Ваяры з разцом і пэндзлем у руках

№ 8 (826) 23.02.2008 - 29.02.2008 г

Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны распачалася выстаўка “Бацькаўшчыне служым”, прысвечаная 90-годдзю Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. У ёй прынялі ўдзел знакамітыя жывапісцы і скульптары творчага аб’яднання Студыі ваенных мастакоў.

 /i/content/pi/cult/150/1078/Vajary.jpg

У.Уродніч. “На Магілёўскім напрамку”.

На ўрачыстым адкрыцці кіраўнік аб’яднання, заслужаны дзеяч мастацтваў РБ Мікалай Апіёк не раз падкрэсліваў, што мастакі таксама з’яўляюцца ваярамі, толькі не са зброяй у руках, а з пэндзлямі. Галоўнай мэтай Студыі, што стваралася па ініцыятыве міністра абароны, генерал-палкоўніка Леаніда Мальцава, з’яўляецца развіццё ваенна-гістарычнай і героіка-патрыятычнай тэмы, якая служыць эстэтычнаму, духоўнаму і маральнаму выхаванню гледача. За амаль што пяцігадовае існаванне Студыя арганізавала мастацкія выстаўкі “Памяць”, “Дзеці вайны”, “60 гадоў вызвалення Беларусі”, “60 гадоў Вялікай Перамогі”, “За мірнае неба”, “Абаронцам Айчыны”, правяла персанальныя выстаўкі многіх членаў Студыі. Калі Міністэрства абароны аб’явіла конкурс, то ў намінацыі “Выяўленчае мастацтва” творчае аб’яднанне прадставіла персанальныя выстаўкі “Зямля маёй мамы” Аляксея Панцюка-Жукоўскага, “Свет, у якім я жыву” вайскоўца 86-й брыгады сувязі М.Слабко (Клуб вайсковай славы), Міжнародны дзіцячы праект “Балада пра салдата” і выстаўку “Мая зямля, абпаленая вайной”, якія арганізаваў кіраўнік бабруйскай дзіцячай студыі “Вясёлка” І.Моцін.

На гэтай выстаўцы мастакі сабралі лепшыя работы розных гадоў. Кампазіцыйная група з пяці драўляных скульптур “Загінуўшых чакаюць вечна” М.Кандрацьева была завершана ў 1978 годзе. Аднак і сёння слёзы драўляных жанчын болем адгукаюцца ў сэрцах наведвальнікаў музея. Народны мастак Беларусі, скульптар Іван Міско прапанаваў угледзецца ў твары людзей, што сталі героямі свайго часу. На палотнах у суседняй зале сустрэліся абаронцы Радзімы розных пакаленняў. Тут прадстаўлены “На Магілёўскім напрамку” і “Ваенныя вучэнні “Беразіна-2” заслужанага дзеяча мастацтваў Уладзіміра Уродніча; маршал Георгій Жукаў у “Аперацыі “Баграціён” і Галоўнакамандуючы Узброеных Сіл РБ АляксандрЛукашэнка падчас вучэнняў “Шчыт Айчыны-2004” Мікалая Апіёка; “Балада аб лётчыку Уладзіміры Карваце” Уладзіміра Гардзеенкі і “На палігоне” заслужанага дзеяча мастацтваў Леаніда Дударэнкі; творы “Пасля палётаў” пэндзля Георгія Лойкі і “Без звестак прапаўшым” народнага мастака СССР і Беларусі Міхала Савіцкага.

Зараз творчае аб’яднанне працуе над новым праектам — “Санатай памяці”, прысвечанай лагойскім ваярам-інтэрнацыяналістам, якія загінулі пры выкананні воінскага абавязку.

Скульптар, заслужаны дзеяч мастацтваў РБ Уладзімір Церабун і архітэктар Мікалай Курылін за аснову ўзялі арган — як напамін тым, хто застаўся жыць, аб трагедыі. На погляд аўтараў, гэты музычны інструмент як ніякі іншы стаў сімвалам памяці і смутку, духоўнасці і вечнасці. Сем труб, быццам сем маладых лагойскіх хлопцаў, мкнуць у неба. Ікона “Божай маці Лагойскай” у выглядзе рэльефу ў бронзе з эмалямі возьме пад сваю апеку душы загінуўшых. У верхняй жа частцы аргана У.Церабуном задуманы спецыяльныя паглыбленні: у іх будуць збірацца “слёзы” самой прыроды — дождж, талы снег, раса. Невялікія прарэзы дазволяць вадзе пакрысе сцякаць, пакідаючы след, бы ад слёз...

Памочнік міністра абароны, начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення МА генерал-маёр Аляксандр Гура адзначыў, што шыкоўная экспазіцыя стала адэкватнай рэакцыяй на тыя тэндэнцыі, якія сёння адбываюцца ў грамадстве.

Прычым патрыятычным выхаваннем займаюцца не толькі творцы выяўленчага мастацтва, але і Тэатр Беларускай арміі, ваенныя пісьменнікі. У лютым упершыню выйшаў дадатак да часопіса “Армия” — “Армия и культура”, дзе сабраны аповесці і вершы героіка-патрыятычнай тэматыкі. Менавіта дзеячы мастацтваў дапамагаюць выхоўваць гераічных сыноў і дачок беларускай дзяржавы.

Настасся МАКОЎСКАЯ