Яго “касмічная” пластыка. І не толькі…

№ 8 (826) 23.02.2008 - 29.02.2008 г

Дванаццатым народным мастаком Беларусі стаў Іван Якімавіч Міско, заслужаны дзеяч мастацтваў РБ, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі яму нададзена гэтае ганаровае званне за вялікі асабісты ўклад у развіццё выяўленчага мастацтва Беларусі.

 /i/content/pi/cult/150/1083/Misko.jpg
Больш за 40 гадоў творчай дзейнасці Іван Якімавіч аддаў мастацтву скульптуры. Шырокаму колу гледачоў ён вядомы перш за ўсё як аўтар многіх партрэтаў, станковых кампазіцый, помнікаў, мемарыяльных дошак і медалёў, прысвечаных Космасу. Першым творам у гэтай галіне быў партрэт Юрыя Гагарына, зроблены ў 1968 годзе.

Яго касмічная “палітра” ўключае ў сябе вобразы нашых землякоў-герояў П.Клімука і У.Кавалёнка, а таксама пакарыцеляў нябесных прастораў Г.Берагавога, Ю.Раманенкі, В.Руміна, В.Быкоўскага, амаль што ўсіх касманаўтаў і астранаўтаў замежных краін. А яшчэ — кампазіцыі “У будучыню”, “Да зорак!”, “2001-ы год”, “Рэпартаж з космасу”, “Маці герояў”, “Космас” (знаходзіцца ў г. Алія, Ліван). Невыпадкова Федэрацыя касманаўтыкі Расіі двойчы ўзнагародзіла І.Міско дыпломамі, медалямі “50 гадоў Ю.А. Гагарыну” і “За заслугі” за стварэнне скульптурных твораў, прысвечаных асваенню Космасу. Ён таксама аўтар медалёў у гонар 20-й і 30-й гадавін палёту Ю.Гагарына, якія ўручаліся людзям, стаяўшым ля вытокаў асваення Космасу. Легендарны Зорны гарадок стаўся на шмат гадоў другой творчай майстэрняй мастака. Там ён часта бываў, сустракаў не раз пасля палётаў касманаўтаў, кааб тут жа зрабіць першыя накіды з натуры для будучых партрэтаў.

“Але ўсё ж любоў да сваёй Бацькаўшчыны, замілаванне сваім народам, яго справамі — у сэрцы маім на першым плане”, — аднойчы сказаў мастак. Яго радзіма — вёска Чамеры на Гродзеншчыне. Адукацыю атрымаў у Мінскім мастацкім вучылішчы і БДТМІ, дзе яго педагогамі былі Аляксей Глебаў і Андрэй Бембель. Дыплом, які ён прысвяціў суровым гадам Вялікай Айчыннай, атрымаў высокую ацэнку Дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі. Да тэмы вайны скульптар яшчэ не раз звяртаўся ў сваіх творах, сярод якіх асаблівае месца займае унікальны манумент у гонар савецкай маці-патрыёткі ў г. Жодзіне (у сааўтарстве), а таксама помнік Герою Савецкага Саюза І.Кабушкіну ў г. Баранавічы.

Акрамя таго, Іван Міско вядомы і як аўтар помнікаў заснавальніку беларускага нацыянальнага тэатра І.Буйніцкаму ў в. Празарокі Віцебскай вобласці, І.Рэпіну ў Здраўнёве пад Віцебскам, надмагільных помнікаў Герою Беларусі У.Корвату, пісьменніку І.Шамякіну, двойчыГерою Савецкага Саюза Л.Бядзе, надмагільнага мемарыяла Гагарыных у г. Гагарыне на Смаленшчыне.

А што тычыцца яркіх псіхалагічных партрэтаў сучаснікаў, якія стварыў майстра на працягу чатырох дзесяткаў гадоў, дык іх пералічыць немагчыма. Вось толькі некаторыя з іх: С.Станюта, А.Мядзведзь, Р.Шырма, А.Бялова, К.Шаплыка, М.Яроменка, Ф.Мадораў, В.Роўда, Н.Лежэ, А.Сакалоў, А.Аладава… А ў 2007 годзе яго скульптурная кампазіцыя “Сляза Чарнобыля” была падорана ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь гораду Хірасіма (Японія). Вялікім поспехам карысталася персанальная выстаўка мастака пад назвай “Космас Івана Міско”, якая экспанавалася вясной мінулага года ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

Што самае характэрнае для творчасці славутага майстра? Перш за ўсё — сардэчная любоў да таго, што ён адлюстроўвае: ці то канкрэтны чалавек, ці то з’ява жыцця. Менавіта на гэтай любові і выбудавана кампазіцыя і пластычнае майстэрства, уменне пільна не толькі ўгледзецца ва ўнутраны свет мадэлі, але і высветліць яе найбольш яркія рысы, звязаныя з грамадзянскай і чалавечай сутнасцю. Так, адны партрэты — карэктна-строгія, другія — прыўзнята-рамантычныя, эмацыянальныя, трэція — цёплыя, душэўныя, “імпрэсіяністычныя”, быццам зробленыя ў адзін сеанс. Усе яны прывабліваюць гледача прастатой, дакладным падабенствам, ярка акрэсленай індывідуальнасцю, экспрэсіўнасцю пластыкі і, галоўнае, адухоўленасцю.

Барыс КРЭПАК

“К” павіншавала Івана Якімавіча Міско, нашага даўняга сябра, з прысваеннем яму ганаровага звання “народны мастак Беларусі”. Вось што ён сказаў у адказ: “Я вельмі рады, што мае скромныя заслугі ў мастацтве высока ацэнены дзяржавай. Калі я даведаўся аб гэтым, яшчэ больш захацелася жыць і тварыць. Адчуў у сабе незвычайны прыліў сіл для таго, каб па максімуме рэалізаваць новыя творчыя праекты і задумы...”