“Мяне двойчы вывозілі на расстрэл…”

№ 45 (1171) 08.11.2014 - 14.11.2014 г

Што вы ведаеце пра Аляксандра Мазалёва?
Гэтыя словы належаць Аляксандру Пятровічу Мазалёву, таленавітаму беларускаму жывапісцу, графіку і педагогу, які ў час Вялікай Айчыннай прайшоў цяжкі шлях мужнага падпольшчыка ды вязня фашысцкіх канцлагераў, а скончыў сваю вайну гвардыі радавым Чырвонай арміі. І, нягледзячы на цяжкае раненне ў галаву, — да канца свайго нядоўгага жыцця працягваў рабіць улюбёную справу: маляваць Радзіму ды выхоўваць маладое пакаленне мастакоў…

/i/content/pi/cult/503/10825/15-1.jpg

Аляксандр Мазалёў. "Ускраіна Мінска".

/i/content/pi/cult/503/10825/15-2.jpg

Аляксандр Мазалёў. "Натуршчык".

/i/content/pi/cult/503/10825/15-3.jpgНевялічкі гарадок Рудня размешчаны на беразе Малой Бярэзіны — за 70 кіламетраў ад Смаленска, амаль на мяжы з Беларуссю. Тут і жылі галоўным чынам беларусы. Да рэвалюцыі — звычайная вёска, якая тады ўваходзіла ў Аршанскі павет Магілёўскай губерні: аднапавярховыя хаткі з перакошанымі аканіцамі, драўляныя платы з павырыванымі штыкецінамі. А вуліцы пасля дажджу станавіліся амаль непраходнымі для жыхароў.

Тут, на ўскраіне адной з вуліц, у вялікай, але беднай сялянскай сям’і Пятра Мазалёва 21 лютага (па старым стылі) 1910 года і нарадзіўся будучы мастак. Бацька, каб пракарміць радзіну, з усяе сілы працаваў у сельскай гаспадарцы, займаўся таксама прыробкам. І няма нічога дзіўнага, што дзяцінства Шурыка праходзіла ў штодзённых працах ды турботах.

Праўда, кожную вольную часіну юнак маляваў усё бачанае навокал — прыроду, людзей, жывёл, птушак, — капіраваў рэпрадукцыі з тых рэдкіх часопісаў, якія цудам трапілі ў вёску са Смаленска ды Віцебска. Дзевяцігодку Рудзянскай сярэдняй школы юнак скончыў паспяхова і з блаславення бацькі паехаў у Віцебск, дзе ў 1927-м з першага разу паступіў у Мастацкі тэхнікум.

Але, як піша Аляксандр Пятровіч у сваёй аўтабіяграфіі, “праз некалькі месяцаў вымушаны быў пакінуць тэхнікум па прычыне дрэннай матэрыяльнай забяспечанасці”. Хаця ў прыватнай гутарцы са мной ён сказаў, што, апроч таго, яго не задаволіла сістэма тагачаснага навучання. Дый са сваім настаўнікам Уладзімірам Хрусталёвым ён не знайшоў агульнай мовы. У пошуках “лепшай долі” ў сэнсе творчасці Мазалёў паехаў у Маскву, паступіў у студыю АХРР (Асацыяцыя мастакоў рэвалюцыйнай Расіі), але і яе хутка кінуў: тут вучоба таксама не прыйшлася даспадобы. Наогул, гэты перыяд дэпрэсіі “ў пошуках сябе” Аляксандр Пятровіч не асабліва любіў прыгадваць. Казаў, што быў на мяжы расчаравання ў мастацтве, бо нічога яму тады не падабалася, і не ведаў ён, што далей рабіць.

Мазалёў вярнуўся ў Рудню, каб працаваць у толькі што арганізаваным калгасе. Спачатку загадваў хатай-чытальняй, потым — кіраваў ячэйкай ОСОАВИАХИМа ды афармляў сценгазеты. Потым, прымаючы пад увагу адоранасць юнака ў галіне рысавання і актыўную грамадскую дзейнасць, кіраўніцтва арцелі “Запаветы Ільіча” накіравала Аляксандра на вучобу ў Ленінград.

Але перш чым трапіць у Інстытут пралетарскага выяўленчага мастацтва (тады ён так называўся), яму давялося цэлы год наведваць вячэрні рабфак пры інстытуце ды адначасова папрацаваць грузчыкам у гандлёвым порце. І толькі ў верасні 1931-га яму пашанцавала: ён стаў паўнавартасным студэнтам найлепшай па тым часе ў краіне мастацкай установы, дзе ягонымі настаўнікамі на факультэце жывапісу сталі такія вядомыя педагогі, як Аляксандр Савінаў, якога называлі “прыміраным Урубелем”, Дзмітрый Кардоўскі, Канстанцін Юон, “чалавек абсалютнага жывапіснага слыху” Аляксандр Асмёркін і, канешне, Рудольф Фрэнц, які стаў у Мазалёва кіраўніком дыпломнай карціны “Апошняе вандраванне”, прысвечанай цыганам, што імкнуліся весці аселы вобраз жыцця.

Але асаблівая памяць засталася ў Мазалёва пра Аляксандра Савінава. Сёння яго мала хто ведае як жывапісца, але ў свой час многія ягоныя карціны прыводзілі ў захапленне і спецыялістаў, і публіку. Напрыклад, “Купанне коней у Волзе” (я бачыў работу ў запасніках Рускага музея) — рэч вельмі добрая. Яе часта прыгадваў і Мазалёў у нашых гутарках.

А яшчэ Аляксандр Пятровіч з горыччу мне распавядаў, як у 1937-м разагналі курс Савінава за “палітычна шкодны фармалізм”, за “змрочнасць і цемнату жывапісу”, за тое, што кіраўнік майстэрні катэгарычна адмаўляў прынцып так званага мелкага рысавання, тыповымі адэптамі якога былі І.Бродскі і яго верны вучань А.Лактыёнаў з іх сухім ды халодным пэндзлем. Пасля разгону курса студэнту Мазалёву давялося перайсці ад Савінава ў батальны клас педагога Рудольфа Фрэнца. На жаль, Савінаў на пачатку 1942-га памёр у блакадным Ленінградзе, калі яму толькі споўнілася шэсцьдзясят…

Але мала хто ведае, што ўлюбёны настаўнік Мазалёва паспеў прыняць удзел у эвакуацыі Эрмітажа. З-за недахопу часу, калі немцы былі ўжо блізка, супрацоўнікам галоўнага музея краіны часта даводзілася зразаць палотны з падрамнікаў і скручваць у трубкі. Савінаву было даручана дэмантаваць творы Рэмбранта. Адмовіўшыся ад хуткаснага метаду, ён колькі сутак ляжаў на падлозе, акуратна вымаў старадаўнія дробныя цвікі ды мацаваў палотны да падрамнікаў — без адзінага пашкоджання. І потым асцярожна ўпакоўваў шэдэўры ў спецыяльныя скрыні. Тое быў апошні акт любові Савінава да мастацтва. Ну а многія творы самога мастака зніклі ў гады блакады. Калі я расказаў аб гэтым Мазалёву, ён проста праслязіўся (а я дазнаўся пра гісторыю тую, калі праходзіў курсавую ўніверсітэцкую практыку ў Эрмітажы)...

Тут, у Ленінградзе, Мазалёў пасябраваў з Яўгенам Зайцавым, які скончыў інстытут на год раней за яго, і пасля абароны сваёй цудоўнай дыпломнай карціны “Чапаеў” паехаў у Мінск. Упершыню Аляксандр Пятровіч сустрэўся і пасябраваў з Яўгенам Чамадуравым, які, праўда, вучыўся на суседнім факультэце сцэнаграфіі. Ды абодва яны скончылі інстытут у адзін год. Сярод іншых сакурснікаў і студэнтаў іншых курсаў Мазалёў прыгадваў добрым словам Анатоля Казанцава з яго карцінай “Сцяпан Разін”, Анатоля Андрэева з дыпломам пра рэйд Будзённага на Царыцын, 
Барыса Расленку-Рындзенку з карцінай пра Фрунзэ, што прыехаў на агляд у 25-ю дывізію Чапаева. Згадваў і Барыса Генадзіева — аўтара дыпломнай кампазіцыі, ізноў жа, пра Фрунзэ ды Чапаева, і Рыгора Ксенафонтава, які атрымаў выдатную ацэнку за карціну “Першая конная Сямёна Будзённага”… Вось прыкладна такія тэмы былі ў фаворы на той час у савецкіх настаўнікаў ды дыпломнікаў.

І, такім чынам, наш Мазалёў быў у гэтых адносінах нейкай “белай варонай” сярод мастакоў-песняроў герояў Грамадзянскай вайны і “комиссаров в пыльных шлемах”. Валянціна Назаранка, аднагрупніца Мазалёва, паспрабавала выйсці ў дыпломе за межы такіх сюжэтаў, намаляваўшы брыгаду стомленых, змораных ад турбот камбайнёраў, але з цяжкасцю выклапатала сабе тройку. А што адчуваў рызыкоўны Аляксандр Пятровіч з яго цыганамі? Наогул, тэма не лезла ні ў якія вароты. Хаця…

Сем гадоў навучання не прайшлі дарэмна. Іх Мазалёў прыгадваў як лепшыя ў жыцці. Менавіта тады ён бліскуча авалодаў малюнкам ды многімі сакрэтамі тэхнікі жывапісу і кампазіцыі. І як вынік — за курсавыя творы быў двойчы ўзнагароджаны грашовымі прэміямі так званага першага разраду: нялішняя матэрыяльная падмога для беднага студэнта. Яму цягам навучання ў вольны час даводзілася працаваць на розных работах, каб мець нейкія грошы на пражыццё, на фарбы, пэндзлі. Стыпендыі ж не хапала, а з дому дапамогі не было…

Але здарылася нечаканае: Аляксандр цяжка захварэў у разгар працы над дыпломам. Адбылася складаная аперацыя на правай кісці, і ў выніку давялося на чатыры месяцы забыцца пра дыпломных цыганоў. Але Дзяржаўная экзаменацыйная камісія, прагледзеўшы сабраны для палатна матэрыял, знайшла магчымым дазволіць студэнту абарону праз год.

У свой час я спытаў Аляксандра Пятровіча, чаму раптам ён абраў такую рэдкую і коўзкую для тагачаснага савецкага выяўленчага мастацтва тэму, як жыццё цыганоў? Ён адказаў, што, па-першае, гэта была прапанова кіраўніка дыплома Рудольфа Фрэнца (ён тады яшчэ прафесарам не стаў), па-другое, Мазалёву тэма была добра знаёмая яшчэ на радзіме. Так, у Віцебскім раёне ў 1927-м у сядзібе Міхалова быў заснаваны першы ў СССР цыганскі калгас “Новае жыццё”, а хутка — і другі, у Жлобінскім раёне. Дый у самім Віцебску ў 1930-я працавала сямігадовая цыганская школа. І наогул, менавіта ў тыя часы ўвага да жыцця савецкіх цыганоў была вельмі значная, з пункта гледжання ідэалагічнага і эстэтычнага: з’явіўся першы ў свеце цыганскі тэатр “Рамэн”, мастацкі фільм “Апошні табар” з Ляляй Чорнай, Мікалаем Мардвінавым і Міхаілам Яншыным, цыганскія часопісы, арцелі, распрацоўвалася нават цыганская пісьменнасць. Словам, тое быў час, калі качавых цыганоў амаль гвалтам імкнуліся “саджаць на зямлю”.

А вось у выяўленчым мастацтве ў гэтым сэнсе мелася “белая пляма”, і, такім чынам, можна лічыць, што беларус Аляксандр Мазалёў быў ледзь не “піянерам” у адлюстраванні жыцця цыганоў ды тых канфліктаў, якія тады адбываліся паміж большасцю качавых цыганоў і цыганоў аселых.

Карціну гэтую я не бачыў нават у рэпрадукцыі: яна кудысьці знікла, мабыць, у час вайны, а можа, дзесьці і сёння “нудзіцца” ў нейкіх музейных фондах. Не ведаю. Але, па словах аўтара, яна ў яго атрымалася, асабліва па трывалым, канструктыўным малюнку ды “экзатычным” каларыце. Як вынік — добрая адзнака. Не выдатная, але добрая: усё ж трошкі збянтэжыла экзаменатараў нязвыклая тэма…

Атрымаўшы дыплом, натхнёны ўдачай Мазалёў у лістападзе 1938 года быў накіраваны на Украіну, у горад Варашылаўград (цяпер — Луганск) на пасаду выкладчыка мясцовага Мастацкага вучылішча. Акрамя педагогікі, ён, канешне ж, шмат займаўся творчасцю. Пісаў пейзажы, нямала працаваў алеем ды акварэллю, таксама зрабіў неблагую серыю малюнкаў з жыцця Тараса Шаўчэнкі, якая адразу ж увайшла ў экспазіцыю Гарадскога мастацкага музея.

Але мастаку доўга тут працаваць не давялося: ужо ў жніўні 1939-га па запрашэнні ўпраўлення па справах мастацтва БССР ён едзе ў Віцебск у якасці выкладчыка жывапісу і малюнка ў Мастацкае вучылішча. Да гэтага часу належаць два варыянты карціны “Гродна. 1939 год”, прысвечанай уз’яднанню заходніх абласцей Беларусі з БССР. Таксама працаваў Мазалёў над палатном “Камкор Сямён Цімашэнка на манеўрах Беларускай ваеннай акругі”, але карціна засталася незавершанай: пачалася Вялікая Айчынная вайна…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"