Калі — прэстыж, а калі — "столь"

№ 46 (1172) 15.11.2014 - 21.11.2014 г

У Светлагорску — гаворка пра заробкі, кадры і экскурсіі па тарыфе білета
Калісьці ў 1990-х прыяцель, які нарадзіўся ў Светлагорску і доўгі час жыў там, палохаў мяне: “Наркаманаў у нас — што зорак на ясным небе. Таму захочаш прыехаць да мяне ў госці — не спяшайся: я сам да цябе прыеду...” З тых часоў шмат вады сышло, і, як кажуць самі гараджане ды людзі кампетэнтныя, з наркаманіяй тут справіліся — мерамі медыкаментознымі і адміністрацыйнымі. Стэрэатып знішчаны. Мая ж камандзіроўка была скіравана на вывучэнне праблем і дасягненняў сферы культуры названага раённага цэнтра на Гомельшчыне. Гідам жа па Светлагорску культурным стаў, па заведзенай традыцыі, чалавек мясцовы, а таму — аб’ектыўны ўдвая...

/i/content/pi/cult/504/10851/10-1.jpg

/i/content/pi/cult/504/10851/10-2.jpg

/i/content/pi/cult/504/10851/10-4.jpg

У кожны Дом рамёстваў — Інтэрнэт!

Інфармацыя да разваг. Віктар РАМАНЦОЎ — журналіст, літаратар, краязнаўца. Бязмежна закаханы ў свой горад, шчыра хвалюецца за яго. “Улады Светлагорска зрабілі вельмі шмат для таго, каб дурная слава аб горадзе засталася ў мінулым, — не хавае задавальнення Віктар. — І не на словах, не ў справаздачах, а рэальнымі дзеяннямі, у тым ліку і ў сферы культуры, калі для маладога пакалення былі адкрыты новыя ўстановы, спецыялізаваныя школы. Задача ставілася, як я разумею, захапіць. Атрымалася, і тое — выдатна. Але мне хацелася б, каб усё, што тычыцца гарадской культуры, дый культуры краіны наогул, несла на сабе ў большай ступені дух беларускасці. Пакуль жа маем нярэдка нешта не выкрышталізавана постсавецкае. Я параўнаў бы сітуацыю з чалавекам, які ўжо доўга бы стаіць на месцы і не разумее, куды яму далей рухацца. Урэшце, змены ў культурнай галіне адбываюцца, але, мяркую, досыць павольна”.

Пра змены, якія Віктар хацеў бы ўбачыць у працы Раённага дома рамёстваў, чытайце крыху ніжэй, у яго першым каментарыі, а пакуль мы проста скіроўваемся ў жылы будынак, дзе РДР арандуе першы паверх. Насяляюць будынак людзі спрэс культурныя і адказныя: вадой з верніх паверхаў установу амаль не заліваюць, гучнымі вячоркамі ў сваіх кватэрах і ў двары не дакучаюць — “віной” таму, відаць, тое, што знаходзіцца яна ў спальным раёне старога горада і паблізу бараў ды рэстаранаў няма. Таму мамы спакойна шпацыруюць з каляскамі па дарожках, пракладзеных вакол дома, а іх старэйшыя дзеці катаюцца на веласіпедах. Улетку ж, кажуць, тут радуюць вока цудоўныя клумбы...

— Сёлета нам споўнілася дванаццаць гадоў. Займаемся ж увесь гэты час адраджэннем рамёстваў, — кажа дырэктар установы Наталля Вароніна. — Ёсць студыя-майстэрня, выставачная зала. Наяўнасць апошняй адрознівае нас ад іншых дамоў рамёстваў вобласці, паколькі такія залы мала хто з калег мае. Існуе і салон-магазін, праз які ўмельцы Светлагорскага раёна рэалізуюць свае вырабы. Прычым гэта не толькі майстры, якія ствараюць штосьці, як кажуць, для сябе ў глыбінцы і пра якіх ведаюць толькі спецыялісты, але і людзі, што працуюць на буйных вытворчасцях горада і частку вольнага часу прысвячаюць рамяству. Усе яны занесены ў нашу картатэку…

План платных паслуг на бягучы год для Дома рамёстваў складае 17 мільёнаў рублёў. Лічба быццам бы і невялікая, але пры гэтым кошт дзіцячага білета ў выставачную залу — 3 тысячы рублёў, дарослага — 4 тысячы. Можаце самі падлічыць, колькі наведвальнікаў павінна прайсці праз РДР, каб план быў выкананы...

Выходзяць з такога становішча вядомым чынам: прадастаўленнем сваёй плошчы пад камерцыйныя выстаўкі, не звязаныя з рамёствамі (білеты на іх каштуюць 35 — 40 тысяч). А яшчэ не забываемся пра краму і, уласна, студыю, якую наведваюць і моладзь, і дарослыя, дзе іх вучаць рамёствам майстры (шасцёра, і кожны з іх можа весці некалькі кірункаў). Такая паслуга ацэньваецца ў 40 тысяч рублёў у месяц (заняткі — два разы на тыдзень па дзве гадзіны ў дзень). А майстры, з’яўляючыся і метадыстамі, працуюць не толькі на месцы, але і раз’язджаюць па горадзе, раёне, дэманструючы свае ўменні, напрыклад, у школах, распавядаючы пра рамёствы і, вядома, навучаючы ім.

Праўда, мяне не здзівіла тое, што гэтыя амаль паўсотні чалавек, якія займаюцца ў студыі, — вобразна кажучы, “столь”: па словах Наталлі Аляксееўны, цікавасці ў, канкрэтна, дзяцей да рамёстваў не назіраецца. І як тут быць, дырэктар не ведае, разважаючы, што, перш за ўсё, ад бацькоў залежыць, наколькі іхняе дзіця будзе прывучана да працы, але як зацікавіць яго менавіта традыцыйнымі беларускімі промысламі? Падлеткі лічаць, што гэта несучасна, неактуальна, нікому не патрэбна, і прамовамі пра любоў да радзімы, да яе культурнай спадчыны пераканаць іх складана.

— Але рамёствы не памруць, — пераканана Наталля Вароніна. — Хай не столькі, колькі нам хацелася б, але людзі ў Дом рамёстваў прыходзяць, увесь час з’яўляюцца новыя асобы. Значыць, нешта цягне іх, прымушаючы дакрануцца да рамяства: мінулае, сучаснае і будучае нашай краіны…

Наракаць на праблемы візаві асабліва не стала, мімаходзь згадаўшы аб нізкай заработнай плаце работнікаў РДР і пра тое, што камп’ютарнае абсталяванне ўстановы магло б быць лепшым. Пакуль жа Інтэрнэту тут няма, як і ўласнага сайта. А вось бяросту ды салому тут нарыхтоўваюць самі, хіба што са скуранымі зыходнікамі хто-небудзь дапамог бы. Ну, і з рамонтам будынка... І з набыццём кандыцыянераў... І з заменай вокнаў...

Каментарый Віктара Раманцова:

— Я знаёмы амаль з усімі майстрамі, якія працуюць у Доме рамёстваў. Гэта сапраўдныя прафесіяналы, фанаты сваёй справы, людзі вельмі добрыя, дырэктар жа — проста найцудоўны чалавек! Працу іх цэняць не толькі ў горадзе ды раёне, але і ва ўсёй краіне, пра што сведчаць тыя ж узнагароды, якія можна ўбачыць у кабінеце Наталлі Аляксееўны. Пажадаў бы я ўстанове аднаго, але глабальнага: стаць больш сучаснай, крэатыўнай. Для гэтага трэба ўкараняць у яе дзейнасць нейкія сучасныя тэхналогіі — інфармацыйныя ды іншыя, а таксама — камп’ютарызаваць працу. Сёння яна выглядае як звычайны беларускі Дом рамёстваў, але ж XXI стагоддзе на двары!..

Шыкоўна, але не ўсё

Гледзячы звонку на арыгінальны па сваёй архітэктуры будынак Гісторыка-краязнаўчага музея, у XXI стагоддзе на двары верылася. І не верылася, што ўнутры нам распавядуць пра складанасці, якія перманентна адчуваюць яго супрацоўнікі: падавалася, іх і быць не можа. У прынцыпе, чаканні нас не падманулі. Праўда, “сакрэтнымі матэрыяламі” аб сваёй установе дзялілася з намі не дырэктар (яна знаходзілася ў адпачынку), а старшы навуковы супрацоўнік Вольга Жызнеўская, якая стала, адначасова, суразмоўцам і экскурсаводам. (Шпацыр па другім паверсе праходзіў пад немыя крыкі лялечных дыназаўраў: менавіта так гэтае звяр’ё, на думку арганізатараў камерцыйнай выстаўкі, “гучала” ў дагістарычную эпоху.)

— Вольга Іванаўна, — звярнуўся я да суразмоўцы, — некаторыя вашы калегі ў іншых гарадах казалі мне, што з наведваннем музеяў існуюць пэўныя праблемы...

— Я думаю, гэта звязана з духоўным развіццём грамадства наогул. Сёння на першы план для людзей выходзяць матэрыяльныя запыты, і да культуры яны ставяцца, як да чагосьці такога, што заўсёды было, ёсць і будзе, а таму яе можна “адкласці на потым”. Да нас людзі ходзяць. Вядома, хацелася б, каб іх было больш. Завабліваем не толькі музейнымі экспазіцыямі, але і мерапрыемствамі, якія праходзяць у дворыку. Гэта можа быць выстаўка, яркая акцыя, прэзентацыя — ажно да вясельных цырымоній. Апошняе мяне спачатку крыху абурала, але мы вымушаны выкарыстоўваць і такія формы для прыцягнення патэнцыйных наведвальнікаў. А “пастаяльцы” нашы — гэта клуб сяброў музея “Суразмоўца”, які збіраецца адзін-тры разы на месяц. Абмяркоўваем дзейнасць музея, яго планы, распрацоўваем новыя праграмы…

Пра тых, хто працуе ў музеі, спадарыня Жызнеўская кажа, што, “дзякуючы” вядома якой зарплаце, працуюць яны за дваіх. Калі сюды прыходзяць па-сапраўднаму ўлюбёныя ў прафесію людзі, то справу сваю яны выконваюць сумленна і адказна. Гэта значыць, дадатковыя кадры не перашкодзілі б, не ў часы аптымізацыі пра гэта будзе сказана...

Асноўнае памяшканне музея яшчэ добраўпарадкоўваецца, таму выказваць здагадкі, калі ж шумныя натоўпы запоўняць умяшчальнае крыло будынка, відаць, бессэнсоўна. Чакаюць у запасніках выхаду ў свет экспанаты (у галоўным корпусе — сапраўды цеснавата), чакае Гісторыка-краязнаўчы, здагадваюся, і дадатковага фінансавання, абнаўлення камп’ютарнага фонду. “Але ўсё гэта такія дробязі, — супакоіла мяне на развітанне Вольга Іванаўна і тут жа агаломшыла: — Вы не ўяўляеце сабе, якія ў нас ёсць сапраўдныя праблемы...” Ох ужо гэтыя таямніцы. (Праўда, у сваіх развагах я паспрабаваў адгадаць сія-тыя з іх...)

Каментарый Віктара Раманцова:

— Музей — шыкоўны, ім мы можам ганарыцца! Наколькі я ведаю, з-за недахопу сродкаў ствараўся ён досыць цяжка. Праз тую ж прычыну яго да гэтага часу не могуць давесці да ладу канчаткова. Што да экспазіцый, то, каб я меў права прымаць рашэнні, адкрыў бы пакой, дзе прадметы адлюстроўвалі б час першай паловы мінулага стагоддзя, датычныя, скажам так, і несавецкай гісторыі. Гісторыя ж наша — вельмі розная!..

Аб паветры і прасторы

Плошчамі абдзелена і іншая культавая (ужо дазвольце ўжыць гэтае слова, паколькі так яно і ёсць) установа культуры Светлагорска — Гарадская карцінная галерэя “Традыцыя”, таксама размешчаная на першым паверсе жылога дома. Фонд яе налічвае больш за пяцьсот работ беларускіх мастакоў, але экспанавацца адначасова можа толькі невялікая іх частка. Гэта значыць, сэнсу папаўняць яго, чаго патрабуюць вышэйстаячыя інстанцыі, няма...

— У дзвюх залах у нас пастаянна прадстаўлены айчынныя творцы, а яшчэ дзве залы — зменныя, дзе могуць выстаўляцца і замежныя майстры, — распавядае галоўны захавальнік фондаў Наталля Крупчэўская. — Напрыклад, зараз свае работы ў іх паказвае пецярбуржанка Марына Быкава, і гэта не першы яе творчы прыезд у наш горад…

Наталля Іванаўна заўважае, што дзверы галерэі для мясцовых мастакоў заўсёды адкрыты, але іхні “прадукт” павінен адпавядаць узроўню ўстановы. Гэтым самым “прадуктам” — новым — прырастае ўстанова таксама спосабам знаёмым. Паколькі фінансаў на набыццё ў апошнія гады не вылучаецца, то тыя творцы, што ведаюць пра гэта, ад усіх сваіх высакародных сэрцаў перадаюць сёе-тое з уласных твораў у дар. “Расплачваецца” галерэя тым, што, у сваю чаргу, ад усёй душы прапагандуе беларускае выяўленчае мастацтва ўсіх плыняў і кірункаў.

Між іншым, “Традыцыя” служыць для многіх зыходным пунктам, калі пасля праведзенай тут выстаўкі мастака з яго работамі прымаюць іншыя гарады. А экскурсаводы галерэі як прафесійныя мастакі ладзяць майстар-класы ў школах, дзіцячых садках горада і раёна, тым самым зарабляючы грошы для ўстановы. Здабываюцца апошнія і з дапамогай выязных выставак. А да свайго кшталту дзіва я аднёс бы тое, што экскурсіі ў самой установе ацэньваюцца па звычайным тарыфе: для чалавека — кошт уваходнага білета. (У дзень нашага візіту, да абеду, галерэю наведала 83 чалавекі (у асноўным, арганізаваныя дзеці) — вельмі добры паказчык, між іншым!) Праводзяць тут і іншыя мерапрыемствы: у дні прафесійных святаў, для пенсіянераў, прэзентацыю тавараў. І як не праводзіць, калі “чыстымі” тут асобныя супрацоўнікі атрымліваюць — паветра набралі ў грудзі? — адзін мільён шэсцьсот тысяч рублёў. Калі я чую такія лічбы, то сама па сабе ўзнікае думка: мо што яшчэ аптымізаваць, а атрыманыя сродкі адправіць на аплату працы малазабяспечаных работнікаў культуры?..

Каментарый Віктара Раманцова:

— Прасторы галерэі сапраўды не стае. Галерэя якая павінна быць? Каб яе абысці за раз немагчыма было! А тут: прыйшоў — і адразу сышоў. Калі казаць пра творчасць, то — відавочны ўхіл у рэалізм. 3D-калажы ды іншае тут прысутнічае як выключэнне, на мой погляд. Верагодна, кіраўніцтва засцерагаецца ў тым сэнсе, што гараджане ў сваёй масе не зразумеюць сучаснае мастацтва. А сярод мясцовых мастакоў, ведаю пра гэта з першых вуснаў, нават існуе канкурэнцыя, хто з іх зможа выставіцца ў “Традыцыі”! Тыя ж, каму адмовілі, нават крыўдзяцца. У мастакоў, дарэчы, існуе і іншая праблема: акрамя Дома рамёстваў, ім больш няма дзе на сталай аснове прадаваць свае работы…

Што прыйдзе на змену балалайцы?

Як мы жартаўліва разважалі з Віктарам, ідучы на сустрэчу з дырэктарам Дзіцячай школы мастацтваў Наталляй Зыкун, а чаму б частку ўстановы, якой яна кіруе, не аддаць у арэнду жывапісцам пад гандлёвую кропку, калі няма магчымасці прадаставіць ім асобны будынак? Вялікая плошча гмаху, што красуецца на ўскраіне Светлагорска, як нам уяўляецца, дазваляе “ўціснуць” у яго, няхай сабе і невялікую, спецыялізаваную крамку. Аднак дзеці — гэта святое, яны яшчэ паспеюць дакрануцца да свету камерцыі, нават у лепшых яе праявах. Забіраем сваю ідэю назад, Наталля Валер’еўна!

— Нядаўна наш храм мастацтваў адзначыў 50-годдзе. Сёння ў ім навучаецца больш за тысячу чалавек, у тым ліку тых дзяцей, хто займаецца ў суботняй студыі ранняга эстэтычнага развіцця, — дзеліцца дырэктар. — Акрамя яе ў Школе прысутнічае харэаграфічнае аддзяленне, тэатральнае, мастацка-эстэтычнае, харавое, эстраднага вакалу, інструментальнае, народнае. Па заканчэнні Школы дзеці атрымліваюць свой першы дакумент аб адукацыі. Пры ДШМ дзейнічаюць сем узорных калектываў і адзін народны. На апошніх Паралімпійскіх гульнях у Сочы за ўдзел у культурнай праграме наш хор хлопчыкаў і юнакоў быў узнагароджаны падзячным лістом…

Сёлета Школа выпусціла 76 чалавек, з іх шасцёра вырашылі навучацца далей у профільных установах. Палова ж выкладчыцкага складу ДШМ — гэта яе былыя навучэнцы. Найбольшым попытам сёння карыстаецца аддзяленне харэаграфіі (184 чалавекі), найменш ахвотна ідуць вывучаць асновы ігры на балалайцы і домры. Народнае аддзяленне сёлета наогул дэбютуе: сямёра будуць спасцігаць, у тым ліку, навуку абрадаў, святаў, фальклору. “Калі летась, — працягвае Наталля Валер’еўна, — мы прынялі 149 першаклашак, то ў гэтым годзе — 184. Праўда, конкурс у 1990-я быў больш строгі, а цяпер пасля праслухоўвання мы бяром практычна ўсіх”.

Перыядычна Школа просіць сродкі на абнаўленне парку інструментаў — на набыццё, як мінімум, фартэпіяна і саксафона. Пакуль былі прыдбаны баяны; домры, астатнія інструменты — рэстаўруюцца. Марыць дырэктар пра абсталяванне тэарэтычных класаў інтэрактыўнымі дошкамі, мультымедыйнай тэхнікай…

Каментарый Віктара Раманцова:

— Мая дачка сёлета скончыла гэтую ўстанову па класе фартэпіяна. ДШМ у горадзе папулярная: ніводнага дрэннага слова пра яе не чуў. З прэтэнзій — хіба тое, што, бываючы на канцэртах, якія даюць навучэнцы школы, хацелася чуць больш менавіта беларускіх твораў, хоць іх ва ўстанове, безумоўна, вывучаюць у адведзеным праграмамі аб’ёме…

Я хачу, каб песні гучалі, а рамёствы не паміралі

Светлагорск — горад прыгожы, дагледжаны, насамрэч светлы. Яшчэ былі б горы ў яго акрузе, і тады ён абсалютна дакладна адпавядаў бы сваёй назве. Дом рамёстваў, спадзеючыся на надыход неўзабаве лепшых у фінансавым сэнсе часоў для нашай культуры, папулярызуе традыцыйныя рамёствы, прымяраючы на сябе і ролю камерцыйна-арыентаванай установы. У Гісторыка-краязнаўчым музеі госці атрымліваюць поўнае ўяўленне пра той край, у які яны трапілі, а з уступленнем ў строй музейнага крыла атрымаюць яшчэ больш. Карціннай галерэі “Традыцыя” таксама хацелася б так разгарнуцца, каб яе наведвальнікі ахнулі, спазіраючы вынятыя з запаснікаў творы мастацтва. Дзіцячай школе мастацтваў хочацца пажадаць мноства выпускнікоў, якія ўславяць ейнае імя на розных конкурсах і якія вернуцца ў родныя мясціны ў якасці ўмелых, мудрых і добрых выкладчыкаў...

Фота аўтара

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"