Хустка па-лепельску

№ 36 (1162) 06.09.2014 - 12.11.2014 г

Чым на сёння павінен займацца раённы Дом рамёстваў? І ў чым ключавы сэнс фразы “адраджэнне традыцыйнай спадчыны”? Урэшце, ці супадае камерцыйны інтарэс майстроў-рамеснікаў з ідэалагічным складнікам іх паўсядзённай творчай дзейнасці? З усімі гэтымі пытаннямі “К” паспрабавала разабрацца пры дапамозе дырэктара Лепельскага РДР Алены БАРАДЗЕЙКА.

/i/content/pi/cult/502/10799/13-1.jpg

"Скарбы" са "Скарбонкі".

/i/content/pi/cult/502/10799/13-3.jpg— Калі і як узнікла ваша ўстанова, Алена Іванаўна?

— У 1992 годзе. Мы і Глыбокае былі першымі ў рэспубліцы. Ідэя па тым часе была проста вар’яцкая. Гэта сёння мы разумеем, што задумка колішняга начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Мікалая Пашынскага была цалкам правільнай: абгрунтаванай, надзённай у рэалізацыі і доўгатэрміновай у далейшым удасканаленні. А тады мы проста пратоптвалі сцяжыну ў гурбах снегу. Асновай РДР стала аматарскае аб’яднанне майстроў і мастакоў “Скарбонка”. Ад яго і адштурхоўваліся. Спачатку ўзніклі майстэрні ткацтва. Гэта — традыцыйны для нас жанр. Пачалі арганізоўваць экспедыцыі. Запрасілі ў штат бабулю. Зрабілі кросны (тады яшчэ былі майстры, здатныя на гэта) — і справа пайшла.

— І колькі на сёння ўжо майстэрняў?

— Адзінаццаць: ткацтва, саломкапляценне, кераміка, ганчарства, выраб лялькі, выраб традыцыйных строяў… Працуюць тут вучні вучняў…

— Дык у чым “правільнасць” колішняга выбару?

— У тым, што без РДР ці павялі б мы сёння размову пра рэальнасць існавання нашага, скажам, ткацтва? Усё згубілі б беззваротна. Паспрабуйце адшукаць сёння кросны ў сялянскай хаце.

— Колькі ў вас штатных работнікаў і колькі майстроў у “Скарбонцы”?

— У штаце — трынаццаць чалавек. А “Скарбонка” паспела ўжо стаць Заслужаным калектывам Рэспублікі Беларусь. Тут — семдзесят рамеснікаў з горада і раёна. Натуральна, нашы трынаццаць — таксама ў “Скарбонцы”. Больш за тое: мы супрацоўнічаем з майстрамі з Ушаччыны, Полаччыны… Разам ладзім выстаўкі, дзелімся досведам адно з адным, бяром на рэалізацыю іх вырабы. Наш салон таксама называецца “Скарбонка”.

— Як канкрэтна супрацоўнічаюць штатныя майстры РДР з пазаштатнымі?

— Цудоўна супрацоўнічаюць. Мы іх і не дзелім на “сваіх” ды “чужых” — усе на агульную справу працуюць. І на “Славянскім базары…” мы — разам...

— Ну тут у пазаштатных камерцыйны інтарэс: яны матэрыяльна зацікаўлены супрацоўнічаць, каб паболей атрымаць ад рэалізацыі сваіх работ…

— І дзяцей з дарослымі яны ў майстэрнях вучаць, калі такая патрэба ўзнікае. У нашым РДР — з паўсотні вучняў. Таму майстар-класы вядуць іншым разам і майстры са “Скарбонкі”. Яны нам дапамагаюць, мы — ім. Карацей, урэшце навучыліся ісці адно аднаму насустрач.

— Напэўна, і філіялы на вёсцы ў вас ёсць?

— Так. У аграгарадку “Стаі” працуюць гурткі ткацтва.

— Колькасць філіялаў збіраецеся павялічваць?

— Хацелася б, ды з-за аптымізацыі пакуль не атрымліваецца. Прынамсі, штат РДР цяпер ніхто не павялічыць… Але ёсць у мяне задумка пашырыць домжарацкае ткацтва, калісьці вельмі знакамітае ў раёне. Мы ўжо і з кіраўніцтвам Домжарацкай школы дамовіліся, што адкрыем у гэтай навучальнай установе наш філіял. Трэба станок ткацкі прыдбаць. А наш майстар у вёсцы ёсць.

— Цудоўна! Па сутнасці, вы даяце сваім вучням рэальную магчымасць не толькі рамяство асвоіць, але і падзарабіць няблага ад продажу сапраўды традыцыйных рэчаў…

— Захаваць і развіць традыцыю — вельмі важна. Але вы правільна кажаце: не менш важна цяпер даць чалавеку магчымасць і падзарабіць на сваёй шчырай творчасці. Менавіта вось гэты кавалак хлеба і з’яўляецца сёння рухавіком развіцця і РДР, і дзвюх “Скарбонак”. Прынамсі, менш майстроў у раёне не становіцца… Ды вось, выпадак з жыцця. Прыходзіць таленавітая жанчына і кажа: “Я пляту макрамэ”. Мы яе бяром, але пасля таго, як пераканаем, што лепш не макрамэ займацца, а традыцыйнымі рамёствамі Лепельшчыны. Тут галоўнае спакойна давесці патэнцыйнаму вучню, якая адказнасць на нас ускладзена. А талент — ён ва ўсім талент. Дык няхай раскрываецца на роднай глебе! Так што ў нас у абедзвюх “Скарбонках” — паўнютка скарбаў!

— “Скарбонка”-салон колькі вам грошай прыносіць?

— Толькі за кожны з летніх месяцаў мы нагандлявалі па тры — тры з паловай мільёны рублёў.

— Словам, і на спадчыне можна падзарабіць… У абласным метадычным цэнтры мне казалі, што вы з поспехам адраджаеце не толькі мясцовы строй, але і жаночы галаўны ўбор. Тут якія перспектывы?

— У лістападзе нас запрашаюць у Смаленск. Вядома, што ў нашых нацыянальных строях — шмат агульнага. Едзем не толькі вучыць, але і вучыцца. Вывучэнне касцюма — гэта наша канкрэтная навуковая дзейнасць. А строй вучыць і ткацтву, і вышыўцы, і крою… Тут трэба ўвесь раён (і не толькі) абысці, каб адшукаць, паспытаць, разабрацца ды зразумець. Мы цяпер нават да галаўнога ўбору дабраліся. Тут таксама не ўсё проста: дзявочы, жаночы, статусны… Словам, убор той патрабуе асаблівага вывучэння… Мы цяпер на святах хустку па-лепельску завязваем.

— Шмат чуў таксама і пра вашы лялькі ў нацыянальных строях…

— Іх, напэўна, штук пятнаццаць ужо. Строі на іх — з усёй Беларусі. Колькасць лялек павялічваецца. Хачу зрабіць асобную іх калекцыю ў строях тых нацыянальнасцей, якія жывуць на Лепельшчыне: татараў, яўрэяў…

— Класныя сувеніры! Мы пра патрэбу такіх калекцый даўно пісалі ўжо. Гэта ж не толькі забаўка, але і піяр рэспублікі, павышэнне яе станоўчага іміджа. Словам, лялька — гэта не жартачкі, гэта — ідэалогія…

— Таму і дзяржава павінна тут сваё слова сказаць. Маю на ўвазе дзяржаўнае стаўленне да таго, што мы робім. А робім сапраўды прэзентабельныя рэчы, якія былі, ёсць і будуць сімваламі Беларусі. Мы ўпрыгожваем любое свята, “узбройваем” прадстаўнічыя дэлегацыі, што едуць за мяжу… Так, выконваем ідэалагічны заказ. І дзяржаўныя субсідыі тут зусім не пашкодзілі б.

 

Хэдлайн рэгіёна

Папса пераможа?

Усё пачалося ў 1992 годзе. І калі б у мяне запыталіся, які праект нацыянальнай культуры лічу самым удалым, я не вагаўся б з адказам: стварэнне РДР. Так, усё пачалося на Віцебшчыне. Потым карысны досвед быў выкарыстаны (з рознай доляй адказнасці) і ў іншых рэгіёнах краіны. Цяпер у Беларусі, напэўна, няма райцэнтра, дзе не працаваў бы Дом рамёстваў. Ды плюс — шэраг сельскіх філіялаў. На вялікі жаль, іх колькасць па вядомых “аптымізацыйных” прычынах ніяк не мае тэндэнцыі да павелічэння…

Між тым, кожная такая ўстанова культуры — аб’ект больш чым перспектыўны. І перспектыва звязана не толькі з развіццём турызму. Так, Дом рамёстваў па вызначэнні — інтэрактыўны аб’ект. Пры належнай сістэмнай масавай рэкламе любы турыст тут можа набыць упадабаны сувенір (сапраўды беларускі, выкананы па старадаўніх тэхналогіях), паўдзельнічаць у майстар-класах і атрымаць усведамленне пра азы ткацтва, лозапляцення, ганчарства… Калісьці гэтыя рамёствы кармілі нашых продкаў і праслаўлялі Беларусь далёка за яе межамі. Але гаворка не толькі пра гэта.

Справа ў тым, што, па маім перакананні, не ўсе кіраўнікі РДР добра ўсведамляюць, куды рухацца далей. Дый рух гэты звязаны з пэўнымі матэрыяльнымі выдаткамі, якія ніяк не кампенсуюцца. На ўласным транспарце і за ўласны кошт у экспедыцыю адправіцца толькі той, хто насамрэч любіць абраную справу. І абагульненнем сабранага матэрыялу для яго ўвасаблення ў канкрэтную рэч зоймецца толькі энтузіяст. Не кожны рамеснік хоча стаць майстрам. Карацей кажучы, навуковае развіццё РДР — справа абраных ды лічаных.

Неаднойчы чуў меркаванне, што будучыня РДР — у асваенні таго жанру народнага мастацтва, які існаваў у дадзенай мясцовасці спрадвек. Скажам, установа, якая займаецца толькі ганчарствам ці толькі лозапляценнем… Уяўляю, колькі ўзнікне спрэчак сярод нашых раёнаў па вызначэнні “жанравых” прыярытэтаў. Там, дзе была сярод выкапняў гліна, там і глінамесы нараджаліся. Гэта на нафту ў нас дэфіцыт, а гліны… Хоць экскаватарнымі каўшамі яе зграбай.

Вось і атрымліваецца: няма перспектыў — займаемся тым, чым умеем. Макрамэ, арыгамі, бісерапляценнем, чаканкай, танцам жывата… Перамагае папса. Гіне спрадвечнае. Касінеры ў свой час таму і праславіліся, што іхні інсургенцкі “рыштунак” з лёгкасцю браў не толькі жытнія сцябліны. А дзе ўрэшце тое кавальскае майстэрства? Даўно вядома, што разам з майстэрствам лёгка страчваецца і гонар…

 

Кажа эксперт

Яўген САХУТА, старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці:

— Прэтэнзій да РДР у мяне няма — толькі спачуванні. Яны цяпер пастаўлены ў такія ўмовы, што замест таго, каб займацца адраджэннем ды развіццём мясцовых рамёстваў, змушаны аказваць платныя паслугі. А традыцыя, як паказвае практыка, плана не дае. Значыць, ідзе вал шырспажыву. Гэта бяда дамоў рамёстваў…

Дамы рамёстваў задумваліся як эфектыўная форма прапаганды, засваення і развіцця народнай традыцыі На пачатку свайго станаўлення яны няблага спраўляліся з ускладзенымі функцыямі. Рыначная эканоміка ўнесла свае карэктывы… Калі казаць пра ідэал, дык для мяне перспектыва далейшага развіцця РДР як дзяржаўных арганізацый — у няўхільнай ды сістэмнай перадачы беларускіх традыцый.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"