Фальклорны “Оскар”

№ 46 (1172) 15.11.2014 - 21.11.2014 г

“Караван” народных традыцый” з’яднае народы?
Прэзідэнт Асацыяцыі міжнародных фальклорных груп (IGF) Дорэл КОСМА з Румыніі, з якім я сустрэўся на Міжнародным форуме ў Магілёве, пад час інтэрв’ю неаднаразова казаў пра сваё захапленне беларускай культурай і фальклорам. Балазе румынскі спецыяліст ведае пра нашы традыцыі не з чужых слоў: яшчэ летась ён пабываў у Магілёве разам са сваім калегам — старшынёй балгарскай Асацыяцыі фальклорных груп Расенам Багданавым — і ўжо тады быў уражаны багаццем беларускай культуры…

/i/content/pi/cult/504/10839/14-1.jpg— Вярнуўшыся дадому, мы ўсе свае захапленні выказалі калегам. І атрымалі ад іх згоду на прыём вашай краіны ў нашу арганізацыю. Таму зусім не выпадкова сёлета, у Вільнюсе, на чарговым пасяджэнні IGF, Беларусь стала членам Асацыяцыі. Рэкамендацыі для ўступлення, згодна са статутам нашага таварыства, далі Румынія і Балгарыя… Дарэчы, калі ў сценах абласнога Цэнтра народнай творчасці гасцям форуму прадэманстравалі своеасаблівы міні-фестываль фальклору Магілёўшчыны, я яшчэ раз пераканаўся ў тым, што багацце і ўнікальнасць беларускай народнай культуры можа ўразіць кожнага еўрапейца… Ды, мабыць, не толькі еўрапейца…

— Пра вашу арганізацыю ў Беларусі, на жаль, вядома не так ужо і шмат...

— IGF — арганізацыя ўплывовая. Сёлета нам споўнілася 65 гадоў, і гэта, пагадзіцеся, даволі паважны ўзрост. Калі Асацыяцыя толькі пачынала сваю дзейнасць у 1949 годзе (а задумвалася яна як агульнаеўрапейская), дык у яе ўваходзіла толькі некалькі краін. Цяпер у нашых шэрагах — 55 дзяржаў, і арганізацыя мае міжнародны статус, займаючыся захаваннем, прапагандай і папулярызацыяй фальклору ва ўсім свеце.

— Што дае членства ў ёй для пэўнай краіны?

— Мы пашыраем супрацоўніцтва паміж дзяржавамі ў сферы культуры, ладзім міжнародныя фальклорныя фестывалі і акцыі, праводзім навукова-практычныя канферэнцыі, выдаём кнігі, дыскі, фільмы пра традыцыі розных рэгіёнаў свету, шукаем агульнае паміж нашымі народамі… Членства ў арганізацыі азначае адно: фальклор той або іншай краіны будзе больш шырока прадстаўлены не толькі ў Еўропе, але і ва ўсім свеце, аб ім даведаецца яшчэ больш людзей — ад берагоў Атлантыкі да выспаў Вогненнай Зямлі…

— Наколькі я ведаю, ёсць у вас і свае “Оскары”, якія прысуджаюцца раз на год…

— Так, мы штогадова прысуджаем пяці-шасці членам IGF “Оскар” у галіне фальклору, адзначаючы, такім чынам, іхнюю працу па захаванні і папулярызацыі традыцыйнай культуры ў сваіх краінах… Гэта найвышэйшая ўзнагарода нашай Асацыяцыі, прычым рашэнне аб уганараванні прымае экспертны савет, які складаецца з прэзідэнтаў нацыянальных асацыяцый… Напрыклад, сёлета, у ліку шасці лаўрэатаў, намі была ўзнагароджана прадстаўніца Расіі Юлія Будзікіна. Не сумняваюся, што і сярод беларускіх прадстаўнікоў хутка з’явяцца свае “аскараносцы”…

— Ці ўдзельнічаюць прадстаўнікі Беларусі ў акцыях, што ладзяцца вашай арганізацыяй?

— Так. Летась у румынскай Быстрыцы ладзіўся Фестываль тэатра і літаратуры, у якім прыняў удзел ансамбль “Сувенір” з Магілёўшчыны. А мінулым летам дзве артысткі з Віцебскай вобласці з’яўляліся ўдзельніцамі нашай традыцыйнай фальклорнай акцыі пад назвай “Караван”. Гэта фальклорны аўтобусны тур, пад час якога артысты з розных краін свету наведваюць шэраг еўрапейскіх дзяржаў і дэманструюць багацце сваёй нацыянальнай культуры. Напрыклад, пад час апошняй такой акцыі мы праехалі па тэрыторыі Румыніі, Балгарыі, Францыі, Італіі і Іспаніі. Усюды нас прымалі з радасцю, а выступленні самабытных артыстаў выклікалі сапраўднае захапленне ва ўсіх прысутных. На маю думку, такія імпрэзы вельмі важныя не толькі для нас як арганізатараў, але і для ўсіх удзельнікаў. Бо такім чынам кожны народ, кожная нацыя мае магчымасць пазнаёміць са сваімі традыцыямі жыхароў еўрапейскага кантынета.

— Але чым сёння з’яўляецца традыцыйная культура для еўрапейцаў? Наколькі яна там захоўваецца і прапагандуецца, наколькі ёй цікавяцца?

— Зразумела, яна і захоўваецца, і прапагандуецца, дзякуючы, у тым ліку, і нашай арганізацыі. Але тут варта падкрэсліць вось які, на маю думку, вельмі важны, аспект. У сучасным свеце традыцыйная культура дазваляе нам, жыхарам розных краін свету, не адчуваць межаў і бар’ераў, шукаць падабенства ў спевах, танцах, абрадах, адчуваць сябе тымі, кім мы былі спрадвеку — адзіным чалавецтвам… І я спадзяюся, што з цягам часу менавіта традыцыйная культура і фальклор дадуць нам магчымасць ставіцца адно да аднаго з большай талерантнасцю, дазволяць нам сябраваць і жыць у міры ды згодзе… Гэта, пагадзіцеся, вельмі важна ў сённяшнім свеце, у якім нямала супрацьстаянняў і варожасці.

— Якія праблемы, на вашу думку, сёння паўстаюць перад фальклорам, перад традыцыйнай культурай у Еўропе, у тых рэгіянальных арганізацыях, якія ўваходзяць у Асацыяцыю?

— На мой погляд, галоўная праблема на сёння — як, якім чынам прывесці і зацікавіць народнымі традыцыямі і фальклорам маладое пакаленне. Бо моладзь сёння захоплена смартфонамі і планшэтамі, грае на электрагітарах, сядзіць у Інтэрнэце або перажывае за пройгрыш сваёй любімай каманды па футболе... Усё гэта добра, але пры такім раскладзе традыцыйная культура непазбежна адыходзіць на другі план. Прычым такое назіраецца ва ўсіх еўрапейскіх краінах.

— І як, на вашу думку, прывабіць маладых людзей да традыцыйнай культуры?

— У Румыніі, адкуль я родам, дый у іншых краінах Еўропы сёння шмат працуюць над тым, каб зацікавіць моладзь традыцыямі... Так, зразумела, вельмі добра, калі сённяшні малады чалавек разбіраецца ў рок-музыцы, наведвае спартыўныя ці забаўляльныя мерапрыемствы... Але ён павінен таксама не забывацца і на культуру свайго рэгіёна. Для гэтага яму трэба бачыць тыя традыцыі, ведаць пра іх хаця б нешта… Падобнага, на мой погляд, можна дасягнуць найперш праз школу. Бо калі цягам дзесяці гадоў школьнага навучання распавядаць вучню пра традыцыі сваёй краіны, дэманстраваць адпаведныя фільмы, вучыць абрадам, запрашаць паўдзельнічаць у фальклорных фестывалях, майстар-класах народных умельцаў, — тады гэтая цікавасць да народнай культуры ў яго ніколі не знікне. Іначай усе гэтыя каштоўныя скарбы так і застануцца для яго таямніцай. У Беларусі менавіта так і робяць. Мне падаецца, гэта і ёсць той шлях, якім павінны ісці ўсе, хто клапоціцца пра захаванне аўтэнтыкі ў сваіх краінах.

— Наколькі важныя міжнародныя форумы накшталт таго, які ладзіцца ў Магілёве? Што апошні дае вам як спецыялісту ў галіне традыцыйнай культуры?

— Такія форумы для мяне і для маіх калег вельмі важныя. Бо тут, у Магілёве, я бачу спецыялістаў у галіне фальклору з васьмі краін свету. І такія сустрэчы — гэта магчымасць абмяняцца досведам, знайсці кропкі судакранання з прафесіяналамі, не кажучы пра тое, што гэта выдатная пляцоўка, дзе завязваюцца кантакты… Тым больш, як я ведаю, у Беларусі надаюць вялікую ўвагу пытанням адраджэння і захавання традыцый, мясцовага фальклору, развіццю і папулярызацыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Многім краінам ёсць чаму ў вас павучыцца, а беларусам, зразумела, вельмі цікавы сусветны досвед у плане захавання культурнай спадчыны…

Фота Сяргея ТРАФІЛАВА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"