“Племя” як дыягназ

№ 47 (1173) 22.11.2014 - 26.11.2014 г

Адно з яскравых уражанняў “Лістапада” — гэта фільм “Племя” Міраслава Слабашпіцкага і, уласна, яго сумесны прагляд з людзьмі, якія слаба чуюць. У карціне, як вядома, няма слоў: дзея адбываецца якраз ў спецыялізаваным інтэрнаце для людзей, што слаба чуюць, і героі маюць зносіны адно толькі з дапамогай мовы жэстаў. Субцітры адсутнічаюць. Гэта было вельмі важнае адчуванне: калі чалавек, які сядзіць побач з табой, разумее ўсё — таму што размаўляе на мове жэстаў, — а ты адно “прачытваеш” інфармацыю праз пластыку, міміку ды эмоцыі персанажаў, праз іх дзеянні. Досвед неверагодны — і надзвычай каштоўны: мы быццам бы памяняліся месцамі.

І самае цікавае — гэтай “нямой” мовы аказалася дастаткова, каб зразумець галоўнае. Племя — як дыягназ і сучасным грамадскім утварэнням. Закрытая групоўка інтэрната, дзе дзейнічаюць свае жорсткія правілы выжывання, — ілюстрацыя-метафара цынічных іерархій шматлікіх “цывілізаваных” структур, сістэм. Калі зняць з нас “стружку” культуры, пад ёй — адно інстынкты. Ды, уласна, колькі таго культурнага слоя засталося? І дыягназ выжывання ў такім племені несуцяшальны: адно ператварыцца ў самага жорсткага звера…

Пасля прагляду адбылося сумеснае абмеркаванне фільма — прысутнічаў сурдаперакладчык. І людзі, якія слаба чуюць, вельмі перажывалі, што іх свет дэманструецца ў карціне такім жорсткім ды бесчалавечным. Але гэта не свет тых, хто слаба ці добра чуе, — гэта свет чалавека, у якім кіруе гвалт…

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"