"Па-свойму" Шчамялёва

№ 46 (1172) 15.11.2014 - 21.11.2014 г

Народны мастак Беларусі: “Маё крэда — бачыць і разважаць з нагоды ўбачанага…”
Журналісты рэдакцыі “К” сустрэліся з цудоўным жывапісцам, народным мастаком Беларусі, шматгадовым членам рэдкалегіі газеты Леанідам Дзмітрыевічам ШЧАМЯЛЁВЫМ у ягонай майстэрні знакамітага “мастакоўскага” дома па сталічным адрасе Сурганава, 44. Амаль чатырохгадзінная сустрэча праходзіла настолькі ажыўлена і цікава, што ніяк не ўпісвалася ў рамкі інтэрв’ю: “пытанне — адказ”, “пытанне — адказ”. Таму мы вырашылі згрупаваць матэрыял у форме тэматычных маналогаў-роздумаў мастака, у кожным з якіх і будуць адказы на пытанні журналістаў. Прычым, калі Леанід Дзмітрыевіч візаваў падрыхтаваны матэрыял для друку, ён зрабіў некаторыя дапаўненні да сказанага ім раней, на сустрэчы, і мы з павагай іх унеслі. Праз тры месяцы, 5 лютага 2015-га, маэстра споўніцца 92 гады. Лічба — не жартачкі, але ён імкнецца кожны дзень бываць у сваёй утульнай майстэрні, сцены якой паабвешваны карцінамі розных перыядаў яго творчасці: ад самых ранніх, 1960-х гадоў, да — 2014-га. Вось з прагляду гэтай своеасаблівай “хатняй галерэі” і пачалася наша сустрэча з цудоўным жывапісцам.

/i/content/pi/cult/504/10838/6-1.jpg

Леанід Шчамялёў. / Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

/i/content/pi/cult/504/10838/6-3.jpg

Пра вайну і мір

— Памяць пра Вялікую Айчынную вайну ніколі мяне не пакідала. Цяжкае, часам пакутлівае, але святое пачуццё. Не за гарамі 70-е свята Вялікай Перамогі… Іншым разам мне здаецца, што памяць пра тую вайну ўжо не такая вострая, але прыходзяць 22 чэрвеня, 9 мая, 3 ліпеня — і зноў душа баліць, ізноў востра перажываю пагібель бацькі, баявых маіх сяброў, мільёнаў вядомых і безыменных салдат, якія не дажылі да пераможнага салюту… Як сёння асэнсаваць той гераічны і драматычны час? На маю думку, гэтае пытанне надзвычай важнае, бо будучае нараджаецца з мінулага. На жаль, тая вайна, асабліва ў творчай моладзі, практычна перастала “прыходзіць” у творы. З аднаго боку, зразумела: для маладых аўтараў вайна — “сівая” гісторыя, легенда, амаль што міф. Ім больш уласцівы сучасныя эксперыменты, гульні ў нейкія “канцэпцыі”, метафары, сімвалы, абстрактныя алегорыі, хоць значных вынікаў у гэтых пошуках я пакуль не бачу. Але ўсё ж ёсць мастакі, праўда, больш сярэдняга пакалення (у параўнанні з намі, ветэранамі), якія не бачылі вайны, аднак даволі паспяхова, сур’ёзна і адказна, праз сваё бачанне таго часу, яшчэ нядаўна звярталіся да адлюстравання падзей Вялікай Айчыннай. З іншага ж боку, сёння фігуратыўных карцін на дадзеную тэму, нашу нядаўнюю нацыянальную тэму, няма і, на жаль, не прадбачыцца. Прычына? Карціна аказалася не патрэбнай дзяржаве, і таму сацыяльных заказаў, дамоў з мастакамі на напісанне адпаведнага буйнога палатна няма. Дый грамадства ў цэлым стала абыякавым да падобных тэм. А каму хочацца працаваць, як кажуць пісьменнікі, “у стол”? У гэтых адносінах “залатыя” для мастакоў часы, калі яны мелі рэгулярныя дзяржзаказы і калі з’яўляліся сапраўдныя шэдэўры, якія сёння ўпрыгожваюць лепшыя музеі, на жаль, канулі ў Лету…

Што да мяне… Так, я прайшоў па той вайне. Васямнаццацігадовым юнаком пайшоў на фронт. Удзельнічаў у баях на Украіне і на Курскай дузе, пад Мазыром быў цяжка паранены. Вось вы ў мяне пытаеце: ці страляў я ў немцаў? Канешне, страляў, але дакладна “ў каго” — не ведаю. Запомніў толькі аднаго нямецкага аўтаматчыка, які мяне цяжка параніў. Памятаю: 6 кастрычніка сорак трэцяга года на нас, непадалёк ад Калінкавічаў, ішлі ў контратаку п’янаватыя гітлераўцы з закасанымі рукавамі, каскамі на рамянях. Адзін з іх, руды, высокі, і разануў у мяне з аўтамата. Раненне аказалася цяжкім, і мяне эвакуіравалі ў тыл. Шмат чаго перадумаў я, лежачы ў санітарным вагоне, які ішоў у тыл… Лячылі ў шпіталі ў горадзе Сямёнаве. Калі пачаў папраўляцца, напісаў ліст да Будзённага: маўляў, таварыш маршал, прашу накіраваць мяне ў кавалерыйскія часці. Літаральна праз пару тыдняў я ўжо трымаў у руках запаветнае камандзіровачнае прадпісанне. Так я трапіў у горад Каўроў, у 2-ю кавбрыгаду. Потым — у 30-ю кавдывізію 4-га Кубана-Казачага корпуса славутага генерала Іса Пліева. Аднойчы мне давялося як дзяжурнаму па эскадроне дакладваць Будзённаму, які інспектаваў нашу брыгаду. Там упершыню пачуў пра Даватара і яго бліскучыя рэйды ў тыл ворага на Валакаламскім напрамку. А потым, праз шмат гадоў, убачыў рэдкія дакументальныя кінакадры, зробленыя незадоўга да гібелі нашага славутага земляка (ён з Віцебшчыны); прачытаў лісты яго дачкі, вывучыў нейкія дакументы — і так нарадзіўся ў маёй карціне “Генерал Даватар” вобраз гэтага героя ў момант яго найвышэйшага душэўнага напружання. Мяне часта папракалі, што я, маўляў, рамантызую сваіх герояў, нібыта прыўзнімаючы іх над нашай грэшнай зямлёй. Але мне заўсёды хочацца паказаць чалавека не толькі такім, які ён ёсць, але і такім, якім ён павінен быць, хочацца выявіць усё самае лепшае, што закладзена ў ім. Не прызнаю спрошчанасці ў творчасці, у людзях, у жыцці. Разгадаць чалавека, убачыць яго сутнасць — складана. Але жыццё — наогул складанае, мастацтва — таксама. Толькі складанасць гэтая, па-мойму, не перашкаджае: у ёй — багацце быцця і творчасці.

Чаму ў сваіх палотнах я часта — і па сённяшні дзень — малюю коней? Гэта, думаеце, мая сувязь з вайной, з маёй службай у кавалерыі? Не, адказваю я. Конь у мяне ніколі не асацыяваўся з вайной. Конь для мяне — гэта сімвал міру, прыгажосці, любові, грацыі. Сімвал мары…

Карцін пра вайну або з нагоды вайны я напісаў не так ужо і мала. Нічога ў іх прыдуманага няма. Іншая справа — штосьці атрымалася лепш, штосьці — горш. Усё — з жыцця, з досведу. Вядома, я не ўсё здолеў у іх сказаць, што хацеў. Для гэтага, відаць, і жыцця не хопіць…

Пра “Маё нараджэнне”/i/content/pi/cult/504/10838/6-4.jpg

— Так, можна сказаць, што менавіта з карціны “Маё нараджэнне” пачыналася мая сапраўдная творчасць. Упершыню работу пабачылі ў Маскве ў 1967-м, потом — у нас, у Мінску, а зараз яна — у пастаяннай экспазіцыі нашага музея. Ну, што сказаць? Я імкнуўся тут даць не факт жыцця, а — паняцце; не выпадак, а — закон. Гэта не проста нараджэнне чалавека на халодным снезе, ля вогнішча, амаль на вачах страшэнна стомленных, змардаваных вайной, галодных салдат сорак першага, а — жыццесцвярджальны гімн чалавеку, які з’яўляецца на свет у суровы час. Таму быццам на варце стаяць яны, салдаты вайны, і ахоўваюць першы ўздых ды крык дзіцяці. Заўтра — бой. І ўчора быў бой. А наперадзе — светлая будучыня, у якой стане жыць немаўля. Вось такі сюжэт. Уласна, амаль ва ўсіх маіх карцінах пра вайну, у тым ліку ў работах “Апалчэнец”, “Генерал Даватар”, “Навальніца. 22 чэрвеня 1941 года”, “Баявая варта”, “Налібоцкія партызаны” ды іншых, батальныя сцэны мяне мала цікавілі. Мне патрэбны былі псіхалагічныя сюжэты пра тое, што адбываецца з чалавекам на вайне, калі, рызыкуючы жыццём, ён ідзе абараняць Радзіму. Ідзе, пераадольваючы страх, боль, жах, пакуты, смерць. Па вялікім рахунку, мае ваенныя палотны — адмаўленне вайны як такой…

Пра мастацтва партрэта

— Партрэтаў я напісаў шмат. Ёсць і аўтапартрэты, што маляваў паміж работай над буйнымі рэчамі, у якіх імкнуўся ілюстраваць уласны свет. Але, у асноўным, пісаў партрэты блізкіх, сяброў, дарагіх мне людзей. За гэта мяне спачатку жорстка крытыкавалі: як жа так, навокал столькі важных сацыяльных тэм, а вы, маўляў, займаецеся дробнатэм'ем?.. Мне ж заўсёды хацелася перадаваць у партрэтах захапленне чалавекам, асабліва калі той знаходзіцца ў стане складанага самааналізу, роздуму, перажыванняў. Каб мадэль, калі пазіруе, была такой, якой самой сабе падабаецца. Пазіраванне — гульня, а ў гульні заўсёды можа бліснуць нечаканая грань. Сканцэнтруйся на самым важным! Падайся самым лепшым! Ствары легенду свайго аблічча! Вось не так даўно быў у мяне амерыканец, калекцыянер, папрасіў напісаць ягоны партрэт. Я ўзяў палатно і стаў яго маляваць. Гадзіны дзве маляваў. Потым кажу, каб ён прыйшоў наступным разам, калі я скончу пісаць. А ён замахаў рукамі і (праз перакладчыка): не, мне падабаецца тое, что вы напісалі! Гэта я, сапраўдны! Забіраю партрэт!..

У мяне на сцяне бачыце партрэт Якуба Коласа. Класік быў не асабліва публічным, крыху журботным, але вельмі зямным. Аднак сам тыпаж — цікавы духам сваім, таму выклікаў жаданне яго ўвасобіць. Скажу больш: я не імкнуўся пісаць тых людзей, якія мне не падабаліся. Перш чым узяцца за пэндзаль, я павінен ведаць мадэль і, так бы мовіць, палюбіць яе. Негатыўныя вобразы — не для мяне. Мне здаецца, што мастацтва па сваёй сутнасці павінна быць аптымістычным, выяўляць сутнасць таго, як ты адчуваеш час, любоў, радасць. А калі бачыць толькі страх, безнадзейнасць, наогул негатыў — то гэта як хвароба. Калі Урубель быў здаровы, ён шукаў і тварыў. Калі ж захварэў, псіхічная хвароба не прынесла яму творчых адкрыццяў. Такіх прыкладаў шмат. У мяне ў жыцці былі свае негатывы, асабліва ў 1960-я і трошкі пазней. Непрыняцце мяне як асобы, як мастака-фармаліста не магло не адбіцца на ладзе жыцця. Я выпіваў, як многія творчыя людзі ў тыя часы. Але потым стаў усведамляць: трэба ўсё ж берагчы сябе для творчасці. Але, лічу, мой найлепшы перыяд мастакоўскага жыцця — гэта 
1970-я — пачатак 1980-х.

Якія тэмы, сюжэты хвалююць мяне сёння, у прыватнасці, у жанры фігуратыўнай карціны і таго ж партрэта? Кажуць, што раней мастакі, акрамя вобраза Леніна (тэма сапраўды была самая прыбытковая і запатрабаваная), пісалі на добрым якасным узроўні і нашых нацыянальных герояў. Так, і я ў тыя 1970-я — 80-я гады таксама шмат пісаў сваю нацыянальную гісторыю “ў абліччах”: пісаў Каліноўскага, Багдановіча, Коласа і Купалу, Цётку, Быкава, Шчакаціхіна, Цвірку і Гусоўскага, Караткевіча, Пташука і Мулявіна… Але зараз са смуткам думаю: каму ў сучасным грамадстве патрэбны такія палотны? Глядач іх не бачыць, на выстаўкі не ходзіць, бо выяўленчая культура ў сучасным грамадстве, не толькі ў нашым, што б ні казалі, у заняпадзе. Вось чаму, паўтаруся, памірае і карціна, звязаная з праблемамі нашай гісторыі ды нашага сучаснага жыцця, і кампазіцыйны партрэт славутых асоб. Адна з галоўных прычын, так бы мовіць, “стагнацыі” айчыннага мастацтва ў тым, што дзяржзаказаў на сур’ёзныя тэматычныя палотны няма, дастойных закупак — таксама, дый грамадства ў цэлым стала абыякавым да “вялікай формы” ў жывапісе. А каму хочацца працаваць на “грамадскіх пачатках”, калі такая карціна патрабуе вялікіх матэрыяльных і душэўных затрат? Канешне, лягчэй зарабіць на салоннай пейзажна-нацюрмортнай халтуры, якую нярэдка купляюць для офісаў ды хатніх калекцый і апраўляюць у такія дарагія, але безгустоўныя рамы, што за галаву можна схапіцца… Гэта сёння модна, тым больш, што мы ведаем “густ” большасці багатых пакупнікоў. А моладзь, страчваючы прафесіяналізм, сыходзіць у рознага роду абстракцыі, інсталяцыі, перформансы, малазразумелыя “канцэпцыі”… Інакш кажучы, у такую своеасаблівую форму, якая да выяўленчай культуры не мае ніякага дачынення…

Пра першыя крокі ў мастацтве

— Я пачаў рысаваць у дзяцінстве — у Віцебску, на сваёй малой радзіме. У школе спрабаваў маляваць акварэллю, афармляў сценгазеты і залы да розных святаў. Ніхто мяне не вучыў — сам рысаваў тое, што падабалася душы. Пасля сямі класаў паступіў у ФЗВ завода “Металіст”, потым працаваў на абутковай фабрыцы па падбіўцы абцасаў. Але на рысаванне не забываўся: пастаянна маляваў і збіраў рэпрадукцыі карцін вядомых класікаў. Канешне, хадзіў на выстаўкі, назіраў за работай віцебскіх мастакоў на пленэры, нават двойчы юнаком пабываў у майстэрні Юдаля Пэна. Вясной 1941-га ўсё ж вырашыў паступаць у мастацкае вучылішча. Зайшоў у будынак — паглядзець, што ды як. Сустрэў у калідоры пажылога чалавека, які спытаў у мяне, што я тут раблю. Я ў адказ: хачу стаць мастаком. А той: усе хочуць стаць мастакамі, а працаваць хто будзе? І я зразумеў, што не ўсё так проста. Тым чалавекам, як я пазней даведаўся, быў Леў Маркавіч Лейтман, які пасля вайны стаў маім галоўным настаўнікам у Мінскім вучылішчы…

Ну а хутка пачалася вайна. І цэлых шэсць гадоў я, так бы мовіць, быў далёкі ад мастацтва — ажно да 1947-га, калі стаў студэнтам Мастацкага вучылішча. Пытаецеся, ці веру я ў лёс? Адказваю: веру. А як не верыць, калі я, салдат, не толькі выжыў у такой страшэннай вайне, але і ў няпростых варунках жыцця рэалізаваў сваю дзіцячую мару — стаць мастаком?.. Мабыць, ёсць у мяне свой анёл-ахоўнік, што збярог мяне для творчасці, для сям’і, для радзімы, для тых людзей, якіх я любіў і люблю… Канешне ж, на маім жыццёвым шляху было ўсялякае: і поспехі, і падзенні, і ўдачы ды няўдачы, і “багемны” перыяд, і хваробы — усё было…

Пра тое, што не адзнака робіць мастаком

— А пачыналіся мае непрыемнасці з інстытуцкага дыплома “Вяселле”, за які я ледзьве атрымаў “тройку”, адзіны ў групе выпускнікоў лістапада 1959-га — гэта значыць роўна 55 гадоў таму. Зразумела, тэма мая ніяк не ўваходзіла ў “фармат” тагачасных “гражданственных”, сацыяльна значных, але спачатку, цягам амаль цэлага года, усе падтрымлівалі маю задуму, у тым ліку мой любімы педагог Віталь Цвірка. Але, калі ішла абарона дыплома, здарылася фіяска: практычна ўсе члены Дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі выступілі супраць. Што гэта за дзіўная кампазіцыя з такой колеравай анархіяй? Адкуль такая жывапісная нахабнасць? Навошта такі забойны памер: больш за чатыры метры? Што гэта — дэманстратыўны выклік нашым вялікім класікам Брулову і Сурыкаву? Жартаўнік. Жартаўнік, які хоча любой цаной прыцягнуць увагу! “Гэта канец”, — падумаў я. І тады раптам мяне падтрымаў адзін чалавек — старшыня камісіі, народны мастак СССР, прэзідэнт Акадэміі мастацтваў СССР Барыс Іагансон. Ён і выратаваў несамавітую сітуацыю. Паціскаючы маю руку, ён сказаў: “Не перажывайце. Не адзнака робіць чалавека мастаком, а тое, як вы будзеце ставіцца да мастацтва і да жыцця ўвогуле…” Прысутная на абароне дыпломаў моладзь выбухнула бурнымі апладысментамі. Я супакоіўся…

Але праз тры гады “Вяселле” зноў нагадала пра сябе. Аднойчы я з сябрамі прагульваўся па праспекце. Зайшлі ў гастраном, узялі пару бутэлек партвейну — і спыніліся: дзе выпіць? У тыя часы было строга з гэтай справай. Тады адзін з кампаніі, загадчык гаспадаркі Тэатра юнага гледача, прапанаваў зайсці ў тэатральную вытворчую майстэрню, дзе можна было, так бы мовіць, “культурна адпачыць” пару гадзін. І толькі мы расклалі на драўляным варштаце сціплую закуску, як я пабачыў у глыбіні памяшкання нешта доўгае, прамавугольнае, у брызенце, з пад якога тырчаў вугал цудоўнай мастацкай рамы і край грунтаванага палатна. А калі прыадкрыў гэты невядомы прадмет, вельмі здзівіўся: гэта была мая дыпломная работа “Вяселле”! Як сярод хламу, смецця і бруду апынулася карціна, уласнасць інстытута? Потым я высветліў, што без ведама кіраўніцтва ВНУ на чале з новым рэктарам Паўлам Масленнікавым “фармалістычная” карціна не магла пакінуць інстытуцкіх сцен. А як яна трапіла ў ТЮГ, так і засталося тайнай… Карціна ў тэатры не была зафіксавана як матэрыяльная каштоўнасць, і таму я прапанаваў сябрам перанесці яе ў Мастацкі музей, які быў амаль побач. А там якраз быў выхадны дзень, але на месцы аказалася дырэктар Алена Васільеўна Аладава. Мы ёй распавялі гэтую, амаль дэтэктыўную, гісторыю. Яна моўчкі выслухала і сказала толькі некалькі слоў: “Нясіце хутчэй! Адно здыміце з падрамніка гэту грувасткую раму ды схавайце яе далей. Пра астатняе я паклапачуся…” Пасля я атрымаў ад музея ганарар у суме 700 рублёў і пабудаваў за гэтыя грошы майстэрню-пуню ў двары дома на вуліцы Рабкораўскай, дзе тады жыў. Гэта была мая першая ў жыцці майстэрня, у якой я напісаў карціны “Цяжкія гады” (“Апалчэнец”), “Мацярынства”, “Людачка”, “Ля саркафага правадыра”…

Пра крэда мастака

— У мяне карціна нараджаецца па-рознаму. Іншым разам гэта раптоўна знойдзеная кампазіцыя або нейкае сугучча фарбаў, дэталь, убачаная выпадкова. Тады і прыслухоўваюся, чакаю, думаю: “Навошта? Што захапіла мяне? Што кранула?” Паступова крышталізуецца задума, пачынае гучаць музыка колераў, рытмаў, ліній. Некаторыя рэчы напісаны залпам, іншыя стаяць доўга незавершанымі, пакуль не адкрыецца таямнічая прычына, якая выклікала іх нараджэнне. Многія задумы “спеюць” у альбоме, дзе я заўсёды рабіў натурныя замалёўкі, накіды фламастарам або алоўкам. Так ці інакш, неабходным і важным для сябе лічу пачуццё здзіўлення ды адчуванне штодзённага, няхай сабе і маленькага, адкрыцця. Мой метад: бачыць і разважаць з нагоды ўбачанага, у канкрэтным шукаць абагульненне, у адназначным — сімвал, у прыватным — агульнае. Як вы разумееце, не заўсёды гэта атрымліваецца, але я імкнуся да дасканаласці, як бы гучна гэта ні было сказана. Калі працую, не адчуваю стомленасці, але потым, калі скончу работу…

Ці змяніўся я як мастак пасля таго, як прыйшоў постсавецкі час, калі творцу была дазволена поўная свабода пэндзля і знік ідэалагічны прэс? А ніяк. Лёс меў да мяне ласку: і ў савецкі час, і ў апошнія дзесяццігоддзі. Мае творы экспанаваліся на многіх выстаўках — у нас і за мяжой, штосьці набывалі музеі ды прыватныя асобы, прычым тэмы маіх палотнаў заставаліся пастаяннымі. Атрымаў шмат узнагарод, але яны для мяне — не галоўнае ў жыцці. Аднак не ўсё было так радасна, як здаецца на першы погляд. Адзін час мяне лаялі за фармалізм, “левізну”, мае творы крытыкавалі ў прэсе і з трыбун, на мяне пісалі лісты “наверх”... Але я заўсёды імкнуўся адлюстроўваць мой асабісты мастацкі погляд на тое, што мяне акружае, на мінулае і сённяшняе маёй краіны. Сваё бачанне свету, свае пачуцці ўвасабляў у мастацкіх вобразах, у тым ліку ў вобразах родных, сяброў, добрых і мужных людзей — таго, што мне блізка і дорага. І прыроды — таксама, якую я вельмі люблю. Я не пейзажыст у вузкім сэнсе слова: люблю тэматычны пейзаж, у якім можна выказаць думкі “пра час і пра сябе” не горш, чым у нейкай жанравай кампазіцыі. І самае вялікае задавальненне — калі ўдаецца данесці да гледача сваё стаўленне да хараства ўбачанага. І яшчэ: я ўпэўнены, што мастацтва павінна несці чалавеку пазітыў, жаданне жыць. Калі чалавеку, які пабачыў карціну, становіцца больш цёпла і радасна на душы, значыць, мэта дасягнута…

Пра сям’ю

— Са Святланай Мікалаеўнай мы разам 45 гадоў (яна ў мяне другая жонка), і скажу шчыра: у нас за гэты доўгі час не было сур’ёзных сварак ці скандалаў, нягледзячы на мой няпросты характар. Разумеем адно аднаго з паўслова, з паўпозірку. І нам заўсёды ёсць пра што пагаварыць. Акрамя таго, яна не проста цудоўная жанчына, маці, гаспадыня, сябра, але і аб’ектыўны крытык. А яшчэ — лепшая мадэль, якую я ўпершыню напісаў яшчэ ў 60-я гады, калі мы сталі сустракацца, працуючы ў Мінскім мастацкім вучылі-
шчы: яна выкладала фізіку, я — жывапіс і малюнак. Вось тут, на сцяне, вы бачыце некалькі ейных партрэтаў, напісаных мною ў тую далёкую пару, ёсць і партрэты нядаўнія. Вось такая яна ў мяне прыгажуня!

Амаль усе дзеці пайшлі па маіх слядах. Толькі сын Генадзь — адзін з кіраўнікоў фірмы ў сістэме аўтабізнесу. Старэйшая дачка Рыта — мастак, майстра габелена, выкладае ў Акадэміі мастацтваў, дацэнт. Сярэдняя, Людміла, як і яе муж Ігар Рымашэўскі, займаецца жывапісам. Тандэм таленавіты і запатрабаваны. Малодшая, Насця, — выхаванка Мінскага мастацкага вучылішча. Праўда, у выяўленчае мастацтва не пайшла, затое стала візажыстам-касметолагам. Павінен сказаць: я нічога не рабіў для таго, каб дочкі сталі мастакамі. У гэтых адносінах я дрэнны бацька. Яны самі выбралі шлях. Хаця, канешне, побач са мной яны штосьці ад мяне ўзялі…

Пра тое, для чаго існуе мастацтва

— Ці можа кожны стаць мастаком, калі ён гэтага жадае? Альбо трэба ім нарадзіцца? Чалавека з дыпломам мастацкай школы можна лічыць мастаком? Ці не заўсёды? Я думаю, перш за ўсё павінна быць мастацкае мысленне. Яно з’яўляецца з дзяцінства, калі дзіця пачынае штосьці рысаваць, адлюстроўваць. І думка ў яго адна: як выявіць тое, што ты адчуваеш, разумееш? Дзе б ні быў, што б ні бачыў, думаеш пра тое, як адлюстраваць свет наўкол цябе. Я заўсёды глядзеў па-свойму на тое, што бачыў. І нават у вучылішчы таксама імкнуўся рабіць усё па-свойму, што не ўсім педагогам падабалася. Па вялікім рахунку, мастацкі талент, відаць, даецца Богам. Ёсць нешта ў чалавека, з чым ён нарадзіўся. Але далей ідзе самастойная работа. І тут ужо шмат залежыць ад яго самога. Я, канешне ж, у дзяцінстве не думаў, што калі-небудзь зраблю нешта значнае, — гэтая думка прыйшла ўжо ў вучылішчы, калі ў мяне з’явіліся добрыя педагогі, а пазней — у інстытуце, дзе лепшым настаўнікам стаў Віталь Цвірка. Ён мяне вельмі паважаў, і я яго любіў. Так здарылася, што вось гэтая майстэрня належыла яму, а пасля ягонай смерці перайшла да мяне…

Пра сучаснае

— Я не лічу, што ўсяго дасягнуў. Заўсёды чагосьці не хапае. Няма нармальнага чалавека, які лічыў бы, што ён усяго дасягнуў. Заўжды чагосьці не стае, каб максімальна выявіць сваё разуменне навакольнага свету і мастацтва. Гэта складаная рэч — мастацтва, і па-сапраўднаму ўмацаваць сябе ў гэтай галіне не так проста. А хочацца рабіць тое, што раней не рабіў. Аднак я рэальна ўспрымаю жыццё. Мне не хочацца маляваць у нейкай абстрактнай манеры, вынаходзіць, прыдумляць тое, чаго ў прыродзе няма. Наадварот, хочацца адлюстроўваць рэальнае жыццё, але так, як я — і толькі я — гэта разумею. Вось мы гаворым пра Шагала, Малевіча, Кандзінскага, Пікаса, і вы пытаецеся пра маё стаўленне да гэтых ды іншых мастакоў. Скажу коратка. Шагал увайшоў у гісторыю сусветнага мастацтва як яркі і таленавіты выразнік нацыянальнай тэмы — жыццё і побыт яўрэйскага народа. І я яго паважаю за гэта: ён ніколі не здраджваў сваім ідэалам. Малевіча я прызнаю як своеасаблівага жывапісца, але ранняга перыяду — да “Чорнага квадрата”. Вельмі цікавы Васіль Кандзінскі — вялікі майстар, асабліва таксама раннія яго творы, насычаныя жыццём, колерам, моцнай пластыкай. Ну, пра Пікаса маўчу: геній сярод геніяў, але не ўсе ягоныя рэчы мне падабаюцца. Пыталіся пра Ротку? Ведаеце, я чытаў, што Марк Ротка — наш зямляк — з горада Дзвінска Віцебскай губерні, — што ён стаў у эміграцыі “зоркай” абстрактнага экспрэсіянізму, але ніводнай ягонай работы я не бачыў, і таму нічога не магу пра яго як пра мастака сказаць. Мяркуючы па рэпрадукцыях, гэта не “мой” аўтар: занадта далёкі ад майго разумення выяўленчага мастацтва.

Уласна кажучы, у розныя перыяды жыцця я цікавіўся рознымі мастакамі: ад рускіх перадзвіжнікаў да французскіх імпрэсіяністаў; ад Адраджэння да мастацтва пачатку ХХ стагоддзя. Гэта значыць — тымі творцамі, хто паказваў метамарфозы жыцця ва ўсіх яго праявах, незалежна ад стылю, формы і колеру іх духоўнай палітры...

Пра набалелае…

— На жаль, у апошнія дзесяцігоддзі шмат нашых мастакоў страчваюць свой погляд, часта “падладжваюцца” пад таго або іншага класіка. Творца губляе індывідуальнасць, пачуццё часу, у якім ён жыве. Нават не мае значэння, як ён працуе. Галоўнае — як ён бачыць свет, як да яго ставіцца. А што да тых, для каго, уласна, існуе мастацтва, то каб разумець яго ды разважаць пра яго, трэба быць падрыхтаваным. І ўсё жыццё гэтаму вучыцца. Але сёння публіка не гатова ўспрымаць сапраўднае мастацтва. А як выхоўваць мастацкі густ? Напрыклад, людзям падабаюцца размаляваныя бярозкі і кветачкі, а, скажам, Ван Гог для іх — мазаніна… Можа, не ўсе нараджаюцца з густам, і нічога тут не зробіш… Але густ прывіваецца. Яго прывіваюць грамадства, асяроддзе, у мастацкіх школах — педагогі, але сёння добрых настаўнікаў становіцца ўсё менш. Як і тых граматных людзей, хто кіруе нашым мастацтвам, нашай культурай. У гэтых адносінах успамінаю добрым словам колішняга міністра культуры БССР Юрыя Міхневіча, які па-сапраўднаму любіў нашага брата і за гады сваёй працы на гэтай пасадзе навучыўся разумець, што добра ў мастацтве, а што не. Але ці шмат вы сёння знойдзеце падобных кіраўнікоў культуры?..

Канешне ж, войны ХХ стагоддзя не далі сусветнаму выяўленчаму мастацтву магчымасці развівацца на поўную моц. У Францыі, напрыклад, — дзясяткі тысяч мастакоў, але і там мастацтва ў заняпадзе. У Расіі, у іншых краінах — таксама. Зараз большасць людзей заклапочаны перш за ўсё матэрыяльным, камерцыйным, ім не да духоўнасці. Духоўнае жыццё ў маладых мастакоў стала малацікавым, легкаважным, а па-сапраўднаму выхоўваць іх няма каму: беларускіх Чысцяковых сёння цяжка знайсці. Гэта не віна творчай моладзі — гэта, хутчэй, бяда. Урэшце, праблема дзяржаўная… Але я аптыміст, люблю жыццё, і тую любоў імкнуўся перадаць у жывапісе. Не хачу, каб мастацтва пераконвала, што надыходзіць канец свету. Наадварот, жадаю бачыць на палотнах вечную радасць і цікавасць да быцця. Я ўпэўнены, што мастацтва павінна быць мастацтвам захаплення, хараства, надзеі. Мастацтва без любові — мёртвае. І, веру, час прыйдзе, калі мастацтва зноў будзе па-сапраўднаму патрэбна чалавеку…

Пра тое, як быць “у форме”

— Я заўсёды рабіў тое, што мне хацелася адлюстраваць. А калі са мной дагаворы заключаліся на карціны, то апошнія па тэмах адпавядалі маім думкам, ідэям. Зараз дагавораў няма, але страсць да жывапісу засталася. І сёння, як вы бачыце, нягледзячы на мой сур’ёзны ўзрост, я імкнуся быць “у форме”, бо мая жыццёвая энергія сілкуецца сям’ёй, дзецьмі, унукамі, прыродай… Я пабываў у розных краінах: ад Францыі, Іспаніі, Грэцыі, Венгрыі да В’етнама. Але больш за ўсё люблю маляваць беларускую зямлю: яна светлая, адкрытая. У замежжы не ўзнікала жадання пісаць пейзажы, а ў роднай Беларусі я адчуваю імпульс да творчасці, які мне дае дзівосная яе прыгажосць. Усё, што я ўвасабляю на палотнах, — маё жыццё. Гэта гісторыя маёй Бацькаўшчыны. Гэта людзі, якіх я бязмежна люблю. І — прырода, без якой я не ўяўляю свайго існавання...

У сустрэчы з Леанідам Шчамялёвым прымалі ўдзел Сяргей Трафілаў, Барыс Крэпак, Пётра Васілеўскі, Дар'я Амяльковіч, Кастусь Антановіч, Яўген Рагін, Алег Клімаў, Таццяна Матусевіч, Наталля Овад, Юрый Чарнякевіч

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Таццяна МАТУСЕВІЧ
рэдактар інтэрнэт-рэсурса газеты "Культура" kimpress.by