу ўцяміць і складанасць яе праграмы ў параўнанні з іншымі, і “зробленасць” кожнай кампазіцыі — да найдрабнейшых дэталей. Але журы на чале з народным артыстам Беларусі, кампазітарам Эдуардам Зарыцкім — ацаніла, да свайго гонару. Другая прэмія і Прыз глядацкіх сімпатый па праве дасталіся яркаму, стыльнаму Ягору Шаранкову са Светлагорска — першакурсніку БДУКіМ. На першае месца выйшла “тэмбрыстая”, артыстычная мінчанка Вольга Калеснікава з удала падабраным разнастайным рэпертуарам. Трэцюю прэмію, добра павагаўшыся, аддалі Юліі Скварцовай з горада Глыбокае. Больш за ўсё не пашчасціла Мікіту Фаміных. Стаўшы ўжо прызнаным, запатрабаваным артыстам, ён у трэці раз узыйшоў на жодзінскую сцэну — канкурсантам. У абраных песнях рабіў усё да болю правільна, прафесійна. Можа, не хапіла ўмення здзівіць чымсьці новым, нечаканым? Даволі раскручаны Улад Чыжыкаў, пераможца тэлевізійнай “Акадэміі талентаў-2”, даспускаў шмат выканальніцкіх промахаў. Андрэй Грыгор’еў, пры ўсёй прыгажосці голасу, спяваў аднастайна. Міхаіл Сасуноў з Брэста запомніўся сваёй музычнасцю, імкненнем “дакапацца” да сэнсу, данесці яго слухачам — і... няўдалай відэапрэзентацыяй “з прэтэнзіяй” на арыгінальнасць, што перашкаджала ўспрымаць яго сур’ёзна. Шмат “недаробак” было і ў Кацярыны Чамяроўскай — адной з самых маладых удзельніц, але яна запомнілася сваёй непадобнасцю на іншых.

Ну а далей — ад аркестравай ідэі арганізатары не адмовіліся. Значыць, так і будзе! Незалежна ад “лічбаў”...

Фота Руслана АНАНЬЕВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"