Калі няма эксклюзіву — і калі ён ёсць

№ 44 (1170) 01.11.2014 - 07.11.2014 г

Знянацку і без “візы”: журналіст “К” + мясцовы "інсайдар" ва ўстановах культуры / У Лідзе — пра маладыя кадры, іх (без)ініцыятыўнасць, арэнду і крыху пра ТБ
...Пасля сустрэчы часткі супрацоўнікаў рэдакцыі “К” з лідарам этна-трыа “Троіца” Іванам Кірчуком вырашана было адправіцца ў Ліду (наш суразмоўца — акурат з тых мясцін). Хоць бы з-за таго, каб у нейкай ступені задаволіць настырнае патрабаванне даволі вядомага Міхаіла Самуэлевіча Панікоўскага: “Едзьце ў Кіеў і спытайце там, што рабіў Панікоўскі да рэвалюцыі”. Толькі ў нашым выпадку фраза гучала б так: “Едзьце ў Ліду і спытайце там, ці ведаюць гараджане аб тым, што Кірчук іх зямляк”. (Пытанне я гэтае, між іншым, задаваў, — і ведаюць, і ганарацца, і слухаюць...) Але і асноўнага задання ніхто не адмяняў: карэспандэнту газеты разам з мясцовым “інсайдарам” наведаць з нечаканым візітам шэраг мясцовых устаноў культуры і вынесці на суд чытачоў меркаванні пра іх дзейнасць.

/i/content/pi/cult/501/10771/10-3.jpg

/i/content/pi/cult/501/10771/10-1.jpg

/i/content/pi/cult/501/10771/10-2.jpg

Сацпакетам па флэшмобе

Гідам “К” па культурнай ніве Ліды стаў Аляксей САУЦIН — супрацоўнік кампаніі, якая спецыялізуецца на вырабе, зборцы і ўстаноўцы корпуснай мэблі. За плячыма “сталкера” — валанцёрства ў мясцовым аддзяленні Чырвонага крыжа. “Мерапрыемстваў, звязаных з культурай, у Лідзе праходзіць шмат, — дзеліцца Аляксей. — Дастаткова толькі зірнуць на афішы. Я з задавальненнем наведваю практычна ўсе вулічныя гарадскія мерапрыемствы. Мае равеснікі і тыя, хто крыху маладзейшы ці старэйшы за мяне, тусуюцца на дыскатэках у клубах. Але не думаю, што яны з’яўляюцца частымі наведвальнікамі таго ж Цэнтра рамёстваў або іншых устаноў сферы культуры. Як правіла, трапляюць мае пагодкі туды выпадкова. Дапусцім, у якасці гасцей на чыiмсьці вяселлі, якое, па традыцыі, аб’язджае славутасці горада. Чамусьці мне падаецца, што нават у Лідскім замку пабывалі далёка не ўсе жыхары нашага горада. Даводзілася мне чуць ад прыяцеляў і фразу накшталт “а я там не быў”. Ніхто з маіх знаёмых, адпаведна, не займаецца ў якіх-небудзь гуртках”…

Не самая радасная карціна, ці не так? Затое Раённы палац культуры знешнім выглядам радаваў — нібыта ўчора капрамонт завяршыўся (унутры, дарэчы, усё было гэтак жа чыста і дагледжана), а кропка грамадскага харчавання, якая знаходзіцца тут жа, ва ўстанове культуры, i якая, між іншым, рэалізуе спіртныя напоі, мяне ўжо не так раздражняла. “Жывём з рэстаранам мірна, — падкрэсліла дырэктар Палаца культуры Ірына Тур. — Вядома, калі пачынае працаваць яго кухня, пах распаўсюджваецца па ўсім будынку, але што рабіць...” Зазначу, такое суседства ў Лідзе чакала яшчэ.

— Без лішняй сціпласці магу сказаць, што наш Палац культуры з’яўляецца вядучым сярод такіх жа дзяржструктур у Гродзенскай вобласці, — з гонарам адзначае яна. — Мы ажыццяўляем сваю дзейнасць сумесна з Метадычным цэнтрам народнай творчасці і ўсімі клубнымі ўстановамі раёна. Асноўная наша функцыя заключаецца ў абслугоўванні гараджан, але аказваем дапамогу і раённым клубным установам. У ПК працуюць сорак гурткоў  — платныя (сярэдні кошт — 50 тысяч рублёў) і бясплатныя — ды калектываў тэатральнага, харавога, харэаграфічнага, а таксама іншых кірункаў, чатырнаццаць з якіх маюць званні. Цягам года ладзім больш за тысячу мерапрыемстваў, і палова з іх — бясплатныя. Наш план пазабюджэтнай дзейнасці сёлета складае 1 мільярд 335 тысяч 700 рублёў, і па стане на дзевяць месяцаў ён выкананы на 112 працэнтаў. Асноўны ж прыбытак прыносяць выступленні артыстаў ды правядзенне святаў для арганізацый…

Навідавоку скіраванасць Палаца ў задавальненні інтарэсаў усіх узростаў. Аднак калі вы сочыце за публікацыямі, то заўважыце пэўную тэндэнцыю: у Лідзе, як і ў іншых гарадах, моладзь без залішняга імпэту рэалізуе таленты ў прапанаваных ёй дзяржаўнымі ўстановамі культуры творчых аб’яднаннях. Сваёй, можа быць, недапрацоўкі ў тым Ірына Тур не выключае, разважаючы, што неабходна больш укараняць крэатыўных хадоў, каб падлеткі адгукнуліся ды зацікавіліся прапанаваным. І ПК сёе-тое з неардынарнага спрабуе: скажам, дыскатэка і флэшмоб у Лідскім замку. У той жа час, дырэктар наракае, што юнакі і дзяўчаты спажываць гатовае (даруйце за каламбур!) гатовы, а зрабіць нешта самастойна, паўдзельнічаць у праектах, проста пагутарыць “ужывую”, не ў Інтэрнэце, — да гэтага ў іх асаблівай цягі няма...

Пра моладзь у сценах Палаца і крэатыў ад яе Ірына Эдуардаўна выказала і некалькі крытычных заўваг. Маўляў, не ўсе спецыялісты, якія прыходзяць сюды на працу, маюць у загашніку хоць нейкія творчыя ідэі, задавальняючыся роляй выканаўцаў. А няма ідэй — няма эксклюзіву. Няма эксклюзіву — бракуе і тых, хто з задавальненнем заняўся б яго увасабленнем. І публіка таксама не прыбывае. Ірына Тур не хавае, што ёсць і такія, хто пасля размеркавання неадкладна пакідае першае месца працы, нягледзячы на тое, што ў Палацы імкнуцца прапанаваць ім поўны сацпакет, уключаючы месца ў інтэрнаце. Але, у цэлым, “новай кроўю” дырэктар задаволена.

Мая суразмоўца не прыхільніца здачы плошчаў устаноў культуры ў арэнду. Так, выстаўкі, арганізаваныя іншымі прадпрыемствамі, у Палацы праходзяць, але тыя, якія не маюць гандлёвага “статуса”. Гэта прынцыповая пазіцыя кіраўніка ПК. Але хто ведае, якога меркавання трымалася б дырэктар у гэтым пытанні, каб рэнтабельнасць Палаца складала не пяцьдзясят працэнтаў, як цяпер, а была істотна ніжэйшая. А так — гонар і хвала работнікам дадзенай установы культуры, якія ўмеюць зарабляць столькі грошай, што ў ёй ёсць месца выключна культуры! Зарабляць без арэнды. (Урэшце, да апошняй усё ж аднясу начны клуб, які забяспечвае ў памяшканні ПК вольны час з 23-й гадзіны суботы да 5-й раніцы нядзелі.)

Каментарый Аляксея Сауцiна:

— Наколькі я ў курсе, маладыя людзі (калі мы гаворым не пра гурткі) ходзяць у ПК збольшага на канцэрты такіх выканаўцаў, як, да прыкладу, гурт “Без білета”. У маім коле зносін гаворка пра тое, што хто-небудзь збіраецца наведаць пэўнае фарміраванне ў Палацы культуры, заходзіць рэдка. Але мама мая сюды перыядычна выбіраецца — на чыё-небудзь выступленне. Мне здаецца, такія мерапрыемствы з удзелам мясцовых калектываў прыцягваюць увагу публікі гадоў ад сарака пяці...

Зверху відаць усё...

Яшчэ адну “змычку” грамадскага харчавання (таксама з продажам алкагольнай прадукцыі) з культурай мы назіралі ў Цэнтры рамёстваў і традыцыйнай культуры. На другім паверсе яго месціцца ўстанова, якая карыстаецца папулярнасцю не толькі ў наведвальнікаў самога Цэнтра. Прычым столі паміж двума “храмамі” (культурным і спажывецкім), лічы, няма. І грамадзяне, якія засядаюць наверсе за столікамі па перыметры (у тым ліку тыя, хто пакутуе і на спецыфічнага кшталту смагу), могуць з вышыні сачыць за культурным працэсам. Дырэктар ЦРiТК Алена Шчэлiна верыць у тое, што выхаванне не дазволіць аднойчы каму-небудзь з падгулялай кампаніі выпадкова выпусціць незатушаны акурак на які-небудзь лёгкі на загаранне экспанат.

— У арэнду здаяце плошчы? — праявіў я спачуванне, выказаўшы разуменне бягучага моманту.

— Ды не, — адказала Алена Валянцінаўна. — Так склалася: тое не нашы памяшканні... Ну а працуем з 2010 года. Чаму пад адным дахам мы сабралі рамеснікаў і спецыялістаў па традыцыйнай культуры? Таму што, пераканана, адно без другога — рамяство без фальклору — існаваць не можа. Вось і ў наш па-сапраўднаму баявы калектыў уваходзяць рэжысёр, метадысты па фальклоры, рамёствах, майстры. У нас прадстаўлены такія кірункі, як кераміка, ткацтва, саломкапляценне, выцінанка, вязанне кручком, вышыўка крыжыкам, лапікавае шыццё, валенне з воўны...

Прапанова, інакш кажучы, існуе. І людзі сюды прыходзяць: разглядаюць экспазіцыі, мацаюць, захапляюцца, у час майстар-класаў нешта вырабляюць уласнаруч. І ўсё. Прыток тых, хто хоча асвойваць традыцыйныя рамёствы, — вельмі малы. “Можа, мы пакуль “сеем”? — задумваецца Алена Шчэлiна. — Мо хтосьці стане “жаць” пазней?..”

— А калі завабліваць сучасным дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам?

— Просяць: “Хочам дэкупаж, хочам вышыўку стужкамі”. Калі ласка: будзем навучаць! Але няправільна, калі гэтым займаюцца ў Цэнтры, які арыентаваны на традыцыйныя рамёствы, на нацыянальную культуру. Мера гэтая вымушаная, скіраваная на прыцягненне сродкаў. Але не патрапіць бы ў пастку, калі сённяшняя мода, якая не мае дачынення да беларускага этнасу, можа выцесніць спаконвечнае. Гэтак і не ўзнікне патрэбы ў захаванні ды папулярызацыі традыцый, а якія-небудзь навуковыя працы ў дадзенай галіне наогул стануць непатрэбныя. Калі браць больш шырока, то ў статутных дакументах Цэнтра нічога не сказана пра тое, што мы павінны гандляваць сувенірнай прадукцыяй, але там адзначана: мы павінны весці асветніцкую дзейнасць. А нам кажуць: займаючыся асветніцтвам, зарабляй. Вось толькі не здарылася б так, што ў галаве застанецца, бадай, адна думка: “Як бы зарабіць?!..” А сувеніры мы прадаём, так...

— Ваш зямляк Іван Кірчук нядаўна распавёў "К", як ён праводзіў народныя святы для трох тысяч чалавек, якія заканчваліся “традыцыйнай беларускай стравай — шашлыком”. Распавядаў, праўда, ужо не з болем, а з застаялым сумам…

— Абсалютна падзяляю з ім гэты ўсё ж такі боль. На сваёй гаспадарцы мы ладзім такія мерапрыемствы максімум для чалавек пяцідзесяці. Барані божа гнацца за масавасцю ў такім тонкім пытанні, як спрадвечныя святы і абрады! Нам бы да гэтых пяцідзесяці данесці нешта глыбокае, існае, прасякнутае гісторыяй, сапраўднасцю, цеплынёй…

Не ведаю, ці паўсотні, але лепшыя людзі горада ў Цэнтры на народных святах з’яўляюцца рэгулярна. І самі ўліваюцца ў іх, здымаючы пінжакі з гальштукамі, скідаючы туфлі на высокіх абцасах. І водзяць яны карагоды, і спяваюць песні...

Да праславутай аптымізацыі Алена Валянцінаўна ставіцца спакойна ды падтрымлівае такое пачынанне, калі на якой-небудзь тэрыторыі замест некалькіх нерэнтабельных устаноў культуры ствараецца адзін вялікі Цэнтр культуры і рамёстваў. Але пры гэтым мінімум адзін раз на тыдзень з такога Цэнтра павінны адпраўляцца творчыя экспедыцыі туды, дзе і былі ліквідаваны, напрыклад, клубы, — гэткія выезды з канцэртамі, выстаўкамі, ўрокамі майстэрства, з арганізацыяй “агляду” мясцовых умельцаў і талентаў ды пошукам апошніх. Гэта значыць, калі на змену клубам прыходзяць віртуальныя філіялы цэнтра, але з рэальным напаўненнем.

Што да рамёстваў, то праблемы ў раёне ўсё тыя ж: недахоп майстроў (дапусцім, у Лідзе — усяго трое ганчароў), адсутнасць ініцыятыўных людзей. Не дзіва, так?..

Каментарый Аляксея Сауцiна:

— Шчыра скажу, да сённяшняга дня я ў Цэнтры не быў. Не сустракаў у горадзе і яго рэкламу. У вочы яго будынак з вуліцы не кідаецца. Магчыма, і іншыя людзі, праходзячы міма, не завастраюць сваю ўвагу на ім. А паглядзець ёсць на што, мне спадабалася: цікава, пазнаваўча, прыгожа. Варта элементарна заняцца яго прасоўваннем…

Інтэрактыў з піетэтам

Гісторыка-мастацкі музей “прасоўвае” рынак: ён раскінуўся метраў за дваццаць ад установы. Дакладней, папулярызуюць яго бабулі, якім чамусьці не знайшлося прылаўкаў на “таўкучцы”, і яны арганізавалі свае бойкія шэрагі з зелянінай, садавіной, гароднінай на асфальце ўпрытык да ўстановы культуры. Глядзіш, пакупнік чаго-небудзь для салаты купіць ды кіне позірк і на будынак, якi ўзвышаецца побач. Балазе расцяжка над ім заклікае наведаць выстаўку...

— Гэтыя бабулі мне ноччу сняцца, — усміхаецца Ганна Драб. — Калі нас наведваюць высокія госці, я літаральна малю бабуль: “Калі ласка, на пяць хвілін згарніце свой гандаль!” На жаль, тая пляцоўка, на якой яны гандлююць, музею не належыць, і зрабіць з імі мы нічога не можам. Я неаднаразова звярталася ў самыя розныя інстанцыі, але пытанне і сёння яшчэ не вырашана...

Да праблемных момантаў дырэктар адносіць і невысокую заработную плату сваіх супрацоўнікаў, і тое, што састарэлы штатны расклад не дазваляе ўзяць на бюджэтнай аснове неабходных работнікаў.

— На музейным рынку сёння з наведвальнікамі бяда, — прызнаецца Ганна Мікалаеўна. — А нас яна абышла бокам. І ў тым заслуга калектыву. Шмат займаемся рэкламай. Сёлета мы выканалі план на 700 мільёнаў рублёў. За дзевяць месяцаў у музеі пабывала каля ста тысяч чалавек. Што іх прыцягвае? Тое, што і выстаўкі (у тым ліку — камерцыйныя) тут цікавыя, і змяняюцца яны часта, і праводзяцца нестандартна, як і экскурсіі па пастаянных экспазіцыях. Напрыклад, выстаўка мясцовага мастака праходзіць з запрошанымі музыкантамі, наведвальнікам прапаноўваюцца сокі і безалкагольныя напоі. Праект “Поры года” пачынаецца з аддзела “Прырода”, затым — наведванне парку, шпацыр па Лідзе і вяртанне ў музей. І ўсё гэта суправаджаецца нейкім гульнявым інтэрактывам. Або выстаўка “Чароўны куфар”, калі ў маленькім пакоі збіраюцца пажылыя людзі, якія плятуць, вяжуць, частуюцца гарбатай, размаўляюць... Ёсць выстаўка “Хрушчоўка 60-х” — пакой, дзе сабраны артэфакты і таго часу, і даваеннага: ложак, шафа, стол, халадзільнік, калыска, насценныя кілімчыкі, дзіцячыя цацкі... (У час экскурсіі па музеі нас завялі і ў гэты пакой, дзе стаяў спецыфічны пах, уласцівы рэчам той эпохі. — А.К.)

Да згаданага вышэй інтэрактыву ў ГММ ставяцца з адпаведным піетэтам, калі галоўным з’яўляецца экспанат. Гэта можа быць сухарык і гарбата з алюмініевага кубка, што нагадваюць пра Другую сусветную, якімі тут частуюць усіх ахвотных, ці іншыя прыдумкі музейшчыкаў. Скажам, святкаванне дзён нараджэння. Іх тут адзначаюць і асобы, што пражылі большую частку свайго веку ў савецкай эпосе (гасцям імянінніка з дапамогай мультымедыя распавядуць пра яго доўгі жыццёвы шлях), і цяперашнія бізнесмены (праграма можа ўключаць і невялікі канцэрт). У падзяку "нованароджаныя" (і не толькі) часам перадаюць музею сёе-тое, звязанае з гісторыяй Лiдчыны. Так, гатовы прадаць музею частку свайго збіральніцтва (яна выстаўлена там і цяпер) вядомы лідскі калекцыянер. Сорак тысяч у.а. ён просіць за старадаўнія медныя чайнікі, самавары, прасы — тысячы прадметаў, якія прадстаўляюць побыт канца XIX — пачатку XX стагоддзя. Ганна Драб спадзяецца, што грошы такія дзяржава выдзеліць, інакш калекцыю могуць набыць расіяне.

Каментарый Аляксея Сауцiна:

— У музеі працуюць людзі, якія аддаюць сябе працы, шукаюць новыя формы, ідуць у нагу з часам. Але я схлусіў бы, каб сказаў, што ў горадзе рэклама музея сустракаецца на кожным слупе. Па тэлевізары яе круцяць, але натрапіць на яе дзе-небудзь яшчэ — цяжка. Не ўпэўнены, што пра найцікавую выстаўку, звязаную з Японіяй, якая праходзіць тут цяпер, ведае багата людзей. Зрэшты, мяркуючы па паказчыках, што нам паведамілі, і наяўнай рэкламы цалкам дастаткова, каб перавыконваць план...

Homo television

Што мяне адразу насцярожыла ў Лідзе — гэта спіс тэлеканалаў, якія былі даступныя ў маім гасцінічным нумары: мясцовы (“Блізкія і сябры віншуюць Івана Іванавіча з днём нараджэння, і для юбіляра гучыць песня ў выкананні народнага ансамбля…”) і цэлы набор расійскіх. Ніводнага беларускага (акрамя таго самага лідскага)! Якім жа мацёрым звышчалавекам вырасце індывід, выхаваны на крымінальных серыялах, навінах, палітычных і эканамічных дыскусіях, рэаліці-шоу “Дом-2”, матчы “Лакаматыў” — "Мардовія” і замежных фільмах катэгорыі “B”...

А ўласна культурнае жыццё горада па сваіх утылітарных паказчыках нагадвае становішча ў іншых населеных пунктах краіны, дзе мне давялося пабываць. Заробак работнікаў устаноў культуры пакідае жадаць лепшага, майстроў-рамеснікаў хутка днём з агнём не адшукаеш, маладыя спецыялісты сумленна і па магчымасці безыніцыятыўна адпрацоўваюць размеркаванне, грамадскае харчаванне (з продажам алкаголю) спадарожнічае свету культуры… А прыгледзішся больш пільна: энтузіясты шукаюць сабе “хобі” ў выглядзе дадатковага заробку, традыцыйным рамёствам памерці не даюць, працоўныя калектывы ў асноўным маладыя, у лёгкія на загаранне экспанаты ніхто нічога не кідае. І сапраўды, пакрысе ўсё развіваецца…

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"