Ідэі “Ля Белай Чаплі”

№ 36 (1162) 06.09.2014 - 12.11.2014 г

Акцыя “К”: журналісцкі аўтапрабег па СДК і не толькі / Плынь праектаў у віры крэтыўнай Ганцавіччыны
Увечары перад Лунінцом заехалі ў загадкавы Кажан-Гарадок… А ўвогуле, фінальны тур чэрвеньскага аўтаваяжу прайшоў па палескім краі, дзе набіраўся настаўніцкай мудрасці Якуб Колас. Ля гасцёўні ў Лунінцы нас сустрэў бюст народнага пісьменніка і аўтара “Сымона-музыкі”. Сустрэў, а наступнай раніцай праводзіў на Ганцавіччыну. Як, думаеце, называлася крама ў Люсіне, дзе мы праз пару гадзін пілі духмяную каву? Правільна: “На ростанях”! “К” пісала некалькі гадоў таму пра культуру Люсіна, пра незвычайныя бібліятэку і клуб, дзе любая творчая дзея нясе на сабе адбітак думак і мар Песняра. Тут кожная бібліятэкарка ды клубніца — Ядвіся ў душы і любіць Палессе так, як Колас і апісваў… У Люсіне таму больш не спыняліся, а скіраваліся наўпрост у Ганцавічы — у мясцовы райметадцэнтр, заўжды багаты на праекты, рэалізаваныя і толькі што народжаныя.

/i/content/pi/cult/502/10827/1-3.jpg

/i/content/pi/cult/502/10827/1-5.jpg

Піза адпачывае

Але спачатку — пра Кажан-Гарадок. На галоўным пляцы мястэчка — і крама, і клубная ўстанова, і царква Святога Мікалая. У вочы кідаецца апошняя, зробленая, кажуць, без аніводнага цвіка. У промнях заходзячага сонца блішчаць “цыбулінкі”. А вежкі, калі глядзець з плошчы, з заходняга боку, нахіленыя ў адносінах адна да адной. Выпадковасць? Ды не: задумка дойліда пазамінулага стагоддзя. Але ў чым яе сэнс? Абышлі царкву. З ўсходняга боку (адкуль і прыходзіць да нас жыццё ды сонца) ніякіх парушэнняў геаметрычных суадносін у царкоўнай забудове так і не заўважылі. Цуд, які прыцягвае ўвагу вандроўніка, прымушае задумацца і прыадкрыць сэнс чалавечага існавання на Зямлі. Піза, словам, адпачывае.

Па тлумачэнне царкоўнай загадкі скіраваліся ў клубную ўстанову. Палёгкі не атрымалі: клубніца, папрасіўшы ў нас прабачэння, з’ехала дахаты. Хтосьці да яе завітаў, і сустрэча была неадкладнай. Прынамсі, так зразумелі “гасціннасць” мясцовай работніцы культуры. Ніякіх тлумачэнняў пра “непаралельнасць” царкоўных вежак не знайшлі і на інфармацыйных стэндах вакол храма. Не знайшлі па той простай прычыне, што гэтых стэндаў проста не існуе ў прыродзе. Вось і думай пасля гэтага: прывабліваем мы турыстаў ці, наадварот, пакідаем іхнія пытанні без адказаў…

Тыдні два таму мы змясцілі фота з царквой і пытанне пра яе “паходжанне” ў сацыяльных сетках. Адказу няма і па сёння. Краязнаўства — не наша нацыянальная рыса? Мо ўрэшце хто з дасведчаных чытачоў распавядзе пра легенду Кажан-Гарадка праз нашу газету? Будзем вельмі ўдзячныя!

І ніякай урачэбнай тайны

У Ганцавічах наступным днём нас сустрэў даўні сябра “К” — метадыст раённага метадычнага цэнтра аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ганцавіцкага райвыканкама Мікола Ленкавец. Прапанаваў наведаць мясцовы музей. Знайсці апошні аказалася справай нескладанай: маляўнічыя ўказальнікі, размешчаныя ў цэнтры горада, дапамогуць без цяжкасцей адшукаць ганцавіцкія цікавосткі, найперш — установы культуры.

А вось сказаць, што Ганцавіцкі краязнаўчы музей канцэптуальна вылучаецца сярод большасці іншых раённых музеяў краіны і ўражвае сваімі незвычайнымі скарбамі, на жаль, нельга. Мы пабачылі даволі звыклае ў плане падбору экспанатаў прадстаўленне мясцовай гісторыі. І тым не менш, пахваліць установу ёсць за што. Найперш, за адносіны да мясцовай супольнасці. Справа ў тым, што кіраўніцтва музея засвоіла важны прафесійны прынцып: каб музей наведвалі не аднойчы ў жыцці ці пад прымусам, як гэта часцяком робіцца ў школах, яго трэба пастаянна абнаўляць і звяртаць увагу на людзей, што жывуць навокал. Так, нам пашчасціла трапіць на выстаўку “Людзі ў белых халатах”, над стварэннем якой, як высветлілася, супрацоўнікі Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея працавалі цягам двух апошніх гадоў: займаліся вывучэннем гісторыі аховы здароўя раёна, збіралі матэрыялы пра медыцынскіх работнікаў. Як вынік, атрымаўся годны выставачны праект, дзе прадстаўлены інструменты, фотаздымкі, архіўныя матэрыялы, асабістыя рэчы медыцынскіх работнікаў, якія прапрацавалі ў прафесіі дзясяткі гадоў. Асаблівым раздзелам на выстаўцы стала своеасаблівая дошка памяці — фотаздымкі ўрачоў і медыцынскіх сясцёр, якіх ужо даўно няма з намі. Не дзіва, што выстаўка, па словах дырэктара ўстановы Наталлі Кулеш, прывабіла мноства гасцей з ліку мясцовых жыхароў, якія наўрад ці наведалі б сталую экспазіцыйную залу ў чарговы раз...

Увечары перад Лунінцом заехалі ў загадкавы Кажан-Гарадок… А ўвогуле, фінальны тур чэрвеньскага аўтаваяжу прайшоў па палескім краі, дзе набіраўся настаўніцкай мудрасці Якуб Колас. Ля гасцёўні ў Лунінцы нас сустрэў бюст народнага пісьменніка і аўтара “Сымона-музыкі”. Сустрэў, а наступнай раніцай праводзіў на Ганцавіччыну. Як, думаеце, называлася крама ў Люсіне, дзе мы праз пару гадзін пілі духмяную каву? Правільна: “На ростанях”! “К” пісала некалькі гадоў таму пра культуру Люсіна, пра незвычайныя бібліятэку і клуб, дзе любая творчая дзея нясе на сабе адбітак думак і мар Песняра. Тут кожная бібліятэкарка ды клубніца — Ядвіся ў душы і любіць Палессе так, як Колас і апісваў…

У Люсіне таму больш не спыняліся, а скіраваліся наўпрост у Ганцавічы — у мясцовы райметадцэнтр, заўжды багаты на праекты, рэалізаваныя і толькі што народжаныя.

...Мы не маем статыстычных звестак пра колькасць турыстаў у Ганцавічах, а таму не можам жорстка крытыкаваць музей за адсутнасць “фішак” для гасцей горада, тых жа сувеніраў (балазе тут можна выкарыстоўваць брэнд Якуба Коласа, палескіх балот, гістарычных помнікаў), буклетаў ды праспектаў, ці хаця б паштовак. І ўсё ж спадзяёмся, што неўзабаве гэты турыстычны мінімум будзе ў музеі прадстаўлены.

Мінулае і будучае сядзібы Свяжынскіх

У вёсцы Агарэвічы нас зацікавілі найперш таямніцы мясцовай сядзібы. Крыху пазней высветлілася, што і без яе, а таксама — парку ды азёрнай сістэмы ў Агарэвічах, маецца яшчэ шмат чаго адметнага і непаўторнага. Але распавядзём пра ўсё ў храналагічным парадку. Дык вось, пра сядзібу Свяжынскіх “К” колькі гадоў таму пісала ў нумары, прысвечаным святкаванню Дня беларускага пісьменства на Ганцавіччыне. Тады адзначалася, што сядзіба будзе адноўлена і стане знакавым аб’ектам турыстычнай інфраструктуры раёна. Так яно і адбылося, з адной толькі акалічнасцю. Так, цяпер там і з густам аформлены рэстаран, куды з задавальненнем едуць адзначаць вяселлі, і жылыя гасцінічныя пакоі. Вось толькі абяцанага ў свой час музейнага блока мы так і не заўважылі, што вельмі шкада, паколькі з экспанатамі для яго гатовы былі падзяліцца нашчадкі роду Свяжынскіх.

З “мінусаў” можна адзначыць і закінуты конны манеж, размешчаны побач з сядзібай. А ён якраз мог бы яшчэ больш прывабліваць турыстаў, ахвочых тое ж вяселле ўпрыгожыць не лімузінам, а карэтай, запрэжанай тройкай вараных… І ўсё ж, мы перакананы, Агарэвічы не застануцца без коней, хай сабе і ў іншым фармаце, пра які раскажам крыху пазней…

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Памятаеце, у адным з мінулых нумароў мы пісалі пра бібліятэку-клуб вёскі, што на Салігоршчыне? Возера там ёсць, але для масавых мерыпрыемстваў ніяк яно не прыстасавана. У Агарэвічах мы ўбачылі супрацьлеглую карціну. На возеры — не толькі сцэна-прыстань, але і настолькі ўтульнае ды з любоўю добраўпарадкаванае месцейка, што белая чапля пачувае сябе тут як дома і не палохаецца ні вяскоўцаў, ні гасцей. І канцэрты “Ля Белай Чаплі” збіраюць не адзін дзясятак наведвальнікаў. Такую экалагічна-творчую дбайнасць ды па ўсёй Беларусі распаўсюдзіць бы!

Каравайнеры ды юшка…

У шэрагу раёнаў, дзе мы пабывалі пад час нашых аўтападарожжаў, чулі нараканні: маўляў, нягледзячы на ўсе намаганні, турыстаў не большае, а таму і арыентавацца на іх не патрэбна. Яно і праўда: каб прывабіць турыстаў (і не чаркай ды шкваркай!), трэба добра пастарацца. З гэтай нагоды Мікола Ленкавец нам распавёў пра адметны праект, які напрыканцы ліпеня гэтага года быў рэалізаваны на Ганцавіччыне і стаў, на нашу думку, узорам для іншых раёнаў. Музычна-спартыўны злёт “Жураўліны край-2014” ва ўрочышчы Горкі сабраў дзясяткі бардаў і каравайнераў з Беларусі ды суседніх краін. Радуе, што арганізатары паклапаціліся і пра электрычнасць, і пра біяпрыбіральні, і пра лазню, арганізавалі пракат палатак ды выязныя гандлёвыя кропкі. Дробязь, але гэта тыя стандарты, на якія арыентуюцца турысты. Ці, скажам, кожныя дзве гадзіны аўтобус з Ганцавіч адвозіў турыстаў ва ўрочышчы Горкі. Такі аўтобусны сэрвіс мы бачылі толькі пры правядзенні буйных фестываляў у Мінску…

А яшчэ ж былі і самі мерапрыемствы! Дастаткова іх толькі пералічыць, каб зразумець, наколькі прафесійна падышлі арганізатары да правядзення Музычна-спартыўнага злёту. Гэта фотавыстаўка “Ганцаўшчына турыстычная”, праслухоўванне выканаўцаў бардаўскай песні, арт-хэпенінг “Жураўліны край”, праект “Ганцаўшчына літаратурная”, у рамках якога адбылася выстаўка-продаж зборнікаў твораў мясцовых паэтаў, сустрэча з тутэйшымі творцамі і літаратурным аматарскім аб’яднаннем “Верасок”, а таксама — майстар-класы па традыцыйных рамёствах, канцэрт фальклорнага калектыву Хатыніцкага СДК, юшка ў адпаведнасці з праектам “Па шчупаковым загадзе”, лячэбныя напоі на зёлках, бліны з варэннем “У гасцях у бабкі 
Мар’і”, свабодны мікрафон “Я — спяваю!”, нарэшце — прагляд фільма “Загадкі Ганцаўшчыны”…

І хай сабе ў рамках Першага Музычна-спартыўнага злёту прыехала адносна не так шмат турыстаў, тыя высілкі арганізатараў, перакананы, апраўдаюцца, у тым ліку, праз рэкламу, якую зробяць удзельнікі праекта, вярнуўшыся дамоў…

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Ад Міколы Ленкаўца даведаўся пра сумную тэндэнцыю: аказваецца, у акрузе практычна не засталося азёр, дзе можна бясплатна парыбачыць. Усе яны — арандаваныя. Што і казаць, калі нават частка Буга ў ваколіцах Брэста здадзена ў арэнду прадпрымальнікам для прамысловага лова. Няўжо такім чынам будзе знішчана культура рыбнай лоўлі як традыцыі сямейнага адпачынку? Не ў кожнага, урэшце, хапае сёння грошай нават на жыццёва важныя патрэбы.

Музей у Бібліятэцы

Хто сказаў, што музей і бібліятэка — рэчы несумяшчальныя? Прынамсі, многія нашы чытачы-бібліятэкары рашуча выступаюць супраць такой, на іх погляд, эклектыкі. Маўляў, сумяшчэнне функцый — галоўнай справе не на карысць. У бібліятэцы Агарэвічаў так не думаюць. Дый бібліятэчны музей сваім зместам галоўнай кніжнай справе — толькі ў падтрымку. Па той самай прычыне, што ў асобным утульным пакойчыку ўтрымлівае старадаўнія 
выданні.

Ініцыятар музейнага ўхілу — Вольга Халецкая, спецыялістка са стажам і досведам. Справа ў тым, што некалькі гадоў таму Ганцавічы прымалі ў сябе Дзень беларускага пісьменства. Райцэнтраўскія бібліятэкары з гэтай нагоды абвясцілі сярод гараджан конкурс на самую старую кнігу. Часовая экспазіцыя з выданнямі была прэзентавана гасцям свята. Вольга Мікалаеўна вырашыла стварыць падобную экспазіцыю ў Агарэвічах. І не часовую, а пастаянную. Так і ўзнік музей у бібліятэцы. Дасведчаны работнік культуры ніколі не пройдзе міма ідэі (няхай і не сваёй) — абавязкова яе інтэрпрэтуе, абагульніць, удасканаліць і прыпуціць для рэалізацыі асабістага праекта. Такой творчай разваротлівасці Халецкая вучыць і маладую спецыялістку Крысціну Бобка, якая на сёння ўзначаліла бібліятэчную ўстанову…

Цяпер у музейнай экспазіцыі — дзясяткі кніг, ахвяраваных бібліятэцы мясцовымі жыхарамі. Праўда, самая старая выпушчана ў пазамінулым стагоддзі. Але для сённяшняй моладзі і гэта — рарытэт. Мяркуючы па кнізе водгукаў, музейныя дзверы амаль не зачыняюцца…

“З рога — усяго многа”

А цяпер — ізноў пра творчыя праекты. Пра тыя, якія знаходзяцца яшчэ ў стадыі, так бы мовіць, тэарэтычна-арганізацыйнай, і пра тыя, што з поспехам дзейнічаюць. Паказваючы гмах СДК, узведзены яшчэ за савецкім часам, кіраўнік установы і гасцінная гаспадыня Ала Шаматульская распавядае, што неўзабаве тут з’явіцца яшчэ і Музей каня — даніна конегадоўчай гісторыі Агарэвічаў. Задумка належыць метадысту райметадцэнтра Міколу Ленкаўцу. Гэта — крэатыўшчык ад Бога. Хоча адлюстраваць на паверхах Агарэвіцкага СДК усе іпастасі каня — працаўніка, спартсмена, ваяра.

У Агарэвіцкім СДК ствараецца і Культурна-эстэтычны цэнтр для развіцця ўзорнай студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “З рога ўсяго многа”. Праект разлічаны на чатыры гады.

Яшчэ адна доўгатэрміновая акцыя згуртавала маладзёжныя аматарскія аб’яднанні Локтышаўскага, Люсінскага СК і Раздзялавіцкага, Нацкага СДК. Інакш кажучы, экалагічны праект аб’яднаў рыбаловаў, кветкаводаў, заолагаў і аматараў зялёных маршрутаў.

Чарговая раённая акцыя называецца “Мастацтва быць здаровым”. Гэта мадэль псіхолага-педагагічнага суправаджэння навучэнцаў 5 — 8 класаў у культурна-дасугавай прасторы. Асноўная задача — прапаганда здаровага ладу жыцця. Уявіце, пад час вакацый дзейнічае Майстэрня здароўя, якая мае чатыры падструктуры: прапагандысцка-прафілактычны тэатр, выяўленчую студыю “Малюем здароўе”, літаратурнае фарміраванне і музычны клуб “Здаровыя ноткі”. У кожнай структуры — свае кіраўнік, герб, дэвіз, функцыі. Агульнымі сіламі ладзіцца свята “Кірмаш рэцэптаў”.

І гэта яшчэ не ўсё прыдумкі райметадцэнтра і ягонага галоўнага крэатыўшчыка Міколы Ленкаўца. Дэталёва паказваць іх — толькі бэсціць метадыстаў з іншых раёнаў. Па словах Міколы Дзмітрыевіча, нараджаць штосьці новае ва ўмовах жорсткай міжраённай канкурэнцыі становіцца ўсё складаней. Па ягоным цвёрдым перакананні, наспела стварэнне рэспубліканскага банка ідэй, звязаных з клубным, бібліятэчным ды фестывальным развіццём. Так, ідэя можа быць агульнай, а вось яе адаптацыя ды дэталёвая распрацоўка на ўзроўні штодзённага плана мерапрыемстваў — індывідуальны клопат кожнай метадычнай структуры раёна ды вобласці. З такой прафесійнай прапановай цяжка не пагадзіцца…

Агульнае (не)лірычнае завяршэнне

Ростані — яны для сустрэч. У Агарэвічах мы сапраўды пашкадавалі, што журналісцкі час — абмежаваны і трэба вяртацца ў рэдакцыю. Мы развітваліся з гэтымі людзьмі, якія атрымліваюць задавальненне ад уласнай творчасці, з цвёрдым намерам ізноў сустрэцца і зноў здзівіцца таленту любові да роднай зямлі, які кожны раз раскрываецца ярка і па-рознаму. Да новых сустрэч, Ганцавіччына!..

Фота аўтараў

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"