Захаваць нельга знішчыць. Дзе ставіць коску?

№ 47 (1173) 22.11.2014 - 26.11.2014 г

Крыху пра канцэпцыю CD
Белтэлерадыёкампанія здзейсніла шыкоўны праект — выпусціла рарытэтную калекцыю аўдыядыскаў. З гэтай нагоды ў Белдзяржфілармоніі адбыўся гала-канцэрт “Музычны скарб Беларусі”, дзе акрамя ўласна музычных нумароў дэманстраваліся архіўныя відэаздымкі. Той, хто не трапіў у залу, змог паглядзець тэлеверсію, а таксама паслухаць канцэрт па радыё. Асобныя нумары і надалей будуць узнікаць у розных праграмах. А вось сам альбом “Сугучча”, складзены з шасці аўдыядыскаў, набыць немагчыма: гэта так званы прэзентацыйны фонд кампаніі. Ужо адно з-за гэтага ёсць над чым задумацца. Увогуле ж, падрыхтоўка і выпуск дыскаў не маглі не абмінуць шэраг праблем, звязаных як з захаваннем нашай нацыянальнай культурнай спадчыны, так і з яе папулярызацыяй — у краіне ды за мяжой.

Што ёсць?

Ажыццяўленне праекта, як распавядалі ў час прэс-канферэнцыі супрацоўнікі Дырэкцыі фондавых матэрыялаў Белтэлерадыёкампаніі, патрабавала неверагодных намаганняў. Бо тых жа аўдыязапісаў назапашана — каля 20 тысяч гадзін гучання. А ёсць жа яшчэ відэафонды, кіно, багатая дакументалістыка (да прыкладу, запісаныя на грамафон галасы рускіх літаратараў Льва Талстога, Аляксандра Купрына, Сяргея Ясеніна, некаторых беларускіх творцаў). Перш чым былі выбраны 127 аўдыязапісаў 1940 — 2010 гадоў, давялося праслухаць цэлыя кіламетры плёнак, дапамагалі і калегі з радыё. Альбом-двайнік паступова разросся да шасці CD, падзеленых тэматычна. Першы — “Зара мая вячэрняя” — склалі апрацоўкі беларускага фальклору. Другі, “Беларуская сюіта”, — творы айчынных кампазітараў, пачынаючы з ХVII стагоддзя. Наступныя два прысвечаны сусветным хітам у вакальным (“Уздоўж па вуліцы”) і інструментальным (“Рапсодыя”) выкананні артыстаў нашай краіны, часта ў адметнай, стылёва нечаканай апрацоўцы. Пяты дыск, назву якому даў знакаміты цыкл Уладзіміра Мулявіна “Праз усю вайну”, склалі кампазіцыі часоў Вялікай Айчыннай і прысвечаныя ёй, а таксама два дакументальныя запісы Савінфармбюро. Нарэшце, апошні кампакт серыі — “Неба і зямля” — ахоплівае духоўную музыку, нашу і сусветную, але ў беларускім выкананні. Усе запісы, зразумела, — з фондаў Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, многія не маюць копій ці арыгіналаў у іншых музычна-дакументальных сховішчах. Але і гэта яшчэ не ўсё. Наперадзе — працяг, выпуск “другой рэдакцыі”, папоўненай відэазапісамі.

На гэтым можна было б паставіць клічнік. Але ён ператвараецца ў працяжнік ды кропку, што памнажаецца да шматкроп’я. Ці становіцца пытальнікам.

Што будзе?

Сапраўды, за цудоўнай акцыяй, якую трэба толькі вітаць, падтрымліваць ды развіваць надалей, схавана шмат і дагэтуль нявырашаных праблем. І першая з іх датычыцца тых нашых традыцый, паводле якіх шавец застаецца без ботаў. Адзначу яшчэ раз: выдадзеная серыя — выключна падарункавая, у продаж яна не паступіць. Шматлікія навучальныя ўстановы яе, як можна зразумець, таксама не атрымаюць. А вось замежныя партнёры ды калегі — мець будуць. У якасці рэкламы. Дарэчы, у такім падыходзе Белтэлерадыёкампанія не адзінокая. Тое ж самае назіраецца з некаторымі нотнымі выданнямі, музыказнаўчай літаратурай, што выдаецца “для ўнутранага карыстання” і распаўсюджваецца як прэзент — зноў-такі, найперш для замежных гасцей. Праўда, з той хіба папраўкай, што ў бібліятэкі некаторых спецыялізаваных навучальных устаноў яна ўсё ж такі трапляе — здараецца, у адзінкавым асобніку, які, вядома, не выдаецца на рукі, застаючыся “залатым фондам”.

Зразумела, пасля таго, як канцэрт будзе паказаны па тэлебачанні, клопатам рупліўцаў ён можа трапіць у Інтэрнэт. Застаецца спадзеў, што зацікаўленыя там яго потым і знойдуць. Але ж канцэрт — толькі малая доля таго, што змешчана на дысках. А самі дыскі — кропля ў моры ўсіх фондаў Белтэлерадыёкампаніі.

Што было?

Дарэчы, пра здабыткі. Дакладней, пра страты, якімі тыя суправаджаліся яшчэ зусім нядаўна. Безумоўна, ухваляючы альбом “Сугучча” і яго канцэртную прэзентацыю “Музычны скарб Беларусі”, немагчыма абысці праблему захавання тых самых запісаў, якімі сёння ўсе так ганарацца. У 1990-я, калі не хапала плёнак для новых запісаў, у вялікай колькасці размагнічваліся старыя: найперш — музычныя, яшчэ больш — трансляцыйныя. А колькі “спісана” тады рэдкай камернай музыкі! На вельмі простай падставе: маўляў, не карыстаецца попытам. Апошні, між іншым, вызначаўся па колькасці “запускаў” у эфір. Але каб штосьці “запускаць”, трэба хаця б ведаць пра яго наяўнасць. Узгадаю і патоп, калі прарвала трубу ў сховішчы самых старых беларускіх запісаў, — і тыя “адправіліся ў плаванне”…

Наступным этапам сталі 2000-я, калі з’явілася новая канцэпцыя існавання і развіцця музычнага эфіру. Маўляў, не трэба ўскладаць на радыё і тэлебачанне архіўныя функцыі — няхай гэтым займаюцца іншыя ўстановы. Справа супрацоўнікаў — працаваць “для народа”, адказваць на яго запыты і, адпаведна, пазбаўляцца таго, што складалася ў куфар. Незадаволеныя — звольнены. А сярод іх, вядома, і была тая самая “старая гвардыя”, якой не трэба было б марнаваць час на пракручванне бясконцых кіламетраў плёнак, бо тыя ўжо даўно былі пракручаны, і неаднойчы: кожны меў за плячыма грунтоўную музычную адукацыю, дый пачынаў сваю працу ў колішняй музычнай рэдакцыі акурат з вывучэння фондаў, што потым папаўняліся на ягоных вачах і з яго непасрэднай дапамогай.

Пры далейшай працы над гэтым і падобнымі выданнямі (а вельмі хацелася б, каб яна была прадоўжана) было б няблага звярнуць увагу і на некаторыя прыкрыя недакладнасці, што ўзніклі не па віне складальнікаў. У савецкія часы, як вядома, з-за рэпрэсій ды па іншых прычынах імёны некаторых творцаў замоўчваліся. Іхнія ж творы, каб яны дайшлі да слухача, часцяком прыпісваліся іншым. А калі паспелі займець папулярнасць яшчэ да “прыкрых здарэнняў”, дык заставаліся ў памяці як “народныя песні”. Сёння мы вярнулі ім аўтарства. “Зорка Венера” паводле Максіма Багдановіча — раманс Сымона Рак-Міхайлоўскага. Знакамітая “Купалінка” — песня Уладзіміра Тэраўскага, што была напісана да спектакля па п’есе Міхася Чарота “На Купалле” (і словы яе былі прыведзены таксама там). “Люблю наш край” — хор Мікалая Равенскага на словы Канстанцыі Буйло.

Ды ўсё гэта — няхай і прыкрыя, але дробязі. Цяпер — пра канцэпцыю альбома, якая, пэўна, у далейшым таксама можа быць перагледжана і дапоўнена. Складальнікі, як самі прызналіся, арыентаваліся на самыя шырокія густы, таму адразу выключылі з поля зроку буйныя жанры (тыя прадстаўлены хіба асобнымі опернымі нумарамі — у стылістыцы ранняга рамантызму з класіцысцкімі павевамі), а таксама музычны авангард і фальклорную аўтэнтыку, якой, між іншым, на радыё было назапашана багата. А між тым, менавіта старадаўні фальклор, што захаваўся ў нас у амаль некранутым выглядзе, і карыстаецца найбольшым попытам у замежнікаў, якія ў адзін голас сведчаць: у іх такога няма. Дый сучасная музычная мова (не толькі акадэмічнага, але і масавага кірунку) магла б працаваць на фарміраванне іміджа Беларусі “ў цэнтры Еўропы”, а не са спазненнем на два стагоддзі. Так, сярод твораў сустракаюцца і джазавыя (запісы аркестра Эдзі Рознера, апрацоўкі Яўгена Грышмана ды іншыя), але большасць — улюбёная намі рамантычная песенна-танцавальная плынь. Так, яна і сапраўды была ў савецкія часы асноўнай, але існавалі ж і выключэнні — не толькі джазавыя. Дый сучасны беларускі авангард каціруецца ў замежжы вельмі высока, калі меркаваць па замовах нашым кампазітарам твораў для еўрапейскіх фестываляў.

І яшчэ пра тое, што будзе

Крыху пра дызайн альбома: выява буслінай сям’і ў гняздзечку — і добра, і прыгожа, ды адразу адсылае стылёва да савецкіх дзесяцігоддзяў, калі зрабілася заштампаваным вобразам краіны. Сучасныя тэндэнцыі ў дызайне, пагадзіцеся, — іншыя. Дый набор кампакт-дыскаў — тая форма, што ўжо адыходзіць у мінулае. Калі альбом, як напісана на вокладцы, “прызначаны толькі для прыватнага праслухоўвання”, дык больш зручна, магчыма, ім было б карыстацца праз флэшку.

Але галоўнае — пачатак пакладзены. Таму дзякуй усім, хто здзейсніў гэты праект, — і, як кажуць, з надзеяй на наступныя, каб перыяды “забыцця” ды “заняпаду” больш не паўтараліся: маўляў, Адраджэнне forever!..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"