Другі лішні?..

№ 36 (1162) 06.09.2014 - 12.11.2014 г

У якасці забаў застанецца піўбар?..
Тамара ДЗЕМІДЗЕНКА, што называецца, “на культуры” ўжо чвэрць стагоддзя! Дзевяць апошніх гадоў яна з’яўляецца дырэктарам пінскага Дома культуры “Трыкатажнік”. Бачыла многае, павеваў перажыла ўсялякіх, праектаў ажыццявіла — не злічыць, збірала і збірае пад дахам цяперашняй альма-матэр калектывы і людзей цікавых, крэатыўных, адказных. І сёння яна — чалавек ініцыятыўны, актыўны, неабыякавы, рашучы ва ўчынках, назаўжды ўлюбёны ў аднойчы абраную ёй прафесію — несці культуру ў масы. І — упэўнены ў заўтрашнім дні, нягледзячы на... Пра гэтае “нягледзячы” ды іншае — наша гутарка.

/i/content/pi/cult/502/10798/12-2.jpg

 

 

Дом культуры "Трыкатажнік".

/i/content/pi/cult/502/10798/12-4.jpg— Тамара Іванаўна, вы, мякка кажучы, не пагадзіліся з ацэнкай ДК “Трыкатажнік”, дадзенай нашым “інсайдэрам” у матэрыяле “I ў вас — два семсот?”, што апублікаваны ў “Культуры” № 31...

— Дом культуры сапраўды здае ў арэнду невялікую частку сваёй плошчы — у асноўным пад памяшканні, якiя размешчаны ў фае. Але раней гэта была так званая бескарысная плошча, ніякіх памяшканняў тут увогуле не знаходзілася! Гэта значыць, мы не забіралі пакоі ў калектываў і гурткоў — людзям цалкам хапае месца, каб рэпеціраваць, выступаць, займацца. Бо нас і арыентуюць на тое, каб мы шукалі розныя шляхі для прыцягнення пазабюджэтных сродкаў, але — без шкоды для дзейнасці самога “Трыкатажніка” як установы культуры. Да таго ж, некаторыя арандатары як бы ўбудаваны ў працу ДК. Напрыклад, у цырульні ўдзельнікам конкурсаў, якіх у нас праходзіць мноства, бясплатна робяць прычоскі, аказваюць паслугі артыстам студыі моды “Joli” пад час дэфіле. Турагенцтва вывозіць нашых дзетак на калядныя святы ў Белавежскую пушчу. Арандатары выступаюць і ў якасці спонсараў культурных праграм. Таму я катэгарычна не згодная з тым, што Дом культуры ператвараецца ў гандлёвы цэнтр. Так, некалькі гадоў таму ён тут быў — на другім паверсе, калі ДК належыў ААТ “ПГА “Палессе”, але ў 2010-м нас перадалі ў гарадскую ўласнасць. Напэўна, у нейкай ступені, мы заложнікі свайго мінулага…

— Зразумела. Пяройдзем непасрэдна да культуры. Наколькі ДК загружаны? Што ён прапануе жыхарам Пінска? Хто тут займаецца? Якія творчыя калектывы ў вас прапісаны?..

— Тэрытарыяльна зона абслугоўвання Домам культуры за апошнія некалькі гадоў значна павялічылася, паколькі былі пабудаваны два новыя мікрараёны. А гэта маладыя сем’і, вялікая колькасць дзяцей — нашы сапраўдныя і патэнцыйныя наведвальнікі, свежыя кадры для калектываў ДК. Іх у нас 17, чатыры з якіх маюць званні “народны” і “ўзорны”. Гэта народны маладзёжны тэатр “Візаві”, народны хор “Журавушка”, узорны калектыў эстрадна-спартыўнага танца “Darling”, узорная цыркавая студыя “Арлекін”. 10 з 17 калектываў працуюць на платнай аснове.

Усяго ж творчыя аб’яднанні культуры наведваюць каля тысячы чалавек. Для малых ёсць дзіцячы гульнявы пакой “Смайлік”. Для тых, хто пільна сочыць за культурай свайго цела і здароўем наогул, — трэнажорны гурток “Калізей” ды гурток усходніх адзінаборстваў. У нас рэпеціруе самадзейны тэатр, артысты якога — людзі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Дзейнічаюць харэаграфічная студыя “Цімошка”, ансамбль танца “Усмешка”, гурткі “Танец жывата”, эстраднага вакалу “Талісман”, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, клубы па інтарэсах. Натуральна, праходзяць дыскатэкі ды рэтра-танцавальныя вечары. І яшчэ шмат-шмат усяго…

— Фінансавы план на сезон 2012/2013 вы перавыканалі ледзь не на сто працэнтаў, так?

— Цалкам дакладна. І гэта кажа пра тое, што нашы паслугі запатрабаваныя, мы патрэбны людзям, гораду, краіне, у рэшце рэшт. І разумеючы, у якіх умовах сёння даводзіцца працаваць установам культуры, мы не закідваем вышэйстаячыя органы просьбамі ды скаргамі аб тым, што матэрыяльна-тэхнічная база пакідае жадаць лепшага. Што ў нашых сілах, стараемся зрабіць самі, балазе каманда падабралася ў ДК рэальна моцная. Ну а, напрыклад, на капрамонт уваходнай групы, бягучы рамонт, капрамонт праектна-пажарнай сігналізацыі нам ужо выдаткавалі і яшчэ выдзеляць сродкі з гарадскога бюджэту.

— Звярнуў увагу на вашых суседзяў. За дзесяць крокаў ад ДК, мяркуючы па ўсім, выдатна сябе пачувае ўстанова, у якой падаюць на разліў піва. Не, на самой справе, зручна: паспявала дзіця старэйшага школьнага ўзросту, патанчыла — і палову літра пеннага ўнутр, кампенсуючы патрачаныя калорыі... Або такую карціну ясна бачу: вядзе сваё дзіця бацька ў які-небудзь гурток, а яно і пытаецца, гледзячы на мужчын у павільёне: “Тата, а што дзядзькі п’юць? Я таксама гэта хачу!..” І — у слёзы, пачуўшы адмову...

— Гэта наш даўні галаўны боль. Хто нам толькі ні абяцаў вырашыць дадзеную праблему... Вельмі хацелася б быць упэўненай у тым, што нашы дзеці ў гэты бар не пойдуць...

— Як вы ўяўляеце далёкае і блізкае будучае Дома культуры “Трыкатажнік”?

— Магчыма, як Маладзёжнага цэнтра культуры і вольнага часу, каб моладзь збіралася ў нас, а не расцякалася па клубах. Усё ж такі мы больш арыентуемся на яе, хаця сярод удзельнікаў нашых калектываў, наведвальнікаў гурткоў і клубаў ёсць тыя, каму і трыццаць, і сорак, і семдзясят гадоў. І ў далейшым у гэтым Цэнтры абавязкова знайшлося б месца людзям старэйшага ўзросту. Такое месца сёння ёсць і ў ДК: гэта клуб “Неспакойныя сэрцы”, дзе збіраюцца “бабулі-маладзіцы”, як мы іх называем, якія чым толькі ні займаюцца! Ствараюць вырабы, маюць зносіны з моладдзю, распавядаючы ёй аб нашай гісторыі і культуры, раз’язджаюць па вобласці ды раёне, сустракаюцца з людзьмі розных пакаленняў, вывучаюць англійскую мову і камп’ютарную справу!

Хочацца, каб калектывы ДК больш актыўна былі ўцягнуты ў гарадскія творчыя праекты. Тым больш, што некаторыя святы мы як бы перавабілі на сваю пляцоўку. І рады, што ўсе, хто да нас прыходзіць з цікавымі прапановамі ды праектамі, застаюцца ў ДК. Трэба абавязкова захаваць тое, што ёсць...

— Вось-вось. Ходзяць чуткі, якія дайшлі і да нас, што над “Трыкатажнікам” згушчаюцца хмары і ніякая далёкая будучыня яму “не свеціць”. Можаце патлумачыць, у чым тут справа?

— Ідуць такія размовы, што для Пінска два дамы культуры — гэта шмат. Маўляў, гораду патрэбны грошы, таму можна пакінуць адзін ДК, а другі — цалкам аддаць у арэнду камерцыйным структурам. Я не лічу, што два дамы культуры на 135-тысячны горад — гэта шмат. Яны знаходзяцца ў розных раёнах і абодва загружаны “пад завязку”. І калі чуткі акажуцца явай, — вырашаць ліквідаваць наш ДК, — я ўпэўнена, што жыхарам тых двух мікрараёнаў, пра якія вам казала, наогул няма куды будзе весці дзяцей... Значыць, тыя застануцца “на вуліцы”, значыць, у якасці “забаў” наш сусед — піўбар — падлеткам і спатрэбіцца... Ведаеце, у “Трыкатажнік” ходзяць дзеці з розных сем’яў, але нават самым асацыяльным бацькам хапае розуму прыводзіць сваіх сыноў і дачок да нас. Вельмі хочацца верыць у лепшае...

Фота аўтара

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"