Тэатр!

№ 44 (1170) 01.11.2014 - 07.11.2014 г

Юлія СМІРНОВА, актрыса, выканаўца адной з роляў у фільме “Белыя Росы. Вяртанне"
— У кожнага жыццё, разуменне культуры, пачынаецца з матулі. Гэты чалавек закладвае ў дзіця каштоўнасці, якасці, прынцыпы, разуменне свету, адчуванне шчасця. Так, вялікую ролю адыгрываюць і іншыя — тата, бабулі і дзядулі, яшчэ нехта, — але тое, якімі мы станем, у асноўным залежыць ад маці.

/i/content/pi/cult/501/10779/13-33.jpgЗ культурай, з тэатрам я пачала знаёмства ў дзяцінстве. Заўсёды надавала вялікае значэнне гэтай з’яве. У восьмым класе запісалася ў тэатральны гурток — і зразумела: акцёрства — мой лёс. Прыблізна так і атрымалася. Тэатр адкрыў для мяне ўсё тое, пра што ў адзіночку даведацца складана. Я толькі і паспявала, што закідваць вуды ў гэтую мастацкую прастору. Тэатр робіць людзей лепшымі, дысцыплінуе іх. Дзе, як не там, мужчыны пачынаюць сябе галантна паводзіць: прытрымліваць дзверы, прапускаць наперад даму, падаваць ёй паліто?.. Ну а пра асветніцкую ролю сцэны ўвогуле казаць не трэба.

А што ў нас? На жаль, шэраг беларускіх тэатральных гуру вельмі цяжка ўспрымае нават спробы нешта змяніць. Галасы пачынальнікаў у агульным хоры тэатральных дзеячаў недзе губляюцца. Я зараз актыўна падарожнічаю па розных краінах, і пад час прагляду адной нямецкай пастаноўкі зразумела, як мы спазняемся… Немцы зрабілі такое шоу, што я, не надта здольная на здзіўленні, сядзела з адкрытым ротам, бы дзіця!.. Я вельмі паважаю сваіх старэйшых калег і люблю класічныя спектаклі, але была б не супраць больш інтэнсіўнага руху сучаснасці ў тэатральным мастацтве.

Культура, увогуле, — гэта тое, што нас атачае. Добра было б, каб аўтары і рэкламы, і білбордаў таксама задумваліся аб тым, што яны — частка культурнага асяроддзя, што іх работы — у нейкім сэнсе, адлюстраванне культурнага ўзроўню грамадства. А да гэтага ўзроўню, не я тое першая адкрыла, яшчэ ёсць пытанні…

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст