Фармат “з альтэрнатывай”

№ 47 (1173) 22.11.2014 - 26.11.2014 г

Сяргей ГЕРАСІМАЎ, спявак, саліст ансамбля “Сябры”
Зараз у дачыненні да эстрады моднае слова “фармат”. За гады працы я зразумеў, нарэшце, што гэта такое. Насамрэч, часцей за ўсё — проста адгаворка: калі не хочуць твае песні ставіць (па розных прычынах) ці калі заглядаюць у тваю кішэню (маўляў, не наш фармат, але пры пэўных умовах...).

/i/content/pi/cult/505/10871/5-3.jpgМаладзёжны фармат — гэта іншае, там якраз усё зразумела: кампазіцыя павінна адпавядаць запытам моладзі, утрымліваць запатрабаваныя сярод яе “фішкі”. Ёсць свае патрабаванні і ў сталым фармаце кшталту “Душэўнага радыё” БРСМ — кірунак тут акрэслены ўжо самой назвай. Неабходнасць у эфіры музыкі для сярэдняга пакалення наспела даўно — вось і з’явілася такая станцыя. Дзякуй за гэта! Але, што цікава, у большасці FM-станцый, як і ў тэлеканалаў, мяркуючы па іх “рэпертуары”, праславуты фармат — прыблізна аднолькавы. Разгадка — вельмі простая. Усе хочуць зарабіць. Грошы ж можна атрымаць, даючы рэкламу. А рэклама скіравана найперш на моладзь, якая больш падуладна масаваму ўплыву. Тыя ж, хто ўмее думаць, параўноўваць, правяраць усё па ўласных мерках, на рэкламу не “вядуцца”. Дык навошта для іх музыку ставіць?

У Расіі ж, нават ва Украіне, радыёстанцыі ўтрымліваюць не хлопчыкі-дзяўчынкі, а тыя сталыя, заможныя людзі. Таму і фарматаў (лічы, стылёва-тэматычных кірункаў) там куды больш. Значыць, кожны слухач можа выбраць штосьці блізкае ўласнаму густу, а кожны творца — знайсці “свой” канал, дзе яму будуць рады. У нас таксама павінна быць альтэрнатыва! Іначай атрымліваецца замкнёнае кола. Маўляў, FM-станцыі слухае толькі моладзь. Ды як жа будуць слухаць іншыя, калі ім там нічога не прапануюць?..

Але ж паглядзіце: усе эмігранты (а нашых па свеце — багата) прагнуць таго, што было папулярна гадоў пятнаццаць таму. Іншымі словамі, таго, на чым былі выгадаваны, што нагадвае ім пра радзіму, бо ў замежжы — іншая культура, свае традыцыі, не ўсе могуць так хутка адаптавацца, хтосьці — увогуле не жадае. Дый сярод тых, хто нікуды не з’язджаў, шмат слухачоў, настроеных на шчырасць, простыя чалавечыя пачуцці. Калі на ўласным дні нараджэння мужчына плача, пачуўшы “Не обижайте любимых упрёками”, гэта штосьці значыць. Дый на прыкладзе і “Сяброў”, і маіх сольных канцэртаў, дзе я спяваю не толькі “сяброўскія” песні, але і свае, — відавочна: песні патрэбны — усялякія, акрамя дрэнных. Я не патрыёт, калі справа тычыцца нізкаякаснай прадукцыі. І заўсёды ўважліва стаўлюся да прапанаваных мне тэкстаў, бо тыя павінны быць разлічаны не на пэўны ўзрост ці сацыяльны статус, а на “чалавека думаючага” — гэткую разнавіднасць чалавека разумнага. Сам я ні музыкі, ні песенных тэкстаў не пішу, бо гэтым павінны займацца профі. Але сёння, на жаль, кампазітарамі, паэтамі, аранжыроўшчыкамі называюць сябе тыя, хто не ведае прафесійнай граматы. Таму і песні з’яўляюцца ў мяне не так часта: не заўсёды магу знайсці тое, што шукаю. Тым не менш, назбіраўся альбом-двайнік, на якім — 21 песня, “The best”, тое, што я палічыў
лепшым.

Тут паўстае яшчэ адна праблема. Калі на Захадзе, збіраючыся ажыццявіць праект (ад творчага да побытавага, уключаючы дызайн кватэры ці рамонт машыны), чалавек звяртаецца да спецыялістаў, дык у нас, атрымліваецца, лепш усё рабіць самому. У побыце я звычайна так і вырашаю. Бывае, ёсць жаданне зразумець, як робіцца тая або іншая рэч. А бывае — проста не хочацца плаціць таму, хто і сам не ўмее, ці ўвесь час кантраляваць яго, марнуючы час, а потым яшчэ і перарабляць. Бацька вучыў мяне: усё, што зроблена чалавечымі рукамі, ты таксама зможаш паўтарыць. Вось і прытрымліваюся гэтага прынцыпу. Бо і тут у нас альтэрнатывы, часцей за ўсё, няма...а Ю

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"