Іх фольк

№ 45 (1171) 08.11.2014 - 14.11.2014 г

Алена ЛЯШКЕВІЧ, метадыст аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі
Калі вы лічыце, што фальклор у сучасным горадзе — гэта нешта цікавае старэйшаму пакаленню, то, мабыць, маеце на ўвазе Германію. Калі мяркуеце, што фальклорны рух — маладзёжная субкультура, то, хутчэй за ўсё, вам знаёмыя беларускія і польскія рэаліі. Калі з фальклорам у вас асацыююцца дзяржаўныя святы ды вялікія фестывалі на адкрытым паветры, то вы згадваеце Прыбалтыку. У Скандынавіі ж носяць народныя строі на дзяржаўныя і сямейныя ўрачыстасці, але фальклорная музыка не мае велізарнай папулярнасці, як у Літве ды Латвіі. Польскія і шведскія рэаліі прапаную параўнаць на прыкладзе двух фестываляў.

/i/content/pi/cult/503/10823/14-1.jpg

Гурт "Дыічка" з Польшчы мае зусім не аўтэнтычныя строі.

/i/content/pi/cult/503/10823/14-2.jpg

 

 

Гурт "Залаты ўзрост" з Калінкавіччыны.

Ліншопінг

Тут фэст штогод праходзіць у сярэдзіне кастрычніка. Гэта горад з насельніцтвам каля ста тысяч чалавек, цэнтр правінцыі. Арганізуе фестываль мясцовая суполка аматараў фольк-музыкі (такія ёсць амаль у кожным буйным, па шведскіх мерках, горадзе) разам з Інстытутам Эрыка Сальстрома Нацыянальнага цэнтра фольк-музыкі ў Тобу. Апошняя арганізацыя цікавая тым, што названа ў гонар носьбіта фальклору. Эрыка Сальстром (1912 — 1986), музыкант і кампазітар, папулярызаваў у якасці “ўласна шведскага” інструмента нікельхарпу (“арфу з ключамі”). Па-другое, Інстытут — гэта адна з дзвюх недзяржаўных арганізацый у Швецыі, якія маюць статус кансультанта пры UNESCO па нематэрыяльнай культурнай спадчыне. Нагадаем, што ў Беларусі арганізацыя з такім статусам адна — Студэнцкае этнаграфічнае таварыства.

Для імпрэзы абіраюць будынак ці комплекс будынкаў з мноствам памяшканняў, адно з якіх адводзіцца пад танцы, адно — пад глядзельную залу, выступленні вядомых гуртоў. Астатнія памяшканні — камерныя, разлічаныя на невялікую аўдыторыю, ператвараюцца з танцпляцоўкі ў глядзельную залу. Тэрыторыя фестывалю абгароджваецца, пакідаецца толькі адзін уваход.

Білет на два дні каштуе 500 крон (трохі больш за 50 еўра). Гэта нямала нават для шведаў. Але складаецца ўражанне, што добрая палова публікі — самі выканаўцы. Яно і не дзіва, улічваючы, што на сцэне адначасова можа стаяць і два, і дваццаць чалавек, а за час фэсту выступіла каля пяцідзесяці гуртоў.

Па маім досведзе наведвання фестываляў, шведскі фальклорны рух — танцацэнтрычны. Спяваюць гурты мала, нейкіх элементаў тэатралізацыі няма. На імпрэзах, дзе даводзілася бачыць шведскія фольк-гурты за мяжой, таксама ўключалі ў праграму танцы.

Сёлета ў Ліншопінгу было шмат гуртоў з так званых вышэйшых народных школ. У іх чалавек любога ўзросту можа атрымаць дадатковую адукацыю па розных профілях, у тым ліку па мастацтве, рэканструкцыі прадметаў побыту вікінгаў, любым кірунку музыкі і танца. У вышэйшых народных школах моладзь часта рыхтуецца пасля гімназіі да паступлення ва ўніверсітэт пэўнага профілю. Такія “праграмы па інтарэсах” доўжацца найчасцей адзін навучальны год. Практычна ўсе вышэйшыя народныя школы прапануюць таксама “агульны курс”, што дубліруе праграму гімназіі, для тых шведаў, якія з нейкай прычыны не давучыліся ці атрымалі кепскі атэстат (тут школьныя адзнакі ўлічваюцца пад час паступлення ва ўніверсітэт). Вучацца на “агульных курсах” і эмігранты, якія хочуць пацвердзіць дыплом, атрыманы дома, ды здаць дзяржаўны іспыт па шведскай мове. Ансамблі вышэйшых народных школ ужо на другім месяцы навучання выступаюць прыстойна.

Што мяне найбольш здзівіла — на сцэну маглі выйсці пяць-дзесяць чалавек са скрыпкамі, больш ніякіх інструментаў, цэлую гадзіну граць польскі (від танцавальных мелодый), і мне, чалавеку, для якога шведскі фольк “не свой”, слухаць гэта не сумна. У той час як на польскіх фальклорных канцэртах не магу доўга сядзець: рэжуць вуха гэткія “чужыя” спевы і музыка (не кажучы пра тое, што любы фольк у чыстым выглядзе цяжка слухаецца, нават свой, родны). Ад пачатку традыцыйная музыка не разлічана на камунікацыю выканаўца-слухач — усе прысутныя станавіліся ўдзельнікамі. Вось і сучасныя шведы, пакуль музыкі гралі, імкнуліся танчыць, калі была магчымасць. Выступленні пачыналіся а пятай гадзіне вечара і працягваліся да трэцяй ночы, а танцоры ўсё не стамляліся! Фестываль праходзіў два дні. З раніцы ладзіліся майстар-класы па танцах, спевах, ігры на музычных інструментах.

У Швецыі ёсць “старыя” нацыянальныя меншасці, шмат і “новых” (арабы, паўднёвыя і ўсходнія славяне, індусы, афрыканцы, кітайцы). Па меры магчымасці фальклор нацыянальных меншасцей імкнуцца прадставіць на фестывалі, але гэта не з’яўляецца абавязковай умовай яго правядзення. Замежныя гурты звычайна не запрашаюць, хіба суседзяў — датчан і нарвежцаў.

Люблін

Люблін з’яўляецца цэнтрам ваяводства, таму па адміністрацыйнай значнасці яго можна параўноўваць са шведскім Ліншопінгам. Але горад усё ж большы: тут пражывае каля 350 тысяч чалавек. Імпрэзы, што папулярызуюць традыцыйную культуру, ладзяць тры грамадскія арганізацыі, таму фальклорных падзей праходзіць каля шасці на год.

На форум “Старэйшыя песні Еўропы” вольны ўваход. Аднак не ўсе фэсты горада могуць гэтым пахваліцца. “Ягелонскі кірмаш” — так. А вось на “Фальклорных Мікалайках” уваход вольны толькі на дзённыя мерапрыемствы: майстар-класы, канферэнцыю. За вечаровыя ж канцэрты давядзецца плаціць.

Імпрэзы “Старэйшых песень Еўропы” праходзілі ў розных будынках; абгароджанай тэрыторыі, як у Ліншопінгу, не было. Мо таму, што ўваход вольны, мо таму, што няма будынкаў з памяшканнямі для ўсіх відаў мерапрыемстваў. Праграма фестывалю складалася з навуковай канферэнцыі, вечаровых канцэртаў ды начных танцаў. Толькі на танцах гралі не аркестры, як у шведаў, а звыклыя нам невялічкія капэлі.

Этнічных меншасцей у Польшчы шмат. Але на люблінскіх фальклорных фестывалях яны не паказваюцца зусім. Неяк гэта не прынята. Мабыць, у бойкаў, лемкаў і гараляў свае, асобныя, фестывалі. Затое люблінцы арыентаваны на самае шырокае супрацоўніцтва з краінамі ўсходняй Еўропы: на фэсты часта запрашаюць беларусаў, украінцаў, сербаў, літоўцаў, славакаў, венграў.

Сёлета на “Старэйшых песнях Еўропы” побач з польскімі, сербскімі ды ўкраінскімі гуртамі выступілі беларускія бабулі з вёскі Залатуха Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці. У Польшчы знайсці аўтэнтычных спявачак ужо вельмі складана, трохі лягчэй з музыкамі (у Беларусі — наадварот). Таму калінкавіцкіх бабуль віталі горача, пасля выступлення падыходзілі, каб пазнаёміцца ды падзякаваць. Да таго ж у палякаў, як і ў шведаў, гурты-пераймальнікі звычайна не выступаюць у традыцыйных касцюмах. Спецыяльнае сцэнічнае адзенне таксама не выкарыстоўваюць, але дамаўляюцца ўнутры гурта, хто ў чым будзе. Тады глядзіш: у адной спявачкі — чырвоны шалік, у другой — гэтага ж колеру калготкі, у трэцяй — ружа прышпілена... І гурт глядзіцца як адно цэлае. Беларуская постфольк-сцэна ў гэтым плане адрозніваецца: звычайна спявачкі імкнуцца аднавіць рэгіянальныя варыянты строяў.

У Любліне фальклорныя імпрэзы часта прысвячаюцца пэўнаму аспекту традыцыйнай культуры. Напрыклад, арганізатары “Ягелонскага кірмашу” сёлета акцэнтавалі ўвагу на выцінанцы і вяселлі. Тэматыкай жа “Старэйшых песень Еўропы” былі абраны матывы стварэння свету ў традыцыйных песнях. На канферэнцыі выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Ірына Мазюк апавядала пра семантыку тэкстаў беларускіх калядак. Праз слова каляднікі сімвалічна абнаўляюць, ствараюць свет, мадэлюючы жыццё гаспадаркі, куды яны завіталі, на наступны год.

Выканаўцы імкнуліся падбіраць для фестывалю творы адпаведнай тэматыкі. У асноўным матывы стварэння свету сустракаюцца ў каляндарных песнях. Адгалоскі міфалагічнага мыслення назіраюцца і ў больш позніх пластах фальклору, напрыклад, у лірыцы.

Канешне ж, у Польшчы — бліжэйшы нам і больш звыклы фармат фальклорных фестываляў. Але і ў скандынаваў ёсць што пераняць для выкарыстання ў нашых рэаліях.

Фота аўтара

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"