Не што іншае, як энергія

№ 44 (1170) 01.11.2014 - 07.11.2014 г

Хто дапаможа музіцыраваць “над Сожам”?
Нядаўна званнем народнай артысткі Беларусі была ўганаравана Галіна ПАЎЛЯНОК — салістка і мастацкі кіраўнік Гомельскай абласной філармоніі, старшыня абласнога аддзялення Беларускага саюза музычных дзеячаў, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта нашай краіны дзеячам культуры і мастацтва. Ураджэнка Гомеля, шмат гадоў таму яна вярнулася ў родны горад “па сямейных абставінах” пасля заканчэння Ленінградскай кансерваторыі і пяці гадоў працы салісткай оперы, педагогам кансерваторыі ў Новасібірску. І даказала, што не месца ўпрыгожвае чалавека, а якраз наадварот.

/i/content/pi/cult/501/10780/6-1.jpg

— Традыцыйна лічыцца, што творчасць і арганізацыйная праца (дарэчы, сярод тых жа творцаў — людзей вельмі эмацыйных, часта “капрызных”) — дзве рэчы несумяшчальныя. Па меншай меры, далёка не ўсім удаецца спалучаць іх удала. А на вашых плячах — Гомельская абласная філармонія з усімі яе праблемамі, пачынаючы з адсутнасці ўласнага будынка. Сапраўды, ну як тут не спяваць!..

— Для мяне гэтыя сферы дзейнасці дапаўняюць адна адну, бо абедзве скіраваны на стварэнне. Працу мастацкага кіраўніка я лічу вельмі творчай, бо яна заключаецца зусім не ў тым, каб выпрацоўваць у сабе гэткі “камандзірскі” голас, выказваць незадавальненне, рабіць вымовы, звальняць і да т. п. Галоўнае на гэтай пасадзе — стварыць у калектыве творчую атмасферу, вызначыць кірунак, па якім трэба рухацца, і абавязкова сачыць, каму і чым на гэтым шляху трэба дапамагчы. Хто ж лепш зразумее музыкантаў, як не іх калега? Гэтага прынцыпу я і прытрымліваюся. Так, на першым месцы ў кожнага артыста павінны быць добрыя прафесійныя навыкі, і я клапачуся, каб нашы кадры гэтаму адпавядалі: камусьці трэба нешта падказаць, камусьці — дапамагчы. Што ні кажыце, а мастацкі кіраўнік — яшчэ і свайго роду “выкладчык”. Падобна да таго, як у дыпломных працах ці дысертацыях бывае навуковы кіраўнік, так і тут — мастацкі. Але ўсё роўна — без натхнення, любові, адухоўленасці, стану творчага палёту музыка не ажыве. І мая задача — яшчэ і ў тым, каб падтрымліваць гэтыя адчуванні ў артыстаў, нават проста добрым словам, рэакцыяй на новую праграму, выступленне. А да таго ж, весці іх за сабой уласным прыкладам. Мастацкі кіраўнік сам павінен выпраменьваць тое творчае стаўленне да творчасці (я невыпадкова паўтараю гэтыя словы), якое не дазваляе звесці яе адно да рамяства і тым больш “адпрацоўкі”.

— Я зразумела: вы ставіцеся да мастацкага кіраўніцтва як да своеасаблівага “дырыжыравання” аркестрам. Прадоўжыўшы гэтае параўнанне, давядзецца глядзець на гастралёраў, без якіх ніводная філармонія не абыходзіцца, як на салістаў, запрошаных з гэтым аркестрам выступіць…

— Пэўна, так і ёсць. Бо кожны добры саліст — гэта яшчэ і творчы арыенцір для іншых, а не толькі асалода для публікі. Імкнуся рабіць стаўку на маладых беларускіх музыкантаў. Наша выканальніцкая школа — адна з лепшых. Невыпадкова айчынныя салісты так запатрабаваны на сцэнічных пляцоўках Еўропы. Дык чаму б не даць ім магчымасць рэалізаваць сябе на радзіме? Гэтым і павінна займацца філармонія. І ў тым ліку — адкрываць новыя імёны. Той жа Павел Бацян — лаўрэат міжнародных конкурсаў, выхаванец знакамітага Эдуарда Кучынскага, першая скрыпка Мінскага струннага квартэта — менавіта ў Гомелі даў свой першы сольны канцэрт, выступіўшы разам з канцэртмайстрам Аленай Афанасьевай.

— З гэтай піяністкай, якая працуе ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і часта ладзіць цікавыя праекты, вы шмат канцэртавалі, з ёй зрабілі ў свой час большасць запісаў на радыё…

— Асабістыя стасункі ў мастацтве значаць вельмі многа. А канцэртмайстар увогуле, здараецца, часта становіцца “мастацкім кіраўніком” саліста, яго творчым сумленнем. Зараз у Гомелі я працую з Таццянай Любенка, але тая ж Алена Афанасьева застаецца маім добрым дарадцам ды сябрам, падкідвае некаторыя ідэі. І, вядома, прыязджае да нас з салістамі — да прыкладу, з артысткай Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Лідзіяй Кузьміцкай, якая спявала рамансы — і зрабіла фурор!..

— Пра фестывалі не думалі? Бо пакуль Гомель-музычны можа пахваліцца хіба “Рэнесансам гітары”, дый той ужо не мае таго розгаласу, як раней…

— Ім кіруе Ігар Шошын, філармонія толькі дапамагае. А ў нас ёсць толькі міні-фестываль — Калядны, калі нашы хор і аркестр рыхтуюць святочныя музычныя падарункі. Што ж да больш маштабных форумаў... Нам і сапраўды, як вы адзначылі напачатку, вельмі не хапае ўласнага будынка. Прапаноўваюць, вядома, тыя або іншыя памяшканні, але не так проста знасці тое, што адпавядала б...

— ...Вашаму райдару, так?

— Што ні кажыце, а філармонія павінна мець добрую залу — у цэнтры горада, а не ў спальных раёнах. Само месца мусіць быць, што называецца, “намоленым” гледачамі і слухачамі, а ў зале неабходна добрая акустыка. Пакуль жа выступаем, дзе дамовімся. Вядома, шмат канцэртаў ладзіцца на выездзе. Бо ў нас ёсць эстрадна-сімфанічны аркестр, на яго базе — камерны. Ёсць камерны хор, салісты — вакалісты і інструменталісты. Ёсць тэатр “Вырастайка”, які ў форме спектакляў, тэатралізаваных дзей праводзіць асветніцкую працу сярод дзяцей. Пры гэткім раскладзе фестываль, здавалася б, так і просіцца! І ў мяне ўзнікла ідэя арт-праекта “Музыка над Сожам”. У горадзе ёсць сцэна над ракой, ёсць тэатр, куды ў хуткім часе прыдбаюць раяль. Калі гэта здзейсніцца, можна будзе больш шырока разгортваць папулярызацыю класікі, сур’ёзнай акадэмічнай музыкі. Спачатку, вядома, гэта будуць творы, якія належаць да так званай папулярнай класікі. Бо ўжо сама атмасфера паркавых гулянняў “калі рэчкі” патрабуе музыкі, што сама кладзецца на слых, узнімае настрой, прыносіць радасць і заспакаенне…

— У мінулых стагоддзях быў нават асобны жанр — штосьці накшталт “музыкі на вадзе”...

— Ну а ў нас будзе — “ля вады”. І галоўнае — на адкрытым паветры. Разнастайныя фестывалі ў фармаце open air даўно атрымалі прапіску ў замежжы, дый на Беларусі яны пачалі набіраць абароты. Думаю, калі ўсё здзейсніцца, дык гэта прыцягне не толькі гараджан, але і турыстаў. Ну не адно ж Палац Румянцавых і Паскевічаў глядзець! Чым больш у горадзе адметных падзей, цікавых імпрэз, тым лепш.

— Да таго ж, кожны фестываль — гэта яшчэ і каляфестывальная атмасфера. Я маю на ўвазе не толькі прома-прадукцыю, сувеніры, але і выстаўкі-продажы, іншыя мерапрыемствы…

— Даўно выношваю думкі, як з’яднаць філармонію і тэатр. Справа не ў тым, хто каму будзе “дыктаваць” і што менавіта, а ў сумесных акцыях. Сінтэз мастацтваў — гэта не проста патрабаванне часу ці модны трэнд, а абсалютна нармальная з’ява, якая спрыяе развіццю мастацтва, прычым кожнага з яго відаў.

— А як наконт “сінтэзу” філармоніі з Саюзам музычных дзеячаў, старшынёй абласнога аддзялення якога вы з’яўляецеся?

— Маеце на ўвазе нейкія сумесныя акцыі? Дый імі можа лічыцца літаральна кожны наш канцэрт! Бо сярод членаў Саюза — усе лепшыя музыканты: хтосьці з іх выяўляе сябе на сцэне, хтосьці — у выкладчыцкай дзейнасці, забяспечваючы і будучыя прафесійныя кадры, і, калі ў некага з вучняў музычная кар’ера раптам не складзецца, дасведчаных аматараў, адданых слухачоў. Сваю задачу як старшыні абласнога аддзялення бачу найперш у тым, каб папулярызаваць іх творчасць. Так што і гэтая сфера аказваецца звязана з маёй працай...

Слухаючы Галіну Паўлянок і добра ведаючы яе каларытнае мецца-сапрана, разнастайнасць вакальных прыёмаў у дачыненні да музыкі розных стыляў, я падумала, што ўся ейная дзейнасць разам — і арганізацыйная, і спеўная — гэта не што іншае, як... выпраменьванне энергіі. У розных яе відах! Энергіі, зноў-такі, стваральнай. Ці не ў гэтым прызначэнне культуры ўвогуле?..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"