Там, дзе грэкі ішлі ў варагі…

№ 45 (1171) 08.11.2014 - 14.11.2014 г

Іскрынкі з гасцявой кнігі прыватнага вясковага музея
Давялося мне выступіць на навукова-краязнаўчай канферэнцыі, прысвечанай радаводу Лапацінскіх (Сар’я — Лявонпаль, 28 — 29 мая). А летам 1999 г. у Верхнядзвінску праходзіла І Рэгіянальнае свята мастацтваў Прыдзвіння “Дзвіна — Двина — Daugava”. У сваім музеі “насыціў” экспанатамі выстаўку, прысвечаную Янісу Райнісу: паспрыяла гэтаму праца вучоным сакратаром Літаратурнага музея Янкі Купалы. А ў 1999 годзе калегія ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама прысвоіла званне “народны” музею-сядзібе “Хата бабкі Параскі” Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Верхнядзвінскага раёна” — за дасягненні па набыцці і захаванні гісторыка-культурнай спадчыны.

Пра гасцявую кнігу свайго музея Сяргей Панізнік пачаў апавядаць у "К" № 44. Сёння — заканчэнне артыкула і каментарыі экспертаў адносна ўзаемадзеяння дзяржаўных ды прыватных музеяў.

Першыя сустрэчы года двухтысячнага

У пачатку красавіка 2000 года я быў запрошаны ў Шайцераўскую школу на літаратурную вечарыну, прысвечаную творчасці земляка Тараса Хадкевіча. Адтуль у Цінкаўцы ніхто не трапіў, затое 3 красавіка Гасцявая кніга папоўнілася каштоўным запісам: “Тое, што мы пабачылі ў гэтай цудоўнай хаце, у гэтым Музеі, вартае нашых самых дарагіх беларускіх святыняў!!! Тут жыве душа Беларусі, асвечаная любоўю і плёнам гэтай любові, вялікім плёнам! Вечна жыць гэтаму жывому Дому! Галіна Дзягілева (Беларускі паэтычны тэатр “Зьніч”). ”

У маі 2001 года пакінулі аўтографы ўдзельнікі 2-й экспедыцыі па Дзвіне-Даўгаве (капітан Юрый Копасаў з Даўгаўпілса). А 17 чэрвеня Цінкаўцы наведалі Людміла Хмяльніцкая з Віцебска і Вітаўт Ермалёнак з Міёраў — даследчыкі роду Лапацінскіх. Ёсць у мяне здымак, дзе побач з імі стаіць сям’я Лапацінскіх з Сігулды. Вазіў я латыша Рыхарда ў Лявонпаль, каб ён узяў жменьку зямелькі з-пад сцен палаца беларускага Лапацінскага.

Многія старонкі Гасцявой кнігі трэба перакладаць: тэксты напісаны на англійскай, нямецкай, латышскай, літоўскай мовах. Затое японец Косіна Го сам пераклаў уласнае пасланне на рускую і беларускую мовы. А вось такія дзівосныя радкі і перакладаць не варта: “Мы, вокально-хореографический ансамбль из г. Десногорска, очень рады, что есть люди, которые так бережно хранят культурное наследие великого братского белорусского славянского народа. 02.06.2002 г.”. І каля трыццаці расіян падпісаліся пад гэтымі словамі…

У лютым 2003-га ў раёне адзначалі 60-годдзе Асвейскай трагедыі. Я прыехаў з укладзенай мною кнігай народнай памяці “Дзеці вайны”. У тым жа годзе мне было нададзена званне Ганаровага грамадзяніна Асвеі. А 2004-ы зноў быў юбілейным для музея: споўнілася 25 зімаў і летаў з той пары, як я, пераступіўшы парог хаты бабкі Параскі, убачыў прысценны ручнік-абярэг. У вышытых сюжэтах — памяць русалляў ХІ — ХІІ стагоддзяў. Ідыяграма вады — знак з эпохі неаліту. Зырчэлі выявы Берагіні, Вясны-Лады. Гэты ручнік “перанёсся” потым на вокладку майго зборніка “Пры сьвячэньні…”

10 мая 2004-га сябры “Клуба цікавых сустрэч” (кіраўнік — Людміла Гагалінская) весела адзначылі ў Цінкаўцах 25-годдзе музея-сядзібы. Не маркоцілася хатка і ў жніўні таго ж года. Пажадалі “…значных поспехаў у развіцці музея і творчасці аўтара” А.Муха з Еўпаторыі, Л.Абуховіч і М.Абуховіч з Наваполацка, сям’я Мухаў з вёскі Баліны.

У сакральнай хаце

Адчувальным быў дотык ласкі не толькі з Еўпаторыі. Аляксандр Аўсяннікаў і Уладзіслаў Перац у жніўні перадалі паклон з Санкт-Пецярбурга і Ельца: “…Успомнілі карані свае, удыхнулі часцінку беларускай духоўнасці”.

А 5 верасня 2004 г. паэтка Наталка Пазняк з Кіева была зачаравана прыберагам Дзвіны:

…Як смачна пахне хлеб

На ручніку Параскі.

Калі — камін пячэ,

А поруч — добрі друзі,

Размову ткаць лягчэй:

Мы — як чмялі на лузе.

Усе госці былі ўдзячныя Міхасю Скоблу за аўтапрабег па Прыдзвінні, бо змаглі наведаць і яшчэ адзін мой музей — у Лявонпалі…

Доўга самоцілася на стале Гасцявая кніга. З апошніх запісаў просяцца словы пра тое, што 30 верасня 2008 года Л.Лямневіч, В.Фесіна, Р.Бабашка ад імя ўдзельнікаў семінара арганізатараў адукацыі Віцебскай вобласці пажадалі: “…Росквіту музею, цікавых гасцей, натхнення, здароўя, новых плённых сустрэч!”.

Новыя сустрэчы — былі. Былі і перамовы з паважанымі асобамі раёна. Але не было ўхвалена маё памкненне перадаць у дарунак раёну музейную сядзібу, каб было каму апекавацца цікавымі наведвальнікамі, плённымі сустрэчамі на тысячагадовым шляху з грэкаў у варагі.

З ручніком-абярэгам бабкі Параскі святкую 35-годдзе музея і прамаўляю на кужаль: “Берагіня — Вялікая Багіня Маці-Зямля-Карміцелька! Вясна-Лада! Удзячны вам і Уладару Нябёс за асвячэнне абдоймаў з Айчынай, да якой прытуляліся вашыя і мае госці. Не змаркоцімся ў незабыўнасці”.

Сяргей ПАНІЗНІК, паэт, стваральнік музея "Хатка бабкі Параскі. На шляху з грэкаў у варагі"

 

 

Кажуць эксперты

Ларыса ВАЙНОЎСКАЯ, дырэктар Краязнаўчага музея імя І.Д. Чэрскага ў аграгарадку “Валынцы” Верхнядзвінскага раёна:

— “Хатка бабкі Параскі” — музей надзвычай цікавы, бо матэрыял сабраны багаты і грунтоўны. Мне, да прыкладу, усё вельмі спадабалася. Тут выснова, падаецца, адзіная: чым больш музейных устаноў у краіне, тым лепш. І якая розніца, дзяржаўныя яны ці прыватныя? Адну справу робім, урэшце. Таму дзяржава павінна ўвагу звяртаць і на прыватныя праекты.

На мой погляд, “Хатку бабкі Параскі” трэба крышачку добраўпарадкаваць, каб больш выгадна прэзентаваць кожны з экспанатаў — менавіта з прафесійнага пункта гледжання. Усё ж шаноўны Сяргей Панізнік — не музейшчык, а паэт. Урэшце, чым адметнае дзяржаўна-прыватнае партнёрства? Узаемавыгаднай зацікаўленасцю!..

Аляксей МІЦЮКОЎ, дырэктар Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея:

— Як я стаўлюся да прыватных музеяў? Калі чалавек, згодна з Законам аб музеях і Музейным фондзе, мае калекцыю прадметаў музейнага значэння, якую ён гатовы экспанаваць, і можа стварыць усе ўмовы для яе захавання ды аховы, створыць надзейнае фондасховішча, калі памяшканні адказваюць інструкцыйным патрабаванням, а канцэпцыя прыватнай экспазіцыі — нестандартная і прывабная для ўсіх, калі ўсё гэта мае месца — я за такія музеі галасую абедзвюма рукамі! Чаму б, сапраўды, і не?..

У Брэсцкай вобласці такіх праектаў пакуль няма. Але я гатовы прадаставіць любому ахвотнаму грунтоўную метадычную дапамогу. Паўтаруся, што ўмова для нашага ўзаемадзеяння адзіная: годная, цікавая ды карысная канцэпцыя будучага музея…

Алена НОВІКАВА, дырэктар Чачэрскага гісторыка-этнаграфічнага музея:

— Дзяржаўны і прыватны музеі павінны быць не канкурэнтамі, а партнёрамі. Лічу, што прыватныя музеі павінны з’яўляцца. Хаця б з той нагоды, што прыватныя калекцыі на сёння вельмі запатрабаваны. Вось і пункт сутыкнення інтарэсаў. Наша ўстанова, напрыклад, пастаянна супрацоўнічае з прыватнымі калекцыянерамі, з гатоўнасцю прадастаўляе для іхніх экспазіцый свае плошчы.

Не кожны з такіх аматараў цікавостак пакуль ідзе на кантакт. Нават грошы іншым разам абяцаем, але камусьці сорамна, а хтосьці проста не хоча падобнай незвычайнай рэкламы. Калі ж удаецца прыцягнуць такога прыватніка да супрацоўніцтва, то прэзентацыя ягонай калекцыі заўжды становіцца музейнай удачай!..