Маркетынг і больш уежнае

№ 44 (1170) 01.11.2014 - 07.11.2014 г

Раённы дом рамёстваў у Чэрыкаве — бадай, адзін з самых маладых на Магілёўшчыне. Працаваць пачаў з 1 красавіка 2010 года ў будынку былой паліклінікі. Працэс станаўлення ўстановы быў няпростым. Па словах яе кіраўніка Святланы Дзергачовай, для таго, каб РДР стаў адпавядаць мэтам ды задачам абласной праграмы па захаванні і развіцці традыцыйнай спадчыны, давялося правесці немалую падрыхтоўчую працу.

Самым галоўным аказалася знайсці майстроў. Паколькі раён — багаты на таленты, дык з часам і штат быў укамплектаваны. Метадыст-майстар Вікторыя Малыга ўзначаліла гурток “Фантазёры”. Тут дзеці асвойваюць тэхналогію ручнога ткацтва паясоў. Пашанцавала, што адна з жыхарак вёскі Мірагошч перадала Дому рамёстваў ткацкі станок, захаваны ў добрым стане. Цяпер ва ўстанове школьнікі навучаюцца таксама роспісу па дрэве, саломка-і бісерапляценню.

Не менш важнай задачай стала і выкананне плана па рэалізацыі прадукцыі РДР. Ужо на пачатку 2011 года ў памяшканні колішняга ЗАГСа быў створаны салон-крама “Дэкор”. Дырэктар РДР Святлана Дзергачова распавядае, як супрацоўнікі заняліся рэкламай сваёй дзейнасці: на шматлікіх кірмашах, на сайце аддзела, пры дапамозе асабістых кантактаў. Такі маркетынг пачынае спрацоўваць: нядаўна прыватнік з Гомеля замовіў у чэрыкаўскіх майстроў буйную партыю сувенірных лялек.

З гэтай нагоды хацелася б прапанаваць супрацоўнікам РДР рэспублікі падзяліцца сваімі маркетынгавымі “сакрэтамі” па рэалізацыі ўласнай прадукцыі і выкананні плана пазабюджэтнай дзейнасці. Чакаем лістоў!

Чакаем іх яшчэ і з той прычыны, што дырэктар Чэрыкаўскага РДР Святлана Дзергачова прызнаецца са шкадаваннем, што гандлёва-маркетынгавыя веды яе калегі могуць набыць толькі на курсах Інстытута культуры Беларусі. Сама яна павышала тут кваліфікацыю толькі раз, у мінулым маі. А хацелася б часцей. У Магілёве — вучоба пастаянная. Але скіравана яна найперш на авалоданне-ўдасканаленне таго або іншага традыцыйнага рамяства. Пазабюджэтная дзейнасць, на жаль, у лік такіх рамёстваў пакуль не ўвайшла. А дарэмна: сённяшнія работнікі культуры павінны не толькі творчасцю радаваць, але і паспяховымі рыначнымі здабыткамі. А вось ведаў, абагульненых і практыкаарыентаваных, не стае пакуль хранічна.

І яшчэ адна важная акалічнасць. Абласны конкурс на Магілёўшчыне ёсць. Дарэчы, у 2011-м яго выйграў менавіта Чэрыкаўскі дом рамёстваў (на другім годзе існавання!). І не толькі за вынікі пазабюджэткі, але і за вялікую колькасць гурткоў… Так, лепшым у вобласці можна стаць. А ў рэспубліцы? Зусім нядаўна Інстытут культуры ладзіў агульнабеларускае спаборніцтва аграгарадоцкіх клубных устаноў ды вызначаў яго пераможцаў. На сёння няма і гэтага. Некалькі гадоў таму кіраўнік аўтаклуба з Ушачаў, знаны гарманіст ды майстар па вырабе валёнкаў, прапаноўваў праз “К” наладзіць у краіне не толькі агульную вучобу аўтаклубаўцаў, але і адпаведны прафесійны конкурс. Нядаўна я патэлефанаваў гэтаму спецыялісту, з жалем даведаўшыся, што памяняў ён пасаду. Выжывае, напэўна за кошт сваіх валёнак…

Да месца сказаць, што за грашовую прэмію ад перамогі ў абласным конкурсе Святлана Уладзіміраўна набыла бондарскі рыштунак. Знайшоўся і майстар адпаведны, а значыць, узнік і дадатковы гурток. Але з часам спецыяліст, адчуўшы запатрабаванасць, памяняў выхаванне дзяцей на больш уежную рыначную самастойнасць. Дзергачова зноў шукае рамесніка. Балюча, калі не толькі спецыялісты знікаюць, але і слушныя ідэі…

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"