Ад візантыйскага стылю пачатак...

№ 8 (826) 23.02.2008 - 29.02.2008 г

Нядаўна выйшла ў свет кніга “Праваслаўныя храмы Беларусі” Анатоля КУЛАГІНА — доктара мастацтвазнаўства, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, прэміі “За духоўнае адраджэнне”, Міжнароднай (заснаванай у Польшчы) прэміі “Пшэглёнд Усходні”. У кнігу ўключана звыш 3000 цэркваў, многія з якіх з’яўляюцца шэдэўрамі беларускай і еўрапейскай культуры. А крыху раней адзначалася адметная, звязаная з гэтым дата: 600-годдзе Сынкавіцкай царквы, перліны нацыянальнага дойлідства. Гэты помнік гісторыі і культуры займае асобнае месца ў шэрагу твораў праваслаўнай архітэктуры. Аб асаблівасцях творчага пошуку стваральнікаў яе ды іншых каменных і драўляных сакральных пабудоў распавядае ў сваім новым выданні даследчык

 /i/content/pi/cult/150/1086/Rokoko1.jpg
— Сынкавіцкая царква, што на Зэльвеншчыне — аўтэнтычная. І сёння, як і шэсць стагоддзяў таму, царква паўстае ва ўсёй сваёй красе і моцы. Масіўныя сцены, вежы, памяшканні над скляпеннямі і над бажніцамі робяць яе падобнай да невялікага замка. Арыгінальны прыём выкарыстаны старажытнымі дойлідамі пры перакрыцці апсід. Аналагічную канструкцыю можна сустрэць у Траецкім касцёле пачатку ХVІ стагоддзя ў Вільні. Цікава, што ў архітэктуры Сынкавіцкай царквы выкарыстоўваюцца дэталі візантыйскага і гатычнага дойлідства. Помнік далучаюць да абарончых збудаванняў. Падобных храмаў было даволі шмат у Вялікім княстве Літоўскім, сустракаюцца яны ў Польшчы, Украіне, Літве. Але сярод цэркваў-фартэцый Сынкавіцкая вылучаецца яркай адметнасцю сваёй архітэктуры. У гэтым і заключаецца каштоўнасць помніка. Можна назваць нямала храмавых славутасцей, узведзеных стагоддзі назад на тутэйшых землях: Траецкі касцёл у Ішкальдзі, Барысаглебскую царкву ў Гродне, касцёлы Святой Ганны і бернардынцаў у Вільні, шэдэўры сусветнага дойлідства цытадэлі-бажніцы ў Супраслі і Мураванцы, рэфармацкія зборы ў Смаргоні, Заслаўі, Асташыне. Аднак Сынкавіцкая царква — непаўторная, з’яўляецца вынікам творчай перапрацоўкі розных архітэктурных традыцый мясцовымі майстрамі. У сваёй кнізе я прыводжу новыя звесткі, знойдзеныя ў архіве, датычныя гісторыі Сынкавіцкай царквы.

У ХІХ стагоддзі распачалося шырокамаштабнае тыпавое праваслаўнае царкоўнае будаўніцтва. Па індывідуальных праектах будавалі толькі ў вялікіх гарадах. Узвялі Уваскрасенскі сабор у Барысаве, храмавыя пабудовы ў Полацку ў Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры. Для вёскі прызначаліся 30 праектаў на выбар. Існавалі драўляны і мураваны варыянты.

— Ці захаваліся тыя тыпавыя пабудовы да нашага часу?

— Практычна ўсе захаваліся. Кажуць, што ў хрушчоўскія часы храмы разбуралі. Але ж іх не разбуралі, а зачынялі. А вось у Мінску, які быў ідэалагічным цэнтрам, сапраўды разбуралі. Сталіца пазбавілася вялікага сабора, які ўпрыгожваў плошчу, адкуль бярэ пачатак вуліца Мяснікова, і іншых каштоўных будынкаў. На вёсцы больш складана было правесці такі “эксперымент” над царквой і жыхарамі, якія амаль усе былі вернікамі. Па-другое, у старыя часы будавалі капітальна, як кажуць, на вякі. Сцены закладваліся шырынёй ад 55 сантыметраў да метра.

У мастацтвазнаўчай літаратуры ўсім тыпавым цэрквам давалася вызначэнне, што яны маюць “псеўдарускі стыль”. Я адыйшоў ад такой тэрміналогіі, бо ў гісторыі культуры “псеўда-” не бывае. Былі такія стылі, як готыка, рэнесанс, класіцызм. Быў і рэтраспектыўны рускі стыль. Менавіта так я называю стыль, які вызначаўся як “псеўдарускі”. “Псеўда-” ўсё-ткі негатыўная ацэнка. Для насельнікаў тагачасных вёсак тыпавы каменны храм быў іх Нотр-Дамам. І кожны вернік ганарыўся сваёй царквой. У савецкія часы пад прыстаўку “псеўда-” і знішчалі храмы, памылкова лічачы, што тыя не маюць мастацкай каштоўнасці. Такую пагрозу, між іншым, перажыў знакаміты Чырвоны касцёл у Мінску. Яго на поўным сур’ёзе хацелі зруйнаваць, бо хтосьці з мастацтвазнаўцаў і архітэктараў назваў яго “псеўдагатычным”. Вось што значыць даць няправільную ацэнку твору мастацтва, шэдэўру!

 /i/content/pi/cult/150/1086/Rokoko2.jpg
Сынкавіцкая царква.

Дарэчы, не бывае псеўдакультуры. Архітэктар перапрацоўвае стылі і стварае новае. Кажуць: гэта рэтраспекцыя. Але класіцызм таксама быў у ранейшай гісторыі. Толькі мадэрн, новы стыль, адмовіўся ад усялякага капіравання гістарычных форм. Мадэрн — гэта новыя формы. Калі разважаць па-ранейшаму, дык усё тое, што было да мадэрну, можна назваць “псеўда-”.

— Вы архітэктар па адукацыі?

— Так. Скончыў архітэктурнае аддзяленне будаўнічага факультэта Беларускага політэхнічнага інстытута (цяперашняга БНТУ). Шмат карыснага далі гады працы ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук, удзел у стварэнні “Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі”. За апошнія гады былі зроблены новыя адкрыцці. У новую кнігу ўвайшлі ўжо апісанні і сучасных храмаў з каляровымі фатаграфіямі.

— А колькі ў нас увогуле праваслаўных храмаў?

— Тых, якія дзейнічаюць, — 1980. А страчана куды болей. У новую кнігу ўвайшла новая інфармацыя аб аўтарах помнікаў, адшуканыя прозвішчы, даты пабудоў і іншае. Праца не спыняецца, я працягваю збіраць матэрыялы. Працэс даследаванняў — бясконцы, асабліва ў галіне культуры.

— У сваёй кнізе вы пачынаеце расповед са старажытнага Полацка, пра візантыйскі стыль...

— Я гэты стыль называю візантыйскім накірункам рэтраспектыўнага рускага стылю. Адтуль, з Полацка, пайшла беларуская праваслаўная архітэктура, адтуль яна бярэ свой пачатак. Праваслаўная архітэктура ўвогуле кананічная. У католікаў у пашане былі готыка, раманскі стыль, барока, ракако, мадэрн, эклектыка, гістарызм, бо яны ішлі і цяпер ідуць у рэчышчы еўрапейскай свецкай культуры. Цяпер у каталіцкім сакральным будаўніцтве прымяняюць сучасныя, авангардысцкія рашэнні, канструктывісцкія. Выбітны архітэктар Карбюзье пабудаваў такія каталіцкія храмы, вядомыя ва ўсім свеце, у Францыі. А праваслаўнае будаўніцтва як выкарыстоўвала дойлідства кананічнае, так і трымаецца яго цяпер: чатырохчасткавая схема, прытвор, малітоўная зала з прыдзеламі, абсіда з рызніцамі. Усё, ні ўлева, ні ўправа. Павінен быць у плане крыж, павінны быць купалы, званіца.

— Аднак знакаміты Сафійскі сабор у Полацку вылучаецца сваім стылем...

— Першы храм на гэтым месцы быў узведзены ў ХІ стагоддзі. У сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя вядомы архітэктар Глаўбіц пабудаваў уніяцкую царкву ў стылі ракако. Дарэчы, Сафія ХІ стагоддзя ляжала ўпоперак, а новая ўздоўж пабудавана. Старажытная аграненая апсіда дасюль бачная. Цяпер гэта археалагічны рарытэт. У Віцебску такі ж рарытэт — Дабравешчанская царква. У Мінску знаходзіцца фундамент царквы ХІ стагоддзя. І прыкладаў старажытных каштоўных аўтэнтычных фрагментаў можна прывесці дастаткова.

Існуе і яшчэ адно негатыўнае паняцце ў гісторыі архітэктуры — эклектыка, якая атрымала сваё развіццё у эпоху капіталізму. Што такое эклектыка? Змяшэнне розных стыляў. Я ж вызначаю такія творы, эпоху, як гістарызм. Ён распачаў развівацца тады, калі архітэктары, вычарпаўшы ўсе сродкі формастварэння, нічога не маглі новага прыдумаць, як толькі веласіпед, а да мадэрну яшчэ справа не дайшла. Архітэктары і заказчыкі пачалі звяртацца да гістарычнага мінулага. Насамрэч, само па сабе гэта добра, калі творчыя людзі звяртаюцца да спадчыны.

Заказчыкі дыктавалі, якім павінен быць стыль. З’явіліся палацы ў маўрытанскім стылі, як у Прылуках,у візантыйскім, барока, казачным рускім, як банк у Магілёве, у стылі ампір, як банк у Брэсце. У эпоху капіталізму многія людзі былі добра адукаваны, вывучалі гісторыю мастацтваў. Ім падабаўся візантыйскі, пампейскі стыль, тады нават пачалі будаваць нешта падобнае да егіпецкіх пірамід. Усё створанае нельга называць эклектыкай. Гэта светапогляд таго грамадства, людзей таго часу.

— Вы кажаце, што даследчыцкая праца — бясконцы працэс. Цікава, над чым вы працуеце зараз?

— Пішу кнігу, прысвечаную каталіцкай архітэктуры. Яна заўсёды знаходзілася ў рэчышчы еўрапейскай цывілізацыі, развіцця ад стылю да стылю. Каталіцкае мастацтва дыктавалася Рымам, адсюль ішлі розныя плыні. Я пачынаю свой расповед ад раманскага стылю, готыкі, потым ідуць рэнесанс, барока, ракако. Паслядоўнасць гэтых стыляў, эвалюцыю еўрапейскага развіцця архітэктуры ў нас у Беларусі можна прасачыць па каталіцкіх храмах. Гэта надзвычай магутная мастацкая спадчына, яе можна вывучаць бясконца. У нас не было паняцця ракако. Разгарні любую кнігу па гісторыі мастацтваў і не сустрэнеш нідзе згадак, што ў нас ёсць ракако. Але ж Вялікае княства Літоўскае ўваходзіла ў арэал еўрапейскай культуры. Паўсюль ёсць дрэздэнскае ракако, французскае, аўстрыйскае, а ў Беларусі яго быццам бы няма. Але каб магнаты Радзівілы, найбагацейшыя ў Еўропе — французскія каралі пазычалі грошы ў іх, — не ведалі і не валодалі мастацтвам ракако?!

— І вы знайшлі мастацтва ракако ў Беларусі?

— Яно было даволі шырока распаўсюджана ў нас. Алтары, посуд, інтэр’еры палацаў. Полацкая Сафія, слонімская Андрэеўская царква. Рэч у тым, што ракако — стыль кароткачасовы. Ён пачынаецца ў 1730-ыя і заканчваецца ў 1760-ыя гады. А потым распачынаецца класіцызм. Мастацтва ракако вельмі крохкае, яно выкарыстоўвалася пры стварэнні ляпніны, якая не вытрымлівала нашага клімату. Шмат што было страчана.

Ракако — стыль, у асноўным, інтэр’ераў. Колькі разоў у нас цяпер людзі мяняюць шпалеры у сваіх кватэрах? Шмат. Гэтаксама і ў палацах. Палац, дапусцім, пабудаваны ў стылі рэнесансу, а інтэр’еры, шпалеры, мэбля ў ім— у стылі барока, потым ракако, потым класіцызму. Таму адсутнасць аўтэнтычнасці настроіла нашых некаторых гісторыкаў, што быццам бы такой з’явы, як ракако, у нас не было. Але такога быць не можа па вызначэнні. Мы не мінулі і гэтага стылю. Дарэчы, у Нясвіжскім замку былі інтэр’еры ў стылі ракако. Гэта дакументальна пацвярджаецца. А вось касцёлы захавалі сваё ўнутранае напаўненне. Алтароў у нас мора ў стылі ракако.

Усе— шэдэўры. Сапраўдны шэдэўр — алтар у Праабражэнскім касцёле ў вёсцы Новая Мыш, што пад Баранавічамі. Там мы ўбачым золата, ляпніну. І ўсё гэта лунае! Мастацтва ракако не цярпела прамой лініі, нідзе ў ім не знойдзеш яе. Яго мэтай была тэма дэматэрыялізацыі формы, каб яна не стварала адчування важкасці. Такая форма павінна лунаць. У Гродзенскім бернардынскім касцёле скульптура анёла пад аркай, здаецца, вісіць у паветры.

— Калі выйдзе ваша новая кніга?

— Мяркую, што хутка. Будзе прысвечана каталіцкім храмам. Па аб’ёме яна такая ж, як і кніга, прысвечаная праваслаўнаму сакральнаму дойлідству. У ёй — 60 друкаваных аркушаў. Мне ўдалося ў працэсе даследчыцкай працы раскрыць дзве культурныя эпохі ў нашай гісторыі — эпоху ракако і эпоху гістарызму. І сцвердзіць іх як паўнавартасныя гістарычныя перыяды ў развіцці нашай культуры. Працы мастацтвазнаўцам хопіць на многія гады. Чакаюць далейшага вывучэння пратэстанцкія, уніяцкія, іўдзейскія храмы Беларусі. Гэта ўсё — наймагутнейшы пласт нашай культуры.


Гутарыла Наталля КІРПІЧЭНКАВА