Калькуляцыя творчасці, або Мастацтва валодання касавым апаратам

№ 8 (826) 23.02.2008 - 29.02.2008 г

“Соцыум” сёння прысвечаны аказанню платных паслуг ва ўстановах культуры Случчыны і ў Гомельскай абласной бібліятэцы. “Культура” ўжо не ўпершыню звяртаецца да гэтай актуальнай для галіны тэмы. Бізнес-планы і прэйскуранты, практычны досвед і рэальныя вынікі разглядаем праз прызму соцыуму.

Як зарабляе культура Случчыны

Гэтым артыкулам, відаць, расчарую аматараў надзвычайнага і экстрэмальнага адпачынку. Установы культуры Случчыны прапаноўваюць самыя звычайныя віды платных паслуг, пазначаныя ў міністэрскім класіфікатары: ад дыскатэк, шоу і канцэртаў у клубах — да камерцыйнага кніжнага фонду і камп’ютэрных выгод у бібліятэках. Плюс дзейнасць гарадскіх музея, парку, школы мастацтваў і яе вясковых адпаведнікаў. “У нас усё, як і ва ўсіх”, — стрымана запэўнівае начальнік аддзела культуры Слуцкага райвыканкама Алена Камоцкая. Яно дык так, але з невялікай агаворкай: усё, як і ва ўсіх, апрача канчатковага выніку.

 /i/content/pi/cult/150/1085/Socium1.jpg
Летась платных паслуг па гарадскіх установах культуры аказана больш як на 450 мільёнаў рублёў, па вясковых (насельніцтва ў раёне ўдвая менш, чым у Слуцку) — амаль на 134 мільёны. Больш чым паўмільярднае выкананне плана дазволіла выдаткаваць 125,9 мільёна рублёў пазабюджэтных сродкаў на павелічэнне заробкаў работнікаў культуры, 62 мільёны— на правядзенне мерапрыемстваў, 57,6 — на камунальныя плацяжы, 41 — на набыццё абсталявання і сцэнічных касцюмаў, 60 мільёнаў рублёў — на гаспадарчыя патрэбы... Сёлетні план па аказанні платных паслуг — 678 мільёнаў рублёў. Як і летась, зарабляць іх тут збіраюцца не дарагоўляй квіткоў на дзяжурныя масавыя мерапрыемствы, а максімальнай насычанасцю культурнага жыцця горада і раёна.

Колькі каштуе квіток?

Як зарабляе культура Случчыны? “Не на шкоду людзям, не на шкоду формам і метадам работы культасветных устаноў, — адказвае намеснік старшыні Слуцкага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Пётр Даўгучыц. — Калі бярэш плату за мерапрыемствы, дык і якасць іхняя павінна быць на парадак вышэйшай.” І яшчэ адна выснова, якая ў пэўнай ступені тлумачыць выніковасць работы мясцовых носьбітаў духоўнасці. “Мы робім тое, што любім, і любім тое, што робім”, — гаворыць Ларыса Тагановіч, дырэктар Гарадскога маладзёжнага цэнтра, які на правядзенні тэматычных дыскатэк і шоу-праграм зарабіў летась 137 мільёнаў рублёў, таму займеў магчымасць за кошт пазабюджэтных надбавак давесці сярэднямесячны заробак найбольш актыўных супрацоўнікаў ледзь не да 600 тысяч рублёў...

Узаемастасункі работнікаў культуры горада і раёна палягаюць у межах, строга акрэсленых і творчасцю, і эканомікай. Пастаянныя маршруты вядуць іх не толькі да метадыстаў, але і ў бухгалтэрыю аддзела культуры, дзе галоўным эканамістам — дасведчаная Валянціна Кавалёва. З яе штодзённай дапамогай папярэднія калькуляцыі з месцаў на правядзенне самых розных мерапрыемстваў на Случчыне ператвараюцца ў планавыя і дзесяткамі трапляюць на візу да начальніка аддзела культуры Алены Камоцкай. Вось на прыкладзе адной такой калькуляцыі і паспрабуем разабрацца, колькі ж каштуе ў раёне квіток на дыскатэку, не звычайную, з аднымі толькі танцамі, цана якой — тысяча, а тэматычную, насычаную канкрэтным зместам, конкурсамі і ўзнагародамі.

Калькуляцыю на правядзенне навагодняй ігравой праграмы з СДК вёскі Сорагі прывезлі ў бухгалтэрыю аддзела культуры, як заўжды, загадзя — 11 снежня. В.Кавалёва пераправерыла разлікі кіраўніцтва СДК: усё правільна — на закупку прызоў, аўтарскія адлічэнні, кампенсацыю гаспадарчых расходаў (святло, ацяпленне, транспарт і паслугі сувязі) за кошт пазабюджэтных сродкаў пойдзе, за выключэннем падаткаў, 300 тысяч рублёў. А паколькі Сорагі — вёска для Случчыны не надта вялікая, дык удзел у святкаваннях прыме не больш за 150 чалавек. Дзелім 300 тысяч на 150 — атрымліваем кошт квітка: 2 тысячы. Натуральна, у параўнанні са стандартным мерапрыемствам — павышэнне двайное. Адпаведная і аддача культасветнікаў: і сцэнарый трэба падрыхтаваць не абы-які, і прызы падабраць з густам, і артыстызм праявіць, каб зацікавіць, прывучыць і пашырыць кола наведвальнікаў...

Але я цяпер не пра гэтыя, абавязковыя для прафесіянала рэчы. Я пра неаспрэчную пазіцыю намесніка старшыні райвыканкама: зарабляць не на шкоду спажыўцам культуры. І з гэтай нагоды кошт квітка ў 2 тысячы цалкам даступны для вясковага жыхара (зрэшты, і на гарадскіх начных дыскатэках ён не нашмат большы).

А ў якасці мерапрыемстваў, у іх наведванні зацікаўлена кожная ўстанова культуры Случчыны. Не толькі з пачуцця прафесійнага гонару, але і з прычыны матэрыяльнай зацікаўленасці.

Усе зборы ад мерапрыемстваў у адпаведнасці з квіткамі, прапушчанымі праз касавыя апараты, якімі ўжо чатыры гады карыстаюцца ўсе (!) установы культуры горада і раёна, паступаюць на агульны пазабюджэтны рахунак аддзела культуры, але ўнёсак кожнай строга адсочваецца і бухгалтэрыяй, і начальнікам аддзела культуры.

“Кіраўнкам устаноў і народных калектыв а ў даводзяцца індывідуальныя планы, гадавыя і месячныя, па ажыццяўленні платных паслуг, — тлумачыць Алена Міхайлаўна. — Кожны пераканаўся, што ўменне зарабляць наўпрост уплывае на матэрыяльнае становішча і работніка, і ўстановы”. Хіба ж дзіва пасля гэтага, што касавы апарат у СДК такі ж “хадавы” інструмент, як і баян...

Бізнес-план... бібліятэкара

Слова “бізнес-план” трывала ўвайшло ў лексікон мясцовых культасветнікаў. Грошы ад рэалізацыі платных паслуг абарачаюцца па ўстановах немалыя. ГДК, да прыкладу, дзе дыскатэкі (якімі так праславіўся Маладзёжны цэнтр) не праводзяцца ўвогуле, толькі за кошт канцэртных і святочных праграм атрымаў летась 101 мільён рублёў. Дый вёска — хоць маштабы і не тыя — адставаць не збіраецца. Мялешкаўскі СДК, дзе пакуль ні кавярні, ні більярда, рэалізаваў паслуг на 9,5 мільёна рублёў. Канцэрты, дыскатэкі, што прынеслі па 246,3 мільёна рублёў (у тым ліку на вёсцы — 71,2 мільёна), спектаклі, тэматычныя вечары і ўрачыстыя рэгістрацыі шлюбаў ладзяцца, як правіла, нестандартна і з улікам спажывецкіх запатрабаванняў. Квасыніцкі цэнтр рамёстваў толькі за кошт правядзення майстаркласаў па традыцыйнай творчасці ў двух мясцовых санаторыях здолеў зарабіць больш за мільён рублёў.

Стабільныя эканамічныя паказчыкі пазабюджэтнай дзейнасці — у 10-ці школах мастацтваў (сем з іх — на вёсцы). Дзесяць відаў паслуг — асваенне народных, клавішных, струнных, духавых і ўдарных інструментаў, спеваў, харэаграфіі, выяўленчага і дэкаратыўнага мастацтва — дадалі ў агульнараённае выкананне леташняга плана 74,4 мільёна рублёў, у тым ліку ў раёне — 25,7.

Пра бібліятэкі гаворка асобная.

Дырэктар ЦРБ і сеткі публічных бібліятэк раёна Людміла Гурыновіч паведамляе, што літаральна на днях у першы рэйс адправіцца бібліобус, набыты з дапамогай упраўлення культуры Мінскага аблвыканкама. У зоне абслугоўвання Бязверхавіцкай бібліятэкі-клуба будуць высветлены перспектыўныя магчымасці камерцыйнай дзейнасці мабільнай установы культуры. Ёсць ноўтбук, у планах — купля абсталявання па ламініраванні дакументаў і кніжных вокладак. Да 20-ці відаў бібліятэчных платных паслуг будзе дададзена яшчэ адна... Дарэчы, пра бібліятэку
 /i/content/pi/cult/150/1085/Socium2.jpg
-клуб у вёсцы Бязверхавічы. Яе кіраўнік Ніна Гусак зарабляе грошы не толькі на кніжным фондзе: у яе і на разнастайных па тэматыцы танцавальных вечарах — заўжды паўнютка моладзі. Поспех у сферы культуры вызначаецца не толькі матэрыяльнай базай, але і наяўнасцю творчай ініцыятыўнай асобы...

Усё ж, думаецца, на асартыменце выгод, якія прапаноўвае Случчына бібліятэчная, варта спыніцца больш падрабязней. Гэтыя паслугі хоць і агульнавядомыя, але вось так, напоўніцу, выкарыстоўваюцца не ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Напрыклад, за невялікія грошы выдаецца тут літаратура з чытальных залаў і залы мастацтваў у ЦРБ, бібліятэкары набіраюць тэксты на камп’ютэры, раздрукоўваюць іх, шукаюць інфармацыю ў электронных базах (сельская бібліятэка аграгарадка “Лучнікі” мае паўнатэкставую электронную базу пра мясцовую аднайменную аграфірму), робяць дыскетныя копіі, каляровыя ілюстрацыі, афармляюць рэфераты для вучняў і студэнтаў, аказваюць бібліяграфічныя паслугі...

І напрыканцы ўзгадаю словы дырэктара Маладзёжнага цэнтра Ларысы Тагановіч: “На слуцкім інтэрнет-форуме аднойчы з’явіўся запіс нашага маладога наведвальніка пра тое, што адна з дыскатэк стала для яго шчаслівай, бо за адзін з конкурсаў ён атрымаў шыкоўны прыз: месячны абанемент на бясплатнае наведванне нашых тэматычных танцавальных вечароў. Хіба ж не прызнанне нашай працы!”. Мілая Ларыса Іванаўна, вашы б словы — ды ў вушы тым кіраўнікам клубных устаноў Беларусі, на сценах якіх без вагання можна змясціць афішу вось з такім “рэкламным” тэкстам: “Танцы. Нецікавыя. Але ўсяго за тысячу рублёў”.

Андрэй СТАРЖЫНСКІ
Фота аўтара