З далёкага ды блізкага замежжа...

№ 36 (1162) 06.09.2014 - 12.11.2014 г

Як II Фестываль мастацтваў беларусаў свету сустрэне гасцей: экскурсіі па Мінску, туры па аграгарадках, музеі на любы густ ды россып падарункаў
Мабыць, далёка не кожны ведае, што за межамі Беларусі пражывае больш за тры мільёны нашых суайчыннікаў, згуртаваных не менш чым у 220 грамадскіх аб’яднаннях ды арганізацыях. Выхадцы з Сінявокай сёння “прапісаліся” не толькі ў краінах СНД і Еўропы, але і ў Аргенціне і ЗША, у Самалі ды Сінгапуры, у Кітаі ды Індыі… І яны не толькі жывуць у гэтых краінах, але і актыўна прапагандуюць там беларускую культуру, ладзячы свае адметныя канцэрты ды фестывалі і прымаючы ўдзел у разнастайных святочных імпрэзах у якасці пашанотных гасцей… Як вядома, многія калектывы, створаныя пры суполках беларусаў у розных краінах свету, ужо неаднаразова з’яўляліся ўдзельнікамі айчынных фэстаў “Звіняць цымбалы і гармонік”, “Дняпроўскія галасы”, Нацыянальнага фестывалю песні і паэзіі ў Маладзечне…. Сёлета ж пабачыць артыстаў ды ансамблі нашых суайчыннікаў з Мексікі ці Аргенціны, Італіі ды Францыі, а таксама з іншых краін далёкага і блізкага замежжа змогуць і жыхары Мінска: літаральна праз тыдзень, 12 — 14 верасня, у рамках святкаванняў Дня горада, у сталіцы пройдзе ІІ Фестываль мастацтваў беларусаў свету. Пра падрыхтоўку да гэтага маштабнага міжнароднага форуму, а таксама пра тыя цікавосткі, што чакаюцца пад час будучай культурнай падзеі, “К” распавёў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міхаіл РЫБАКОЎ.

/i/content/pi/cult/502/10788/6-1.jpg

— Мы пачалі рыхтавацца да гэтай імпрэзы загадзя, адразу пасля таго, як завяршыўся І Фестываль мастацтваў беларусаў свету, што ладзіўся яшчэ ў 2011 годзе ў Мінску ды Віцебску, — адзначыў Міхаіл Рыбакоў. — Але гэта быў не нейкі спецыяльны адбор. Справа ў тым, што менавіта з 2011-га наш Цэнтр пачаў ладзіць конкурс “Культура”, галоўная мэта якога — папулярызацыя беларускай культуры за межамі Беларусі. Штогод нашы суайчыннікі, якія жывуць у блізкім ці далёкім замежжы, дасылаюць нам творчыя справаздачы, фота- і відэаматэрыялы тых імпрэз, што адбыліся ў краінах іх пражывання і з іхнім удзелам. Гэта дае нам магчымасць ацаніць узровень тых або іншых калектываў, артыстаў, выканаўцаў. Менавіта так мы і выбіралі ўсіх тых творчых асоб, якія сёлета прыедуць ды выступяць у Мінску. А яшчэ шмат у гэтай справе нам дапамаглі калегі з Міністэрства замежных спраў Беларусі. Яны парэкамендавалі нам да ўдзелу ў форуме многіх знакамітых артыстаў, мастакоў, фатографаў, якія пражываюць за межамі нашай краіны.

— Наколькі прадстаўнічы будзе сёлетні фестываль у Мінску? Ці шмат чакаецца на ім гасцей?

— Мяркуйце самі: у 2011 годзе ў Віцебск прыехалі беларусы з 12 краін свету, а сёлета ў Мінск завітаюць суайчыннікі з 18 дзяржаў. Гэта прыкладна 250 чалавек. Плюс, натуральна, выступяць і калектывы з Беларусі. Акрамя таго, чакаецца прыезд дэлегацый з Эстоніі і Латвіі, якія выказалі жаданне паўдзельнічаць у форуме па-за квотай, нават за свой кошт. Выступленні калектываў з гэтых краін таксама пройдуць на адной са сцэнічных пляцовак Мінска.

— А якія артысты прыедуць у Беларусь?

— Некаторыя з калектываў ды выканаўцаў, што завітаюць на форум, ужо неаднойчы бывалі і выступалі ў Беларусі. Напрыклад, ансамбль "Кірмаш" з Масквы, які ўдзельнічаў у І Фестывалі мастацтваў беларусаў свету. Але ж многіх артыстаў мы ўбачым упершыню. Згадаю, напрыклад, піяністаў Міхаіла Юркова з Францыі ды Юлію Раманцаву з Іспаніі…

— У чым навізна сёлетняга форуму? Чым ён будзе адрознівацца ад першага падобнага мерапрыемства, зладжанага ў Віцебску?

— Па-першае, як я ўжо казаў, сёлета значна пашырылася геаграфія гасцей. Па-другое, значна вырас узровень выканальніцкага майстэрства ўдзельнікаў форуму: бачым гэта па дасланых нам матэрыялах. Па-трэцяе, першы падобны фестываль ладзіўся ў рамках “Славянскага базару ў Віцебску”, а сёлетні прымеркаваны да Дня горада Мінска. Такім чынам, гэтай акцыяй мы сведчым пра знітаванасць беларусаў замежжа з Беларуссю, з яе сталіцай Мінскам…

— Наколькі насычанай будзе праграма фестывалю? Ці прадугледжана нейкая культурная праграма для гасцей форуму?

— Безумоўна. У першы дзень, 12 верасня, нашых гасцей чакае экскурсія па сталіцы Беларусі, а таксама выезды творчых калектываў і выканаўцаў у аграгарадкі Мінскай вобласці, дзе нашы суайчыннікі зладзяць канцэрты для мясцовых жыхароў. А ў другі дзень усе ўдзельнікі форуму пабываюць у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Наколькі я ведаю, многія з нашых гасцей вельмі зацікавіліся тым, што ў Беларусі адкрыўся новы музей, прысвечаны падзеям мінулай вайны. Таму і было вырашана зладзіць туды экскурсію для ўсіх ахвотных. Затым, у гэты ж дзень, на пляцоўцы каля Палаца спорту, адбудзецца канцэрт самадзейных калектываў беларусаў замежжа. А кульмінацыяй фестывалю стане гала-канцэрт. Ён запланаваны на 14 верасня ў Белдзяржфілармоніі.

— Але ж гэта, мабыць, яшчэ не ўсё…

— Натуральна. У рамках форуму адбудзецца чарговае, пятае па ліку, пасяджэнне Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа. Таксама пад час фестывалю запланавана зладзіць шэраг іншых акцый: адкрыццё экспазіцыі “Беларускія мастакі ў свеце”, фотавыстаўкі “Мы — беларусы”… Таксама адбудзецца літаратурная сустрэча з паэтамі і пісьменнікамі беларускага замежжа ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа.

— Міхаіл Леанідавіч, наколькі я ведаю, для ўсіх удзельнікаў фестывалю Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур падрыхтаваў падарункі, сярод якіх — шматлікія метадычныя дапаможнікі. Гэта, мабыць, тое, чаго асабліва не стае для працы ў беларускіх суполках…

— Так. Кожны ўдзельнік атрымае ў падарунак нядаўна выдадзены намі дыск “Беларускі танец”, дзе змешчана інфармацыя пра гісторыю станаўлення беларускага танца, адлюстраваны многія яго разнавіднасці, пакрокава распісаны кожны рух, які робяць удзельнікі-танцоры. Гэткі своеасаблівы майстар-клас беларускага танца ў лічбе. Спадзяюся, матэрыял вельмі прыдасца нашым калектывам, што працуюць у суполках. Таксама на гэтым жа дыску мы змясцілі шмат беларускай народнай музыкі, песень, а таксама відэазапісы канцэртаў, якія адбыліся пад час І Фестывалю мастацтваў беларусаў свету. Акрамя таго, у падарункавы набор увойдуць нацыянальны ручнік ды насценны гадзіннік з лагатыпам фестывалю...

— А якую яшчэ падтрымку, акрамя метадычнай, аказвае сёння Цэнтр нацыянальных культур нашым суайчыннікам, якія пражываюць далёка за межамі Беларусі?

— Самую разнастайную. Напрыклад, мы аплачваем выраб сцэнічных строяў для калектываў беларусаў замежжа. Так, летась намі было перададзена ў беларускія суполкі з самых розных краін свету каля пяцідзесяці камплектаў касцюмаў. А сёлета на прадпрыемстве “Белмастацпромыслы” пад заказ нам вырабілі ўжо 65 камплектаў касцюмаў. Большая частка з іх таксама ўжо перададзена артыстам, якія працуюць пры суполках. Акрамя таго, накіроўваем нашым суайчыннікам, што пражываюць за мяжой, разнастайную літаратуру, дапамагаем кансультацыямі і парадамі, арганізоўваем для іх курсы па розных кірунках беларускай народнай культуры, а таксама ладзім майстар-класы пры нашым Цэнтры. Як паказала практыка, усё гэта вельмі запатрабавана.

— І апошняе пытанне: ці плануецца выданне нейкіх матэрыялаў па выніках ІІ Фестывалю мастацтваў беларусаў свету? Акрамя таго, відэазапісы канцэртаў, фотаздымкі з форуму было б няблага размясціць у Інтэрнэце…

— Усе мерапрыемствы, зладжаныя пад час міжнароднага форуму, будуць здымацца на відэа. Пасля гэтыя матэрыялы знойдуць сваё належнае месца ў архіве Цэнтра і будуць выкарыстаны пры запісе наступных дыскаў. На жаль, на нашым сайце пакуль няма магчымасці выкласці ні аўдыя-, ні відэазапісы. Але самым бліжэйшым часам мы павінны атрымаць сродкі на абнаўленне сайта Цэнтра. Так што, мяркую, з цягам часу гэтае пытанне будзе вырашана і кожны ахвотны зможа прагледзець канцэрт ці праслухаць запісы выступленняў з ІІ Фестывалю мастацтваў беларусаў свету, завітаўшы на нашу старонку ў Сеціве.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"