“Геній месца”, які злучае ўсіх?

№ 36 (1162) 06.09.2014 - 12.11.2014 г

Мінская школа фатаграфіі: піцерская версія
Мінская школа фатаграфіі, асэнсаванне якой у нашым асяроддзі пачалося, лічы, летась з выхадам альбома “Новая хваля”, усё больш ператвараецца ў найцікавы аб’ект для даследавання. Гэтым разам новую спробу разгляду дадзенай культурнай з’явы ў гісторыі беларускай фатаграфіі мінулага стагоддзя ажыццявіў расійскі куратар Ігар Лебедзеў. Стаўшы ініцыятарам стварэння адмысловай калекцыі, фатограф і даследчык адабраў больш чым 700 работ беларускіх аўтараў для Дзяржаўнага музейнага-выставачнага цэнтра Расійскай Федэрацыі РОСФОТО — галоўнай інстытуцыі фатаграфіі суседняй краіны, стварыўшы адзін з самых вялікіх збораў беларускай фатаграфіі за мяжой. Сёння гэтая калекцыя твораў беларускіх аўтараў атрымала своеасаблівую прэзентацыю ў выглядзе вялікай выстаўкі пад назвай “Мінская школа фатаграфіі. 1960-я — 2000-я гг.”. Яна адкрылася напрыканцы жніўня ў выставачнай зале РОСФОТО ў Санкт-Пецярбургу, стаўшы гучнай падставай для прыцягнення ўвагі да беларускага фотамастацтва, якое пакуль прызнаюць, на жаль, бадай, толькі за мяжой.

Якім чынам быў прадстаўлены феномен Мінскай школы фатаграфіі ў Санкт-Пецярбургу? Як успрыняла “мінскую” фатаграфію расійская публіка? Ці магчымая падобная грунтоўная ацэнка культурнай з’явы беларускім бокам? Пра гэта гутарым з удзельнікамі выстаўкі — фатографамі і галоўнымі прадстаўнікамі Мінскай школы фатаграфіі Уладзімірам ПАРФЯНКОМ (ён таксама — супрацоўнік сталічнага Цэнтра сучасных мастацтваў) і Ігарам САЎЧАНКАМ.

Новы позірк

— Спадарства, якім чынам была прадстаўлена Мінская школа фатаграфіі на выстаўцы? Што ўдалося дазнацца пра сябе праз погляд Іншага, так бы мовіць, “вачыма” Ігара Лебедзева?

/i/content/pi/cult/502/10787/7-1.jpgУ.П.: — Смеласць куратара аказалася ў тым, што ён пашырыў часавыя межы культурнай з’явы “Мінская школа фатаграфіі”, пра якую ўпершыню згадаў фінскі куратар Х.Ээрыканен у 1988-м. Мы прызвычаіліся асацыяваць Мінскую школу з той групай людзей, якая была пад эгідай Валерыя Лабко, з фатаграфіяй 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Ігар, зірнуўшы на нас здалёк, высветліў пэўнае адзінства па духу значна шырэйшага кола аўтараў: 1960-х — 2000-х — даволі вялікага часавага адрэзку.

На выстаўцы мы ўбачылі творы, так бы мовіць, нашых папярэднікаў (Анатоля Дудкіна, Міхаіла Жылінскага, Яўгена Казюлі ды іншых) і нашых паслядоўнікаў (Данііла Парнюка, Кацярыны Гуртавой, Андрэя Калеснікава)… І ўсё гэта выглядала цалкам арганічна.

— Я так разумею, што вам удалося ўбачыць “агульную карціну”?

У.П.: — Нам удалося прызнаць, што мы не такія адасобленыя, як падавалася. Мы меркавалі ў свой час, што з’яўляемся гэткімі рэфарматарамі, рэвалюцыянерамі фатаграфіі, (і так яно і было, насамрэч), але наша фатаграфія, як аказалася, — не такая ўжо герметычная. Высветлілася, што ёсць рэчы, якія ты не перабудоўваеш, а якімі карыстаешся, нават не ўсведамляючы гэтага. Калі ў тыя часы мы знаходзіліся ў клубе, усё ж бачылі, што робяць клубныя фатографы, а яны, у сваю чаргу, назіралі за тым, што робяць маладыя студыйцы. Той жа Анатоль Дудкін, да прыкладу, выкарыстоўваў ідэю спантаннага таніравання для сваіх здымкаў і рабіў вельмі добрыя фота аголенай натуры. Адбываўся працэс гэтага ўзаемаўплыву, і піцерскі куратар, аддадзім яму належнае, паказаў нам гэтую сувязь. Іншымі словамі, ён, лічы, сказаў: “Хлопцы, штосьці вы тут не тое дзеліце. Глядзіце шырэй!” (смяецца). У яго азначэнні выявілася: Мінская школа фатаграфіі — гэта шырокі фронт, у якім шмат розных ручаёў і сваіх плыняў, што не супярэчаць адно аднаму.

І.С.: — Пакуль мне да слоў Валодзі дадаць няма чаго.

Рэалізацыя

— Цікава. І якім чынам гэта было паказана ў экспазіцыі?

/i/content/pi/cult/502/10787/7-2.jpgІ.С.: — Можна сказаць, пазіцыя куратара была выяўлена даволі арыгінальна, але пераканаўча. На выстаўцы не было падзелаў па аўтарах, па тэмах, па храналогіі. Самыя розныя работы па часе і тэхніцы выканання суседнічалі адна з адной. Былі такія спалучэнні, якія, здавался б, аніяк не могуць існаваць, але ўсё “працавала”.

У.П.: — Куратар выбудаваў сваю пэўную карціну Мінскай школы: быццам бы ў яго ёсць альбом з усімі зыходнымі, і ён, гартаючы яго, спыняецца на першай, на пятай, на дзясятай фатаграфіі… У такім жа адвольным парадку здымкі былі размешчаны ў экспазіцыі.

І.С.: — Так і адбывалася, бо ў Ігара быў у наяўнасці гэты масіў фота, з якога ён мог выбіраць.

— І маладыя аўтары на выстаўцы суседнічалі са сталымі?

У.П.: — Не толькі аўтары, але і тэхнікі. Поруч знаходзіліся і канцэптуальныя навароты, і “прамы” дакумент. Тыя ж гуміярабічныя эксперыменты Марыі Банэ суседнічалі з фатаграфіямі Сяргея Кажамякіна. Дзіўная рэч: прытым што аўтары выкарыстоўвалі розныя тэхналогіі і здымкі былі зроблены ў розны час, яны раптам пачыналі “перагукацца”, выяўляючы адну мастацкую мову…

— Але ці існаваў пэўны прынцып пабудовы выстаўкі?

У.П.: — Ён вядомы толькі аўтару.

І.С.: — Аднак усё глядзелася выдатна. Я бачыў прыклады падобных выставак у Берліне, дзесьці яшчэ... Узгадваю экспазіцыю аднаго аўтара, дзе ў стыку знаходзіліся работы розных яго перыядаў, радыкальна па-рознаму аформленыя. Яны цалкам гарманічна суіснавалі ў адной зале і на адной сцяне. І ў зале РОСФОТО назіралася падобнае ж спалучэнне, здавалася б, неспалучальнага. У гэтым, паўторымся, і выяўлялася смеласць Ігара Лебедзева…

— …Які зрабіў акцэнт, атрымліваецца, на “геніі месца”?

У.П.: — Так. Выяўляецца, ці разумееш ты, што гэта такое — “геній месца”, ці ведаеш ты яго ў твар, умоўна кажучы, ці не, але калі тут жывеш, у рэшце рэшт, ты за ім крочыш. І гэта застаецца ў фатаграфіі.

Праўда, адзначым, што ўсё ж пэўны прынцып адбору фатаграфій, фарміравання калекцыі назіраўся: Ігар спецыяльна цікавіўся менавіта носьбітамі — надрукаванымі фота, разумеючы іх асаблівую аўтарскую каштоўнасць. Яны былі зроблены ў свой час і ў адмысловай тэхніцы. І зразумела, што калі сёння зрабіць са старога негатыву тую ж фатаграфію, яна, нягледзячы на выяву, ужо будзе сённяшняга часу. Тыя ж аналагавыя фотаадбіткі — усё ж артэфакты. Для знаўцаў гэта зразумела, і таму яны маюць высокі кошт…

Тэарэтычны падмурак

— У падтрымку падзеі, ведаю, праходзілі творчыя сустрэчы з беларускімі фатографамі — у прыватнасці, з вамі, Ігар і Уладзімір, з Сяргеем Кажамякіным. Як успрыняла публіка феномен Мінскай школы?

У.П.: — На сустрэчы публіка была маладая, і яна, у асноўным, слухала. Праўда, потым мы знайшлі водгук ад аднаго з наведвальнікаў у сацыяльных сетках. Там было сказана пра нас: маўляў, артысты, фігуральна кажучы, але хацеў бы я дарасці да іх узроўню!.. Нішто сабе такая ацэнка!..

І.С.: — Мне больш даспадобы была другая па ліку сустрэча, калі ў коле экспертаў абмяркоўвалася паняцце, канцэпт Школы: што ж яна ў сябе ўключае, з чаго складаецца. Тая сустрэча для мяне была найбольш цікавая.

У.П.: — Практычна, гэтая выстаўка мела яшчэ адну мэту — узняць дыскусію ў самім Санкт-Пецярбургу: а ці ёсць у іх нешта кшталту мінскага аб’яднання? Як выбудаваць Піцерскую школу фатаграфіі, на якой базе? Што, уласна кажучы, яе складае?

І.С.: — І гэтая дыскусія падаецца мне вельмі істотнай. Бо калі Ігар Лебедзеў называе пэўны масіў фатаграфій "Мінская школа фатаграфіі", таму мусіць быць тэарэтычнае абгрунтаванне. І яго, дарэчы, куратар на сустрэчы агучыў. На дыскусіі таксама прысутнічала захавальнік РОСФОТО, якая падкрэсліла важнасць гэтых тэарэтычных падмуркаў, бо ў яе інтарэсах — адэкватным чынам аформіць гэтую калекцыю, апісаць і каталагізаваць, бо яна ўжо ўвайшла ў архіўныя фонды Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі. Славуты піцерскі фатограф Аляксандр Кітаеў сказаў: “Вы ўжо пастуляваны, засталося толькі годна дажыць” (смяецца). Жарты жартамі, але тое, што беларуская фатаграфія сёння прызнана, дзякуючы намаганням Ігара, — факт.

Шанцы — ёсць

— Ці не адчуваеце вы пэўнай крыўды з-за таго, што, атрымліваецца, вашы дасягненні больш адзначаны за мяжой, а не тут, у Беларусі?

І.С.: — Лічу вельмі добрым тое, што сёння ёсць такое месца, дзе беларуская фатаграфія захоўваецца належным чынам, што ёсць магчымасць паглядзець яе ў сценах музея.

У.П.: — Між іншым, адзначу, што калекцыі беларускай фатаграфіі, праўда, у меншым памеры, маюцца таксама і ў музеях Капенгагена і Адэнса ў Даніі. Тая ж Мінская школа… Тым не менш, ніхто і нішто не перашкаджае стварыць і ў Беларусі адпаведны збор. Проста, гэтым пакуль ніхто не займаецца…

І.С.: — У Расіі знайшоўся Ігар Лебедзеў, які актыўна здымаў, бо ён у першую чаргу — фатограф, і ўжо потым сфакусаваўся на даследчыцкай працы. І вось вынік. Я ўпэўнены, што і ў нас ёсць падобныя людзі, якім цікавая гэтая тэма, але пакуль яны не выявілі сябе.

У.П.: — Ігар убачыў “мінскую школу” як вялізнае дрэва, галіны якога сплялілся ў такім нечаканым узоры, але, напэўна, існуюць і яшчэ версіі прачытання гэтага феномену. Магчыма, мы ўсе вельмі заангажаваны, і нам цяжка адасобіцца, выйсці за межы свайго кола, каб убачыць карціну ў цэлым. Але паспрабаваць варта.

Да ўсяго, падкрэслю, што з гэтай сітуацыі можна вынесці яшчэ адзін важны ўрок. У першую чаргу, нам неабходна пазбавіцца комплексу непаўнавартаснасці і пачаць па-іншаму глядзець на сябе. Верыць адзін у аднаго. Тады магчыма, штосьці і зменіцца…

 

З анатацыі куратара выстаўкі Ігара Лебедзева (Санкт-Пецярбург)

"Выстаўка “Мінская школа фатаграфіі. 1960-я — 2000-я гг.” прадстаўляе ключавую з’яву ў гісторыі беларускага фотамастацтва другой паловы ХХ стагоддзя.

… Гэты перыяд важны для разумення не толькі беларускай фатаграфіі, але і ўсяго савецкага перыяду ў гісторыі расійскага фотамастацтва. Адной з цэнтральных падзей гэтага часу стала ўзнікненне і далейшае прызнанне рэспубліканскіх і рэгіянальных “фатаграфічных школ”. Прымяненне такога тэрміну да фатаграфіі дазволіла асэнсаваць феномен творчага адзінства аўтараў у рамках унікальнай культурнай прасторы, абмежаванай невялікай тэрыторыяй рэспублікі, вобласці, горада. У дадзенай сітуацыі беларуская фатаграфія не стала выключэннем, а ў многім апярэдзіла іншыя рэспублікі СССР. Даследаванню гэтай культурнай з’явы і прысвечана выстаўка.

Пасля Другой сусветнай вайны цэнтрам развіцця беларускай фатаграфіі стаў горад Мінск. У 1950-я нароўні з рэпартажнай фатаграфіяй тут пачаўся актыўны фотааматарскі рух. Так, у 1960 годзе быў заснаваны фотаклуб “Мінск” — першы ў Беларусі і адзін з першых у СССР. У 1970-я беларуская творчая фатаграфія атрымала прызнанне ў маштабах СССР. Намаганнямі членаў фотаклуба ладзіўся адзін з нешматлікіх у Савецкім Саюзе рэгулярных міжнародных фотафестываляў — “Фотаграфіка”. Гісторыя дадзенага перыяду на выстаўцы прадстаўлена класічнымі аўтарскімі адбіткамі Віктара Бутры, Анатоля Дудкіна, Міхаіла Жылінскага, Яўгена Казюлі.

У 1980-я гады пры клубе пачалі працаваць адукацыйныя студыі, што дазволілі не толькі пераадолець творчы застой, у многім звязаны з агульнай культурнай сітуацыяй у СССР, але і сфарміраваць кола аўтараў, якія вывелі беларускую фатаграфію да пачатку 1990-х на міжнародны ўзровень. Да таго часу належыць першае абагульненне заходнімі куратарамі творчай дзейнасці мінскіх фатографаў тэрмінам “Мінская школа фатаграфіі”. Нельга не заўважыць, што атрымаўшым сусветную вядомасць фатаграфіям Сяргея Кажамякіна, Уладзіміра Парфянка, Ігара Саўчанкі ды іншых аўтараў уласціва пэўнае эстэтычнае падабенства, а таксама пераклічка разваг як пра беларускую ды савецкую гісторыю, так і пра медыйныя магчымасці фатаграфіі.

Сучасны перыяд Мінскай фатаграфіі прадстаўлены на выстаўцы серыяй-дакументам “Са-тварэнне” Данііла Парнюка, партрэтнай серыяй “Праз дзве хвіліны” Андрэя Калеснікава, серыяй работ Андрэя Васкрасенскага, выкананых у альтэрнатыўнай тэхніцыі друку — гуміярабіцы. Гэтыя фотасерыі, якія былі створаны ў 2000-я гг., сёння зноў вяртаюць актуальнасць пытанню аб унікальнасці Мінскай школы фатаграфіі на фоне агульнай глабалізацыі фотамастацтва і ўзрастаючага інтарэсу да міжнародных універсітэцкіх школ фатаграфіі…

На выстаўцы Мінскую школу фатаграфіі прадстаўляюць 20 беларускіх аўтараў".

Фота Ігара Саўчанкі — Barbara Niggl Radloff, фота Уладзіміра Парфянка — Данііла ПАРНЮКА

 

Працяг тэмы ў артыкуле куратара выстаўкі Ігара Лебедзева, а таксама ў падборцы здымкаў з экспазіцыі.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"