Няма вышэй узнагароды… чым магчымасць служыць Айчыне

№ 8 (826) 23.02.2008 - 29.02.2008 г

Герой Савецкага Саюза і Герой Беларусі... Дзве Залатыя Зоркі — два лёсы... Гэтых сівых ветэранаў, знаных людзей краіны, аб’ядноўвае не толькі лёс абаронцаў Айчыны, а і пачэсная місія служыць ёй і сёння. Кожнаму па-свойму, але аднолькава годна, аддана. Віктар Ільіч Лівенцаў — адзіны з партызан Беларусі, які ў свае сёлетнія 90 мае магчымасць апрануць пінжак з Залатой Зоркай на лацкане. Зоркі астатніх герояў-партызанаў або захоўваюцца ў музеях, або ў сем’ях іх гаспадароў... Слова “адзіны” можна дастасаваць і да Міхаіла Андрэевіча Савіцкага. Ён сёння адзіны Герой Беларусі сярод творцаў краіны, і ў свае 86 падае прыклад служэння Айчыне маладзейшым і маладым...

...Заспець Віктара Ільіча Лівенцава дома было праблемай: то ён на сустрэчы з ветэранамі, то сувораўцы запрасілі, то вайсковая частка адзначае 90-годдзе Узброеных Сіл... У вайсковую частку я і накіраваўся, даведаўшыся ў ваенкама Ленінскага раёна горада Мінска, у які час і дзе будзе сустрэча. Не спадзеючыся, што прапусцяць без перашкод, я прыехаў па ўказаным адрасе. На КПП былі дзяжурны афіцэр і сяржант.

— Тут павінен быць Герой Савецкага Саюза Лівенцаў Віктар Ільіч... — толькі і паспеў я сказаць, як на тварах строгіх вайскоўцаў з’явіліся шчырыя ўсмешкі:

— Як жа, як жа, ён у нас.

— Я б хацеў...

— Я вас праводжу, — маладзенькі афіцэр адкрыў турнікет, і мы пайшлі па тэрыторыі часткі пад гукі песень часоў вайны.

Дымілася палявая кухня, запрашаючы на пачастунак салдацкай кашай, урачыстасць панавала наўкол.

 /i/content/pi/cult/150/1077/Nyama vyshej.jpg
Актавая зала клуба была запоўнена дарэшты, а ў прэзідыуме сярод генералаў і кіраўнікоў раёна сціпла сядзеў Герой Савецкага Саюза Віктар Ільіч Лівенцаў.

— Не паеду я, — Віктар Ільіч паказаў рукамі крыж, — нязручна без запрашэння.

Мы размаўлялі ў антракце перад канцэртам.

Справа ў тым, што я хацеў для газеты сфатаграфаваць двух Герояў — Міхаіла Андрэевіча Савіцкага, Героя Беларусі, і Віктара Ільіча Лівенцава, Героя Савецкага Саюза.

З Лівенцавым мы былі знаёмы даўно, яшчэ з тых часін, калі ён працаваў на пасадзе міністра спорту. Я ведаў, што ў Вялікую Айчынную вайну яму, камандзіру 1-ай Бабруйскай партызанскай брыгады, у якой было каля 2-х тысяч партызан, прысвоілі высокае званне Героя. Зорачку ён амаль ніколі не насіў. Пра яго сціпласць хадзілі легенды.

На сустрэчы з вайскоўцамі Лівенцаў быў пры парадзе, з Залатой Зоркай і ордэнскімі планкамі.

Днём раней я быў у Савіцкага ў майстэрні на вуліцы Някрасава і дамовіўся, што прыеду з Лівенцавым.

Не магу зразумець, калі наступіў пералом у рашэнні Лівенцава, але ён раптам пагадзіўся, махнуўшы рукой:

— Добра, паехалі.

Па дарозе Віктар Ільіч распавёў, што сябруе з многімі мастакамі, а дачка яго Надзея — вядомы жывапісец.

Міхаіл Андрэевіч шчыра ўзрадаваўся сустрэчы, і ветэраны, забыўшы пра мяне, захапіліся гутаркай...

А назаўтра Міхаіл Андрэевіч адкрываў выстаўку, прысвечаную 90-годдзю Узброеных Сіл Беларусі.

Юрый ІВАНОЎ
Фота аўтара