Балет “у фармаце”

№ 36 (1162) 06.09.2014 - 12.11.2014 г

Сасніць сон з нягеглым Дон Кіхотам
8 верасня Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр адкрывае “амаль юбілейны”, 45-ты, сезон — мюзіклам Уладзіміра Кандрусевіча “Соф’я Гальшанская”, вылучаным на Нацыянальную тэатральную прэмію. А праз два дні, у так званы балетны чацвер (менавіта ў гэты дзень тыдня на сцэне тэатра ідуць пастаўленыя там балеты), — “Сон Дон Кіхота” ў пастаноўцы Уладзіміра Іванова, ліпеньскай прэм’ерай якога тэатр закрываў сезон. Дык што ж саснілася?..

/i/content/pi/cult/502/10793/8-1.jpg

Сцэна з балета "Сон Дон Кіхота". / Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

Спачатку, нягледзячы на новае лібрэта і, адпаведна, харэаграфію (з цытатамі найбольш папулярных нумароў), балет планавалі назваць па-ранейшаму — “Дон Кіхот”, як было ў Пеціпа і яго далейшых паслядоўнікаў, кожны з якіх уносіў штосьці сваё. Але потым, каб не надта настройваць публіку на вядомую класіку, дадалі ў назву “сон”. Цудоўнае рашэнне! Бо гэтае адно слова адразу адмятае магчымыя прэтэнзіі крытыкаў на недарэчныя “пераробкі”: маўляў, чаго толькі ў сне ні бывае! Праўда, тады трэба было б удакладніць: не толькі “Сон Дон Кіхота”, але і сон пра самога героя ды ягоны сон.

Вобраз Дон Кіхота набліжаны да першакрыніцы — рамана Сервантэса, дзе герой увасабляў сабой не сімвал рамантычных памкненняў, а пародыю на аповеды пра рыцарскія вандроўкі са шматлікімі подзвігамі “ў гонар” дамы сэрца. Камічнасць у балеце — справа складаная. Тэатру пашчасціла, што ў трупе ёсць надзвычай артыстычны Віталь Краснаглазаў — у роўнай ступені і трагік і комік, адораны сапраўдным акцёрскім талентам. Але шкада, што ў новай версіі, дзе ў адрозненне ад класікі Дон Кіхот выведзены цэнтральным персанажам (насамрэч, а не толькі па назве), амаль не задзейнічаны багаты харэаграфічны талент танцоўшчыка.

Увогуле, у балеце вялікае месца займае пантаміма ці звязаныя з ёй пластычныя рухі. Пастаноўка месцамі мяжуе з пластычным тэатрам, але не з яго філасофска-мадэрнісцкімі адгалінаваннямі, а з разнавіднасцю клаўнады. Імкненне ж “распавесці сюжэт” набліжае відовішча, асабліва ў першай дзеі, да традыцый харэадрамы. Выніковы мікст складаецца з класікі, неакласікі, характарных танцаў, эстрадных (той жа Дон Кіхот у сваіх заляцаннях выдае ледзь не элементы трапака, а ў сцэне з цыганамі — эстрадную падтанцоўку), пантамімы, клаўнады, а часам і амаль цытатных элементаў мадэрна (дакладней, contemporary dance — у сцэне навальніцы, дзе з’яўляюцца нейкія прывіды-пачвары, бы мышы ў “Шчаўкунку”). І ўся гэтая неверагодная сумесь аказваецца акурат у фармаце тэатра... музычнай камедыі. Толькі не песеннай, а танцавальнай. Можа, так і задумана?

Але тады рысы пародыі, якія часам узнікалі выпадкова (хацелі, здаецца, як лепш, атрымалася ж — як заўжды), можна было б і ўзмацніць. Ці ж не пародыя, калі пышная (для балета) бландзінка імкнецца ўвасобіць неўтаймаваную цыганку, цалкам зыходзячы з харэаграфіі Галяйзоўскага (дарэчы, чамусьці не згаданага ў праграмцы, дзе пазначаны толькі Пеціпа і Горскі)? Дарэчы, гэты шлях да парадыйнасці быў закладзены ўжо на ўзроўні новых характараў герояў. Тая ж Кітры (Міку Сузукі) у сне Дон Кіхота паўстае анёлам, узнёслай багіняй, падобнай на Валадарку дрыяд (Ірына Вайтэкунас). У рэальнасці ж аказваецца звычайнай мяшчанкай — сварлівай, звадлівай, уладнай ды шалапутнай. Базіль (Дзмітрый Лазовік), што звычайна малюецца галантным кавалерам, на якім дзяўчаты самі віснуць, тут паказаны ветраным спакуснікам — сапраўдным Дон Жуанам, які не прапусціць ніводнай спадніцы.

Тыя ж рысы пародыі вызначаюць і сцэнаграфію Андрэя Меранкова. Перад намі — быццам бы ўнутранае ўбранне сярэднявечнага замка. Але на сцяне, замест партрэтаў продкаў, — галовы быка, ільва, кабана, якія суседнічаюць з кніжнымі шафамі. Няўжо паляўнічыя трафеі інтэлігента ў сёмым калене, падобныя на выявы гербаў? У сцэнічных строях Любові Сідзельнікавай на ўсмешку працуюць і кароткія джынсы-легінсы-брыджы Дон Кіхота, што пасуюць яго эракезу, і нечаканыя для абранай “характарнай” стылістыкі балетныя пачкі ў другой дзеі (даніна традыцыі?), і цыганская сукенка ў адзін слой, без стосу ніжніх спадніц. У драматургіі (як музычнай, так і ўласна балетнай) смешнымі становяцца “ўстаўкі” варыяцый сябровак нявесты пасярод... вясельнага па-дэ-дэ. Можа, цэнтральнай пары трэба адпачыць, але ж не з такімі псіхалагічнымі “нестыкоўкамі”!

Сур’ёзнасць захоўвае хіба аркестр, хаця камізму раз-пораз і дадаюць некаторыя “фальшывавізмы”. Дырыжор Марына Траццякова спрытна падладжваецца пад неабходныя артыстам тэмпы і рытмічныя адхіленні, звязаныя з танцам.

Ну а на самы сур’ёзны мастацкі здабытак прэтэндуе, і без аніякіх зніжак, майстэрства Дзмітрыя Лазовіка. Такому салісту па плячы і Базіль міжнароднага ўзроўню!

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"