Бясхітрасна, з усмешкай

№ 36 (1162) 06.09.2014 - 12.11.2014 г

12 верасня Міжнародны тэатральны фестываль “Белая вежа” ў Брэсце адкрыецца беларускім спектаклем — музычнай камедыяй “Хітрыкі Ханумы” Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага.

/i/content/pi/cult/502/10794/8-3.jpg

 

Сцэна са спектакля "Хітрыкі Ханумы".

Нядаўняй вясновай прэм’ерай гэтая пастаноўка мастацкага кіраўніка тэатра Сяргея Кавальчыка ўпрыгожыла афішу горкаўцаў і ў самым пачатку новага 82-га сезона. Не толькі таму, што, маўляў, перад паездкай трэба было аднавіць акцёрскія напрацоўкі. Справа яшчэ і ў публіцы! “Хітрыкі Ханумы” карыстаюцца ў гледачоў такой неверагоднай папулярнасцю, што, пэўна, калі праводзіўся б тэатральны хіт-парад, дык першая прыступка ў ім без аніякіх праблем была забяспечана менавіта гэтаму спектаклю.

Для крытыкаў і знаўцаў у ім няма нічога такога, што вымушала б скрыжоўваць шпагі-пёры ў дыскусіях, разважаць пра новыя шляхі ў мастацтве, адстойваць ці, наадварот, прынцыпова аспрэчваць выкарыстаныя выразныя сродкі. Для публікі ж, асабліва старэйшага ўзросту, — гэта спектакль-настальжы, бальзам на збалелую душу. Усё — у лепшых традыцыях вялікіх касцюміраваных спектакляў: просты сюжэт, да таго ж добра вядомы па стужцы Георгія Таўстаногава, багатыя дэкарацыі і сцэнічныя строі, шмат гумару, музыкі, танцаў. А ў дадатак — грузінскі каларыт: ад лёгкага акцэнту ў сцэнічных прамовах да ўлюбёных танцавальных рухаў. Але галоўнае ў нашым разуменні грузінскага пачатку — мабыць, праславутыя кантрасты жаночай вытанчанасці і мужчынскага тэмпераменту, чаго так не хапае сёння для адчування жыццёвай устойлівасці.

Менавіта таму ў своеасаблівым спаборніцтве дзвюх свах прайграе Кабато — больш маладая, гарачая, шалёная ў сваёй адданасці працы. Іна Савянкова надае сваёй гераіні незаўважныя рысы пародыі на сучасную “дзелавую жанчыну”, якая штурмуе кар’ерныя прыступкі метадам “буры і націску”. Больш сталая (лічы, вопытная) Ханума, якой яе малюе мяккая, жаноцкая Эмілія Пранскутэ, папросту асуджана на поспех, бо праца для яе — не толькі рамяство, а яшчэ і мастацтва. Нават своеасаблівая гульня, дзе на першы план выходзяць радасць і задавальненне — для сябе і для тых, каму яна дапамагае не па загадзе, а па поклічы душы. У выніку — перамога і добры муж у дадатак. Чым не жыццёвая філасофія, блізкая старэйшаму пакаленню і карысная для маладога? Гэтая думка ў новым спектаклі выходзіць на першы план, засланяючы нават гісторыю кахання Сонэ (Алена Стацэнка) і Катэ (Павел Еўтушэнка), дзеля якіх Ханума і стараецца. А калі так, дык і самому спектаклю хочацца пажадаць існавання па тых жа законах вясёлай, радаснай гульні, што нясе задавальненне і публіцы, і самім артыстам.

Упэўнена, фестывальная атмасфера дадасць спектаклю куражу — тым больш, што ў Горкаўскім тэатры як ні ў якім іншым пастаноўкі “даспяваюць” паступова, з кожным разам не разбураючыся паціху-патроху, а ўсё больш набіраючы сакавітасці ды смаку. Усё неабходнае для гэтага закладзена!

Музыка знакамітага Гія Канчэлі набыла вельмі густоўную аранжыроўку Тарыэла Майсурадзэ, надзеленую такімі неабходнымі ў песенна-эстрадным кірунку рысамі сучаснасці. А з’яўленне “жывых” музыкантаў з інструментамі (у дадатак да фанаграмы-мінусоўкі) не толькі дадае яшчэ адну разыначку, але і вымушае ўзгадаць як лепшыя традыцыі невялічкіх тэатральных аркестраў нядаўняга мінулага, так і ранейшую побытавую культуру — спрэс “жывую”, без “кансервацыі”.

Харэаграфія Дзмітрыя Залескага — няхай і складаная, разлічаная на добрую прафесійную падрыхтоўку, але ж якая выйгрышная! Да ўсяго, удала сумяшчае ўстойліва традыцыйныя ўяўленні аб грузінскіх танцах, з імкненнем знайсці ў іх сваю 
разыначку — хаця б у свежым спалучэнні элементаў вальса і лезгінкі.

Сцэнаграфія Алы Сарокінай і строі Марыі Герасімовіч выпісаны з любоўю да нацыянальнага каларыту, увагай да дробных дэталей. Калі тэмпарытм спектакля падасца запаволеным, пачынайце разглядаць збудаваны-намаляваны на сцэне гарадскі архітэктурны пейзаж, адчуваючы сябе ў грузінскім рэтра-дворыку. Абяцаю, не засумуеце, бо разглядаць яго можна да бясконцасці, тым самым быццам “апраўдваючы” некаторую эпічнасць, нададзеную спектаклю насуперак бліскуча камедыйнай лёгкасці-гуллівасці. Трэба спадзявацца, што гэтай атмасферы гульні — не грувастка-прыземленай, а тонкай, арыстакратычнай (не забывайце, што перад намі — гарадская культура з усёй яе інтэлігенцыяй) — у спектаклі будзе ўсё больш.

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"