Балада пра Лію Салавей

№ 36 (1162) 06.09.2014 - 12.11.2014 г

1 верасня споўнілася 80 гадоў вялікай збіральніцы нашага фальклору, філолагу і перакладчыцы Ліі Мацвееўне Салавей.

Яна нарадзілася ў Навасёлках, што на Мядзельшчыне, у колішнім Віленскім ваяводстве. Гэты азёрны край, у карунках лясоў сярод стромкіх пагоркаў, — адзін з найпрыгажэйшых куткоў Беларусі.

Сям’я Ліі жыла на ўласным хутары, дзе прырода і людское жыццё былі непарыўна знітаваны. Тут, нібыта ў зачараваным казачным свеце, явы жыцця і неабсяжнага наваколля ўваходзяць у душу, поўняць яе гукамі ды вобразамі…

Тамтэйшы праваслаўны святар даў дзяўчынцы біблейскае імя Лія, якое сам любіў з немаведамых прычын і падарыў яго шматлікім дзяўчатам з тых Навасёлак. Але адной з іх могуць сёння ганарыцца не толькі яе землякі ў Мядзельскім раёне, але і ўся Беларусь. Кандыдат філалагічных навук, славутая збіральніца беларускага фальклору, аўтарка многіх кніг, дзясяткаў публікацый, яшчэ ў 1986-м яна стала лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі за свой грунтоўны ўнёсак у шматтомнае акадэмічнае выданне “Беларуская народная творчасць”.

Прозвішча бацькі Ліі — Скурко. Мацей Піліпавіч даводзіўся сваяком народнаму паэту Максіму Танку. А маці Надзея Восіпаўна была з Чарняўскіх, са шматдзетнай сям'і. Менавіта маці Ліі Салавей, шчодрая душой жанчына, спявачка, якая ведала багата песень, прывіла дачцэ любоў да народнага слова. Гэты матчын дар — прынесеныя з глыбіні вякоў песні, прымаўкі, казкі, показкі ды апавяданні — і стаўся лёсам для даследчыцы. А плён матчыных рук — тканыя посцілкі, ручнікі ды абрусы — пачаткам вялікага збору традыцыйнага ткацтва, які папаўняўся Ліяй Мацвееўнай у шматлікіх фальклорных экспедыцыях па ўсёй Беларусі.

Яна скончыла педагагічнае вучылішча і бібліятэчны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута. Затым будучая фалькларыстка працавала ў аддзеле старых кніг абласной бібліятэкі ў Брэсце, разам з вядомым пісьменнікам і літаратуразнаўцам Уладзімірам Калеснікам. Там жа, у Брэсце, Ліі Мацвееўне пашчасціла сустрэцца і з Уладзімірам Караткевічам, які часта там выступаў, і нават з Міхасём Забэйдай-Суміцкім, які даваў у горадзе над Бугам канцэрты. Па сканчэнні аспірантуры, у 1970-м, Лія Салавей пачала сваю працу ў толькі створаным пры Акадэміі навук Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, якім кіраваў Пятро Глебка.

Тэмай яе даследавання, а затым і кандыдацкай дысертацыі сталі беларускія народныя балады. Да Ліі Мацвееўны Салавей гэты ўнікальны жанр нашага фальклору быў недаследаваны. Яна адкрыла і спарадкавала сотні народных беларускіх балад, які склалі два тамы “Беларускай народнай творчасці” (БНТ), выдадзеныя ў 1977 — 1978 гг. Яе працы сталі падставай для саліднай манаграфіі “Беларуская народная балада”, што выйшла ў 1978 годзе.

Дзякуючы Ліі Салавей быў даследаваны, а фактычна — захаваны, старажытны абрад “Жаніцьба Цярэшкі”, якому прысвяцілі нават асобны том БНТ (у суаўтарстве з музыказнаўцай І.Назінай), што выйшаў у 1993-м. Фалькларыстка напісала багата нарысаў і артыкулаў пра духоўную народную спадчыну ў нізцы кніг “Памяць” (Верхнядзвінскі, Мядзельскі, Нясвіжскі раёны), даведніках і энцклапедыях, у рознай перыёдыцы…

З года ў год Лія Салавей, нібыта пацвярджаючы свой статус, спраўджвае чаканні прыхільнікаў, сталых чытачоў, аматараў і спецыялістаў. Лія Салавей — адна з аўтараў кнігі “Міфалогія. Духоўныя вершы” (2003), унікальнага энцыклапедычнага слоўніка “Беларуская міфалогія” (2004), тома “Замовы” (2009)…

Гэтыя кнігі, тэксты, што былі напісаны рукой вялікай даследчыцы слова народнага, падарылі нам неацэнннае багацце — невымоўнае хараство роднага слова і бяздонне народнае мудрасці. Дзякуй Вам, шаноўная Лія Мацвееўна!

Аўтар: Сяргей ХАРЭЎСКІ
мастацтвазнаўца