Хто ўсё лепшае прыдумаў за нас?

№ 45 (1171) 08.11.2014 - 14.11.2014 г

Мікалай Шкут: мастак, улюбёны ў прыроду
Карціны Мікалая Шкута, дацэнта кафедры выяўленчага мастацтва мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава, вядомыя не толькі віцебскім аматарам жывапісу. Работы мастака неаднаразова экспанаваліся ў сталіцы нашай рэспублікі, Расіі, Польшчы, Эстоніі, Германіі, Ізраілі, Вялікабрытаніі. Многія нашы суайчыннікі і грамадзяне суседніх краін могуць пахваліцца тым, што папоўнілі свае прыватныя калекцыі яго жывапіснымі акварэлямі.

/i/content/pi/cult/503/10811/8-1.jpg

Мікалай Шкут. "Лясное возера".

Летам гэтага года Мікалай Мікалаевіч адзначыў сваё 70-годдзе, а ў кастрычніку з гэтай нагоды прэзентаваў на родным факультэце юбілейную выстаўку. На ёй былі прадстаўлены лірычныя пейзажы, нацюрморты і партрэты родных. Амаль усе карціны напісаны за лета, бо мастак лічыць, што акварэлі павінны стварацца хутка: толькі так можна захаваць свежасць фарбаў, дасягнуць неабходнага колеравага эфекту і пазбегнуць паправак.

— Я ўжо не першы год пішу без палітры, — зазначае Шкут. — Шукаю патрэбны колер адразу на паперы, практыкуючы тэхніку “па-мокрым”. Даволі рэдка пішу з натуры, не часта раблю эскізы. Відаць, у мяне настолькі фатаграфічная памяць, што я магу, седзячы ў майстэрні, маляваць краявіды па памяці, прычым зіму магу пісаць улетку — і наадварот…

На малюнках мастака кожны віцябчанін можа знайсці свой любімы куток Прыдзвінскага краю. Тут і азёры Лосвіда ды Вымна, і гарадскі пейзаж, і лужаснянскія краявіды... Прычым прырода ў мастака атрымліваецца пранізліва-тонкай і ў той жа час жыццесцвярджальнай ды маляўнічай.

— Я заўсёды запэўніваю сваіх студэнтаў, што не трэба нічога выдумляць, — падкрэслівае Шкут. — Дастаткова проста паглядзець навокал: прырода ўсё лепшае ўжо прыдумала за нас. Я наогул лічу, што толькі ў прыроды можна навучыцца фарбам ды сапраўднаму адчуванню колеру і святла…

Сапраўды, захапленне колерам бачнае ў кожнай карціне юбіляра. Цікава, што лета і зіму Мікалай Мікалаевіч амаль не малюе, аддаючы перавагу пераходным порам года — вясне і восені, калі можна паказаць прыгажосць прыроды ва ўсёй яе разнастайнасці.

Самабытна выглядаюць і нацюрморты мастака: тут не ўбачыш нязвыклых воку рэчаў, — толькі ўсім вядомыя прадметы побыту, лугавыя кветкі, садавіну, грыбы. Бо галоўнае прызначэнне творцы, — на яго думку, — адкрываць прыгажосць ды каштоўнасць паўсядзённага свету.

Гэта Мікалай Мікалаевіч і даводзіць сваім студэнтам, у якіх выкладае такія дысцыпліны, як малюнак, кампазіцыя і акварэльны жывапіс. Гэтая думка скразной лініяй праходзіць і праз усе навуковыя працы ды навучальна-метадычныя дапаможнікі, у розныя гады напісаныя ім. Больш чым за сорак гадоў працы выкладчыкам (а з 1980-га па 1985-ы — дэканам мастацка-графічнага факультэта) Мікалай Шкут паспеў выхаваць не адно пакаленне аматараў акварэлі — тых, хто, як і ён, бачыць вачыма і адчувае сэрцам прыгажосць беларускай прыроды…

Алеся ДУБРОЎСКАЯ

Віцебск