Які “Індэкс празрыстасці”?

№ 45 (1171) 08.11.2014 - 14.11.2014 г

У Гомелі прадстаўлена шкляная канцэптуалістыка
Індэкс празрыстасці акрэсліваецца градусам адкрытасці і шчырасці соцыуму. Ён выступае катэгорыяй меры балансу і дысбалансу, напоўненасці і пустэчы, названага і ўяўнага. Гэтай жа мерай вымяраецца сусвет у мастацтве шкла. Шкло — амаль адзіны прыродны матэрыял, здольны адкрываць прыхоўваючы, даючы магчымасць дакрануцца — нават без тактыльнага дотыку.

/i/content/pi/cult/503/10813/9-3.jpg

 

 

Іў Ліль. "Форма 1".

/i/content/pi/cult/503/10813/9-5.jpg

 

На першым плане — цыкл работ "Супрэматычны сняданак".

10 кастрычніка ў гомельскай Карціннай галерэі Гаўрылы Вашчанкі адбылося адкрыццё выстаўкі “Індэкс празрыстасці”, на якой былі прэзентаваны ўнікальныя шкляныя аб’екты: не нейкія там шклянкі/вазы/талеркі, а паўнавартасныя канцэптуальныя выказванні дваццаці розных мастакоў. Удзельнікамі праекта сталі вядучыя замежныя творцы, а таксама прадстаўнікі айчыннай “шкляной супольнасці”: сталыя прафесіяналы і студэнты.

Мы пастараліся прадставіць гомельскаму гледачу самыя цікавыя, на наш погляд, еўрапейскія імёны. Зорка першай велічыні на выстаўцы — унікальны мастак з Прагі Іржы Шугаек, маг гутнага выдзімання. Жанчыны і птушкі натхняюць яго на “шаманскія танцы” каля шкляной печы. І трэба бачыць, як віртуозна Іржы валодае трубкай для выдзімання: гэта сапраўды тэатральнае дзейства! На мяжы магчымасцей ды фізічных уласцівасцей матэрыялу мастак застаецца спакойным, ствараючы шэдэўры, якія наўрад ці хтосьці зможа паўтарыць. У экспазіцыі ёсць адна з яго “Птушак”, і “Жанчына” таксама маецца.

Побач — работы нашых сяброў з суседняй Літвы: выкшталцоная “Ледзяная кветка” Рэмігіуса Крукаса — слыннага ўладальніка прыватнай шкляной студыі “GlassRemis” з Панявежыса. І “Ачаг” яго жонкі Індрэ Стулгайтэ-Крукіенэ — вельмі глыбокі і філасафічны твор, што апелюе да сімволікі “духу хаты”, абярэга і сямейнай цеплыні. Рэмігіус ды Індрэ эксперыментуюць з ліццём гарачага шкла на драўляную фактуру альбо ў пясчаную форму, і атрымліваецца тое ў іх вельмі па-рознаму, але — выключна выразна.

Па-добраму “звесці з глузду” глядацкае ўспрыняцце здольныя аптычныя экзерзісы Іва Ліля — мастака з эстонскага Таліна: яны выкананы звычайна ў тэхніцы ф'юзінгу, або склейкі. “Індэкс” не ўтрымлівае выключэнняў: “Піраміда” і “Форма-1” — найлепшыя і характэрныя з твораў Іва.

Вядомы фінскі дызайнер і мастак Веса Варэла таксама прадстаўляе цікавыя супастаўленні класічна-вытанчаных тэхнік шкла ды інертных матэрыялаў скульптуры (“Цвіль на хлебе”) і паўсядзённасці (“Карал”).

“Сыны гаспадара В” — такую назву мае выклік: гаворка пра чырвоны бліскучы аб’ект мастака з Нідэрландаў Эда ван Дэйка. Ён дэманструе сваё захапленне модульнымі структурамі, бо тэхналагічна шкло абмежавана параўнальна невялікімі памерамі, і выйсце менавіта ў тым, каб ствараць з мноства невялічкіх модуляў вялікія аб’ёмы. Гэтая работа — пра чалавечае цела; яна, адна з шасці іншых, адносіцца да розных яго частак. Каб зразумець, што мае на ўвазе мастак, трэба ўявіць гэтыя крывава-чырвоныя рыскі ў момант, калі яны фіксуюць вашу ўласную шыю. Так-так, менавіта пра яе вядзе гаворку мастак.

Твор датчаніна Марыі Банг Ісперсан не мае назвы, але нешта безумоўна даносіць. Марыя даследуе межы пластычных магчымасцей шкла, эксперыментальна “спазнае” яго характар. Дадзены аб’ект — усяго толькі фрагмент, фаза працэсу намотвання гарачага шкла, якое льецца тонкай ніткай, амаль павуціннем, на маналітную яго порцыю. Мастачку цікавіць выключна энергія працэсу-дзеяння і нічога больш. Дэкаратыўныя ўласцівасці шкла быццам прынцыпова не трапляюць у фокус яе увагі.

На такім высокім міжнародным узроўні беларускія мастакі выглядаюць цалкам годна. Працэсы развіцця айчыннага канцэптуальнага шкла сінхранізаваны з сусветнымі. Прыкладам гэтаму — творы айчынных аўтараў. Так, “Уздых” Вольгі Сазыкінай — бадай, першая канцэптуальная работа ў беларускім шкларобстве, створаная ў 1984 годзе. Аб’ём чалавечых лёгкіх, празрыстая “бурбалка” са следам далоні — бесцялеснае тонкае шкло, якое абмяжоўвае сабой фазу жыцця арганізма — уздых.

Іншыя беларускія творы — больш сучасныя і не менш цікавыя. Феерверк шкляных ідэй ды тэхналогій дэманструюць маладыя мастакі Барысаўскага крыштальнага завода і шклозавода “Нёман” Дар’я Ціхая і Ганна Аляксейчык, Анатоль Калугін, які працуе са шклопадобнымі глазурамі, а таксама — студэнты кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, многія з якіх, між іншым, родам з Гомельшчыны, дзе і дэманструецца “Індэкс…”: Кацярына Крыштопік, Марыя Анціпава, Юлія Баброва, Дар’я Золатава, Віялета Кір’янчык, Хрысціна Ракіцкая, Марыя Сядова, Мар’яна Валодзіна, Яна Цярэшчанка і Яна Сычова. Да экспазіцыі таксама дададзены колькі апошніх прац куратараў.

Кожная работа, прадстаўленая ў рамках “Індэксу празрыстасці”, — унікальны, магчымы толькі ў шкле твор мастацтва — персаналізаваны міні-сусвет. Каб яго зрабіць, кожны з мастакоў выбірае сваю аўтарскую тэхналогію, тэхніку ды форму. І, у рэшце рэшт, — асабістыя межы празрыстасці — жыцця і матэрыялу. Варта прыйсці ў Галерэю Вашчанкі да 16 лістапада, каб судакрануцца са шклянымі разнастайнасцямі, здзівіўшыся іх колькасці, а магчыма, і разгледзець праз шкло ўласныя жаданні ды памкненні…

Павел ВАЙНІЦКІ, Алена АТРАШКЕВІЧ-ЗЛАТКАВІЧ, куратары выстаўкі