Падзенне, якое стала ўзлётам

№ 44 (1170) 01.11.2014 - 07.11.2014 г

Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы ў чарговы раз пацвердзіў сваю рэпутацыю наватара. Гэтым разам вынаходка — не тэхналагічная, а, хутчэй, канцэптуальная. Не так даўно экспазіцыя папоўнілася інсталяцыяй Паўла Вайніцкага і Алены Златкавіч “Шлях паэта”, прысвечанай трагічнай смерці Песняра.

/i/content/pi/cult/501/10782/6-6.jpg

 

 

Інсталяцыя "Шлях паэта" ў Літаратурным музеі Янкі Купалы. / Фота Юрыя ІВАНОВА

Дзверы гатэльнага нумара, люстра, паркетная падлога, шпалеры, крэсла, валізка, гадзіннік... Аснову інсталяцыі складаюць рэчы, якія атачалі Купалу ў апошнія імгненні ягонага зямнога шляху, — альбо “тыя самыя”, альбо, прынамсі, з той эпохі.

— Тут няма ніякай антрапаморфнасці: чалавека замяняюць прадметы, з якімі можна сувымерыць яго жыццё, — распавядае Павел Вайніцкі.

Аўтарам удалося не толькі арганічна “ўпісаць” твор сучаснага мастацтва ў апрыёры кансерватыўную музейную прастору, але і ўлічыць няпростую спецыфіку апошняй. З аднаго боку, інсталяцыя стварае пэўны эмацыйны настрой, з іншага — знаёміць гледача з арыгінальнымі артэфактамі, дбайна сабранымі супрацоўнікамі музея. Аднак экспануюцца яны зусім не ў звыклых стэлажах за шклом. Дакладней, шкло тут прысутнічае, але выконвае хіба мастацкую функцыю. Па-над аўтэнтычнымі прыступкамі гатэля “Масква” — сімвалічныя сходы.

— Наша інсталяцыя адлюстроўвае гэтае загадкавае і трагічнае падзенне, аднак многія гледачы сцвярджаюць, што ім бачыцца, наадварот, узлёт, — распавядае Павел Вайніцкі. — І гэтая трактоўка, вядома ж, прымаецца. Для нас увогуле было вельмі важна, каб твор быў адкрыты для інтэрпрэтацый…

На думку дырэктара музея Алены Ляшковіч, эксперымент атрымаўся ўдалым, і аўтарскія інтэнцыі ўдала спалучыліся з агульнай канцэпцыяй экспазіцыі:

— Яе скразны мастацкі вобраз — жыццёвы шлях Песняра, і філасофка-паэтычная інсталяцыя лагічна яго завяршае. Гэта падзенне ўніз, якое становіцца ўзлётам у неба…

Для Беларусі выкарыстанне ў музейнай прасторы набыткаў сучаснага мастацтва пакуль у навінку, але за мяжой інсталяцыі ды аб’екты актыўна ўводзяцца ў экспазіцыю, акцэнтуючы ўвагу наведвальнікаў. Варта прыгадаць хаця б вялізныя — памерам з пакой — стэлажы з чалавечымі валасамі і пратэзамі ў польскім музейным комплексе “Аўшвіц”, якія дазваляюць гледачу ўсвядоміць маштабы трагедыі куды больш пераканаўча, чым проста статыстычныя даныя. Менавіта такі эмацыйны водгук і павінна спараджаць наведванне музея.