“Тата” прыйшоў

№ 45 (1171) 08.11.2014 - 14.11.2014 г

“Тата” — так назвалі новы спектакль у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы паводле п’есы Дзмітрыя Багаслаўскага “Ціхі шоргат сыходзячых крокаў” (у новым перакладзе — “Ціхі шолах развітальных крокаў”).

/i/content/pi/cult/503/10812/9-1.jpg

Сцэна са спектакля "Тата". / Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

Адкрытая заслона дапамагае гледачу настроіцца на “танальнасць” спектакля яшчэ да яго пачатку. Купка свежавыкапанай зямлі, дзве лапаты, лесвіца ў неба, незразумелая чорна-белая пляміна, спраецыраваная на заднік (ці то гэта скажоныя абрысы Беларусі, ці то нейкі згустак касмічнага пылу, а мо і наша ўяўленне пра выгляд-прывід душы) — размова пойдзе пра жыццё і смерць, зямную рэальнасць і духоўныя сферы. Насцярожвае хіба тое, што калі заснаваная на прадметах-сімвалах сцэнаграфія захаваецца да канца спектакля, дык можа і надакучыць. Ажно не! Адметнасць пастаноўкі — у руху элементаў, на якім пабудавана ўся дзея. Рух пачынаецца з праекцыі: пляміна разрастаецца, захопліваючы не толькі заднік, але і бакавыя панэлі-“ралеты”. Набліжаючыся, тая пляма аказваецца варонкай калодзежа, у які мы быццам зазіраем зверху ўніз (відэарэжысёр і адначасова кампазітар — Мацвей Сабураў). А сам калодзеж, што вырасце з-пад зямлі, стане адным з асноўных сімвалаў п’есы ды спектакля, асацыюючыся і са скарбонкай мудрасці, і з жыватворнай крыніцай. Нават калодзежнае вядро ў пэўныя моманты выступіць “у ролях” і “чорнай дзіркі”, дзе знікаюць грошы, і звона (маўляў, час прабіў).

Спалучэнне некалькіх ракурсаў (збоку-зверху, звонку-знутры ды іншых), дадзенае не мантажом, як у кіно, а адначасова — праз бачнае гледачу сцэнічнае дзейства і яго відэавыяву, трывала замацавалася ў сучасным тэатры ў самых розных варыянтах. Таму можна толькі вітаць з’яўленне гэтага прыёму на галоўнай драматычнай сцэне краіны. Прыкметай сучаснасці сталі і іншыя сцэнаграфічныя цікавосткі, асабліва — нячутныя перамяшчэнні па сцэне “подыумаў” з мэбляй ды героямі. “Састыкаваўшыся” ў хатні інтэр’ер, яны раптам, як толькі ўпершыню прагучаць словы пра продаж дома, ад’едуць у супрацьлеглыя бакі. І тая шчыліна міжволі выкліча паралелі з купалаўскім “Раскіданым гняздом”.

Сцэнаграфічнае рашэнне Барыса Герлавана становіцца самым, бадай, моцным складнікам спектакля, прытым што акрамя мастацкай функцыі выконвае, яшчэ і “рэкламную”, дэманструючы багатыя тэхнічныя магчымасці адрамантаванай і нашпігаванай сучасным абсталяваннем сцэны (пакінем “за дужкамі” некаторыя тэхнічныя накладкі, калі артыстам даводзілася самім рухаць “спынены матор” ці падымаць перакулены камод: любыя механізмы, хай і на радыёсігналах, як у дадзеным выпадку, патрабуюць вельмі ўважлівага стаўлення і часам могуць псавацца). Убачанае пераконвае, што ў гэтым тэатры можна ставіць самыя неверагодныя спектаклі для дзяцей — ад “Алісы ў Краіне цудаў”, заснаванай на пастаянных пераўвасабленнях герояў ды “карагодзе” рэчаў, да якога-небудзь “крутога” нацыянальнага фэнтазі пра тыя ж пошукі папараць-кветкі. І ўвогуле — для рэжысёраў на гэтай сцэне няма немагчымага, трэба толькі “ідэю закінуць” ды з канцэпцыяй вызначыцца.

На жаль, апошні пункт у спектаклі відавочна “прабуксоўвае”. Справа яшчэ і ў тым, што Кацярына Аверкава даўно паспела зарэкамендаваць сябе ўдумлівым, крэатыўным пастаноўшчыкам, таму ўсе чакалі ад яе не звыклай “шараговай” прэм’еры, а сапраўднай мастацкай з’явы. Абавязваў да гэтага і ўзровень Міжнароднага форуму тэатральнага мастацтва “TэART” з неверагоднай "Чайкай" у пастаноўцы О.Каршуноваса, бо прэм’ера “Таты” закрывала гэты фэст. Нарэшце, абавязваў і зварот да п’есы, якую год таму, таксама ў рамках “TэARTа”, увасобіў у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі малады кыргызскі рэжысёр Шаміль Дыйканбаеў. Таму, зразумела, чакалася, што новая сцэнічная версія будзе на парадак вышэйшай за ранейшую. І не толькі праз іншы беларускамоўны пераклад, зроблены Ірынай Герасімовіч. Няўжо змена назвы перашкодзіла? Маўляў, як карабель назавеш...

Назва, вядома, ні пры чым. Але цяперашняя — “Тата” — адлюстроўвае не толькі пазбаўленне аповеду некаторай містыкі (у Купалаўскім п’еса падкарочана), але і найлепшым чынам адпавядае размеркаванню акцёраў. У цэнтры спектакля аказваецца не Аляксандр (Раман Падаляка, Сяргей Рудэня), чыімі вачыма мы глядзім большую частку дзеяння, а ягоны бацька. Генадзь Аўсяннікаў становіцца ў гэтай ролі своеасаблівым камертонам пастаноўкі, задаючы папраўдзе “чысты” тон абсалютна натуральнага сцэнічнага існавання і маўлення. На яго фоне ледзь не ўсе астатнія артысты, за выключэннем хіба невялічкіх роляў Наталлі (Зоя Белахвосцік) і Юрасіка (Мікалай Кучыц), успрымаюцца гэткім “фальшам”. Нават таленавіты Раман Падаляка, не шкадуючы патэтыкі, працягвае іграць тут сваіх ранейшых рамантычна-ўзнёслых герояў. Дый адкрыта сатырычныя, на мяжы пародыі-шаржу, п’яныя выкрунтасы Зіны (Вольга Няфёдава) выглядаюць “пераносам” на глебу псіхалагічнага тэатра элементаў камедыі масак, якой апошнім часам купалаўцы прытрымліваліся часцяком. Які ўжо тут шэпат-шолах? Які, прабачце, “сон у 2-х дзеях”? Усё — гучна, “шырокім мазком”, без той нервова-кранальнай трагічнасці, якой год таму скарыў РТБД. Але галоўнае — калі чытаць п’есу больш цікава, чым глядзець спектакль, дык... пры чым тут тэатр?

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"