Самалёты над Хажовам

№ 44 (1170) 01.11.2014 - 07.11.2014 г

Прайшло раённае свята “Паклон роднай зямлі”, прысвечанае 580-годдзю вёскі Хажова, што цяпер — аграгарадок. Арганізавала яго Цэнтралізаваная клубная сістэма Маладзечанскага раёна.

/i/content/pi/cult/501/10774/10-6.jpg

/i/content/pi/cult/501/10774/10-7.jpg

Хажаўляне сустракалі сваіх гасцей хлебам-соллю, песнямі і прывітальнымі словамі. У гонар гэтай даты адкрылі мемарыяльную дошку.

Кожная вуліца падрыхтавала сваю тэатралізаваную прэзентацыю, каб пазнаёміць з традыцыямі і адметным каларытам Хажова. Чым толькі ні здзіўлялі мясцовыя жыхары: спявалі песні, чыталі вершы, паказвалі інсцэніроўкі, танцавалі, гасцінна запрашалі да сталоў з пачастункамі ды віталі гасцей салютам…

На плошчу, дзе сабраліся ўсе жыхары вёскі і госці свята, на імправізаванай карэце выехалі Пан з Паненкай і зачыталі прывілей ад 1434 года аб падараванні Жыгімонтам, Каралём Польскім, Вялікім Князем Літоўскім, Прускім, Жамойцкім, Мазавецкім, сяла Хажова Судзімонтавічу. Гэты прывілей з’яўляецца доказам шматгадовай гісторыі Хажоўскай зямлі, жыхары якой здаўна славіліся дабрынёй і працавітасцю. Фальклорны ансамбль “Хажаўлянка” выканаў прывітальную гімнічную песню, у фінале якой у небе з’явіліся самалёты з расцяжкамі “Са святам, Хажова!”. Гэтае віншаванне падрыхтавала Рэспубліканскае таварыства ўладальнікаў паветраных суднаў і аматараў авіяцыі ўзлётна-пасадачнай паласы “Мойсічы”.

Хажаўляне віншавалі і ўзнагароджвалі сваіх землякоў: старэйшую жыхарку Яніну Сысун, сям’ю Уладзіміра Свістунова і Соф’і Вараб’ёвай, якія ўжо 55 гадоў жывуць разам, самую маладую сям’ю — Ігара і Людмілы Цэнцавіцкіх, дзве шматдзетныя сям’і Ткачэнкаў, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Івана Корсікава. Для самай маладой сям’і, якая нядаўна зарэгістравала шлюб і засталася жыць у аграгарадку, вакальны ансамбль “Асалода” Раёўскага сельскага дома культуры правёў абрад “Вароты жадання”. Гэта старадаўні беларускі абрад, які сімвалізуе доўгае і шчаслівае жыццё. Маладыя і госці свята дружна танцавалі вясельную тапатуху. Усе стараліся, бо нездарма ж кажуць: чым весялей станцуеш, тым лепш будуць маладыя жыць разам.

Па словах рэжысёра і вядучай Маргарыты Шытыка, атмасфера была прасякнута добразычлівасцю і цеплынёй. Нават сама прырода святкавала разам з хажаўлянамі, радавала яркім сонейкам і дарыла ўсім сваю цеплыню…

Фіналам жа дзеі сталі канцэртная праграма з удзелам калектываў аматарскай творчасці Маладзечанскага раёна і гульнёва-забаўляльная праграма “Уладар сяла” з рэтра-вечарам.

Алена ЯКІМОВІЧ, вядучы рэдактар Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Маладзечанскага раёна

На здымках: пад час імпрэзы ў Хажове.