Па дзевяці маршрутах

№ 45 (1171) 08.11.2014 - 14.11.2014 г

Цяжка сказаць, якім было б жыццё ў аддаленых і маленькіх населеных пунктах нашага раёна без, напрыклад, аўтакрамы, перасоўнай пошты… А што рабіць, калі хочацца пачытаць новую кнігу, пагартаць часопіс, а бібліятэкі паблізу няма? У такіх выпадках жыхарам Маларытчыны на дапамогу прыходзіць бібліобус, або, як яго яшчэ называюць, бібліятэка на колах. Без яе вясковы побыт цяпер ужо і ўявіць цяжка.

/i/content/pi/cult/503/10818/10-1.jpg

Бібліятэкар бібліобуса Наталля Ківачук прапаноўвае Варвары Сай з вёскі Добрае кніжныя навінкі.

Па словах бібліятэкара перасоўкі Наталлі Ківачук, аўтабібліятэка-філіял Маларыцкай ЦБС абслугоўвае 23 населеныя пункты: гэта 341 чытач, з іх 48 — дзеці. Звычайна бібліобус выязджае ў рэйс тры разы на тыдзень. Распрацаваны і зацверджаны графік дзевяці маршрутаў руху. У 22 вёскі раёна перасоўка заязджае раз на месяц, а вось у Сушытніцу — два разы. Асноўная прычына, як тлумачыць Наталля Ківачук, у тым, што там пражывае амаль 400 чалавек, многія з якіх з’яўляюцца актыўнымі чытачамі. Нарасхват ідуць кнігі і ў вёсках Нікольская, Горы. Штомесяц кнігавыдача вагаецца ў межах ад 700 да адной тысячы экзэмпляраў. У фондзе бібліобуса — 2 750 кніг. Таксама перасоўная бібліятэка выпісвае 21 часопіс, 4 з іх — для дзяцей.

Попытам карыстаецца літаратура духоўнай тэматыкі, замежныя раманы, творы класікаў беларускай і рускай літаратуры. Для зручнасці чытачоў прадугледжана паслуга “Кніга пад заказ”. Можна замовіць неабходную кнігу і ў наступны раз атрымаць яе. Большую частку сваіх чытачоў бібліятэкар бібліобуса абслугоўвае дома, бо па стане здароўя ці з прычыны занятасці многія з вяскоўцаў не могуць падысці да месца стаянкі бібліятэкі на колах.

Нядаўна мы разам скіраваліся па маршруце Вотчын — Добрае — Перавое. У першай вёсцы мы затрымаліся ненадоўга. Быў будні дзень. Вяскоўцы жылі сваімі восеньскімі клопатамі, таму чытачоў прыйшло мала. А вось ў Добрым знаходзіліся столькі часу, колькі прадугледжваў графік. Бібліобус, праязджаючы па вёсцы, гучна сігналіць і спыняецца пасярод вуліцы. Адной з першай абмяняць кнігі падыходзіць Варвара Сай. У свае 75 гадоў яна актыўная чытачка.

Праз некалькі хвілін да бібліобуса з падворкаў пацягнуліся і іншыя вяскоўцы. Наталля Міхайлаўна добра ведае “кніжныя” густы сваіх чытачоў, таму адразу прапаноўвае патрэбную літаратуру.

У Перавым перасоўная бібліятэка таксама затрымалася надоўга. Наталля Ківачук адразу называе адрасы, куды неабходна заехаць абавязкова.

…Многія вяскоўцы прызналіся, што каб не заязджаў да іх бібліобус, дык, верагодна, яны і не чыталі б кнігі, а каб і чыталі, то рэдка ды мала…

Мікалай НАВУМЧЫК

Фота аўтара