Заззялі зорачкі

№ 8 (826) 23.02.2008 - 29.02.2008 г

21 лютага ў Малой зале Палаца Рэспублікі адбыўся традыцыйны справаздачны канцэрт стыпендыятаў, дыпламантаў і лаўрэатаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Яго арганізатарамі, як заўсёды, выступілі Міністэрства культуры краіны, спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і Цэнтр па рабоце з таленавітай моладдзю Беларускага дзяржаўнага інстытута праблем культуры.

Нумары канцэрта атрымаліся “рознакаляровымі” па відах і напрамках мастацтва, але аднолькава высокімі па сваім узроўні. Адметнасцю справаздачы стала і тое, што ў сталіцу з’ехаліся юныя таленты з усіх рэгіёнаў. Так, Гомельшчына была прадстаўлена танцавальнымі калектывамі — гэта народная балет-студыя сучаснага танца “Alexis” з Мазыра і ўзорны ансамбль народна-сцэнічнага танца “Золак” з Гомеля. Брэст даслаў узорную капэлу хлопчыкаў і юнакоў, Магілёўская гімназія-каледж мастацтваў — ансамбль цымбалістак, Лідскае музычнае вучылішча — трубача Міхала Юрэвіча, Віцебскае вучылішча імя І.Салярцінскага — піяніста Уладзіслава Сярпінскага. Выступілі эстрадны аркестр Салігорскай ДШМ, народны аркестр баяністаў і акардэаністаў “Лад” Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Сапраўдныя вяршыні прафесійнага майстэрства прадэманстравалі знакамітая флейтыстка Таццяна Кармазінава, кларнетыст Дзмітрый Ярацэвіч (абое — студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі), будучая зорка Беларускага балета Марына Парамонава, якая пакуль вучыцца ў нашым харэаграфічным каледжы.

Упрыгожылі канцэрт і эстрадныя спевы, прычым “у розных узроставых групах”. Прыемна было даведацца, што, акрамя братоў Калдуноў, спецыяльным фондам Прэзідэнта падтрыманы саліст Маладзёжнага тэатра эстрады Аляксандр Заўгародні, адзін з удзельнікаў новага складу “Верасоў”. А акрамя Ксені Сітнік, Вольгі Сацюк і Андрэя Кунца хутка, трэба спадзявацца, заззяе зорачка навучэнца Аршанскай дзіцячай школы мастацтваў № 1 Канстанціна Тэўрызава.