Бацькі...

№ 36 (1162) 06.09.2014 - 12.11.2014 г

Раман МАТУЛЬСКІ, доктар педагагічных навук, прафесар, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
— Мае бацькі вельмі любілі народную культуру, народныя песні, народныя традыцыі. Таму і я, натуральна, не палюбіць гэта проста не мог. Бо не сакрэт, што для кожнага чалавека бацькі — гэта людзі, якія фарміруюць сістэму каштоўнасцей, характар, ствараюць з нас асоб. Памятаю, мой бацька, Сцяпан Фёдаравіч, неаднойчы прыязджаў у Мінск пад час майго студэнцтва. І першае месца, куды мы з ім накіроўваліся, быў тэатр. Так што, мяркую, не надта памылюся, калі скажу, што мае бацькі стварылі з мяне таго чалавека, якім я зараз з’яўляюся. Да таго ж, я вельмі ім удзячны за тое, што яны падтрымлівалі маё імкненне стаць бібліятэкарам.

/i/content/pi/cult/502/10800/13-4.jpgЧаму менавіта бібліятэкарам? Я вырас сярод кніг, вельмі любіў кнігу, дый у школу пайшоў, калі яшчэ ніхто не ведаў, што такое тэлебачанне. Не памятаю, у якім класе я быў, калі ў нашай сям’і з’явіўся першы тэлевізар: у маленькім чорна-белым акенцы паказвалі ўсяго адзін канал, але гэта была сапраўдная з’ява ў культурным жыцці нашай вёскі. Навошта я гэта распавядаю? Справа ў тым, што інфармацыйная прастора тагачаснага дзіцяці была зусім іншая, чым зараз. І спазнаць свет можна было толькі адным спосабам: праз кнігу. Вось я і чытаў усе выданні, што мне трапляліся. А наконт выбару прафесіі, дык, памятаю, нават у шостым класе школы, калі настаўніца прапанавала тэму для сачынення пад назвай “Кім я хачу быць”, напісаў, што хачу стаць бібліятэкарам. Але ж наўрад ці я тады думаў пра пасаду дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (усміхаецца).

Хоць, праўда, быў і такі, можна сказаць, цікавы выпадак. Здарыўся ён, калі я скончыў вучобу ў Мінскім інстытуце культуры і быў размеркаваны ў Дзяржаўную бібліятэку БССР імя У.І. Леніна. Тады пры бібліятэцы дзейнічаў Савет маладых спецыялістаў, які аднойчы праводзіў, як сказалі б сёння, дзелавую гульню “Калі б я быў дырэктарам бібліятэкі…”. Менавіта тады я ўпершыню “прымерыў” на сябе ролю кіраўніка ўстановы культуры. І, памятаю, вельмі адстойваў свае прапановы ды меркаванні…

Але я ўсё адно не планаваў, што калі-небудзь займу гэтую пасаду. Асабліва напрыканцы 1980-х гадоў, калі падаўся ў навуку і паступіў у аспірантуру Маскоўскага дзяржаўнага інстытута культуры. Пасля была абарона дысертацыі, праца ў Беларускім дзяржаўным інстытуце культуры… І толькі калі мне ў 2003-м прапанавалі заняць пасаду дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і я зразумеў, што змагу рэалізаваць на практыцы ўсё тое, пра што пісаў у сваёй дысертацыі, вось тады і прыйшоў сапраўдны час падумаць пра дырэктарства…