Кадрам патрэбна жыллё

№ 36 (1162) 06.09.2014 - 12.11.2014 г

Андрэй КАРПУК, Кіраўскі райвыканкам:
Кіраўскі раён знакаміты вёскай Боркі, гісторыю якой апісаў у сваіх “Карніках” Алесь Адамовіч, ды аграгарадком “Мышкавічы”, што ствараўся яшчэ за савецкім часам і даўно мае не толькі вытворчыя, але і творчыя традыцыі. А чаго варты заапарк з шыкоўнымі паўлінамі на галоўнай плошчы горада! І гэта таксама традыцыя. Менавіта спрадвечная традыцыя жывіць і мясцовую раённую культуру. Таму яна адметная, яркая ды перспектыўная.

/i/content/pi/cult/502/10797/12-1.jpg— 19 — 20 верасня ў раёне святкуюцца Дажынкі. Асноўныя мерапрыемствы, і раённыя, і абласныя, пройдуць у Мышкавічах. Але гэта не азначае, што сам Кіраўск застанецца ўбаку ад масавых мерапрыемстваў, звязаных з уборкай ураджаю. Да гэтага свята, безумоўна, рыхтуецца ўся Кіраўшчына. Канешне ж, атрымлівае для гэтага ад дзяржавы належную дапамогу. Даводзіцца да ладу Цэнтр дасугу (былы кінатэатр). У выніку капітальнага рамонту тут неўзабаве з’явяцца і новая кіназала для дэманстрацыі 3D-фільмаў, і більярдная. Будынак змяняе як унутранае, так і знешняе аблічча. Набываем і сучаснае абсталяванне. На аб’екце ўжо асвоена каля 14 мільярдаў рублёў. Урачыстае адкрыццё Цэнтра дасугу прымеркавана да хлебаробскага свята. Вы цудоўна ведаеце, што з’яўленне такога адметнага аб’екта ў раённым цэнтры — больш чым падзея.

Рамантуецца і РДК: даводзіцца да ладу фасад, замяняюцца вокны. Хоць тут і не запланаваны святочныя мерапрыемствы, але стараемся, каб рамонт да Дажынак таксама быў завершаны.

Асноўныя мерапрыемствы свята пройдуць, паўтаруся, у нашым знакамітым аграгарадку “Мышкавічы”, дзе развіццё культуры і мастацтваў заўжды было пад пільным кантролем. Натуральна, што гэтым разам у вёсцы збяруцца лепшыя мастацкія сілы і раёна, і вобласці. Лішне казаць, што да падрыхтоўкі сцэнарыя для раённых Дажынак спрычыніліся нашы работнікі культуры. І ўвогуле гэтае свята, якое ўпершыню будзе ладзіцца не на полі, а ў аграгарадку, стане для нас выпрабаваннем на прафесіяналізм. Таму рыхтуюцца ўсе: і клубныя ўстановы, і бібліятэкі, і музычныя школы, нават музейшчыкі з Жылічаў збіраюцца здзіўляць сваімі экспазіцыямі.

У чым стратэгія нашай штодзённай дзейнасці? У захаванні ды развіцці самабытных мясцовых традыцый. І мерапрыемствы імкнёмся праводзіць не дзеля “птушачкі”. Дарэчы, большасць канцэртаў ды іншых масавых творчых акцый у нас — бясплатныя. Гэта таксама традыцыя. Культура павінна заставацца даступнай для шырокага кола грамадства. І тое зусім не азначае, што план па аказанні платных паслуг культуры мы не выконваем. Наадварот! Клубная сістэма цесна супрацоўнічае з ЗАГСам, наладзіла сістэмнае абслугоўванне насельніцтва. Да прыкладу, звычайнае віншаванне з днём нараджэння ператварылася ў феерычны спектакль...

Вернемся да захавання традыцый. Актывізацыя дзейнасці нашых творчых калектываў — і стратэгія, і тактыка нашай перспектыўнай дзейнасці. Быў, скажам, калісьці ў знакамітых Мышкавічах вядомы аўтэнтычны гурт “Мілавіца”. Гэтых адмысловых бабуль ужо няма. Мо і наша віна, што не знайшлі ім своечасова творчую замену. Тым не менш, на парадку дня — аднаўленне “Мілавіцы” ў новым абліччы. Справа — не з простых. Але ахвотныя сярод моладзі ёсць. Паспрабуем!

Напэўна, кадравае пытанне турбуе цяпер кожнага майго калегу. Дасведчаныя работнікі старэюць, а замену ім знайсці з кожным годам усё цяжэй. Не затрымліваецца моладзь і ў нас. І не толькі з той прычыны, што да Бабруйска — няпоўная гадзіна язды. Немалаважную ролю адыгрывае тут жыллё. Не, за аддзелам замацаваны некалькі пакояў у інтэрнаце. Але пакой — не добраўпарадкаваная кватэра… Таму мы наўпрост зацікаўлены ў тым, каб мець дыхтоўнае жыллё для маладых спецыялістаў. Інакш кадравую праблему, я ўпэўнены, не вырашыць…

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"