Калі дробязі апраўдваюць сродкі

№ 36 (1162) 06.09.2014 - 12.11.2014 г

Кастусь АНТАНОВІЧ, рэдактар аддзела газеты “Культура”
Да музейнага форуму, што сёлета пройдзе ў Гомелі, будзе падрыхтавана шмат разнастайных праектаў, верагодна, разгорнецца барацьба за перамогу ў розных намінацыях. Пра гэта “К” абавязкова напіша падрабязна. Але цяпер хочацца пагутарыць пра больш прыземленыя, але ад таго не менш актуальныя праблемы музейнага жыцця і не толькі.

/i/content/pi/cult/502/10790/4-33.jpgУ нашым грамадстве ўжо доўгі час жывуць, так бы мовіць, “культурныя” стэрэатыпы. Скажам, у музей людзі мусяць ісці выключна для эстэтычнага задавальнення ці атрымання новых ведаў. Пры гэтым многімі музейнымі ўстановамі мала ўлічваецца фактар гульнёвасці, пэўнай разняволенасці і, самае галоўнае, разуменне камфортнага баўлення часу. У выніку і атрымліваецца, што прабег наведвальнік экспазіцыю за экспазіцыяй, убачаныя вобразы ў ягонай галаве змяшаліся, і ў якасці асноўнага ўражання ад такога наведвання ў яго засталася хіба стомленасць. І калі з музейнай педагогікай справа трохі зрушваецца з месца, знаходзяцца і новыя формы працы з наведвальнікам, то пра ягоны камфорт прысутнасці задумваюцца вельмі рэдка. У якасці прыкладу возьмем лаўкі ў асноўных экспазіцыйных залах найбуйнейшых музеяў краіны. Здавалася б, якая дробязь! Але, калі ўлічваць, што наведвальнік завітвае туды не на пару хвілін, а, магчыма, на пару гадзін, то дыскамфорт відавочны. Ці кожны з нашых музеяў можа пахваліцца гэтым мінімальным камфортам?

З дадзенай нагоды прыгадваецца нядаўняе наведанне аднаго з музеяў Варшавы. Абыходзячы ўвагай ягоныя экспанаты (а гэта палотны Бацічэлі, Вермеера і, між іншым, нашага Ваньковіча), хачу зазначыць, што ля знакавых карцін музея, да прыкладу, ля батальнага палатна “Грунвальдская бітва” Яна Матэйкі, для турыстаў прызначаны зручныя зэдлікі, што стаяць у некалькі шэрагаў, седзячы на якіх можна гадзінамі захапляцца майстэрствам мастака. А чаго вартыя мяккія пярыны, раскладзеныя ў фае музея, на якіх турысты маюць магчымасць нават паляжаць! Я ўжо не кажу пра кавярні, што дзейнічаюць ці не пры кожным больш-менш салідным музеі польскай сталіцы. З той жа “оперы” згадваюцца крэслы для закаханых, якія даводзілася бачыць у музеях Германіі. Праўда, размяшчаюцца яны не толькі для таго, каб закаханыя адпачылі ў час падарожжа, а і каб маглі разам сфатаграфавацца на фоне музейных інтэр’ераў.

І калі музеі могуць у гэтай “зэдлікавай” тэме мяне папікнуць, маўляў, грошай не хапае на ўтрыманне фондаў, а вы тут пра сядзячыя месцы кажаце, то што скажуць з гэтай нагоды мясцовыя ўлады раёнаў, на тэрыторыі якіх знаходзяцца сапраўдныя архітэктурныя перліны? Чаму, патлумачце, каб палюбавацца відамі рамантычных руін Гальшанскага замка, турыст мусіць садзіцца на рэшткі нейкіх бетонных пліт? Чаму ў тым жа Кажан-Гарадку няма месца, дзе можна, смакуючы тое ж марожанае, хаця б з мінімальным камфортам захапляцца ўнікальнай “падаючай” царквой? І гэта толькі прыклады, так бы мовіць, з апошніх назіранняў. Чамусьці лічыцца, што галоўная справа — давесці помнік да ладу, а ствараць вакол яго атмасферу не абавязкова…

Думаецца, каб прывабліваць турыстаў, ды яшчэ ў Год гасціннасці, на такую дробязь у раёнах маглі б знайсціся сродкі. Бо можна ўзводзіць і фешэнебельныя гатэлі, і гіпермаркеты побач з гістарычнымі славутасцямі, але калі не думаць пра такія “дробязі”, то ўсе высілкі могуць стаць марнымі.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"