Не “Доктар Хаус”

№ 45 (1171) 08.11.2014 - 14.11.2014 г

Пра павелічэнне нараджальнасці праз кіно
Дэмаграфічнае пытанне — адно з вострых. Самых актуальных, так бы мовіць. У эпоху “асабістага росту” ды “персанальнага поспеху” і ў грамадзян, і ў грамадзянак, на жаль, часу на нараджэнне, а тым больш — на выхаванне дзяцей, застаецца не так і шмат. У пагоні за фінансавым дабрабытам ды жыццёвым камфортам сучасны чалавек вельмі часта грэбуе самым важным з таго, для чаго яго прызначыла прырода. Тое, што і бацькоўства, і мацярынства прыносяць галоўную радасць у жыцці, многія, асабліва маладыя, пачынаюць разумець не адразу, часам занадта позна.

Практычна ва ўсіх развітых краінах (у тым ліку і ў Беларусі) існуюць спецыяльныя праграмы па павелічэнні нараджальнасці. Але акрамя матэрыяльных выгод адным са складнікаў з’яўляецца прапаганда нараджальнасці і сямейнага ладу жыцця. Зразумела, у сучасным інфармацыйным грамадстве, дзе кіруе балем мас-культура, заклікі “больш нараджаць” у выглядзе тэлевізійных ролікаў ды прыдарожных бігбордаў выглядаюць, па меншай меры, наіўна. А вось магчымасці такога, здавалася б, састарэлага выгляду мас-медыя, як кінематограф, аказваецца, да гэтага часу працуюць безадмоўна.

Свежы прыклад. У кінатэатрах Мінска які тыдзень з вялікім поспехам ідзе фільм “Суддзя”. Тыпова амерыканская гісторыя з усім наборам галівудскіх штампаў апавядае аб паспяховым адвакаце, які ў маладосці збег у буйны мегаполіс, а цяпер вырашыў вярнуцца ў родную глыбінку, каб быць разам са сваімі... Уласна, матыў вяртання ў сям’ю, усведамлення таго, што самае галоўнае багацце ў ёй — гэта дзеці, прысутнічае ў кожнай другой стужцы “Фабрыкі мрояў”. І не таму, што заакіянскія прадзюсары выконваюць рашэнні органаў улады (хоць пэўны лабізм нацыянальных інтарэсаў нязменна прысутнічае ў прадукцыі кожнай буйной галівудскай кампаніі). А таму, што на сямейна-дзіцячую тэму існуе грамадскі попыт. Прычым нават у самых маладых грамадзян, што складаюць асноўную аўдыторыю кінатэатраў.

Зразумела, айчынныя кінематаграфісты зусім не супраць сем’яў і дзетараджэння. Але вось выказацца пра гэтыя праблемы таленавіта ўмеюць толькі асобныя творцы. Напрыклад, аўтары чарговага праекта Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” “Вой, мамачкі!..”, праца над якім пачалася амаль два гады таму. Зараз гэты 12-серыйны фільм завершаны, але ён пакуль не з’явіўся на айчынным тэлеэкране, хоць першыя дзве серыі ўжо былі паказаны на рускамоўных кабельных каналах у розных краінах і атрымалі выключна станоўчыя водгукі. Пасля тых першых паказаў карціна імгненна з’явілася ў Інтэрнэце і займела ўжо сусветную аўдыторыю.

“Надзіва добры, станоўчы, сямейны, хатні фільм, ад якога павявае ўтульнасцю і клопатам...” (Лілія, Украіна). “...Вялікі дзякуй прадзюсару, што не ператварыў стужку ў чарговы клон “Доктара Хауса”, а пакінуў яе простай, без мудрагелістых паваротаў, з прыгожым фіналам, які дае надзею ўсім героям гэтага фільма, дый тым, хто марыць зведаць мацярынства!..” (Вольга, Ізраіль). “...Гэты серыял абавязкова знойдзе свайго гледача. І гэтым гледачом, паверце, будуць не толькі будучыя парадзіхі. Я, маці дваіх дзетак, з задавальненнем буду яго глядзець. А яшчэ хацелася б, каб яго паказвалі ў радзільнях, каб будучыя матулі не баяліся ісці на роды, бо пасля болю і пакут будзе такі жаданы і доўгачаканы ЦУД!..” (Лідзія, Запарожжа).

Эмацыйныя, немудрагелістыя, але такія важныя для беларускага кіно станоўчыя водгукі ад незаангажаваных гледачоў! Будзем аб’ектыўнымі, у апошні час айчынныя стужкі такую ацэнку атрымліваюць нячаста. А тут — адразу шмат і выключна ў найвышэйшай ступені. Што ж, усіх датычных да стварэння гэтага фільма можна сапраўды павіншаваць з творчым поспехам! Для рэжысёра Івана Паўлава ды сцэнарыстаў Юліі Ляшко і Людмілы Перагудавай ён, праўда, не першы. Але ў дадзеным выпадку больш чым важкі: такіх тэлевізійных праектаў на Нацыянальнай кінастудыі пакуль не рабілі. “Вой, мамачкі!..” — сапраўднае тэлевізійнае кіно, менавіта таго фармату, што цяпер найбольш запатрабаваны тэлеканаламі ды гледачамі ўсяго свету. Дванаццаць серый — дванаццаць паўнавартасных гісторый, у кожнай з якіх героі шукаюць і знаходзяць сваё шчасце. Звязаны ўсе гісторыі галоўнымі героямі — супрацоўнікамі аддзялення паталогіі аднаго з радзільных дамоў у вялікім горадзе, у якім адгадваецца наша сталіца. Урачы і пацыенты, сваякі і калегі, юныя і досведчаныя — усе аб’яднаны адной маючай адбыцца падзеяй: з’яўленнем на свет новага Чалавека…

Лішне казаць, што фільмаў, асабліва тэлевізійных серыялаў, на тэму родаў і мацярынства апошнім часам выходзіць нямала. Але ў дадзеным выпадку сюжэт пабудаваны вакол спецыялізаванага аддзялення, у якім будучыя мамы ў чаканні дзіцяці ляжаць на так званым захаванні. Беларуска-расійская стужка (створаная сумесна з маскоўскімі прадзюсарамі) “Вой, мамачкі!..” вылучаецца сваім мастацкім узроўнем, арыгінальным сюжэтам і цудоўнай ігрой акцёраў. Сваю ролю адыграў і той факт, што карціна здымалася ў адпаведным аддзяленні 5-й мінскай клінічнай бальніцы, персанал і пацыенты якога “сыгралі” саміх сябе.

Зразумела, асноўныя ролі выканалі прафесіяналы. Для актрысы тэатра і кіно Веры Паляковай галоўная роля загадчыка аддзялення Веры Міхайлаўны стала значным творчым дасягненнем. Іх дуэт з Ігарам Сіговым атрымаўся неверагодна суладным і, мабыць, самым цікавым ва ўсёй карціне. Не менш важную па значнасці ролю ўрача ў фільме бліскуча сыграў папулярны расійскі серыяльны акцёр Аляксандр Макагон. Цікавых герояў увасобілі ў стужцы беларускія акцёры Міхаіл Зуй, Марына Дзянісава, Таццяна Чардынцава, Святлана Зелянкоўская, Алеся Пухавая, Святлана Нікіфарава, Таццяна Каліх, Вольга Скварцова. Спіс можна доўжыць: арыгінальная сюжэтная схема карціны дазволіла сыграць невялікія, але вельмі яркія вобразы вялікай колькасці выдатных выканаўцаў. Заўважна “засвяціліся” ў ёй зоркі расійскага кіно Сяргей Астахаў і Сяргей Чанішвілі. Ролю “бабулі з народу” — вясёлай і па-народнаму мудрай санітаркі — атрымала вядомая па сіткаме “Мая цудоўная няня” маскоўская актрыса Аляксандра Захарава.

Для шматвопытнага Івана Паўлава “Вой, мамачкі!..” сталі цудоўнай нагодай праверыць не толькі свае творчыя, але і арганізатарскія здольнасці: здымкі праходзілі ў не самых простых умовах. Але ў выніку беларускі рэжысёр не проста справіўся з вытворчымі ды прыроднымі цяжкасцямі, але і зняў, мабыць, свой самы лепшы фільм. Узятая аўтарамі ў самай першай серыі інтанацыя — цёплая і адкрытая — застаецца да самага фіналу і сагравае любога гледача, а не толькі таго, для якога, па ідэі, прызначаны стужкі “пра раддом”. Шмат у чым гэта заслуга аператара карціны Вячаслава Дунаева, чыя прафесійная работа ў фільме цалкам вартая вялікага экрана.

Увогуле, “Вой, мамачкі!..” — карціна, якая абавязкова павінна ўбачыць экран бліжэйшым часам: свой зацікаўлены глядач ёй гарантаваны. І не толькі з катэгорыі, якая аддае перавагу “мыльным операм”. Гэтым разам Нацыянальная кінастудыя зрабіла якасную меладраму, паўнавартасны камерцыйны прадукт, здольны пры правільным падыходзе і ўмелым маркетынгу прынесці годны прыбытак. Ну а для многіх гэты фільм, упэўнены, стане калі не прамым заклікам палепшыць дэмаграфічную сітуацыю ў сваёй сям’і, то вельмі добрай нагодай яшчэ раз прызнацца ў любові сваім родным ды блізкім.

На адным з кінафорумаў у Сеціве глядачка з украінскіх Чаркасаў напісала: “Добры фільм! Але чамусьці ўсе стужкі, якія я гляджу, патрабуюць працягу. І гэтая — не выключэнне...”

Працягу фільма, працягу Сям’і, хочацца дадаць...