Почырк майстра

№ 47 (1173) 22.11.2014 - 26.11.2014 г

За кулісамі Белдзяржфілармоніі па заканчэнні канцэрта трыа Лары Корыэла мой даўні знаёмы, зрабіўшы здымкі ў кампаніі музыканта, прамовіў: “А ты мог падумаць напрыканцы 70-х, што мы пачуем гэтага музыканта жыўцом у Мінску, а не на хвалях замежных радыёстанцый?..” Тым не менш, легендарны гітарыст выступіў на самай прэстыжнай сцэне краіны.

/i/content/pi/cult/505/10873/6-3.jpg

Пачну з таго, што сустрэцца з Лэры атрымалася тройчы цягам двух дзён. У планах яго наведвання Мінска першым пунктам быў майстар-клас ва Універсітэце культуры і мастацтваў, які распачала загадчык кафедры эстраднага мастацтва Ірына Дарафеева. Як аказалася, Лары Корыэл — не з ліку тых зорак сусветнай музыкі, якія доўга распавядаюць пра свае “подзвігі” ды дасягненні. Як сапраўдны творца ён адразу ўзяў у рукі гітару і пачаў граць. Ягонае выкананне “Балеро” Равэля з акцэнтаванымі імправізацыйнымі ўстаўкамі літаральна “парвала” публіку, пасля чаго ўзнікла напружаная паўза, калі Корыэл запрасіў прысутных стаць побач з ім для сумеснай ігры.

Звычайна на падобных сустрэчах з боку аўдыторыі гучаць пытанні, якія тычацца тэорыі і практыкі выканальніцтва. Вось чаму крок гітарыста аказаўся нечаканым: ён палічыў, што больш важкім адказам на тэарэтычныя пытанні можа зрабіцца практыка. Як падалося, студэнтаў спалохала нечаканая магчымасць пайграць з мэтрам. Не спужаўся толькі наш славуты трубач Валерый Шчарыца, які ў галіне джаза мае не меншы досвед, чым Корыэл. Што цікава: два дасведчаныя музыканты ці не імгненна знайшлі агульную мову. Часам здавалася, нібыта менавіта Валерый Пятровіч вядзе рэй, хоць дуэт зрабіўся ансамблем дзвюх індывідуальнасцей, кожнай з якіх было што сказаць суразмоўцу.

Пакрысе “ачунялі” і студэнты. Напэўна, адчуўшы, што знакаміты госць, на рахунку якога звыш 70 альбомаў і сумесныя выступленні ды запісы з зорнымі выканаўцамі сучаснага джаза, успрымае іх не як навучэнцаў, а як партнёраў па ансамблі, яны пацягнуліся да сцэны. Найбольш заахвочваў да сольных імправізацый Лары Корыэл, зразумела, гітарыстаў — студэнтаў розных курсаў. І тыя стараліся, і ў іх атрымлівалася: у каго — лепш, у каго крыху не так. Але было выразнае адчуванне: ў гэтай зале адбываецца сеанс перадачы ад настаўніка да вучняў найбольш неабходнага ў практыцы — досведу майстэрства і адначасова ўсведамлення таго, што дзякуючы мове музыкі ў межах ансамбля яго ўдзельнікі становяцца роўнымі.

На завяршэнне майстар-класа Лары Корыэл сказаў: "Я хацеў бы шчыра падзякаваць выкладчыкам і пахваліць іх яшчэ раз за тое, што яны годна працуюць са студэнтамі. Гэта было відаць сёння па тым, як апошнія працавалі. Я лічу, што за імі — будучыня, што яны могуць зрабіць сваю кар’еру музыканта, працуючы такім чынам. Спадзяюся ўбачыцца з вамі яшчэ!.."

Так падалося, што для многіх студэнтаў сустрэча з музыкантам, якога пры жыцці можна смела прылічваць да легенд сучаснай музыкі, у нечым перавярнула ўяўленне хоць бы пра статус папулярных выканаўцаў. Не сакрэт, што многія так званыя зоркі, у першую чаргу — расійскай поп-сцэны, аточаныя аховай, падтрымліваюць яўна надуманы статус фантазіямі адносна сваёй значнасці ў музыцы. Лары Корыэл быў без аховы, шчыра гутарыў з куды маладзейшымі за сябе людзьмі, з задавальненнем фатаграфаваўся і пры гэтым, як адчувалася, лічыў іх сваімі калегамі. Думаецца, гэтак жа шчасліва пачуваюць сябе і ягоныя вучні ў Вашынгтонскім універсітэце, дзе Лары Корыэл перадае свой досвед маладым гітарыстам...

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Дзмітрый ПАДБЯРЭЗСКІ
намеснік галоўнага рэдактара часопіса "Мастацтва"