У палац — з квітанцыяй?

№ 45 (1171) 08.11.2014 - 14.11.2014 г

Кастусь АНТАНОВІЧ, рэдактар аддзела газеты “Культура”
Хацелася б пачаць з нібыта рытарычнага пытання: што трэба жыхару Беларусі, каб вольна падарожнічаць па сваёй краіне? Здавалася б, дастаткова толькі жадання. Калі яно ёсць, тады і фінансавы аспект не такі ўжо і важкі: заўсёды можна дабрацца да той або іншай гістарычнай славутасці калі не на сваёй машыне ці аўтобусе, то на папутцы. На жаль, насамрэч не ўсё так проста.

/i/content/pi/cult/503/10801/4-33.jpgАдразу выключаем са спісу патэнцыйнага наведвання турыстамі помнікі архітэктуры, якія сёння з’яўляюцца рэжымнымі аб’ектамі, — скажам, старадаўнюю сядзібу ў Жодзішках, што на Смаргоншчыне, у якой цяпер размешчаны псіхіятрычны шпіталь. Да радасці падарожнікаў, такіх аб’ектаў па ўсёй Беларусі не так ужо і шмат, чаго не скажаш пра славутасці роднага краю, размешчаныя непадалёк ад дзяржаўнай мяжы. Можна ўзгадаць шэраг старадаўніх касцёлаў ды цэркваў, палацаў і сядзіб, помнікаў прыроды, якія размешчаны ў так званай памежнай зоне — на тэрыторыі, дзе жывуць і працуюць дзясяткі тысяч чалавек, але разам з тым там дзейнічаюць пэўныя абмежаванні доступу. Да слова, за парушэнне памежнага рэжыму турыст можа атрымаць папярэджанне або нават штраф да 20 базавых велічынь.

Трэба сказаць, што да 2009 года, каб завітаць на тэрыторыю памежнай зоны, патрэбна было асабіста звяртацца ў мясцовыя аддзелы ўнутраных спраў і дакументальна даказваць сваю сувязь з размешчанымі там населенымі пунктамі. Цяпер перад такім падарожжам дастаткова наведаць любое аддзяленне “Беларусбанка”, захапіўшы з сабой пашпарт, і аплаціць дзяржпошліну ў памеры 0,2 базавай велічыні (якая дзейнічае цягам года). Акрамя таго, рэкамендуецца за 24 гадзіны да запланаванага наведання памежнай зоны патэлефанаваць у адпаведны тэрытарыяльны орган памежнай службы, каб паведаміць пра свой візіт.

Здавалася б, не такія ўжо і складаныя працэдуры. Але, па-першае, яны не датычацца замежных турыстаў. Грамадзянам іншых краін, як і раней, трэба мець з сабой пропуск, для атрымання якога неабходна звярнуцца да ўпаўнаважаных службовых асоб тэрытарыяльных органаў памежнай службы з заявай. Тэрмін выдачы такіх прапускоў — пяць дзён. Наколькі гэта зручна чалавеку, які прыехаў у Беларусь усяго на пару сутак?

Па-другое, здзівіла свежая інфармацыя, якая абляцела айчынныя інфармагенцтвы. Так, па ініцыятыве органаў памежнай службы рашэннем абласных выканкамаў рэгламентаваны змены межаў памежнай зоны і паласы ўздоўж дзяржаўнай мяжы. Яны абгрунтаваны мэтай выключэння са спісу памежнай зоны населеных пунктаў, дзе размяшчаюцца турыстычныя цікавосткі: установы і аб’екты культуры, санаторыі, месцы масавага адпачынку… Не паленаваўся і падрабязна пазнаёміўся з новымі спісамі. Вось толькі вялікіх змяненняў я там не заўважыў. Больш за тое: тыя вёсачкі, што маглі б стаць хай сабе і невялікімі турыстычнымі меккамі, як былі “памежнымі”, так і засталіся. Да прыкладу, на Гродзеншчыне памежная зона перарывае цудоўны маршрут, які праходзіць з Гальшанаў праз колішняе мястэчка Трабы з ягонымі старадаўнімі храмамі, славутую сядзібу ў Жамыслаўлі. Так што пра развіццё агратурызму ў гэтых ды многіх іншых вёсках з адпаведным статусам няма і гаворкі.

Зразумела, ахова дзяржаўнай мяжы — справа ва ўсіх адносінах вельмі важная. Іншая справа, што было б добра, каб усе тыя плацяжы ды дазволы можна было атрымаць не выходзячы з дому — праз Інтэрнэт. Усё ж патрэбна лібералізаваць у большай ступені некаторыя пункты Палажэння аб памежнай зоне, каб дазволіць праязджаючым транзітам турыстам хаця б на некалькі гадзін спыніцца ля таго або іншага аб’екта культуры без лішку дазвольных дакументаў.

Пакуль жа турыстам варта быць пільнымі ды звяртаць увагу на прыдарожныя знакі, якія абмяжоўваюць не толькі хуткасць руху, але і знаходжанне на пэўнай тэрыторыі.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"