Пра тых, хто “даязджае” — і застаецца

№ 45 (1171) 08.11.2014 - 14.11.2014 г

“Няхай будзе “Ленінкай”: кансерватызм бібліятэкі — толькі ў назве
На пытанні “К” адказвае новы дырэктар Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І. Леніна Марына РАФЕЕВА. З ёй мы пазнаёміліся на II Міжнародным кангрэсе “Бібліятэка як феномен культуры”. Марына Сяргееўна прыехала ў Мінск, каб распавесці калегам пра абласны конкурс прафесійнага майстэрства як спосаб творчай самарэалізацыі — дадатак да Рэспубліканскага спаборніцтва “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”… Сустрэча ў кангрэсаўскіх кулуарах перарасла ў інтэрв’ю пра надзённы клопат устаноў сферы на Гомельшчыне.

/i/content/pi/cult/503/10807/6-1.jpg

 

Марына Рафеева. / Фота Кастуся АНТАНОВІЧА

— Дырэктарам я — менш за месяц, — распавядае Марына Сяргееўна. — Яшчэ нядаўна была галоўным бібліятэкарам у аддзеле бібліятэказнаўства, займалася метадычнай работай. Таму і выступіла ў сталіцы з прамовай пра абласны прафесійны конкурс, якому — дваццаць гадоў. Дарэчы, называецца ён “Бібліятэка, патрэбная грамадству”.

— І сельскія ўстановы ў ім заняты?

— Безумоўна. Больш за 300 бібліятэк змаглі паўдзельнічаць за гэты час у конкурсе. Для пераможцаў сярод гарадскіх і сярод сельскіх бібліятэк Першую прэмію (25 базавых велічынь) аплачвае наша галоўнае ўпраўленне, Другую — абкам прафсаюза работнікаў культуры, Трэцюю — абласная бібліятэка.

— Зразумела, што конкурс скіраваны вырашыць у пэўнай ступені ці не галоўную праблему — кадравую…

— Так. Вельмі хацелася б, каб спецыялісты былі і профі, і не збягалі б пасля адпрацоўкі… Трэба неадкладна ўзнімаць прэстыж прафесіі. Маю на ўвазе не толькі павышэнне заробкаў, але і стварэнне дадатковых умоў для больш эфектыўнага замацавання маладых кадраў… У нас, да прыкладу, няма свайго інтэрната, жыллё мы здымаем па дамовах у гарадскіх прадпрыемстваў.

— На сяле, ведаю, сітуацыя — не лепшая…

— Не, мы робім усё, што ў нашых сілах. Даём маладым надбаўку за кантракт. Але гэта — паўмера. Рэсурсы мы ўкладаем, у прафесію ўводзім, што таксама каштуе немалых намаганняў, а праз два гады развітваемся.

— Пра ўводзіны, як вы сказалі, у прафесію. У вас няма нараканняў на навучальныя ўстановы за тое, што выпускнікі прыязджаюць на першае працоўнае месца, даруйце “паўфабрыкатамі”, бо колькасць гадзін на практычнае навучанне — мінімальная?

— Прэтэнзій асаблівых няма. Тут справа ў асобе. Для яе нават адукацыя — не самы вырашальны фактар: навучыцца ў любым выпадку. І ў нас вельмі шмат таму прыкладаў менавіта на раёнах, дзе сельскія бібліятэкары асвойваюць з поспехам праектную дзейнасць… Гаворка ж цяпер — пра людзей, што трапілі ў прафесію выпадкова, нават з вышэйшай спіецыяльнай падрыхтоўкай. У большасці выпадкаў менавіта яны чакаюць завяршэння адпрацоўкі і беззваротна знікаюць. Ці ўвогуле “не даязджаюць”…

— І колькі такіх?

— Летась замаўлялі дзесяць спецыялістаў, атрымалі траіх. І гэта толькі па абласной бібліятэцы. На Гомельшчыне — 22 бібліятэчныя сістэмы. Не сакрэт, што работнікі з вышэйшай адукацыяй імкнуцца ў абласны цэнтр. І мы задавальняем іх жаданне, бо адчуваем у горадзе пастаянны кадравы дэфіцыт, асабліва — бібліёграфаў з валоданнем адпаведных бібліятэчных аўтаматызаваных праграм.

— Якім бачыцца “мясцовае" навучанне наяўных раённых кадраў?

— Яно павінна быць бесперапынным. І не толькі на базе абласной бібліятэкі (праўда, сёлета на курсы сельскіх бібліятэкараў мы групу не змаглі набраць: людзі не знайшлі сродкаў, каб прыехаць). Так бы мовіць, куставую вучобу ў раёнах могуць наладзіць Рэчыцкая, Светлагорская цэнтральныя бібліятэкі, дзе сістэма павышэння кваліфікацыі выбудавана такім чынам, што павучыцца тут могуць літаральна ўсе катэгорыі працаўнікоў. Ёсць тут школы камп’ютарнай пісьменнасці, школы кіраўнікоў… І ўсё гэта працуе паралельна з нашымі рэгулярнымі абласнымі семінарамі дырэктараў, маркетолагаў, краязнаўцаў, супрацоўнікаў дзіцячых устаноў…

— Новыя навучальныя дысцыпліны збіраецеся ўводзіць?

— Паўсюль кажуць пра неабходнасць бібліятэчнай "перазагрузкі". І тут без сучасных падыходаў не абысціся. Так што і новыя веды трэба будзе засвойваць, каб не замыкацца на фондах, каб развярнуцца тварам да чытача: ладзіць выязныя чытальныя залы, удасканальваць у раёнах праектную дзейнасць, скіраваную найперш на рост даверу з боку моладзі, людзей з абмежаванымі магчымасцямі…

— Пра фонды патлумачце...

— Мы іх калісьці закрылі. А цяпер патрэбны максімальна адкрыты доступ. Прынамсі, для актыўных чытачоў, якіх у нас прынята называць сябрамі бібліятэкі. Гэта стымул для павелічэння чытацкага кола.

— Не забудуся на люстэрка ў вашым фае, якое называецца "Лепшы чытач". Гэта сапраўды дысцыплінуе…

— А пра наш бібліятэчны тэатр "Гракі" ведаеце? Аналагаў на постсавецкай прасторы, напэўна, няма. На сёлетнім абласным аглядзе-конкурсе аматарскіх калектываў ён атрымаў Гран-пры. У трупе — нашы супрацоўнікі, не толькі жанчыны, але і мужчыны. Выступае тэатр для папулярызацыі кнігі, для больш давернага стасункавання з чытачом. Акцёр абласнога драмтэатра Сяргей Пазняк — наш рэжысёр. На гастролі "Гракі" нават у Мінск выязджалі. Спектаклі праходзяць і ў бібліятэцы. 28 кастрычніка ў рамках міжнароднага супрацоўніцтва Курская абласная навуковая бібліятэка імя Мікалая Асеева падарыла нам 648 экзэмпляраў кніг лепшых расійскіх выдавецтваў. Цырымонія была прыгожа тэатралізавана з дапамогай бібліятэчнага тэатра. Дапамог, дарэчы, і Гомельскі дзяржкаледж мастацтваў імя Несцера Сакалоўскага... Больш як дзесяць гадоў на абласным радыё гучыць наш штотыднёвы часопіс “Бібліяпанарама”, прысвечаны кнігам, чытанню і прафесіі бібліятэкара.

— Ніколі не сумняваўся, што жыццё абласной установы — насычанае і паўнацэннае. А як на сяле сітуацыя? Ці ўсе вясковыя ўстановы камп’ютарызаваны? У іншых абласцях, да прыкладу, скардзяцца: час на вёсцы камп’ютарную тэхніку на больш сучасную замяняць. Ды замяняць няма чаго: як не было ў асобных вёсках камп’ютара, так яго няма і па сёння. У вас гэтак жа?

— На жаль. І тое — адна з галоўных праблем. Не будзем улічваць бібліятэкі аграгарадкоў, дзе сітуацыя нармальная. Але іншых устаноў у нас — 257. Камп’ютарызавана 14 — пяць працэнтаў…

— Няўжо праблема — за пазабюджэт набыць ПК? Ён жа і не так дорага сёння каштуе…

— Даходы сельскіх устаноў насамрэч не такія вялікія, акрамя таго, падаткі з’ядаюць значную долю пазабюджэтных даходаў…

— На кангрэсе дэкан бібліятэчнага факультэта Універсітэта культуры і мастацтваў Мікалай Яцэвіч казаў пра расійскія рознаўзроўневыя дзяржпраграмы па падтрымцы бібліятэчнай справы…

— Нам патрэбна падобнае. І не толькі для сістэмнай камп’ютарызацыі, але і для паўнацэннага камплектавання фондаў. Мы па вобласці заўжды выконваем 15-працэнтнае патрабаванне. Але праблема вось у чым. За 2013 год тры раёны Гомельшчыны атрымалі ў сярэднім на адну бібліятэку па 50-60 кніг. Уявіце, колькі дасталося сельскім…

— Бібліобусы вырашаюць сітуацыю, выкліканую аптымізацяй?

— Вырашаюць. У нас яны працуюць у 14 раёнах. Ёсць 85 маршрутаў. Адна машына наведвае асобна ўзятую вёску, дзе няма ўжо стацыянарнай установы, не менш за чатыры разы на год.

— Ваша стаўленне да інтэграцыі школьных і публічных устаноў?

— Самае прыязнае. Мы яе, дарэчы, распачалі яшчэ да рэспубліканскага эксперыменту. Базаванне ў школах вырашае праблему з паляпшэннем матэрыяльнай базы, з ростам наведвальнікаў…

— Шмат гадоў вядзецца дыскусія, ці варта захоўваць у тытуле ўстановы імя Леніна. Мо варта выкарыстаць найменні землякоў — Івана Навуменкі ці Івана Шамякіна?

— Усё ж не. Нас дзесяцігоддзямі прызвычаіліся называць «Ленінкай». Урэшце, Ленін шмат зрабіў у свой час для станаўлення і развіцця бібліятэчнай справы…

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"